Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Не губi мяне, хлопец! Апошняя я з роду майго. Заб'еш - прападзе i дзiця маё, згiне род наш назаўсёды...

Сляпое каханне перамагло пачуццё лiтасцi да жывёлы, бо каханне заўсёды ад д'ябла, даражэнькiя мае...

Дзед Уладыморык абвёў позiркам Мiколу з Гайвай i дадаў:

- Каханне да жанчыны або каханне да мужчыны - ёсць самая няправiльная ў чалавечым разуменнi любоў. Гэта не боская любоў, гэту любоў прыдумаў д'ябал, ён асляпляе пажаднасцю да цела...

- А што ж аленiха, загiнула? - пацiкавiлася Гайва. - Забiў яе хлопец?

- Не, - матнуў дзед галавою. - Прывёў хлопец аленiху да сваёй каханай, а цяля па дарозе ўпала ў дрыгву i загiнула. Аленiха ж падняла дзяўчыну на рогi i закiнула аж на самы Месяц, а сама пабегла да дрыгвы i згiнула там. З таго часу прапаў у нашых краях Тарфяны алень, вымер. А прыгажуня, кажуць, i дагэтуль на Месяцы сядзiць, аленiху выглядвае, прабачэння ў яе папрасiць хоча. Але ж тая мёртвая ўжо, няма яе. Трэба пры жыццi яшчэ паспяваць даравання сабе прасiць, пры жыццi тых, каго мы пакрыўдзiлi. А памёр чалавек цi жывёлiна, хто нам даруе тады? У Бога ўжо прабачэння прасiце...

Дзед уздыхнуў, падняўся з канапы.

- Дождж скончыўся, - глянуўшы ў акно, зазначыў стары.

- Дазвольце нам з Гайвай па лужынах пабегаць! - весела ўсмiхнуўся Мiкола дзеду.

Той кiўнуў, i Мiкола, схапiўшы дзяўчыну за руку, пацягнуў яе на вулiцу.

- Я ведаю таемныя дзверцы адны, - шапнуў ёй на вулiцы, - яны ў падзямелле вядуць!

I павёў яе да царквы. Гайва ўвесь час iшла моўчкi, абмiнаючы мокрыя кусты, пераскоквала праз лужыны. Выглянула сонейка. Халадком i свежасцю пахлi прамытыя дрэвы i трава, кветкi зiхацелi ў сонечных промнях.

- Яшчэ да сустрэчы з табою я склаў вершы незнаёмцы з будучынi. Хочаш, прачытаю? - пранiкнёна сказаў Мiкола i ўзяў Гайву за руку.

- Не, - адмовiлася дзяўчына. - Пасля нашай смерцi тыя вобразы, якiя мы стваралi ў час зямнога жыцця, матэрыялiзуюцца ў астральным свеце. Тваё цела пакiне душа i стане астралам. У астральным свеце ты ўбачыш сваю незнаёмку. А таксама i iншыя вобразы... Напэўна, Пушкiн сустракаў там i сваю Таццяну Ларыну, i Анегiна...

Гайва таемна ўсмiхнулася, а потым дадала жорстка:

- А яшчэ ты там сустрэнеш сваiх дзяцей, тых, ад якiх адмаўляўся, а дзяўчаты рабiлi аборты... Гэтыя дзецi будуць чапляцца за твае ногi i рукi i не пускаць цябе вышэй - да Бога, у чысты свет, у духоўны...

- Якая ты жорсткая! - з крыўдаю вымавiў хлопец.

- А ты - лавелас! - надзьмула яна вусны. - Бачыла я такiх: прыгожы збан, унутры якога пустата... Збан, аб якi не адна дурнiца разаб'е галаву!

Мiкола збялеў.

- Добра, не крыўдуй! - прымiрэнча дакранулася да ягонай рукi Гайва. - Гэта ў мяне з дзяцiнства. Люблю казаць, што думаю. Яшчэ люблю мучыць хлопцаў, асаблiва тых, якiя мяне кахаюць. А вось закахалася сама, у Алесiка, але нiзашто не прызнаюся! I буду яго мучыць... Люблю сцэны, як у фiльмах пра сярэднявечча: рыцар на каленях прызнаецца ў каханнi...

Яна засмяялася:

- Алесiка ўжо так два разы мучыла. Адзiн раз загадала ў рэчцы халоднай пакупацца, мне кветак з таго берага прынесцi, а другi раз - каб залез на вежу i напiсаў там маё iмя.

- Трэцяга разу не будзе! - пасмiхнуўся Мiкола.

