Варта аддаць справядлiвасьць аб'ектыўнасьцi й прыгадаць, што ў дваццатых гадох, калi паўстала пад бальшавiцкай акупацыяй БССР, Езавiтаў ня ўсьцярогся той, ледзь не агульнай для беларускага нацыянальнага актыву па-за межамi БССР памылкi i часова быў паверыў, што пад бальшавiцкiм ярмом будуецца, як прынялося ўжо называць, Беларускi дом. Адылi, будучы асьцярожным, у БССР ехаць не манiўся ды, прыгледзеўшыся пасьля, што бальшавiкi зрабiлi са звабленымi ў Менск беларускiмi навукоўцамi й выдатнымi нацыянальнымi працаўнiкамi, борзда ачуняў ад часовага дурману.
У пачатку трыццатых гадоў адбыўся ў Латвii судовы працэс, званы беларускiм, дзе на лаве абвiнавачаных апынуўся i Езавiтаў. Закiдалi яму, што ў школах i мiж грамадзтва пашырае думкi аб тым, нiбыта Латвiя няпраўна акупавала частку Беларусi, што загадвае вучням на мапах вызначаць раёны, суцэльна заселеныя беларусамi, i што ледзь не намагаецца адарваць гэтыя раёны ад Латвii. Езавiтаў выйшаў з-пад суду апраўданы, хаця й давялося да пачатку яго праседзець больш году ў вязнiцы.
Ад вайны да 1922 года (гэта значыць, да часу ейнага закрыцьця) Езавiтаў быў дырэктарам Беларускае гiмназii ў Люцыне. Пазьней доўгiя гады працаваў настаўнiкам Беларускае гiмназii ў Рызе.
З характару й выгляду быў ён калi не дамiнуючым, дык, прынамсi, наскрозь аўтарытэтным, будзячы да сябе давер i пашану. Ростам высокi, моцна збудаваны, самавiты, паважны. У вачах iншых выглядаў арыстакратам. Валасы меў цёмныя, твар - поўны, вочы - пранiклiва-шэрыя. Заўседы трымаўся раўнамернага вайсковага кроку й таму ад вучняў атрымаў мянушку "Браняносец". Натуры быў наогул лагоднай, але ня той, што распагаджваецца абы-якiмi малаважнымi жартамi-драбнiцамi. Умеў трымацца сукрыта й нiколi не гаварыць цi выяўляць лiшняга, адно якраз столькi, колькi было трэба. Быў чалавекам надзвычайна высокае асабiстае маралi, нацыянальнага гонару й духовае чысьцiнi. Не належаў да хваравiтых амбiцыянераў. Верыў, што вызначэньнем вартасьцi чалавека зьяўляецца найперш праца, а таму й не шкадаваў сiлаў у тым кiрунку, куды найбольш хiлiлася сэрца й нацыянальная душа. Хоць быў жанаты, дзяцей ня меў, а жонку страцiў у часе вайны.
Як працаўнiк беларускага школьнiцтва ў Латвii Езавiтаў шмат пiсаў. Тэматыка абмяжоўвалася пераважна навучальна-ўзгадаваўчымi матэрыяламi. Найчасьцей можна было чытаць яго ў школьным квартальным часопiсе "Беларуская школа ў Латвii". Падчас Другой сусьветнай вайны супрацоўнiчаў з часопiсам "Новы Шлях", выдаваным у Рызе. Езавiтаў пiсаў i паэзiю пад мянушкай Кастусёнак. Тое зь ягоных твораў, што можна сяньня там-сям знайсьцi, паказвае, што i ў гэтай галiне быў нядрэнным майстрам.
IV
Калi Беларуская Цэнтральная Рада ўзнавiла працу ў Бэрлiне, немцы вымагалi ад яе, каб праводзiла мабiлiзацыю беларусаў у Беларускую Краёвую Абарону на абшары Райху. Гэтай працай i заняўся Езавiтаў як рэфэрэнт вайсковых спраў пры БЦР. Шматлiкiя дзеячы яшчэ да сяньняшняга часу закiдаюць Астроўскаму й Езавiтаву, што мабiлiзавалi беларусаў у войска для немцаў, хаця было ўжо ўсiм ясна, што вайну яны прайгралi. Генэрал Езавiтаў рассылаў мабiлiзацыйныя карткi ўсiм мужчынам-беларусам, дзе-б iх не знайшоў. Вярбоўнiкi ягоныя езьдзiлi й па працоўных лягерах. Адылi гэта акцыя давала малыя вынiкi, бо беларусы даўно перасталi верыць i немцам, i ў iхнюю перамогу. Затое знайшлося было шмат старых афiцэраў, што былi ў "Самаахове", БКА, а навет i зусiм апошнiмi часамi ня былi ў войску. Прыбылыя высылалiся ў распараджэньне палкоўнiка Кушаля, камандуючага БКА, на Лiхтэнэрштрасэ. Кушаль ня меў пры сабе нiякiх апекуноў зь нямецкага боку. Ён распрацаваў скарочаную праграму вышкаленьня й стараўся ў межах наяўных магчымасьцяў праводзiць яе ў жыцьцё.
