Маруся прысела на валун ля сцяны маёнтка. Дуброўскага яшчэ не было. Але раптам яна пачула крокi, азiрнулася - ён выходзiў з аднаго з пакояў на першым паверсе. Падышоў, прывiтаўся. Яна адказала.
- Натамiлiся сёння на Мартынавым грудзе? - самотна сказаў ён. - А цi расказала бабка Саша, чаму груд Мартынавым завецца?
- А вы не ведаеце? - усмiхнулася Маруся. - Напэўна, самы першы i даведалiся - дзед Уладыморык расказаў!
- Я хачу, каб мне расказалi вы, - папрасiў Дуброўскi, - я хачу чуць ваш голас...
Ён падаў ёй букет палявых кветак i сказаў:
- Зберажыце яго. Сёння дваццаць сёмага лiпеня, Сцяпанаў дзень. Кветкi, сабраныя ў гэты дзень, маюць цудадзейную сiлу аберагаць ад хвароб, сурокаў i злых духаў...
- Вы верыце ў гэта? - узняла бровы Маруся.
- Як i ў паданне пра Мартынаў груд, - цiха мовiў Дуброўскi i сеў насупраць Марусi. - Я хачу бачыць вашы вочы i слухаць вас...
Маруся засмяялася i пачала роспавед:
- Адзiн селянiн, Мартынам яго звалi, вяртаўся ноччу дахаты з базару, на канi. Воз яго трапiў у балота. Што нi рабiў - а выехаць не можа. Глядзiць: iдзе да яго дзяўчына ў белым адзеннi. Падышла i кажа:
- Выратуй мяне, чалавеча! Зараз сюды сваты па мяне прыедуць. Пасадзi мяне на воз да сябе ды скажы, што з табою я заручана.
Згадзiўся Мартын. Аж бачыць - бягуць сюды людзi, у ладкi плешчуць, на бубнах граюць. А наперадзе - юнак невыказнай прыгажосцi, падбягае да воза, цягне да сябе дзяўчыну. А Мартын не пускае:
- Яна мая нявеста! Мы з ёю заручаны!
Дзяўчына плача, калоцiцца, а сама халодная як лёд. А тут як грымне гром, як ляснуць маланкi - глядзь, а людзi тыя ў страшыдлаў ператварылiся, крычаць, скугочуць. А прыгожы юнак загарэўся агнём i правалiўся пад зямлю. А на Мартынаў воз упаў з неба яркi прамень святла. Пакланiлася Мартыну дзяўчына i пачала па промню на неба падымацца. А ля яе анёлы кружацца. Зажмурыў Мартын ад святла вочы, а калi адкрыў - бачыць, ранiца ўжо, а на месцы балота - паляна прыгожая: трава высокая, сакавiтая, кветкi, матылькi лятаюць. I пачуў Мартын голас:
- За тое, што выратаваў ты мяне, месца гэтае людзi Мартынавым грудам назавуць. Нiколi не перавядзецца тут сакавiтая трава для жывёлы вашай i для вас - лекавая: зверабой, мацярынка, чабор, бяссмертнiк ды рамонкi!..
Кажуць, гэта была душа Дарыны. Бог доўга не мог прыняць яе да сябе, бо самагубца яна... Атруцiлася...
Аленка, трымаючы ў руцэ пакет з Анатолевым адзеннем, прабiралася праз зараснiк дзiкай акацыi да магiлы Мiколавай мацi. Запынiлася. Перахрысцiлася, палажыла пакет ля парослага травою ўзгорка. Нахiлiлася i пацалавала крыж.
- Цётачка Алеся, - прашаптала дзяўчына, - памалiцеся на тым свеце за мяне i Мiколу, каб мы пажанiлiся! Я так кахаю яго! Усе сродкi выпрабавала: варажыла, чаравала, даруй мне, Госпадзi! Хай зямля будзе вам пухам, цётачка Алеся! Памалiцеся за нас, грэшных!
Яна парвала з магiлы траву, расчысцiла ўсё. Нарвала белых кветак акацыi i паклала на магiлку. Яшчэ раз перахрысцiлася i заспяшалася да рэчкi. Ля палатак ужо гарэла вогнiшча.
