Любiла думаць i разважаць а нiхто язык яе нiколi траплом не назваў. Ейную прыгажосьць на вулiцы гораду часта трымалi на воку розныя вульгарныя нахабнiкi, што прапанавалi часамi такое, ад чаго твар залiваўся румянцам. Цi гэтая вiдавочная фiзычная спакуса была прыродным дарам цi пакараньнем? Над гэтым давялося разважаць пасьля аднаго выпадку, якi прыгадвала з жахам i каторы меў значны ўплыў на яе маладыя гады й пазьнейшыя адносiны да мужчынскага полу.
Нарэшце прыйшоў той доўгачаканы й радасны дзень. Перад групай канадыйскiх "суайчыньнiкаў" сваёй перамогай i фанабэрыста надзьмутай магутнасьцю афiшавалася амаль непашкоджаная Масква i ўжо намагаўся загойваць раны трохгадовае блякады Ленiнград. Наведалi "ўдарны завод" i "перадавы калгас", пакланiлiся мумii на Краснай плошчы. Хадзiлi слухi, што побач мумii Ленiна палажылi i ягонага "насьледнiка" Сталiна, але неўзабаве Хрушчоў загадаў яго выкiнуць з гэтага пачэснага месца пад крамлёўскую сьцяну.
Бесьперапыннай прапагандовай траскатнёй маскоўскiх палiтрукоў пра гэройскi гiгант, якi, амаль сам перамог Гiтлера, сеялiся зярняты пашаны i ўдзячнасьцi "гэраiчнаму савецкаму" i асаблiва "вялiкаму рускаму" народу, якi так жахлiва многа перацярпеў i на "ратных палёх" такiя ахвяры ў данiну перамогi прынёс, а цяпер вунь ня толькi зь вялiкай адданасьцю i энтузiязмам узяўся аднаўляць краiну пасьля ваеннага разбурэньня, але ўжо выцягнуў i шчодрую руку помачы iншым народам усходняе i цэнтральнае Эўропы, што апынулiся пад ягоным жыцьцядайным апякунчым крылом. I ў маладой галаве дачкi "гэроя канадыйскiх рабочых" тая паказуха не магла ня выклiкаць надзвычайнага ўражаньня, бадай захапленьня.
Адылi ў тым незабыўным падарожжы нарадзiлiся й пытаньнi. Кажнага з удзельнiкаў заакiянскае групы трымалi быццам на прывязi, анi на крок нiкуды не адыйдзiся без дазволу гаспадароў. Пампезная гасьцiннасьць урадавых прадстаўнiкоў i палiтрукоў, гладкая афiцыёза - з аднаго боку. Холад i няветлiвасьць звычайных "савецкiх людзей", зь якiмi чамусьцi партыйныя гаспадары ня раiлi ўваходзiць у нiякiя зносiны, - зь iншага.
Як-бы цiкава было заглянуць у хату звычайных рабочых ды паслухаць iхныя захапленьнi жыцьцём i посьпехамi найбольш прагрэсыўнай дзяржавы ў сьвеце, авангардам пралетарыяту, маяком вызвольнага змаганьня супраць капiталiзму для ўсiх сяньня эксплёатаваных людзей i народаў! I чаму вось пра такiя звычайныя сустрэчы iз простымi людзьмi, а не партыйнымi цi дзяржаўнымi бюракратамi нiхто не падумаў i iх не наладзiў? Як-жа можна было вытлумачыць той дыстанс, створаны мiж iмi, "суайчыньнiкамi", ды мясцовымi, шчасьлiвымi савецкiмi грамадзянамi?
I ўсё-ж, вiдаць была велiч дзяржавы й народу. Ясная мэта. Тут-жа й выразны дынамiзм, каб яе асягнуць. Усё вялiзнае й шырокамаштабнае на ўсiх франтох. А плёны працы масаў - як на даланi. Дык адкуль бяруцца сумлевы?
