- Найлепшыя ацэнкi.
- Добра. Цi маеш яшчэ ахвоту да навукi?
- Ахвоту? Мяркую, што так. Калi патрэбна, дык навучуся, чаму не. А цi вялiкая розьнiца мiж расейскай i беларускай мовай?
- Даволi значная. Вядома, што ёсьць дзьве вэрсii, так сказаць, беларускай мовы. Першая, гэта тая, што ўжываецца ў школах i адмiнiстрацыi ў Савецкай Беларусi. Ёсьць на гэнай мове даволi вялiкая лiтаратура. Дык тая вэрсiя блiжэй расейскае. Беларускiя буржуазныя нацыяналiсты ўзводзяць паклёп на тую мову й называюць яе маскоўскiм жаргонам. Другая-ж вэрсiя, каторай карыстаюцца бебурнацы, стаiць далей ад расейскай. Ты, бязумоўна, будзеш вучыцца першую.
Капшун устаў, падыйшоў да пiсьмовага стала, узяў кнiгу зь зялёнай вокладкай i даў яе Веры.
- Тут вось, пачытай крыху з пачатку.
Дзяўчына пачала паволi чытаць. Ейнае вымаўленьне патрабавала шмат паправак. Пазiраючы на двор праз вэнэцыянскiя заслоны, Капшун уважна слухаў.
- Гэтага даволi, - спынiў ён дзяўчыну. - Бачу, што нейкi пачатак ёсьць. Пачнеш вучыцца адразу пасьля таго, як тут на месцы ўстроiшся. Згода?
- Так, окэй. Цi магу цяпер штосьцi вас спытаць?
- Калi ласка.
- Адносна працы. Я-ж мушу на сябе зарабiць.
- Гэта ўсё наладзiм. Цi ты мяркуеш, што можаш працаваць у якой краме?
- Магу спрабаваць.
- Добра. Заўтра пойдзеш у Трыфты Тонi й там атрымаеш працу. Адна з нашых дзевак, зь якой сяньня пазнаёмiшся, табе паможа. Яна там працуе.
- А хто такi той Трыфты Тонi?
- Гэта вялiкая ўнiвэрсальная крама, уласнасьць Жыда Зэлмана, нашага iмiгранта. Ён робiць аграмадны бiзнэс.
- Добра. А колькi ён плацiць?
- Нешта каля трыццацi пяцi на тыдзень для новых, здаецца. Будзеш старацца, заробiш болей.
Дзяўчына маўчала. У бюро капальнi ў Балтаве зарабляла больш пяцiдзесяцi ў тыдзень.
- I гэта, здаецца ўсё, калi няма якiх пытаньняў, - сказаў Капшун.
- Адносна майго пакою. Дзе буду жыць?
- Коля завязе цябе да дзяўчыны, пра якую я ўспамiнаў. Зваць яе Нiна Ляскiн. Яна нашага паходжаньня, бацькi недзе з Адэсы, ужо ня жывуць. Я пэўны, што вы добра наладзiце супольнае жыцьцё. Заўтра паведамi мяне, як там пойдзе.
- Окэй, Грыша.
Дзяўчына ўстала i ўзяла сваю сумачку.
- Яшчэ адно, пакуль пойдзеце, мiс Мак. Раю вам усё тое, пра што мы гаварылi, трымаць пры сабе, - перасьцярог Капшун, адчыняючы дзьверы.
- А як зь Нiнай Ляскiн?
- Яна - адна з нашых. Што ёй скажаш, мяркуй сама.
- Добра, Грыша.
- Цяпер пачакай тут, а я паклiчу Колю.
Неўзабаве ён зьявiўся з-за дзьвярэй iз тым самым шустрым, пад вожыка падстрыжаным маладым хлопцам, якi сустрэў яе ранiцай на чыгуначнай станцыi. Капшун падаў руку.
- Жадаю табе посьпехаў, спадарыня Мак.
На ягоным твары паказалася нешта наводля ўсьмешкi.
- Дзякуй, Грыша. Буду ў кантакце.
Коля ўзяў ейную валiзку. Рэшту багажу пакiнула на станцыi i мае яго забраць пасьля. Яны спусьцiлiся па сходах i пайшлi да аўтабуснага прыпынку. Пад захмараным лiпеньскiм небам вулiца чмыхала й гула вялiзнай хваляй аўтамабiляў у "раш аўр" - сьпешную гадзiну. Гэтак тут назвалi час, калi мiльёны людзей рана й вечарам сьпяшаць на працу цi з працы дамоў. Гвалтоўныя рыўкi ветру тузалi маладое лiсьцё кляновых прысадаў, замяталi парэпаны цэмант вулiцы i забаўлялiся рознакаляровымi сукенкамi жанчынаў.
- Як далёка да Нiны Ляскiн?
