Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Малы смаркаты падлетак, каб зблiзку лучыць гразёй у каторага палоннага, спрабаваў узабрацца на прыступку кабiны. Гразь, няўмела кiнутая малой рукой, адбiлася аб борт кузава й часткова трапiла смаркачу за каўнер. Пачырванеўшы ад сораму й злосьцi, ён схапiў з кучы хламу палку й зноў стараўся дастацца на прыступку, каб бiць безабаронных людзей. У гэты час адзiн старэйшы чарнавусы мужчына, прыдбаўшы добрую дубiну, пачаў абкладаць ударамi палонных на кузаве трэцяй машыны. Былi там пераважна немцы, й тым па краях добра папалася. У кузавах машынаў адбываўся ў часе гэтых пабояў рух: мацнейшыя выпiхалi слабейшых на краi, а самi цiснулiся, прысеўшы на кукарэчкi, у бяспечную сярэдзiнку. Пабоi й дзiкiя крыкi натоўпу прадаўжалiся, аж пакуль транспарт ня рушыў зь месца.

На змярканьнi транспарт прыехаў у малое мястэчка блiзу Монтбэльярда. Вялiзарная пустая хвабрычная заля памясьцiла звыш тысячы чалавек. У лiку iх было каля чвэрцi немцаў. Вечарам былi выдадзены першыя харчы: дванаццаць бiсквiтаў (сухароў) на кожнага, вялiзная пушка - каля трох кiлаграмаў валовай кансэрвы на восем чалавек i па пушцы кансэрваванага супу на кожнага. Многiя цьвердзiлi, што паёк гэты быў лепшы, чымся ў армii пры немцах. Мелi слушнасьць. Такi-ж самы паёк атрымалi й на наступны вечар, дык i на голад не давялося жалiцца. Адчувалася адно нястача вады, якой выдавалася абмежаваная колькасьць. Пасьля валовай кансэрвы нядрэнна п'ецца, й дзеля таго кожны хацеў прапаласкаць рот. На другi дзень немцаў пачалi накiроўваць у далейшы вабоз, а новыя транспарты цэлы час прывозiлi палонных з фронту. Да Спарыша, Караткевiча й Пiсаронка далучылiся тут Жылякоўскi, Дудкевiч, Сакоўскi, Лобiк, Замочак i iншыя. Пасьля абмену весткамi выявiлася, што на фронце зь лiку былых кадэтаў зь Менскай афiцэрскай школы загiнула двое сяброў. Качаноўскi, празываны спартсмэнам, загiнуў у лесе на правым крыле ад Асбаху. Лях, што паходзiў дзесьцi з Наваградчыны ды разам з Дудкевiчам трымаў пазыцыю пры кулямёце на поўдзень ад Альткiрху, быў забiты незаўважаным навет сваймi сябрамi побач. Вiдаць, снайпер узяў яго на мушку. Як сядзеў пры кулямёце, якога не манiўся выкарыстоўваць, так i ўзьлёг на яго. Сябры думалi, што задрамаў. Пасьпелi яшчэ пахаваць. Нiхто ня мог з пэўнасьцю сказаць, цi хто з былых кадэтаў адступiў зь немцамi на ўсход.

III

Дзьве пары прабылi палонныя ў пустой хвабрыцы й на трэцi дзень пехатой былi накiраваны ў Монтбэльярд, дзе затрымалiся на вялiкiм школьным панадворку. Тут-жа былi ўжо ўсе палонныя афiцэры. Адлучыўшы немцаў у асобную групу, француз у цывiльным адзеньнi загадаў сваiм людзям пры дапамозе палонных афiцэраў перапiсаць асобна палякаў, а асобна расейцаў. Беларусаў i ўкраiнцаў як быццам i ня было. Выглядала, што французы мелi наўвеце дзяржаўную прыналежнасьць, а не нацыянальнасьць. Гэткi загад паставiў у тупiк шматлiкiх гарачых патрыётаў беларусаў i ўкраiнцаў, для якiх адмова ад собскае нацыянальнасьцi азначала шмат больш, чымся двукосьсе на ўрадавай паперы. Дарэмным было-б старацца даводзiць некаму з французаў, што акрамя палякаў i расейцаў ёсьць народы, якiя страцiлi незалежнасьць, але нiколi ня выраклiся сваёй гiстарычнай спадчыны й змагаюцца за аднаўленьне дзяржаўнасьцi. Па-першае, палоннага нiхто ня слухаў, i той, хто наважыўся-б выясьнiць справу нацыянальнасьцi, сьцягнуў-бы, пэўна, на сваю галаву больш клопату, чым дабiўся-б карысьцi, па-другое, хто-ж мог бы спадзявацца, каб нейкi францускi вайсковы цi цывiльны чыноўнiк мог разьбiрацца ў такiх справах ды шчэ ў такiх умовах, дзе ён быў поўным гаспадаром жыцьця й сьмерцi гэтых палонных...