Восеньню 1944 году расейскi генэрал Уласаў, што калiсь перайшоў да немцаў з Чырвонае Армii, а пасьля зь iхняга дазволу i пры iхным падтрыманьнi зарганiзаваў з савецкiх ваеннапалонных гэтак званую "Русскую Освободительную Армию" (РОА), павёў моцную прапаганду для рэкрутацыi людзей у сваё войска. Прапаганда была накiраваная ня толькi да вайсковых i цывiльных расейцаў, але таксама й да беларусаў. Немцы, нiчым ня рызыкуючы, спатуралi генэралу Ўласаву i ахвотна бачылi-б рост ягонае армii, спадзяючыся, што яна дапаможа паўстрымаць бальшавiкоў на Ўсходнiм фронце. На беларусаў гiтлераўцы надта не спадзявалiся, жадаючы бачыць iх хутчэй у агульным i большым уласаўскiм катле, дарма што дазвалялi на мабiлiзацыю БКА на тэрыторыi Нямеччыны.
Агенты Ўласава ня толькi панадзiлiся патаемна заглядаць у беларускi вайсковы цэнтр на Лiхтэнэрштрасэ, каб агiтаваць жаўнераў, але й навязалi тайную сувязь з Астроўскiм ды з тымi сябрамi Беларускай Цэнтральнай Рады, у якiх разьлiчвалi здабыць давер. Уласаўцы прапанавалi прыблiзна наступнае: БЦР застаецца так, як яна ёсьць, але прызнае Ўласава сваiм зьверхнiкам i ўсё беларускае войска аддасьць у ягонае распараджэньне.
Радаслаў Астроўскi ўласаўскiя прапановы рашуча адкiнуў, але сярод некаторых сяброў Рады пачалiся хiстаньнi. Прэзыдэнт БЦР склiкаў паседжаньне й катэгарычна заявiў, што ня можа быць нiякае мовы аб паразуменьнi й супрацоўнiцтве з Уласавым. "Сябры БЦР, - казаў ён, - якiя пяройдуць да расейцаў, будуць уважацца за здраднiкаў беларускае справы". Некаторыя не паслухалiся Астроўскага. Да Ўласава адышлi Яўхiм Кiпель, Селях-Качанскi i прапагандовы афiцэр вайсковае рэфэрэнтуры пры БЦР Уладзiмiр Гуцька. На Лiхтэнэрштрасэ ў кантакт з Уласавым увайшлi некаторыя старыя афiцэры, прапаршчыкi запасу царскае армii. Расеец iх ня прыняў як занадта старых, а самi яны пасьля тлумачылi, што не пайшлi да Ўласава таму, што не згадзiўся даць iм жаданых чыноў.
У кастрычнiку 1944 году ў Празе Чэскай адбыўся агульны расейскi зьезд пад старшынствам генэрала Ўласава. Выступалi там i беларусы, якiя задэкляравалi супольна з расейцамi, пад камандаю Ўласава, ваяваць за вызваленьне народаў СССР i падпiсалiся пад гэтак званым уласаўскiм манiфэстам. Быў выбраны выканаўчы камiтэт на чале з Уласавым зь беларускiм ды ўкраiнскiм адзьдзеламi.
V
Мiж усiх сяброў Беларускае Цэнтральнае Рады рэфэрэнт вайсковых спраў генэрал Канстантын Езавiтаў быў найстарэйшы стажам працы ў беларускiм нацыянальна-вызвольным руху. Ня толькi людзi, зь якiмi штодня меў кантакты, але навет i тыя, што яго ведалi радзей, адносiлiся да яго зь вялiкай пашанай. Больш таго, неяк агульна лiчылася, што ня БЦР падвысiла аўтарытэт гэтага старога, непахiснага й заслужанага змагара за iнтарэсы беларускага народу, а наадварот - Езавiтаў, ахвяраваўшы свае паслугi БЦР, падвысiў у вачох шырокiх масаў народу ейную вартасьць.