II
Палаткi раскiнулi на ўскрайку сяла на прыгожым поплаве, сярод зялёнай травы i маленькiх стракатых кветак. Хараство i цiшыня панавалi навокал. Аленка лягла на траву, i ёй здалося, што зямля дыхае. Яна глядзела ў бок манастыра, i здавалася ёй, што вярнулася яна дадому - такая мiлая была ёй гэтая мясцiна! У Жыровiчах, акрамя бабулькi, жыве яе стрыечная сястра Таццянка, у яе такi слаўны хлапчук - Алесiк! Вельмi любiць яго Аленка. I яна, папярэдзiўшы Анатоля, заспяшалася да Таццянкi. I як жа здзiвiлася, калi ўбачыла там сваю мацi. Расчырванелая, падпiтая Соф'я сядзела з Алесiкам на канапе.
- Алесiк кажа, што цябе не любiць! - заявiла яна, выцiраючы далонню вусны, нахiлiлася да малога. - Праўда, сынок? Скажы ёй!
Хлопчык засаромеўся, схаваўся за яе спiну.
- Глупства вы, цётка, кажаце! - сказала Таццянка i павяла Аленку на кухню, каб пачаставаць.
Загаварылi пра вучобу, жыццё. На парозе з'явiлася Соф'я.
- Чуеш! - звярнулася да Аленкi. - Я й кажу яму, каго ты больш любiш: мяне, што табе ўсё купляю, цi Аленку, якая нiчога табе не купляе? Дык ён кажа: цябе! Цябе, цётачка! - зарагатала Соф'я.
Аблiзала вусны i дадала:
- Дачушка, налi квасу!
- Якога табе квасу? - не зразумела Аленка.
- Ды не ты! - махнула рукою Соф'я. - Ты - свякрусiна дачка, бабкi сваёй любiмай, i таткi свайго, калекi! А мая - вось! - яна абняла Таццянку. - Маю дачушку ўзялi замуж, а цябе нiхто не бярэ!
I яна навалiлася на Таццянку, абняла, зацмокала ў твар.
- Ай, цётка Соф'я! - вырывалася Таццянка. - Чаму вы Аленку не любiце?
- Няхай яе мая свякруха любiць! Я iх радню ненавiджу! Свякруха прыбягала, плакала: ой, ой, сястрычка мая памерла! Ха-ха-ха! Хутка й сама памрэ!
- Што, бабка Нiчыпарыха памерла? - са слязьмi вымавiла Аленка. - Чаму ты мне не сказала?
- Бо я ад радасцi п'ю i танцую! - засмяялася Соф'я. - Увесь ваш род загублю пад корань, бо жыццё маё загубiлi, гады!
I Соф'я загаласiла. Аленка выбегла з хаты i пайшла да сваёй бабулькi.
- Уздыхаеш, бедная! - абняла Аленку бабка. - Доўга яна яшчэ тваю кроў пiць будзе...
Сухенькая, сярэдняга росту, бабка была акуратнай i ладнай гаспадыняй, хоць апошнi час i не мела ўжо сiлы ўпраўляцца ў хаце, на агародзе i ў хляве. Трымала некалькi курэй ды аднаго парсюка. Прыходзiла Таццянка, дапамагала. Адзетая бабка сёння ў карычневую спаднiцу, паўзверх якой завязаны белы фартух, у сiнюю трыкатажную кофту, на галаве белая хусцiнка.
- Я табе грабеньчык у Баранавiчах купiла! - падала гасцiнец Аленка. - А дзе твая кошачка?
- Бегае, - усмiхнулася бабка i абняла Аленку. - А матка твая ж бiла яе, кошачку маю, як я жыла з вамi, - бабка выцерла рукою вочы, - i мяне не раз у галаву таўкла. Калi ж ужо табе, Аленачка, Бог шчасця дась? Малiся, донечка мая, малiся! Можа, падась Бог табе знак свой.
Бабка дастала з шуфлядкi свой малiтоўнiк i падала Аленцы.
- Вазьмi з сабою ў паход, спатрэбiцца.
Аленка падзякавала.
...Белыя фiранкi на вокнах, праз iх вiдаць кавалачак неба. Вышыты ручнiк на покуцi.