- Якiх мiнут пятнаццаць аўтабусам. Яна жыве каля цэнтру гораду.
3
Некалi, падаючы заяву для атрыманьня вiзы на падарожжа ў Савецкi Саюз у групе "рабочых канадыйскiх дэлегатаў", ад Веры Мак запатрабавалi, каб далучыла кароткую аўтабiяграфiю. Пасьля цэлае гадзiны, Вера напiсала наступнае:
Iмя й прозьвiшча: Вера Мак.
Дата й месца нараджэньня: 27 сакавiка, 1930 г., Балтава, Антарыё.
Сацыяльнае паходжаньне i ўзгадаваньне: Бацькi - Беларусы, рабочыя. Бацька, што працаваў у капальнi мэталаў, прыехаў з маткай у Канаду пару гадоў перад маiм нараджэньнем з Заходняй Беларусi. Як мне было сем гадоў, бацьку майго Мiкалая палiцыя канадыйская забiла падчас дэманстрацыi беспрацоўных i галодных. Мацi мая Юльляна, што была сьветкай таго забойства, мела ўдар сэрца. Яна памерла год пазьней. Як маладая сiрата, ад васьмi гадоў узросту я гадавалася ў розных сем'ях.
Адукацыя: Сярэдняя.
Прафэсiя: Працавала сакратаркай у Рын Тын i Дэлта мiнэральных кампманiях.
Грамадзкая дзейнасьць: На працягу даўгога часу належала й цяпер належу да рабочага клюбу Максiма Горкага ў Балтаве. Брала ўдзел у адукацыйнай, спартовай i грамадзкай працы. Апякавалася дзяцьмi.
Калi-б Веры давялося пiсаць абшырней пра сваё дзяцiнства, матар'ялу хапiла-бы. Ды як-жа можна адлюстраваць тую бездань, у якой апынулася "ў галодных трыццатых" сiрата пад апекай чужых? I што магло замянiць матчыну любоў i апеку? Бесьперапынная галеча пакiнула сьлед, а спадчына бацькоў дала пякучую горыч. Вага мiнулага спарадзiла недавер i падазронасьць да "пануючай клясы", а побач з гэтым - спачуваньне тым, што ў галечы, iмкненьне памагчы iм. Глум, якi цярпела з боку некаторых апякуноў, спрычынiўся да пэўнае iзаляцыi. Мусiла, як магла, адмежавацца ад таго, хто рабiў ёй якую крыўду. Назiральная кемлiвасьць i выпрабаваньнi ў доўгiх гадох мiж чужых нарадзiлi асьцярожнасьць, прадуманыя адносiны да людзей, спагаду да цярпеўшых i крыўджаных.
У гэныя часы галеча эканамiчнае дэпрэсii мiж новых iмiгрантаў, што прыехалi з акупаванай Польшчай Заходняй Беларусi, дапаўнялася крывадушнай, у Маскве майстраванай клясава-ненавiснай ядавiтай бальшавiцкай прапагандай. I мясцовымi гнёздамi, цi рупарамi такога забойчага яду i хвальшывай iнфармацыi "з краiны рабочых i сялянаў" зьявiлiся мясцовыя так званыя рабочыя клюбы. У гэтым сэньсе клюб Максiма Горкага ў Балтаве мог служыць копiяй iншых, раськiнутых па аграмаднай краiне. Ужо куды пазьней, калi некаторыя, раней адурманеныя "новыя Канадыйцы", пачалi разумець, што "чырвоныя прарокi" пашыралi хвальшывыя пропаведзi крывадушнага тырана з камунiстычнага цэнтру, шматлiкiя ачмурэлыя марксiстоўскiмi догмамi "прагрэсiсты" ўпарта гарлапанiлi на барыкадах сваiх "клясавых пазыцыяў". А для малапiсьменных, што "ня лезьлi ў палiтыку", усе вялiкiя й малыя палiтыканы, свае i чужыя, тварылi не абы якую зьбянтэжанасьць.
Вера чытала ня толькi ўсё казённае, што падсоўвалi клюбу пашыральнiкi камунiстычнага "прагрэсу". Побач "Как закалялась сталь" ляжаў Дыкэнс i Ўiтман, Пушкiн i Маякоўскi. Некаторы час цi не найбольш была аблюбавала паднятага да стратасфэрнае вышынi бальшавiцкiмi маскалямi "буревестника революции". Здавалася ёй, што шматлiкiя ягоныя гэроi чулiся-б як дома ў асяродзьдзi людзей з капальняў, дзе пачалося ейнае жыцьцёвае падарожжа. У музыцы-ж Вера захаплялася Бэтховэнам i Чайкоўскiм, Стравiнскiм i Гэршвiнам. З асалодай таксама сьпявала беларускiя песьнi, што ззамоладу запомнiла калi лiлiся з вуснаў маткi.