Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- А я сумую па асфальце, - адказала Iрэна, - i па перабранках у аўтобусах... Па касметычных салонах...

- Дурнiчка якая! - усмiхнулася другая дзяўчына, вастраносая, якая памешвала чарпаком у катле. - Ты тут босая ходзiш, макiкюр не трэба рабiць, фарбавацца, а я, як успомню, што ранкам прасыпацца трэба ды на сонны твар фарбы накладваць, бо сорамна ў горад выйсцi не фарбаванай, дык аж ванiтуе! А туфлi на абцасах, а гэтыя набойкi - раз абуешся - i ў рамонт нясi! Ды ты ж шчаслiвая, Iрэначка!

- А я мару жыць з каханым на хутары! - задумлiва сказала дзяўчына з наiўна-задуменнымi вачыма, пухнаценькая i сарамлiвая.

- Шчасце зразумееш, калi яго страцiш, - заключыў адзiны ў групе хлопец, кiраўнiк паходу.

Ён настрайваў гiтару. Дзяўчаты падрыхтавалiся слухаць. Iрэна, каб не травiць душу, прапанавала Тамарцы пайсцi. Развiталiся.

- Ой, Iрэначка! - аж захлёбвалася Тамарка, бегучы ззаду. - Я так хачу ў горад! Так хачу стаць турысткай!

- Глядзi - станеш, - ухмыльнулася Iрэна, - з такой дурной мацi, што нават у пiянерскi лагер не пускае! I ў царкву...

- А давай да ксяндза сходзiм! - нечакана прапанавала Тамарка. - Ён тут недалёка жыве. А потым - да бацюшкi!

- Ты ж да бабы Тэрэзы i дзеда Янiка збiралася...

- Я рада, што нарэшце вырвалася з дому, хоць людзей пабачу!

...Бацюшка быў стары, сiвенькi, дакладней, наогул увесь белы, як дзед-мароз. Доўгая барада, вялiкiя вочы за акулярамi. Ён выйшаў з двара, у якiм пабрэхваў маленькi чорны сабачка. Хата ў яго была прыгожая, вялiкая, пабудаваная лiтарай "г", вялiкi зямельны надзел ля хаты, прыгожы металiчны плот.

- Што хочаце, дарагiя? - запытаў ён дзяўчат.

- Мы з хутара, - заiкнулася Тамарка, - вось хочам даведацца, калi служба будзе, а то мацi не пускае, дык, можа, мы ў нядзелю ўцяком. Хочацца на прычасце паспець. Мая мацi кажа, што праца галоўней, а я лiчу, што для душы трэба таксама нешта... А можа, у вас ёсць нядзельная школа, дык я б хадзiла?..

- Нельга асуджаць мацi, - павучальна адказаў бацюшка, - бацькоў трэба слухацца. Нельга гаварыць дрэнна пра другога, паглядзi лепей на свае грахi...

- А школа... - абмякла Тамарка, - можна мне ў школу да вас?

- Толькi з дазволу бацькоў...

- А кнiжкi купiць у вас можна? - уздыхнула Тамарка.

- Дарагiя дзяўчаткi, - лагодна сказаў бацюшка, - вядома, усё можна! Але сёння ў мяне госцi, не хачу iх кiдаць, адкрываць царкву, лепей прыйдзiце самi на службу, там i купiце, добра?

- Прабачце нас, - папрасiла Iрэна, развiталася i пацягнула за сабою Тамарку. - Пайшлi дадому, а то мацi сварыцца будзе!

- Ну i няхай! - заўпарцiлася Тамарка. - Пайшлi да ксяндза! Ён такi прыгожы!...

- Ды што ты надумала - па людзях хадзiць! - раззлавалася Iрэна. - Як з дзiкага лесу!

- А я адкуль?! Я i ёсць - з лесу! - засмяялася Тамарка i пабегла наўпрасткi да высокага катэджа ў канцы вёскi.

...Зямельны надзел быў такi маленькi, што, вiдаць, таму ксёндз i зрабiў гараж на першым паверсе, дакладней, пад хатай. Сама ж хата была невялiчкая, квадратная. Калi iсцi да яе, то з аднаго боку чапляешся нагою за кветнiк, а з другога да металiчнай сеткi, усярэдзiне якой гулялi качкi i куры.

- А дзе яны зiмою знаходзяцца? - кiўнула галавою Iрэна. - Можа, гэта ён хлеў будуе для iх?

