- Дзякую, - прашаптала Зоська, не верачы свайму шчасцю.
- Яны на твае вочы падобныя! - засмяяўся Алесь.
Нейкi час ён моўчкi сядзеў на беразе, потым спытаў:
- Ты чаму на танцы перастала хадзiць? Соф'i баiшся? А можа, сходзiм удваiх на яе магiлу?..
- Спатканне там назначаеш? - засмяялася Зоська, аж прысела. - Ой, не магу! Рамантычная прапанова! Каму сказаць - жываты палопаюцца!
- А што? - у тон ёй адказаў Алесiк. - Затое не банальна! Спатканне на магiле вампiра... Ды з такою дзяўчынаю, як ты, не толькi ў разведку, але i на магiлу Соф'i iсцi не страшна - не падвядзеш, надзейная!
- Адкуль ты ведаеш, што я надзейная?
- А што? Збяжыш пры першых цяжкасцях? Палахлiвая?
Алесь загадкава ўсмiхнуўся:
- Ты, мусiць, i жонка была б надзейная...
- Вядома! - скрывiла вусны Зоська. - Не збягу, як Гайва-прыгажуня, бо хто на такую паквапiцца! Ты добра ўсё разлiчыў - выдатная рабочая сiла: мыць, шыць, грады палоць!
Зоська адкiнула ўбок мокрую хустку, якую мыла.
- Думаеш, мне замуж ваш патрэбен? - горда сказала яна. - Адной у сто разоў лепей! Нiхто нервы не матае. Бяры сваю кашулю - высахла ўжо, i iдзi адсюль, не перашкаджай!
Алесь усмiхнуўся, падышоў да Зоськi i нечакана пацалаваў. Дзяўчына адпiхнула яго, i той бразнуўся ў ваду. Выйшаў мокры, злы.
- Праўду кажаш - не патрэбен табе той замуж! - насмешлiва кiнуў ёй. - Хто з табою, дзiкаркаю, ужывецца!
I пайшоў.
...Вечарам Зоська, як заўсёды, баялася нават зiрнуць на тое месца, дзе раней вiсела вялiкае люстэрка, - ёй здавалася, што там стаiць Соф'я. Мацi, як заўсёды, падаiўшы карову ў палове дзевятага, легла спаць. Бацька гуляў з братам у карты. Зоська, калоцячыся, чакала наблiжэння поўначы. Але яшчэ было толькi адзiнаццаць. Яна выйшла, са страхам гледзячы на Рыгораў хлеў. Дзядзька Рыгор сядзеў на ганку i плёў кошык.
- Хлеў ужо асвяцiлi? - пацiкавiлася Зоська. - Нiчога адтуль не чуеце, не бачыце?
- Чарцей не трэба баяцца! - засмяяўся Рыгор. - Калi баiшся, то яны радуюцца. У мяне неяк у хляве цэбар стаяў, а тады сам па сабе перавярнуўся, дык я як пачаў лаяць чарцяку ды выганяць: "Прэч адсюль, поскудзь!" Памятаеш, як Iсус сказаў у пустынi: "Адыдзi ад мяне, сатана!" Дык з таго часу ў мяне нiякiх чарцей не водзiцца. Яны баяцца смелых!
- Праўда? - раскрыла вочы Зоська. - А на магiле Соф'i можна асiнавы кол забiць? Абавязкова ў поўнач, а калi ў поўдзень або цяпер вось, калi вiдно яшчэ?..
- Калi хочаш! - махнуў рукою Рыгор.
Зоська, аб нечым крыху падумаўшы, узяла сякеру i накiравалася ў лясок. Там, бесперапынна молячыся, высекла вялiкi асiнавы дрын - i пайшла да магiлы Соф'i. Чым блiжэй падыходзiла, тым станавiлася страшней. Раптам ёй паказалася, што нехта iдзе следам. Азiрнулася - нiкога. Яна набрала ў лёгкiя паветра i гучна выдыхнула.
- Адыдзi ад мяне, сатана! Я цябе не баюся! - прашаптала яна.
Пачала падыходзiць да раўчука. Было яшчэ вiдна, але ад лесу ўжо цягнулiся цёмныя ценi. Яна не глядзела туды.
- Адыдзi да мяне, сатана! - гучней сказала Зоська i падышла да магiлы.
Падалося, што нехта ззаду затупаў i схаваўся за дрэвам. Але Зоська не азiрнулася. Воклiч, шэпт... Нехта назваў яе iмя...
