Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Адзiн зь iх, росту сярэдняга, гадоў каля пяцiдзесяцi, выцягнуў зь кiшэнi чырвоную вайсковую кнiжку й штосьцi паказвае сябрам. Гаворыць па-польску. Сымон незаўважна асьцярожненька прыблiзiўся.

- А я падаваўся беларусам, - кажа той, трымаючы ў руках кнiжку, - але пакуль запiсалi ў кнiжку, дык палякам зрабiлi.

- Ты беларусам падаўся? - пытае вастраносы, мо саракагадовы субяседнiк.

- Так. I паглядзiце - тут напiсалi паляк.

Тоўстым нязграбным пальцам тыцкае ў кнiжку. Сымон пазiрае цераз плячо. У дзвюх рубрыках, дзе павiнна быць паказана нацыянальнасьць маткi й бацькi паводле нараджэньня, густым чорным чарнiлам замазаныя два словы, а пад нiзом фiгуруе па-ангельску "полiш" (паляк).

- А вось ты не беларус, - цьвердзiць гаспадару кнiжкi вастраносы.

- Чаму так?

- Ну, бо ў Польшчы жыў. Я таксама праваслаўны, але не беларус. Я табе скажу вось што: дзе быў польскi касьцёл, там ня было беларусаў, а дзе была царква - там былi.

- Дык што гэта ты пляцеш? - адазваўся трэцi. - Гэта-ж цi ня помнiш, што ў нас праваслаўных рускiмi называлi? Так i казалi - польскiя Каляды й рускiя Каляды. Iначай я i ня чуў...

- Дык тыя, што называлi рускiмi, то й былi беларусы.

Сымон спачатку манiўся ўмяшацца ў гутарку, але пасьля памяркаваў, усьмiхнуўся й вярнуўся да сваiх сяброў.

III

Давялося за апошнiх колькi месяцаў нашым гэроям навучыцца глядзець праз пальцы на шмат якiя рэчы, праходзiць безьлiч фармальнасьцяў i дзеля таго, калi пасьля двухнядзельнага побыту загадалi iм стаць да прысягi "на вернасьць Рэчы Паспалiтай" у тым кiна-касьцёле, загад ня выклiкаў вялiкiх супярэчнасьцяў. Мо паўгода назад, калi-б нехта сказаў iм, што змушаныя будуць прысягаць на бел-чырвоны сьцяг, не адзiн плюнуў-бы гэтаму некаму ў вочы. Сяньня ўважалi акт прысягi простаю фармальнасьцю без значэньня, неабходным злом, якога нiкому зь iх ня мiнуць. Важнае было тое, што гарэла ў сэрцы, а не безьзьмястоўныя для iх гукi шаблённае прысягi ў чужой мове й чужому пану.

Адылi мы далёка размiнулiся-б з праўдай, калi-б сказалi, што нiводнаму зь iх гэта прысяга не лягла цяжкiм болем на сэрцы. Дарма што лёгiка жыцьця падказвала iншае - у сэрцах не пагасла юнацкая любоў да Радзiмы й блiзкiх. Прысяга была той тупой iржавай пiлой, што бязьлiтасна шоргала па крывавячых духовых ранах. Калi вусны аўтаматычна паўтаралi ксяндзовы словы "на вернасьць", уся духовая iстота пратэставала супраць такога гвалту. Дзесьцi з самага жыцьцёвага нутра ўпэўнены голас супакойваў, што гэта ўсё адна фармальнасьць i дурнiца, што галоўнае - гэта прысяга пачуцьця, сумленьня й гонару. Але й цяпер, як раней у Францыi, калi, трапiўшы ў палон, трэба было запiсвацца палякамi, уся натура старалася баранiцца перад новым i яшчэ горшым гвалтам.

У чацьвёртай роце ўсе рэкруты былi зь сярэдняй асьветай. Зьбiралi iх сюды, каб накiраваць пасьля ў афiцэрскiя школы, званыя падхаранжоўкамi. У першай палове студзеня 1945 году ў роце было каля паўсотнi былых кадэтаў зь менскае Школы Камандзераў БКА. Прыходзiлi групамi й паасобку: тыя, што перайшлi былi да макiсаў у Францыi, i тыя, што пасьля папалiся ў палон з трыццатае дывiзii. Усе, быццам змовiўшыся, накiроўвалiся ў чацьвёртую роту. Чым больш прыходзiла старых сяброў, тым было весялей.