Вось вазьмеце хаця-б гэтага, каторага Мiкiта стараецца загнаць, як кажуць, у казiны ражок. Гэта-ж згодна з запаветамi Ленiна ён тварыў, будаваў i ўдасканалiў просты, выдатны i ўсiм зразумелы лад. З добрае волi ўсiх "трудящихся", наверсе сеў сам - генiяльны й надта-ж дбайны пра ўсiх i ўсё "вождзь", каторы, як на тое вялiкае шчасьце, таксама быў мудрым настаўнiкам i карыфэем навукаў. Ён-жа i "айцец усiх народаў". Яму сьпявалi гiмны, прысьвячалi манумантальныя творы ўва ўсiх жанрах лiтаратуры ды ўсiх вiдах мастацтва. Ён-жа, - як нядаўна пераканаўся цэлы антыфашыстоўскi сьвет, генэралiсiмус, выдатны стратэг i палкаводзец. I гэта пад ягоным мудрым "рукаводзтвам" i гэройскiм натхненьнем дабралiся пераможныя савецкiя байцы аж да бэрлiнскага райхстагу. Во вам! Пакажыце нам дзесь на сьвеце чалавека роўнага гэтаму! I кажнаму шчасьлiваму грамадзянiну гэтае выдатнае краiны вядома, што гэты тытан духа й мудрасьцi ўвасабляў максымальнае дабро, якое стварыў новы лад. Цяпер ужо квiтнее яно, тое дабро, а будзе яшчэ куды большае, калi прыйдзе поўны камунiзм.
Адно грыз, ледзь пачынаў варушыцца чарвячок сумлеву адносна таго ладу i "айца ўсiх народаў" пасьля таго, як бравурны i вульгарны Мiкiта вылез iз кукурузы ды быццам "разьвянчаў" самага наймудрэйшага генэралiсiмуса. Дзе i ў якой дрыгве чэрцi гэтага Мiкiту выгадавалi? А можа тут просты паклёп "iмпэрыялiстычных акулаў" на нашага генiя? Цi можа сам Мiкiта - пустазвон цi просты абэлтух? А калi так, дык як яго туды, аж на самы верх пусьцiлi? А можа сталася, што той, найбольш генiяльны, ды гэтаму паклёпнiку некалi на нагу наступiў? Бывае...
Пасьля падарожжа ў мэкку "рабочых i сялян" Вера, удзячная, як i ўсе iншыя ўдзельнiкi, за дармавое падарожжа, яшчэ з большым iмпэтам узялася за працу ў клюбе. Аднойчы сакратар мясцовай камунiстычнай ячэйкi пад крылом клюбу, спэц агiтацыйных трафарэтаў камунiстычнай прапаганды, пасьля даўгой i нуднай гутаркi, запрапанаваў ёй пераехаць у Радфорд. Гаварыў ён, што рук i ў Балтаве да працы не хапае... Але ў краiне ёсьць пляцоўкi больш важнага iмпэратыву чымся Балтава. Вось яно. Дык наш "працоўны рух" патрабаваў цяпер помачы адданых, працавiтых i пiльных таварышаў на найбольш адказных пазыцыях. Цi магла-б яна, Верачака, памагчы?
Як тут адмовiш? Ды iдэя, каб перабрацца ў Радфорд, што дынамiчна рос i стаўся магнiтам усёй пасьляваеннай iмiграцыi з розных кутоў сьвету ў Канаду, была наклюнулася ў Веры раней. Замiнаў недахоп кантактаў, што маглi-б памагчы там якiя-небудзь патрэбныя дзьверы адчынiць. Цяпер-жа, пасьля сакратаровай прапановы, Вера зацiкавiлася дзе й каму яна спатрэбiцца ў тым вялiзным горадзе. Адказ: патрабуюць зьверху, праца будзе забясьпечаная. Усё адпаведна ўладзяць. Людзi ў тым Радфордзе знойдуць ёй працу, увядуць у мясцовае "прагрэсыўнае" грамадзтва. Адным словам пакуй, дзеўка, свае "шмоткi" i "ў камандыроўку", паводле загаду зьверху. Во як! Цi туды з энтузiязмам бегчы? Яно-ж так i лепш, бо прыйдзе да спадобы тым зь ведамага верху.
4
Нiна Ляскiн наймала трохпакаёвую кватэру на трэцiм паверсе чатырохпавярховага дому на бочнай вулiцы недалёка Квiн, - галоўнай вулiцы гораду, што перасякала яго простай лiнiяй з усходу на захад. Адсюль было вельмi зручна добрым гарадзкiм транспартам дабiрацца да камэрцыйнага цэнтру.