Iшла поплавам, ля маёнтка, калi пачула адтуль нейкi голас. Сцiшылася. Падышла блiжэй. Голас чуўся выразна. Аленка разбiрала словы:
- Князь мой! Вiтаўт! Пакуль мы ў разлуцы, а як доўга яна прадоўжыцца - я не ведаю. Але я буду малiцца, каб Бог дараваў вам жыццё. Кожны раз пасля таго, як я праводжу вас за вароты замка, мне здаецца: знiкаеце вы, знiкаю i я. Мая душа ляцiць за вамi. Я чую ваш голас у шэпце траў, у гомане званочкаў, я бачу вашы вочы ў блакiце ранiшняга неба. Не знiкайце надоўга, князь. Не пакiдайце мяне назаўсёды. Мне страшна. Без вас я памру.
Нехта ўздыхнуў.
- Я зачараваны... - сказаў мужчынскi голас.
- Вы проста паэт альбо - фантазёр! - засмяяўся жаночы.
Аленка падкралася блiжэй. На першым паверсе, у зале маёнтка стаялi двое: Дуброўскi i... Маруся. Яны прайшлiся да прыступак, што вялi на другi паверх. Кожны крок адазваўся тугою ў сэрцы Аленкi. "Вось мне б так, - падумала яна, з Мiколам... Як рамантычна!"
Дуброўскi i Маруся паднялiся па прыступках, i Аленка ўжо не бачыла iх, толькi чула галасы. Ёй было так цiкава паслухаць,аб чым размаўляе з яе сяброўкай гэты "стары цыган". "Цяпер ужо князь!" - усмiхнулася Аленка. Яна стала прыслухоўвацца.
- Вы сёння такая прыгожая, - сказаў Дуброўскi, - гэты сарафан вельмi пасуе вам...
"Хоць бы мне адзiн камплiмент сказаў Мiкола!" - пранеслася ў думках у Аленкi.
- Кiм вы марылi быць у дзяцiнстве? - папытаўся Дуброўскi ў Марусi.
"Мiкола нiколi не цiкавiўся, кiм я марыла быць, i наогул, як я жыла, што мяне засмучала i радавала", - абуралася Аленка.
- Ну што, расказваць далей пра сваё захапленне спелеалогiяй? - засмяяўся Дуброўскi.
V
У разбуранай царкве пасялiлася сава. Яна крычала ўначы, як малое дзiця, i палохала дзяўчат, якiя познiлiся на танцах. Мiколу не давала спакою думка пра царкоўны склеп i ўмураваныя ў сцяну, ледзь прыкметныя дзверцы. Ён зусiм не слухаў музыкi, нiкога не запрашаў да танцаў. Сядзеў з Антосем за столiкам i гуляў у шахматы.
- Пайшлi, паспрабуем адчынiць тыя дзверцы! - з запалам шапнуў на вуха сябру. - А то Дуброўскi i туды лезцi забаронiць!
- Ды там, пэўна, вiно захоўвалася, - адмахнуўся Антось i нечакана запынiў погляд на дзяўчыне, што з'явiлася на парозе.
Пышныя кучаравыя валасы яе ў святле каляровых лiхтароў дыскатэкi адлiвалi блакiтным святлом. Танюткая талiя перацiснута блiскучым поясам. Жоўтая сукенка пералiвалася то малiнавым, то аранжавым адценнем.
- Гэта мая мара! - усклiкнуў Мiкола i заспяшаўся да яе.
Але ў гэты момант яму перайшоў дарогу высокi юнак, чарнявы, з чубам, зачасаным набок.
- Алесiк! - уклiкнула дзяўчына. - Ты не забыў мяне?
- Патанцуем, Гайва! - усмiхнуўся той, i дзяўчына, усмiхаючыся, павяла яго ў круг.
Мiкола аж заскрыпеў зубамi.
- Усё роўна адаб'ю! - цвёрда сказаў ён, гледзячы на Антося.
Сябар засмяяўся.
Галя сядзела побач з Аленкай i ўвесь час азiралася, калi хто заходзiў у клуб.
- Каго ты там выглядваеш? - пацiкавiлася Аленка. - Анатоль усё роўна застаўся ў лагеры.
- Я ж табе даверылася: Вайдаша кахаю!
- Дарэмна гэта...
- Ну чаму дарэмна? Калi ён сказаў мне: не выходзь замуж, значыць, хоча, каб я пасталела, а тады мяне возьме! Нават дзядзька Адась так казаў! А чаму Вайдаш гаварыў мне: не iдзi замуж? Значыць, меў нешта такое...