- А-а! На гiтары? - усмiхнуўся той. - Эй, Антось, чаго сядзiш як пень? аглянуўся на сябра. - Навучы дзяўчыну iграць на гiтары!
- З задавальненнем! - падняўся той з ложка i глянуў на гадзiннiк. - Ой, Аленачка, ужо познi час! Зараз вахцёр пастукае ў дзверы...
- Прабачце! Да пабачэння! - засаромелася Аленка i выйшла з пакойчыка.
На душы было цяжка i крыўдна.
- Ну што вы падаеце на мяне? - незадаволена ўскрыкнула жанчына на задняй пляцоўцы аўтобуса.
Аленцы падаўся знаёмым голас. Але яна не азiрнулася. Засяроджана глядзела ў акно. "Зараз загадаю на нумар машыны, - падумала яна, - калi будзе апошняя лiчба няцотная ў нумары, што абгонiць нас, то Мiкола пакахае мяне".
Аўтобус абагналi "Жыгулi" 15-40 МIГ. "Ай, цотны лiк! - расчаравалася Аленка. - Загадаю iнакш. Калi нас абгонiць машына чырвонага колеру - Мiкола пакахае мяне!"
Аўтобус запынiўся на перакрыжаваннi. Аленка лiхаманкава шукала позiркам чырвоную машыну. "Ёсць! - амаль падскочыла ад радасцi. - Побач з намi! Родненькая, чырвоненькая!"
Аўтобус замарудзiў, калi загарэлася зялёнае святло. Чырвоная легкавушка вырвалася наперад. "Ура! Малайчына! Значыць, Мiкола пакахае мяне! Малайчына, ма-шы-нач-ка!" - затрапятала сэрца ў Аленкi.
- Не дыхайце мне ў твар! - крыкнула жанчына на задняй пляцоўцы.
- Вас жа не чапаюць, чаго вы? - заўважыў нехта.
- Дык я вас чапаю! - ускрыкнула тая.
- Едзьце на таксi!
- Гэта ўжо састарэла! - агрызнулася жанчына. - Прыдумайце што новае!
Аленка азiрнулася - так i ёсць, гэта яе мацi, "энергiяй запасаецца"! Дзяўчына хацела адвярнуцца, але нечакана ўбачыла Вайдаша Дуброўскага i ўсмiхнулася яму. Той кiўнуў ёй, прывiтаўся i падышоў блiжэй.
- Як справы, паненка? - папытаўся, гледзячы на яе арэхава-цёмнымi вачыма.
- Добрыя справы, дзякуй, - адказала яму i, развiтаўшыся, падалася на выхад.
Ён сышоў разам з ёю.
- Зойдзем у кафэ! - прапанаваў Аленцы.
Аленка ад адчаю, што нiчога не атрымалася з Мiколам, згадзiлася.
- Майце на ўвазе, - папярэдзiла дзяўчына, калi яны распраналiся ў вестыбюлi, - мая згода нiчога такога не азначае. У мяне ёсць хлопец! За вячэру я буду разлiчвацца сама!
Дуброўскi ўсмiхнуўся i прапанаваў ёй руку, каб падняцца па лесвiцы.
Яны селi за столiк ля акна, задрапiраванага бардовымi шторамi. Афiцыянт паставiў на столiк шампанскае, труфелi. Загучала прыемная мелодыя. Дуброўскi прапанаваў патанцаваць. Аленка ўсмiхнулася i выйшла з-за столiка, падала яму сваю руку...
У час танца Аленка заўважыла, колькi побач прыгожа апранутых жанчын аксамiтныя, парчовыя сукенкi, дэкальтэ, упрыгожаннi... I яна засмуцiлася, што на iх фоне выглядае жабрачкай.
- Я часта ўспамiнаю наш першы танец, - прашаптаў на вуха Дуброўскi, - i нiколi не спадзяваўся, што патанцуем яшчэ...
Аленка маўчала, яна думала пра тое, што здраджвае свайму каханню.
- Вы такая мiлая, непасрэдная, - усмiхнуўся Вайдаш, падводзячы яе да стала, калi танец скончыўся.
Афiцыянт разлiў у бакалы шампанскае.
- Шкада, што я сёння еду ў Гданьск, - прамовiў Дуброўскi, неадрыўна гледзячы на дзяўчыну. - Калi паспею ўладзiць усе справы, вярнуся праз два тыднi. Куды табе патэлефанаваць?
- Нiкуды, - сур'ёзна адказала Аленка. - Я не буду здраджваць свайму хлопцу.
