- Чытай перад iконаю, - мовiла цыганка, - i маж спачатку вiном, тады вадою...
- Благаславi мяне, Мацi-Зямля, бо я дзiця тваё! - прашаптала Аленка. Благаславёныя будзьце мае вочы, каб я ўбачыла правiльныя шляхi да цябе!
Дзяўчына намачыла пальцы ў вiне i памазала вочы. Затым намачыла пальцы вадою i правяла над павекамi.
- Благаславёны будзь мой нос, каб я пачула асалоду твайго паху! прадаўжала яна. - Благаславёны будзь мой рот, каб я змагла гаварыць пра цябе, благаславёны будзьце мае грудзi, каб у iх бiлася адданае табе сэрца, благаславёныя будзьце мае ногi, каб я змагла iсцi па дарозе, якую пакажаш ты мне. Я - дзiця тваё, i ты, мацi, дапамажы мне!
Аленка азiрнулася на цыганку: "Што далей?"
Тая моўчкi пацiснула плячыма.
- Ты ж не прынесла ягонай вопраткi, - разважала цыганка. - З чаго я зраблю чароўныя лялькi? Вось што, апранайся i iдзi да яго проста зараз! Ён выйдзе да цябе, я ўпэўнена! Бяры яго вопратку i да мяне!
Аленка, як загiпнатызаваная, паднялася. Апрануўшыся, рашуча выйшла з хаты.
Мiкола, моцна ўзлаваны выхадкай Наташы, стаяў ля вахты. Праз акно, у водсвеце лiхтара, убачыў Аленку. Тая пазiрала ўгору, на вокны, i варушыла вуснамi. Ён выйшаў на парог i паклiкаў яе:
- Эй, на каго ты там молiшся?
- Я вокны лiчу... Дзе тваё акно, вызначаю, - наiўна адказала тая з дзiцячай радасцю ў голасе i падышла да яго.
- Як добра, што ты прыйшла! - шчыра ўзрадаваўся Мiкола i падумаў, што з дапамогай гэтай дзiвачкi, якая штовечар тырчыць пад ягонымi вокнамi, ён выжыве Наташу. - Я ўжо па табе засумаваў! Чаму не прыходзiла?
Ён абняў Аленку i заўважыў, што палiто знiзу крыху парванае i зашытае. "Што, ёй бацькi не дапамагаюць?" - здзiвiўся.
- Я раней прыходзiла, - усмiхнулася Аленка, ледзь паспяваючы за iм. - Але вас з Антосем увесь час дома няма, дзе вы ходзiце?
- Басейн, вячэрняя прабежка, трэнiроўкi, - уздыхнуў Мiкола, - вось i няма часу з дзяўчатамi бавiцца...
Яны падышлi да вахты.
- Гэта са мною! - падмiргнуў Мiкола старэнькаму дзядку-вахцёру i шапнуў Аленцы на вуха: "Дакументы не здавай! Застанешся..." i пацалаваў дзяўчыну ў шчаку. Аленка была на сёмым небе ад шчасця. Яна з такiм замiлаваннем глядзела на Мiколу, калi яны падымалiся на лiфце на ягоны паверх!
Але як збянтэжылася Аленка, калi ўбачыла ў пакоi ў Мiколы другую дзяўчыну! Тая выкладвала з сумкi прысмакi...
- Знаёмся, Наташа, - мовiў Мiкола, нахабна гледзячы ў твар прыгожанькай дзяўчыне, - гэта Аленка, мая нявеста!
Наташа хмыкнула, скрывiўшы пухленькiя вусны, але да Аленкi падышла i нечакана пацалавала яе ў шчаку.
Мiкола зняў са сцяны гiтару, прапанаваў Аленцы садзiцца на ягоны ложак i сеў побач.
- Песня для цябе, мiлая! - усмiхнуўся Аленцы.
Аленка пачырванела ад нечаканай радасцi.
Не утешайте меня, мне слова не нужны,
Мне б отыскать тот ручей у янтарной сосны,
Вдруг сквозь туман там краснеет кусочек огня,
Вдруг у огня ожидают, представьте, меня!
Мiкола спяваў песню Юрыя Вiзбара:
Милая моя, солнышко лесное...
- Где, в каких краях, встретишься со мною? - падхапiла Наташа прыпеў i запрасiла ўсiх да стала.
Аленка з удзячнасцю пахвалiла кулiнарныя здольнасцi Наташы.