- Што я скажу, тое i будзе! - упарта адказала Гайва. - Каралевы заўсёды ставiлi перад кавалерамi iспыты,каб тыя маглi даказаць сваю адданасць, сваё каханне. Вось калi Алесiк выканае маё трэцяе заданне, апошняе, тады згаджуся быць ягонай жонкай.

- Ты не кахаеш яго...

Гайва засмяялася i пабегла да склепа разбуранай царквы, спусцiлася туды, адчынiла таемныя дзверцы i крыкнула:

- Вось табе даказваю, што кахаю!

I палезла ў падзямелле.

Яны iщлi па цёмным калiдоры, выкладзеным брукаванкай. Пахла сырасцю i плесняй. Мiкола падняў лiхтарык угору. Роўная, пакрытая зялёным налётам столь.

- Калi дзверцы так лёгка адчыняюцца, тады мы не першыя тут, - зрабiў выснову хлопец.

- Тут былi спелеолагi, - паведамiла Гайва. - Такiя лабiрынты прайшлi, розныя пасткi тут, нечаканасцi, тупiковыя калiдоры, карацей, адны загадкi... Таму мне брат i забаранiў лазiць сюды...

- А Блакiтны пакойчык знайшлi? - пацiкавiўся Мiкола. - Кубак жалезны...

- Пакойчык знайшлi, а кубка - не... Пайшлi пакажу, дзе той пакойчык, пацягнула яго за руку Гайва.

Неўзабаве ад галоўнага ходу аддзялiўся ў правы бок другi ход, вузейшы. Яны звярнулi туды, але хутка натыкнулiся на сцяну.

- Завяла! - расчаравана прамовiў Мiкола i прытулiўся да халоднай сцяны. Раптам заўважыў збоку вывалены камень, пасвяцiў туды лiхтарыкам. - Гэй! Ды там жа, пад намi, яшчэ адзiн калiдор! Глядзi!

Гайва прасунула ў шчылiну галаву i сапраўды ўбачыла ў цьмяным святле лiхтарыка каменную падлогу...

- Можа, там якi пакойчык? - шапнула яна. - Але мы, сябра, не туды прыйшлi! Трэба вярнуцца назад, да галоўнага калiдора, прайсцi далей, там будзе паварот налева, я пераблытала - Блакiтны пакойчык знаходзiцца далей. Трэба доўга iсцi, а потым налева звярнуць, там, дзе чырвоным адзначана - крыжык спелеолагi паставiлi...

- Усё роўна ж кубка там не знайшлi, - адмахнуўся Мiкола. - Стой тут, а я скокну - гляну, што там!

I знiк у прагалiне.

...Мiкола стаяў у пакойчыку сярод халодных сцен, выкладзеных камянямi, палова з якiх вывалiлася са сцяны i ляжала пад нагамi. Хлопец асвятлiў пакойчык лiхтарыкам, крыкнуў нешта ўгару Гайве i накiраваўся ў адтулiну, што была раней дзвярыма. Прайшоў яе i апынуўся ў шырокiм калiдоры. Доўга iшоў па iм, калi раптам з-за вугла паказалася нейкая постаць. Мiкола асвятлiў яе. Жанчына ў ружовым халаце, з сабранымi ў пук валасамi нават не адрэагавала на святло. Яна цiха наблiжалася да яго. Калi параўнялася, запынiлася i глянула на яго. "Цётка Соф'я? - здзiвiўся Мiкола. - Аленчына мацi! Як яна сюды трапiла?"

Жанчына пайшла далей i знiкла за паваротам. Мiкола пайшоў у той бок, з якога iшла яна, але хутка натыкнуўся на сцяну. Нейкi страх пракраўся ў душу. Мiкола подбежкам вярнуўся ў пакойчык, пасвяцiў угару i ўбачыў вясёлы тварык Гайвы.

- Ну што, знайшоў кубак? - засмяялася яна.

- Пашукай дзе вяроўку, - папрасiў ён. - Я хачу выбрацца адсюль!

Гайва пабегла, а Мiкола прысеў на выступ у сцяне, адштурхнуў нагою невялiчкi камень. Той адкацiўся, але, як здалося Мiколу, з металiчным грукатам. Хлопец пасвяцiў уперад i ўбачыў на падлозе... кубак! Схапiў яго i пачаў разглядваць. Зялёны ад сырасцi i цвiлi жалезны кубак сапраўды быў з вечкам. Мiкола адкрыў яго, заглянуў усярэдзiну. Ён быў пусты...

34
{"b":"73491","o":1}