Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Амаль у цэнтры яго, на невялiкiм бугры, стаяў немалы каменны двухпавярховы будынак прастакутнае формы. Крыху воддаль за iм ззаду стаяла малая каплiца. Памiж двума будынкамi, як давялося пасьля заўважыць прыезджым, знаходзiлася брацкая магiла закатаваных немцамi францускiх патрыётаў. На магiле стаяла вялiкая плiта з крыжам ды дзесяткамi iмёнаў i прозвiшчаў. Можна было меркаваць, што Бэзансонская цьвярдыня - Форт Брэвiль была ператворана немцамi ў катоўню. Муры ейныя былi апырсканы кроўю францускiх патрыётаў.

Вялiкi двор, у цэнтры якога былi прыгаданыя намi кагадзе аб'екты, быў абкружаны двух- i трохпавярховымi будынкамi з тоўстымi каменнымi сьценамi, у прызначэньнi якiх цяжкавата было разабрацца. Сярод палонных было шмат немцаў, адасобленых ад усiх iншых. Па схудзелых i змучаных тварах можна было здагадацца, што кармiлi iх дрэнна ды што знаходзяцца яны тут ад даўжэйшага часу, збiраныя з усiх адрэзкаў фронту.

Новую групу зноў падзялiлi паводле нацыянальнасьцяў. Групай "палякаў" заапекаваўся сярэдняга росту й веку, шыракатвары, добра адпасены мужчына, апрануты напалову па-цывiльнаму, напалову па-вайсковаму. Меў цёмна-зялёны мундзiр, шэрую вайсковую фуражэрку з жаўтаватым арлом наперадзе й чорныя цывiльныя штаны.

- Uwaga! Bacznosc! - вырвалася з ягонае хрыплаватае глоткi. - Ustawic sie w trojszeregu!*

* Увага! Зважай! У тры рады шыхтуй! (польск.)

"Палякi" схамянулiся, пачуўшы новую для iх цi ўжо надта-ж даўно забытую мову й каманду, ды памалу, як авечкi, топчучыся, i не бязь лiшнiх таўхалёў, пачалi станавiцца ў калёну па трое.

- Naprawo r-o-o-wnaj! - ня сунiмаўся новы камандзер. Беларускiя афiцэры на правым крыле, а за iмi цэлая вялiзарная калёна так-сяк выраўнялася. Камандзер з двума французамi пералiчыў усiх, пачынаючы з правага крыла, выдзелiў у асобную групу афiцэраў, параўнаў колькасьць усiх з колькасьцю прозьвiшчаў на перапiсаных лiстах i, адлiчаючы зноў па колькi дзесяткаў, накiроўваў кожную групу ў адны цi ў другiя дзьверы падвалу каменнага будынку.

IV

Зьмяркалася. Падвал, у якi трапiлi Вiктар i Сымон зь сябрамi, быў зусiм цёмны. Палонныя вобмацкам шукалi, дзе прытулiцца нанач. Новапрыбылыя хутка выявiлi, што падвал ня быў пусты: колькi папярэджаньняў i лаянак у польскай мове сьведчылi, што тут ужо прысутнiчала пэўная група "родакаў". Пасьля колькiх пытаньняў новапрыбылыя даведалiся, што тыя таксама служылi пры нямецкiм войску, хоць i былi палякамi, як яны тлумачылi, сiлаю забранымi з "кангрэсоўкi" або зь Сiлезii. Беларусы ўгадвалi, што быў гэта ня хто iншы, як польскiя "фольксдойчы", якiя цяпер пры зьмене палiтычнага ветру зьмянялi й нацыянальны колер.

Людзей налезла, як селядцоў. Паветра было цяжкое, пахла цьвiльлю. Сымон i Вiктар вобмацкам знайшлi пустое месца на вялiкiм круглым камянi. Угадвалi, што быў гэта млыновы камень. Тут-жа побач яго намацалi вялiкае драўлянае кола. Усё гэта сьведчыла, што падвал некалi служыў млыном.

- Вот, братка, будзе табе сяньня пасьцеля, - гаварыў упоцемку сярод цiхага агульнага гоману Вiктар.

- Адно, што на галаву капаць ня будзе. Што й гаварыць - высьпiмся па-людзку.

- Яшчэ-б! Бяда вось адно, што нiчога пасёрбаць не далi. Кiшкi марш граюць.

- Весялей, брат, будзе спаць.

- I што, ты думаеш, з намi будзе?

