Литмир - Электронная Библиотека
A
A

У адчыненых дзьвярох перад Верай стаяла дзеўка дзесьцi ў веку сярэдзiны трыццатых гадоў. Цёмныя валосы, закручаныя ў плястычныя качалкi, якiя тубыльцы называюць "кэрлерамi". Твар круглаваты, нос просты, немаляваныя вузкiя вусны й цёмна-рудыя вочы. Лагодная сяброўская ўсьмешка. Сярэдняга росту, з малымi грудзьмi. Белая мужчынская кашуля абвiсала над тугiмi ясна-сiнiмi абношанымi джынсамi. У гэным месцы й часе дзеўка выглядала зусiм мадэрнай. На голых ступнях сядзелi новыя iндыянскiя скураныя "макасыны", папулярныя мясцовыя шлёпкi.

- Гляньце хто тут! Вiтаю, Вера, вiтаю, прашу заходзьце.

- Дзякую. Грыша Вам ужо паведамiў пра мяне?

- Так. Але гляньце, што за красотка! - усклiкнула дзеўка, аглядаючы Веру. На ейным твары зьявiлася запраўднае зьдзiўленьне. - Скажы мне, дзе ты здабыла ўсе гэтыя свае прычындалы?

Вера меркавала як рэагаваць на гэта.

- Ого, што за прывiтаньне! Можна да вас, цi не?

- Заходзьце. Будзем знаёмiцца: я - Нiна Ляскiн, а ты, як мне казалi, Вера Мак.

- Але. Вельмi прыемна.

Вера зайшла ў скромна ўмэбляваны пакой. У куце на тэлевiзары спартовы камэнтатар гучным голасам распавядаў пра ўчарашнюю гульню ў вялiзным мясцовым гакэйным палацы.

- Сядай. сядай, - запрашала Нiна. - Можа хочаш што выпiць з дарогi? Пастаў свае рэчы, пасьля ўпарадкуем. Што прынесьцi?

- Калi маеш, джынджэр эйл.

Неўзабаве Нiна вярнулася з кухнi, паставiла на кафэйны столiк пляшку вiскi, джынджэр эйл, дзьве шклянкi i мiску зь лёдам.

- Ты можа галодная? - спытала Веру.

- Ды не, я ела ў цягнiку.

- Напэўна скупiньдзя Грыша цябе не накармiў?

- А Грыша скупiньдзя? - зьдзiвiлася Вера.

- Ну, як табе сказаць? Я не заўважыла, каб ён калi-небудзь раскашэлiўся, каб пагрэць нас, дзяўчат, як некаторыя...

Вера разважала, цi гаспадыня гэтага памешканьня дэманстравала сваю дэклярацыйнасьць цi шкадавала, магчыма, што Капшун ня бегаў за ёй.

- Пытаўся ён мяне, цi магу ўзяць пад сваё апякунчае крыло адну нашу асобу, што прыедзе сюды з паўночнае дзiчы, - прадаўжала Нiна, напаўняючы шклянкi напiткамi i лёдам. - Прабач мне, цi ты казала, што сам джынджэр эйл, цi i вiскi?

- Калi ты ўжо налiла, то вып'ю, - усьмiхнулася Вера.

- Дык я тады пытаюся Грышу: а якога-ж кавалера ты мне прышлеш? Ён расказаў мне пра цябе, што патрабуеш памешканьня й працы, добрага нагляду... Дык давай, вып'ем за нашае здароўе i знаёмства.

Стукнулiся шклянкамi.

- За здароўе!

Выпiлi па палове налiтага. Нiна села побач.

- Грыша гаварыў пра нагляд за мною? - спыталася Вера.

- Ды не, зусiм ня тое. Проста прасiў табе памагчы. Ай-я-яй, але-ж зь цябе й цаца! - бясцырымонна разглядаючы прыгожую дзяўчыну, захаплялася Нiна. - Колькi табе гадоў?

- Адгадай.

- Дам табе... ну... дваццатку.

- Цi я запраўды выглядаю так молада? - спыталася Вера.

- Выглядаеш вельмi маладой i прыгожай, - сказала Нiна зь вялiкiм нацiскам на два апошнiя словы.

- Дзякую. Прабач за пытаньне.

- Пытайся.

- Капшун сказаў мне, што маеш для мяне недзе работу... у нейкiм Трыфты...

- У Трыфты Тонi. Так называецца фiрма, дзе я працую загадчыцай дэпартаманту. Сама я не гаварыла са старым Жыдам, але надзейная асоба шапнула мне, што патрабуюць дзьве асобы на помач, дык я i сказала Грышу, калi была пра цябе гутарка...

- А што-ж яны плацяць?

- Сорак на тыдзень на пачатак. Ведаю, што гэта мала, але калi будзеш старацца...

- Ну няхай сабе... Хiба-ж на кватэру заплацiць хопiць? - усьмiхаючыся Вера пазiрала Нiне пiльна ў вочы.

- За кватэру нямнога, дзясятка хопiць, - адказала Нiна.