Разумеючы ўсё гэта, навет самыя гарачыя беларускiя патрыёты пакiнулi думкi аб тым, каб пiсацца беларусамi. Ведалi, што гэта магло-б раўняцца самагубству. Маглi-б iх палiчыць за расейцаў. Пасьля-ж, хто ведае, маглi-б выслаць да Сталiна. Усё-ж такi цяжка чалавеку рабiць гвалт над собскiм сумленьнем, тым больш калi яно да гэтага часу было чыстым перад сабою, Богам i Бацькаўшчынай. Адно ратаваньне жыцьця змусiла шмат каго на такi крок.

Пасьля даўгаватага працэсу перапiскi выявiлася, што група расейцаў была вельмi скупая - усяго пару дзесяткаў чалавек. У iх лiку апынулася трое кадэтаў зь Менску, што да вайны гадавалiся пад маскоўскай акупацыяй. Польшча-ж значна пабагацела на новых "палякаў", на перапiску якiх пайшло шмат аркушаў паперы. "Палякамi" сталiся Сымон Спарыш, Вiктар Караткевiч i iншыя iх сябры з былое Школы Камандзераў БКА.

Калi жарты й кпiны ў амаль бязвыхадным становiшчы сапраўды вызначаюць жыцьцяздольнасьць i трываласьць некаторых людзей, дык можна сказаць, што якраз да такiх належала бальшыня былых менскiх кадэтаў.

- Вiдаць, братцы, выгадней будзе ад цяперашняга часу апрануць чужую скуру, - камэнтаваў адзiн перапiс i шлях у "палякi".

- Як то чужую? А што-ж ты мо не паляк? Цi-ж ня сам гэта меў гонар радзiцца ў вялiкай i моцарствовай? - падпусьцiў другi зь няскрыванай iронiяй.

- Цi-i-i-i-i-ха вы! - перапалохаўся трэцi. - Не забывайцеся, што могуць непаклiканыя вушы гэту гутарку пачуць. Вам тады не на жартачкi выйдзе.

- Дык, мусiць, братцы, калi мы - "палякi", варта й на польскую гутарку памаленьку пераключацца.

- Пся крэў! - пераключыўся ўжо адзiн.

- Перастанеце вы нарэшце цi не? Пара ўжо вырасьцi й быць больш асьцярожнымi. А то быццам дзецi малыя, сьмешачкi ўсё...

Ноч пераначавалi ў школьным падвале на голай падлозе. Назаўтра ранiцою, заладаваўшы палонных на аўтамашыны, транспарт накiраваўся ў Бэзансон. Ехалi той самай дарогай побач ракi Дуб, якой калiсьцi адступалi з Францыi. Пазнавалi вёскi й мястэчкi. Кадэты БКА пазналi навет тое месца, дзе бальшыня iхных сяброў перайшла да макiсаў. Шмат мясьцiнаў было цалкам разбурана й спалена. Макiсы, як вiдаць, дрэнна старалiся ўсьцерагчы маёмасьць свае краiны перад знiшчальнымi адзьдзеламi немцаў.

У Бэзансоне аўтамашыны накiравалiся на ўсход ад гораду дарогай, што вяла на высокую гару, на версе якой палонныя пабачылi высокiя муры старой цвярдынi - Форт Брэвiль. Вужакай узабраўшыся наверх, дарога перарэзала першую старасьвецкую каменную сьцяну. Зараз за гэтай першай, даволi высокай сьцяной паабапал дарогi налева й направа вiдаць былi руiны. Другая сьцяна была яшчэ вышэйшая й мацнейшая. За ёй цягнулася глыбокая шыракаватая канава, абодва бакi якой спалучаў трывалы каменны мост. Аўтамашыны спынiлiся перад галоўнай брамай цьвярдынi, ля якой стаяў вартавы. Гэта ўжо трэцi з чаргi мур вышынi мо на мэтраў пятнаццаць быў асноўным i найлепш утрыманым. Скрыпнулi дзьве вялiкiя палавiны старое брамы, i машыны зь людзьмi пакацiлiся адна за другой на шырокi двор.

83
{"b":"73542","o":1}