Дуброўскi задуменным, а яшчэ Аленцы здалося, i горычным позiркам, як бы шкадуючы, пазiраў на яе.
- Цябе загубiць Чорная здань, - уздыхнуў ён. - Знайдзi жалезны кубак, прыгожы жалезны кубак з накрыўкай, адкрый яго i заглянi туды. Можа, табе ўдасца выратавацца... калi ты зразумееш сутнасць...
Больш за вечар ён нiчога не сказаў Аленцы. Стрымана развiтаўся, правёўшы яе да студэнцкага iнтэрната.
Галя ўжо спала, калi Аленка цiхенька адчынiла дзверы, прабралася да ложка i, распрануўшыся, залезла пад коўдру. Перад вачыма ўсплыў стары панскi маёнтак у Вiшаньцы. Быццам бы яна, у прыгожай сукенцы, стаiць сярод дрэў старога парку...
...Мiльгануў у небе месяц i сарамлiва схаваўся за лапкi ялiнак. У пакоi маёнтка, праз шырокi аконны праём, вiдаць постаць Дарыны.
Збянтэжаная i бледная, у доўгай жоўтай сукенцы стаiць яна перад бацькам. Срэбны, прыцiшаны голас разлiваецца, патанае ў высокай зале.
- Мы толькi сябры з князем Вiтаўтам, - разгублена шэпча Дарына. - Ён жа стары для мяне, непрыгожы... Маладому я душу i цела аддала...
- Сыну леснiка, прыгажуну з дзявочымi вуснамi?! - крычыць на яе бацька, i вочы яго налiваюцца чырванню. - Зганьбiць свой род хочаш? Забылася, што акрамя прыгажосцi ў чалавека яшчэ ёсць i душа? Сэрцам шчырым i чыстай душою Вiтаўт цябе кахае! Я памру, хто ж абаронiць цябе, як не Вiтаўт?
- Сын леснiка абаронiць! - цвёрда сказала дачка. - Завязе мяне любы да мора! Хай нам птушкi садзяцца на рукi, хай нам хвалi расказваюць казкi... Багацце Вiтаўта - нiшто! Адзiнае багацце - наша каханне з сынам леснiка, наша маладосць. Адпраўляй назад сватоў Вiтаўта!
I Дарына з упартай усмешкай пакiдае пакоi маёнтка.
- Аленка, прачынайся! На зарадку пабеглi! - тармасiць за плячо сяброўку Галя.
- Ой, сапраўды! - працiрае сонныя вочы Аленка i ўскоквае з ложка. - Мiкола ўжо, вiдаць, бегае па парку! Дай Бог мне ўбачыцца з iм!
Яна выглядвае ў акно. Неадчэпная, як манiя, думка мiльганула ў галаве: "Калi ўбачу ў акно на вулiцы мужчыну - Мiколка пакахае мяне, калi жанчыну - не пакахае!"
Унiзе, па асфальце, тэпалi двое дзетак. "Нiчога, - падумала Аленка, можа, гэта маленькiя хлопчыкi, таксама ж мужчыны! А калi дзяўчынкi? Зараз спушчуся ўнiз i праверу! Калi дзяўчынкi - дрэнь справа, не пакахае!"
I яна, як апантаная, апрануўшы спартовы касцюм, кiнулася бегчы ўнiз па лесвiцы, на вулiцу...
Невыносны, сапраўдны фiзiчны боль стаяў пад грудзьмi. "У гэтым месцы канцэнтруюцца ўсе нервовыя канчаткi, - успомнiла Iрэна з курса псiхалогii. Згустак нерваў... Клубок... Значыць, сэнс "балiць у грудзях" - не пераносны! Янка, Яначка, што ты нарабiў? За што, Божа? Што я табе зрабiла дрэннага, Янка? Што я табе зрабiла?" Рука iнстынктыўна пацягнулася да цыгарэты. Iрэна паднялася з ложка. За акном пачало вiднець. За ўсю ноч яна так i не змагла заснуць. У паўзмроку пакоя ўспыхнула запалка. Няўлоўнае шапаценне пачынаючага гарэць тытуню. Асалода гаркавата-прыемнага, на поўны ўдых, дыму. Выпускаючы сiвы клубок яго, Iрэна быццам бы выпускала з грудзей свой боль. Мезенцам скiнула попел у папяровы кубарык. Стаяла ля акна. А ў доме насупраць, таксама ля акна, палiў цыгарэту нейкi мужчына. У другiм акне, на кухнi, завiхалася жанчына. А Iрэне было так адзiнока, так цяжка, быццам яна засталася адна ва ўсiм свеце!