- Вось дзiвак, яшчэ пытаецца. Усё добра будзе. Ты сягоньня памножыў шэрагi палякаў, дык яны цяпер аб табе й клапацiцца будуць.

Удзень яшчэ, адразу пасьля прыезду ў Форт Брэвiль, "палякi" даведалiся, што ў хуткiм часе маюць быць добраахвотна высланыя ў польскую армiю ў Iталiю.

- Так, гэта я ведаю. Мяне цiкавiць толькi, як яно там тое польскае войска выглядае, - мяркаваў Вiктар.

- Нейкi-ж там цяпер у iх маршалак цi "вудз начэльны" ёсьць. I, пэўна-ж, такiмi, як мы, "патрыётамi" заапякуецца.

- Чорт пабяры, але-ж, брат, i цьвёрда. Нiколi-ж не даводзiлася яшчэ на каменi спаць, - жалiўся Вiктар, паспрабаваўшы прылегчы i не зьвярнуўшы ўвагi на саркастычную нотку ў Сымонавым адказе.

- Але ты ведаеш, - цягнуў сваё Спарыш, - нашы дарогi, мая з тваёй, значыцца, мусiць, нiколi не разлучацца. Гэта-ж я думаў, як нас там пад Альткiрхам разлучылi ды паслалi ў iншыя вакопы, што мо прыйдзе якая завiруха й згубiмся. Ажно не. Мусiць, ужо нам лёс вызначыў быць усюды разам.

- Або як мы некалi ўмовiлiся ўцякаць у горы, - прыпамiнаў Вiктар, - i ты пайшоў, а я не. То ты пасядзеў на гары й вярнуўся. Iзноў дарогi чуць не разлучылiся.

- Даволi дзiўна злажылася. Вiдаць, што й будучыня ў нас супольная. Давай, брат, ужо трымацца разам, што-б нi было.

- Трымалiся ад пятае клясы, дык чаму-б цяпер ня трымацца. Але-ж, брат, i мулiць гэты камень, чорт-бы яго пабраў!

- Гэй, сусед! Сусед! - клiкнуў Сымон у курiнку агню папяроскi, што мiгаў упоцемку. - Хто гэта? Ты, Дудкевiч? Дай i мне пару разоў смактануць, хоць вусны папячы.

- Нiчога, браток, ужо не пацягнеш. Дастаў во сам на ногаць даўжынi тут ад аднаго збоку, - тлумачыў Дудаевiчаў голас, - адно слiнькi засталiся.

Дзесьцi з кутка, спачатку цiха, а пасьля галасьней, дрыгаючы, заiкаючыся й захлынаючыся ў агульным бубненьнi людзкiх галасоў, прыбегла да вушэй якаясьцi песьня аб Касi й Ясю.

- Вось табе й весялей цяпер будзе, - таўхануў Спарыш Вiктара. - Мо калiсь i сам сьпяваў ды забыўся, дык прыпомнi.

- Глядзi во, некаму-ж i весела тут. Маўчалi-б ужо лепш. Гул у падвале паволi сьцiхаў. Нядоўга трывала й выцьцё сьпевакоў. "Няма лепшага лякарства на забыцьцё нядолi, чымся сон", - думаў Сымон, стараючыся заснуць. Адылi сон нялёгка прыходзiў. Акрамя мулкага млыновага каменя пад бакамi й галавой, сама галава была перапоўнена роем думак.

Поўная зьмена абставiн, а самае галоўнае - тое, што воляй-няволяй давялося трапiць у "палякi", вярэдзiлi пачуцьцi й сумленьне беларускага патрыёты. Ясна, што ня было iншага выйсьця, што чалавек бачыў сябе, як нейкую дробненькую бездапаможную пылiнку на хвалях бурлiвага ваеннага мора. Але пачуцьцё не заўсёды накiруеш сьцюдзёнага й прадуманага выснаву, асаблiва калi iм кiруе гарачая й бязьмежная любоў да паняволенай Бацькаўшчыны.

V

Разбудзiлi рана. Пры дзьвярах падвалу, зь якiх паволi вылазiлi на двор палонныя, стаялi па тры перапiшчыкi. Сымон зь Вiктарам i iхныя сябры заўважылi пры сваiх дзьвярах Кнора - камандзера iхняга зьвяза ў Менскай Школе БКА. Зь iм быў iншы афiцэр з батальёну Мураўёва й трэцi, якiх хлопцы ня ведалi па прозвiшчах.

84
{"b":"73542","o":1}