- А вось Мiкола называе мяне дурнiцаю, - паскардзiлася Наташа. - Паўплывай на яго, Аленачка!
- Абавязкова! - усмiхнулася тая.
Мiкола зарагатаў, адхiнуўшыся на спiнку крэсла.
- Паслухай, Мiкола! - загарэлiся вочы ў Аленкi. - Я дапамагу табе знайсцi палаткi ў паход! Мая знаёмая возьме iх у сябе на працы. Спадзяюся, што ты возьмеш i мяне ў паход за такую паслугу?
- Вядома, вазьму, Аленачка! - абняў той дзяўчыну. - I нават у загс! Заўтра прынясi свае паданнi - чытаць будзем!
- Яны ў мяне тут! - ускочыла з-за стала Аленка, хуценька выцягнула з кiшэнi лiсты. - Пачытаць?
- Давай я! - забраў лiсты Мiкола i пачаў чытаць.
...Жыла Дарына з каханым на беразе Чорнага мора. Але словы яго чароўныя больш не вабiлi яе, i тварам яго прыгожым перастала любавацца яна. Блукалi яны з месца на месца, часта сварылiся, бо муж яе не мог знайсцi сабе справы i нiчога не ўмеў рабiць. Уцякла яна ад яго i трапiла да старой вядзьмаркi. Стала жыць у яе ды вядзьмарству вучыцца. I не было ў яе сiлы i грошай вярнуцца да роднай зямлi. Сумавала Дарына па Бацькаўшчыне, як сон, успамiнала сваё дзяцiнства.
I пачула яна аднойчы, што ў мясцiны гэтыя прыехаў князь Вiтаўт са сваёю дружынай. Пабегла яна, каб паглядзець на яго. Дазналася, што ў князя не зажывае рана ад даўняй бiтвы, i папрасiла, каб дазволiлi ёй вылечыць яго. Згадзiўся князь, дапусцiў да сябе маладую вядзьмарку. Лячыла яна яго. Але падалося яму, быццам бачыў ён недзе дзяўчыну.
- Чаму твар свой хаваеш? - вочы ў Вiтаўта пры святле свечкi цёмна-сiнiя, аксамiтныя i глыбокiя, i здаецца Дарыне, у iх такое цяпло i ўтульнасць... - Як завуць цябе? - пытае ўсё ён.
Павекi ў Дарыны заплюшчаныя, яшчэ болей захiнулася яна ў сваю чорную хустку i схiлiла галаву. Не можа назваць iмя свайго.
- Цяпер лепей сябе адчуваю, - кажа князь. - Што хочаш за лекi свае?
Вочы ў дзяўчыны загараюцца, падае долу чорная хустка.
- Дадому! Да зямлi сваёй любай! - шэпча дзяўчына, да грудзей прыцiснуўшы рукi.
Князь узнiмаецца.
- Ты - Дарына?
I твар свой у слязах хавае яна...
- Ай, не наганяйце самоту! - пацягнулася за сталом Наташа. - Давайце лепш вып'ем! Сёння свята... Дарэчы, Аленачка, я працую на пятым маршруце трамвая, прыходзь, калi я ў першую змену, гэта на тым тыднi. Пакатаю! А потым у госцi пойдзем! Я пачастую цябе фаршыраванымi катлетамi на выбар: з грыбамi, з цыбуляй смажанай цi морквай. А яшчэ я смачна раблю рыбу фаршыраваную...
- Ды што ты, як трашчотка! - перабiў яе Мiкола. - Заўжды ў цябе ўсё фаршыраванае: то бульба мясам, то рыба... Вось толькi галава пустая!
- Нiчога! - усмiхнулася Наташа. - Я тваю пiлюлю праглынула, зараз перавару... Смейся, смейся, пакуль весела! Ты ад мяне хутка такi контрудар атрымаеш - заплачаш!
Наташа хiхiкнула i ўзялася з асалодаю есцi цёплыя катлеты з укропам зверху. Мiкола ўключыў магнiтафон i запрасiў Аленку на танец.
Увесь час шаптаў дзяўчыне салодкiя, сакавiтыя, як вiшня, словы кахання. Наташа танцавала адна. Павольна, прыгожа кружылася па пакойчыку ў шчыльна абцягнутых джынсах, у самавязаным узорыстым швэдры.
- Табе час iсцi! - заўважыў ёй Мiкола. - Зараз прыйдзе вахцёр з тваiмi дакументамi!