I Вера ня ведала, цi Нiна жартуе, цi што. Не выпадала цяпер таргавацца, бо Нiна Ляскiн - ейныя першыя адкрытыя дзьверы ў Радфордзе.

- Ня буду цяпер распытвацца пра варункi працы, бо якi-ж маю выбар, гаварыла далей Вера, пiльна разглядаючы гэны клубок шпулек на галаве гаспадынi.

- Спадзяюся, што скора ўложышся. Спачатку, вядома, пакуль разгледзiшся, будуць розныя пытаньнi... Мне казалi, што ты вельмi актыўная i працавiтая дзяўчына.

Вера не магла ведаць колькi й чаго яшчэ расказалi Нiне пра яе. Пажывецца, пабачыцца. Нiна Ляскiн выглядала вельмi сяброўскай, бадзёрай, практычнай, верацяном актыўнасьцi. На вячэру падсмажыла сьвiнiну - так званыя порк чопы. Елi з варанай бульбай, зялёным гарошкам з банкi. I паўтарылi тосты за сяброўства й супрацоўнiцтва.

Падчас перадаваньня вячэрнiх навiнаў Вера зь цiкавасьцю слухала паведамленьнi пра рух на галоўных дарогах, якiя тут называюць экспрэсвэйс. Найшырэйшая зь iх, дзе можна ехаць максымальнай скорасьцю 80 кiлямэтраў на гадзiну, як вялiкi вуж цягнецца праз горад з усходу на захад. Яна на дванаццаць палосаў, цi, як мясцовыя называюць, лiнiяў. У многiх месцах яна то крыху разгалiняецца, то злучаецца. Агульна гаворачы, гэтая адна дарога, яе можна было-б назваць супэраўтастрадай - абыймае шэсьць дарог у адным i шэсьць у супрацьлеглым кiрунку. Iншыя, падобныя, хоць i меншыя аўтастрады, лучылi горад з усходу, i захаду, беглi i ўскосна з паўдня на поўнач. Горад рос з дынамiкай малаведамай у якiм iншым месцы гэтага кантынэнту. Вялiкiя грошы ўкладалiся ў разрост сеткi супэрмадэрных дарогаў i падзямельнага мэтро.

У гэны вечар трымала добрая пагода. Вялiкiх выпадкаў на экспрэсвэях ня было, усё-ж наглядчык руху, што апiсваў яго падчас перадаваньня тэлевiзыйных навiнаў, прыгадаў, што за сёлетнi год у горадзе па дарогах аўтамабiльны рух забiў дваццаць сем чалавек. Многа гэта цi мала? Вера ня ведала. Горад расьце, напружвае свае мускулы. Мясцамi тое ды гэна трашчыць, iрвецца, крышыцца, разьбiваецца, лопае. Хутка растучы гiгант мае свае зрывы, правалы. Спрычыняюцца да гэтага мясцовыя палiтыканы. Пры дзьвярох - маса эмiгрантаў з Эўропы, а там далей ужо чуваць вэрхал Азiятаў, Афрыканцаў i шматлiках астравоў Карыбii.

Назаўтра ранiцай пайшлi ў Трыфты Тонi. Пасьля гадзiны, што спатрэбiлася на фармальнасьцi, Вера Мак атрымала месца прадаўшчыцы.

5

У спакойных часох i нармальных абставiнах Алесь Якiмовiч нiякiм чынам не апынуўся-бы там, дзе цяпер знаходзiўся. Але-ж апошняя пара дзесяцiгодзьдзяў прынесла вялiзныя катастрофы. Алесь апынуўся ў Новым Сьвеце, у гэтай аграмадзiне i ў бальшынi незаселенай краiне, амаль у самым цэнтры, - як ён любiў жартаваць, - гармiдары вольнага рынку. У гэны дзень ранiцай Алесь выгадна сядзеў у так званым экзэкутыўным крэсьле бюра свайго боса (шэфа) Давiда Зэлмана. Выгаднае, абабiтае скурай крэсла, на шпянi, можна было седзячы павярнуць у якi хочаш бок. Алесь спрабаваў, як кажуць, паамэрыканску палажыць дзьве нагi на пiсьмовы стол. Некалi пасьля вайны бачыў ён як гэтак рабiў цi адзiн амэрыканскi жаўнер у нейкай пiўнушцы вызваленай Эўропы. Праўда, такi Амэрыканец абавязкова дымiў здаравеннай цыгарай, або чвякаў гумай-жвачкай з фiрмы Рыглея. У Зэлманавым бюро ў Алеся ня было цыгары, ён рэдка калi курыў, а Рыглеявых жвачак ня любiў. Алесь паставiў на належнае iм месца свае ногi ды паглыбiўся ў разважаньнi пра сваю сытуацыю. Ён адно пачаў падарожжа ўверх па экзэкутыўнай, цi, - калi хочаце, - начальнiцкай драбiне. Але-ж, калi згадаць адкуль ён прыйшоў, дык абавязкова за помач у тым падарожжы Богу трэба падзякаваць. Яшчэ як трэба!

5
{"b":"73509","o":1}