- Гэта ж я яго вышывала! - усмiхнулася Аленка. - А памятаеш, як да нас бабкi прыходзiлi на вячоркi? Гiсторыi розныя расказвалi. Бабка Вера чытала Мележа, "Людзi на балоце". Бабка Каця варыла трактарыстам абед i хвалiлася, што ёй столькi курэй кожны раз варыць прывозяць, што яна так наелася! Бабка Яўстрацiха прыходзiла, настаўнiкава мацi. Яе ўжо няма. Бабкi Маланнi няма, у якой брат манахам у Кiева-Пячэрскай лаўры.
- I сястрычкi маёй няма, - заплакала бабка. - Ты так любiла яе!..
Аленка абняла бабку.
- Усiх ты памятаеш, донечка, - прашаптала тая. - Каго няма, i тых добрым словам успомнiш. Хутка i я да iх пайду...
- Ну, што ты! - супакоiла яе Аленка. - Пажывi яшчэ. З кiм жа я застануся?
- З Богам, дзiцятка, з Богам, - закiвала галавою бабка. - Адзiн ён у нас з табою заступнiк...
- Усiм па цукерачцы да гарбаты! - гаманiла Галя, завiхаючыся ля вогнiшча. - Вось гэтая цукерка - апошняя, i я аддам яе Анатолю з Iрэнай, у iх сямейная палатка, няхай i цукерка будзе адна на дваiх!
I ўсунула яму ў руку карамельку.
- Так! Ужо рэўнасць пачынаецца? - павысiў голас Анатоль. - Гэта апошнi паход для цябе! Не бяру нават на турзлёты! Тваё месца - на кухнi!
- Ды не равi ты! - крыкнула на яго Iрэна. - Галя, давай мяняцца месцамi!
Яна забрала свой заплечнiк i спальнiк i панесла ў другую палатку.
- Галя, забiрай, калi ласка, свой спальнiк i нясi ў Толеву палатку! сказала настойлiвым тонам Iрэна. - Анатоль, ты няправiльна сябе паводзiш, трэба паважаць будучую жонку, шанаваць яе!
- Я павiнен клапацiцца пра ўсю групу! - адрэзаў той. - Што гэта за кiраўнiк, якi мiлуецца ў палатцы з будучай жонкай!
- А з кiм ён павiнен мiлавацца, з чужою нявестай?
- Нi з кiм! - крыкнуў Iрэне Анатоль. - Я з табою мiлаваўся, цi што, лялька ты размалёваная! Табе не ў паходы хадзiць, а на матрацы грэцца!
- Не смей абражаць Iрэну! - падышоў да яго Мiкола.
- Хлопцы, цiха! - супакоiў iх Антось. - Можа, Анатоль i праўду кажа: нельга кiраўнiку групы мiлавацца з будучай жонкай цi нявестай, а трэба дбаць пра ўсю групу. Вось Анатоль i выбраў нейтральнага чалавека суседам да сябе ў палатку - Iрэну. Яна ж - нiчыя нявеста. Таму раўнаваць да яе, Галя, табе няма чаго! Ну хочаш, я пайду спаць да Анатоля ў палатку? Я i Аленка! Згода? I нiкому не будзе крыўдна i цесна ў палатцы. Ну як, хлопцы?
Антось абвёў усiх позiркам. Сцяпан моўчкi, бы яго не датычыць, калупаў наском чаравiка трухлявы пень. Мiкола кiўнуў галавою. Анатоль уздыхнуў i прамовiў:
- Парадак! Канфлiкту няма!
...Над вуллямi кружылi кропкi-пчолкi, растапырыўшы крылцы, садзiлiся на кусты малiннiку, на белую квецень яблынь, акуратна пасаджаных у рады руплiвымi манашкамi. За садам, уздоўж возера, паважна хадзiў качур, кракаў, клiкаў качак да вады. Ускочыла ўгору рыбiна, схапiла мошку i знiкла ў возеры. Перавернуты човен прыткнуў смаляны бок да цаглянай агароджы манастырскага двара. Тут жа стаяла сучасная тэхнiка для апрацоўкi зямлi.
Аленка прайшлася ўздоўж агароджы, па вузкай упадзiне, пазiраючы ўгару на дрэўцы i кусты. Над iх верхавiнамi бялеў купал Багаяўленскай царквы. Узнялася наверх. Абышла царкву кругом. Пастаяла ля магiл архiрэяў i ля магiл без надпiсаў - толькi крыжыкi. Тут пахаваны браты i сёстры, манахi. Аленка падумала, што, мабыць, вельмi добра быць пахаванай вось тут, у манастыры. Нiхто не зруйнуе магiлу, не пабудуе на ёй дом. Цiшыня i ўтульнасць, спакой манастырскага жыцця i небыцця, вечнасцi.