Упрытык да хаты стаяў маленькi зруб.

- Не, гэта ён хатку для прыезджых будуе, - растлумачыла Тамарка, - неяк па-польску такая хатка называецца. Гэта калi хто прыедзе да iх у касцёл, паломнiкi якiя, дык каб пераначаваць было дзе. У кожным касцёле ёсць такая начлежка. Нават у Менску, мне бабы з касцёла расказвалi. Там, у касцёл Святога Роха, раз на месяц прыязджае моладзь каталiцкая, песнi пра Бога спяваюць, з розных гарадоў, вёсак, прыязджаюць, дык у касцёле i начуюць альбо ў вернiкаў...

- Ого, ды ты болей за мяне ведаеш! - здзiвiлася Iрэна. - А я неяк ехала ля гэтага касцёла ў аўтобусе, везла памiдоры, пачаставала адну бабульку, дык яна мне iконку Маткi Боскай падарыла, польскую...

За металiчнай сеткай бегала туды-сюды аўчарка, але на дзяўчат не брахала. З хаты выйшаў ксёндз. Ён быў не такi ўжо малады, як казала Тамарка, i не такi ўжо прыгожы, як падалося Iрэне, але прыветная ўсмешка асвятлiла твар.

- Як добра! Сёння ў мяне госцi! - зазначыў ён.

- Пахвалён бэндзе Езус Хрыстус! - выпалiла Тамарка.

- На векi вякоў! - адказаў ксёндз. - З чым прыйшлi, паненкi? пацiкавiўся.

- Проста так, - усмiхнулася Тамарка. - Гэта наша нявестка, дык я яе вырашыла пазнаёмiць з вамi.

- Ты ж на мяне сярдзiтая, - засмяяўся ксёндз, - да такога дрэннага ксяндза прывяла...

- Вядома, я на вас тады раззлавалася, - надзьмула вусны Тамарка, - вы насварылiся, што мне шаснаццаць год, а я нават на першай споведзi не была. Мяне мацi не вучыла. Я што ведала, тое i сказала вам, а вы мяне давучваць адправiлi! Тады я да бацюшкi пайшла, бо ўсё роўна, што каталiцкая вера, што праваслаўная, адно i тое ж, вы ж самi гэта казалi. А бацюшка спытаў iмя - i ўсё! I я паспавядалася i прычасцiлася там!..

Тамарка пакалупала пальцамi нагi жоўты пясок i дадала:

- Але я вас усё роўна больш люблю, хоць i праваслаўная...

Iрэна ўзняла вочы ўверх - што яшчэ выдасць Тамарка? I тузанула яе за касу.

- З вамi цiкава, - лагодна сказала Тамарка, - вы пра ўсё пытаецеся, што, як... Як мне жывецца, што турбуе... Вы - як мацi... Не, вы - як брат старэйшы, разумны... У мяне няма нiкога такога, нi мацi, якая б пытала ўсё, цiкавiлася мною, нi брата, якi б нешта раiў... Хоць i нельга гаварыць дрэнна пра другiх, але мае браты п'юць гарэлку, iм са мною нецiкава...

- Прыходзь у касцёл, - усмiхнуўся ксёндз. - У нядзелю ў нас злёт веруючай моладзi, пад агульным дэвiзам "мы спяваем да Бога". Прыходзьце, дзяўчаткi, паненкi... Калi ласка!

- Абавязкова! - падскочыла ад радасцi Тамарка.

- Дзякую, - ветлiва адказала Iрэна.

Яны развiталiся.

- Ён мне той раз кнiжку падарыў, каб да споведзi рыхтавалася, - шапнула Тамарка. - Я яе заўсёды пад падушку кладу. Ведаеш, мне яго так шкада. Ксяндзам жа нельга жанiцца. З iм жыла мацi, памерла. I бабулька яго памерла. Цяпер ён адзiн жыве, сабе гатуе... Таму ён так любiць, калi да яго прыходзяць госцi. Вось таму ён такi iнiцыятыўны - сходы, конкурсы, злёты розныя ўстрайвае, моладзь арганiзоўвае. Я яго так люблю, - прыцiснула рукi да грудзей Тамарка, як брата, як самага роднага чалавека, усёй душою люблю, як Бога. Толькi ты не думай, гэта не каханне, каханне - гэта брыдота, секс, каханне прыносiць пакуты. А гэта любоў боская, яна мне прыносiць радасць!

46
{"b":"73491","o":1}