- Адыдзi ад мяне, сатана! - моцна крыкнула Зоська i ўваткнула асiнавы кол у магiлу.
Пачала са злосцю забiваць дрын у зямлю, i дзiўна, што з кожным ударам ёй станавiлася лягчэй!.. Закончыўшы справу, яна перахрысцiлася, прачытала ўслых малiтву i раптам пачула прыглушаны смех. Пастаяла крыху, затым перахрысцiлася на ўсе бакi i пакрочыла ад магiлы. Iшла спакойна, але ўвесь час здавалася, што нехта iдзе следам. Тады яна, не азiраючыся, кiнула назад сякеру. Нехта войкнуў i мацюкнуўся.
- Во дурная! Чалавека забiць можа! - пачула голас Алеся, цi тое падалося.
Зоська не азiралася. Ён дагнаў яе. Паспрабаваў нешта сказаць.
- Адыдзi! - са злосцю замахнулася Зоська.
- Я ж табе не сатана! - залiхвацкi засмяяўся ён. - Ну ты i дзяўчына смелая! Усю вёску ад вампiра выратавала!
Зоська нiчога не адказала. Iшлi невялiчкай сцяжынкай, паўз рэчку. Нечакана, на павароце, пачулiся дзiўныя гукi - быццам сабака скуголiў. Алесь насцярожана прыслухаўся, прыгледзеўся i ўбачыў на сцяжынцы бабра. Светла-буры небарака з невялiкай круглай галавою i амаль голым плоскiм хвастом глядзеў на iх маленькiмi вочкамi, чорнымi, як вугольчыкi, i выцiраў iх кароткiмi пярэднiмi лапкамi, нахiляючыся то ў адзiн, то ў другi бок. З вачэй звярка кацiлiся слёзы, i выгляд ад гэтага ў яго быў няшчасны.
- Чаму ён плача? - цiха спытала Зоська.
- Таму, што мы з табою загарадзiлi яму дарогу.
- Хiба ён не можа абысцi?
- Вось у гэтым яго i бяда, што не можа, - самотна мовiў хлопец. - Такi ўжо ён дзiвак. Калi выйдзе з рэчкi пагрызцi кару асiны, то абавязкова павiнен вярнуцца назад па той самай сцяжынцы, па якой прыйшоў. А калi яна занята, то будзе сядзець i плакаць... З-за гэтага яны i гiнуць.
- Кажуць, хто заб'е бабра, таму не будзе дабра, - успомнiла прыказку Зоська.
Бабёр старанна выцiраў вочкi, прысядаў, зноў станавiўся на заднiя лапкi, умольна пазiраў чорнымi вочкамi, пакуль Алесь з дзяўчынай не адышлi ўбок. Тады звярок падскочыў ад радасцi i заспяшаўся да рэчкi, плюхнуўся ў ваду i знiк.
Нечакана Алесь абняў Зоську i пацалаваў. Дзяўчына вырвалася ад яго i пабегла дахаты праз зелянеючыя агароды.
- Мне трэба жонка не толькi прыгожая, але i разумная! - буркнуў Анатоль, скручваючы палатку.
Галя пераступiла з нагi на нагу, кiнула позiрк у бок Антося, той сядзеў на ўжо сабраным заплечнiку i перабiраў струны гiтары.
- Толечка! Ва ўсiх людзей здараюцца памылкi! - умольна заглянула яму ў твар Галя.
- А хто пусцiў плёткi пра мяне i Марусю? - са злосцю вымавiў той. - А хто кожнаму сустрэчнаму-папярэчнаму расказваў пра мяне i Вайдаша? З усiмi, як дурная, раiлася: iсцi мне за Анатоля цi чакаць Вайдаша?
- Навошта мне твой Вайдаш! - узмалiлася Галя. - Ён жа з Марусяй спутаўся начальнiк са сваёй падначаленай! Яна палюбоўнiца ягоная!
- Што? - вытарашчыў вочы на яе Анатоль, адкiнуў убок палатку. - Ану! Антось, пайшлi хутчэй да Мiколы, час ехаць ужо! Па дарозе я зайду да Марусi... - буркнуў сабе пад нос.
Яны пакрочылi ў бок вёскi. Галя пакорлiва плялася ззаду Анатоля.
- Калi ты ўжо навучышся апранацца! - кiнуў ёй Анатоль. - Сорамна, калi каго знаёмага сустрэну! Ты так i ў горадзе хадзiць будзеш? Босая, сукенка брудная...