Бальшыню зь iх ня зьвiхнуў бурны лёс - яшчэ больш памужнелi, набралiся практыкi, дасведчаньня, пасталелi розумам. Хоць ня кiдалася цяпер так у вочы тое патрыятычна-юнацкае злучво, дзякуючы якому некалi перамаглi супольна так шмат цяжкасьцяў, хоць, здавалася, ня было мiж iмi сяньня такой спаенасьцi, як некалi, iх трэба было лiчыць адзiным i моцным целам. Трымалiся й сябравалi мiж сабою, часьценька сьпявалi родныя песьнi й зь вялiкiм недаверам адносiлiся ня толькi да польскiх камандзераў, але й да палякаў наогул. Сваiмi рэнегатамi пагарджалi й iгнаравалi iх.

Найсьмялейшымi былi Кастусь Дзежка й Сымон Спарыш, першы мо навет больш, чымся апошнi. Дзежка, дарма што надта пацярпеў у амэрыканскiм палоне, ня страцiў ранейшага гумару. Больш таго - ён цяпер патрапiў быць здольным цынiкам. Нiколi й нiкому ня ўступаў, асаблiва-ж калi ведаў, што слушнасьць на ягоным баку. Выразна разумеў, што сьмех - гэта ня толькi здароўе, але й найлепшая зброя ў дасьведчаных руках. Сымон, што на свой век быў занадта сур'ёзным, шмат думаў i перажываў, ня мог адразу зразумець таго-сяго зь Дзежкавага захаваньня, аж пакуль адно здарэньне ня выясьнiла шмат чаго раней загадкавага.

У палатцы, дзе памяшчалiся Дзежка, Лабун, Самароб i Яронскi - чатыры менскiя кадэты - жылi й чатыры палякi: жартаўлiвы й звычайна ветлiвы, паходжаньнем дзесь з Пазнанскага краю, Чарнецкi, паважны й цiхi Фост'як, бесталковы й балбатлiвы Скронскi й бурклiвы, вечна незадаволены сын асаднiка з Заходняй Беларусi, беларусаед Мыдлеўскi. Ён ад свайго бацькi атрымаў у спадчыну тое пачуцьцё "вышэйшасьцi", панскасьцi й "лепшасьцi" ў дачыненьнi да сялянскага беларускага народу, не гаворачы ўжо аб неталеранцыйнасьцi да ўсяго беларускага ды iншых адмоўных "цнотах". Не абмiнаў нагоды, каб пазьдзекавацца над "кацапамi". Пад слова "кацапы" падводзiў ня толькi расейцаў, але й беларусаў i ўкраiнцаў. Хаця нейкiм чынам трапiў у роту "цэнзусоўцаў", некаторыя сумлявалiся, што меў сярэднюю асьвету. Пабыўшы ў Сiбiры, надта зьненавiдзеў расейцаў. Разам умацавалася ў яго й ранейшая нянавiсьць да беларусаў, на целе якiх некалi ўзрос i гадаваўся.

У Дзежкавай палатцы часьценька гулялi ў карты, пераважна ў ачко. Стаўкаю былi цыгарэты, але таму, што яны ў банку нiшчылiся й брудзiлiся, дык гулялi сернiкамi, якiя пасьля зменьвалi на цыгарэты. Гэтак у адзiн студзеньскi падвячорак, пасьля дзённых рэкруцкiх заняткаў на полi, аматары картаў заселi вакол малога столiка. Дзежку выдатна шанцавала, i пасьля няцэлай гадзiны перад iм ляжала з паўтузiна выйграных пачак цыгарэтаў. Ён паклiкаў аднаго зь сяброў, што сачылi за гульнёй, i, пашаптаўшыся, сунуў таму ў кiшэню тры пачкi. Праз паўгадзiны сябра вярнуўся з дзьвюма пляшкамi добрага вiна. Дастаў яго, пэўна-ж, ад iтальянца, шмат якiх цэлы час круцiлася каля базы, каб якi гандаль зрабiць.

- Ну, хлопцы! - пачаў Дзежка, трымаючы ў кожнай руцэ па пляшцы вiна. Ведайце добрае сэрца радавога Канстантына Дзежкi. Не хацеў-жа я абгульваць вас сяньня, але калi вы, проста сказаць, напрасiлiся, дык дазвольце мне хоць пачаставаць вас.

97
{"b":"73542","o":1}