Литмир - Электронная Библиотека

— Ды ніхто ж не збіраецца вынішчаць вас і вашы курганы, — няўпэўнена запярэчыла Ільга.

— Пакуль што, — напаўголаса прагаварыў Йурай. Глядзеў на ахоплены навальніцай цмокаў лес

— і як быццам скрозь яго, скрозь далягляд, скрозь прашытае навальнічнымі іголкамі неба. Ільзе стала ніякавата, і чамусь ад чужога суму сціснулася сэрца.

Колькі часу ішлі моўчкі. Далёкія грымоты падкотваліся бліжэй, хмара насоўвалася на луг, на поле, на іх дваіх з няўхільнасцю кону.

— Але ён спаліў мой горад, — сказала Ільга, нібы апраўдваючыся. — І забіў, і скалечыў столькі людзей.

— Гэта праўда, — пагадзіўся паэт. — А калі яго не спыніць, заб'е і скалечыць яшчэ болей. А гэта значыць...

— Што ў мяне няма выбару, — Ільга цяжка ўздыхнула. Зноў паўставала пытанне, з якога яна пачала ўсю гэтую размову і ад невырашальнасці якога ламіла скроні. Ільга закусіла вусны, наморшчыла лоб, спрабуючы знайсці ў галаве хоць нейкую слушную думку.

Але там было проста абразліва пуста.

Йурай, скоса паглядаючы на яе грымасы, урэшце адтаяў, засмяяўся. І загаварыў.

Не так і даўно такіх, крылатых, было куды болей. У цёплых сырых пячорах у самых нетрах Пушчы яны ладзілі свае гнёзды, грэлі магутныя целы на залітых сонцам скалах. Яны — дзеці глыбіннага агню ў палкім сэрцы зямлі, таму холад скоўвае іх, прыпыняе кіпучую кроў, змушае дранцвець, засынаць. Амярцвелыя ад холаду цмокі могуць спаць стагоддзямі.

Яны растуць, пакуль жывуць. Трохі большыя за зайца, калі вылупляюцца, слабыя, голыя, яны паступова набіраюць вагу, абрастаюць вострымі касцянымі грэбнямі, апранаюцца ва ўбор з залатой лускі, быццам у баявы панцыр. І на працягу свайго жыцця цмокі спяваюць, размаўляюць амаль салаўіным пошчакам, перасвістваюцца — маці з дзецьмі, самка з самцом.

У сваёй любові да бліскучых рэчаў яны падобныя да сарок: так і цягнуць у гнёзды штось ззяючае, штось залатое.

У шлюбную пару самкі, абіраючы самцоў пад пару, найперш прыглядаюцца: ці добра складзена гняздо, ці ўтульна там, ці блішчыць, як належыць.

Палююць звычайна далей ад уласнага логавішча, як тыя ж ваўкі, і вышукваюць здабычу на адлегласці недзе ў дзень лёту. Наеўшыся, адпачываюць прыблізна з тыдзень, спяць або прыхарошваюцца — чысцяць крылы, точаць кіпцюры аб каменне, аб дрэвы.

— Рэдкія, бач ты, чысцёхі.

Йурай сказаў гэта з дабрадушнаю ўсмешкаю. Ільга амаль абурылася ягоным замілаваннем, а пасля жыва ўявіла: вось цмок пакруціўся па-сабачы ў сваім гняздзе, натаптаў ямінку, уладкаваўся і, выкруціўшы доўгую шыю, з заўзятасцю абкусвае касцяныя грэбні на спіне.

Над Вугерай — дождж (СИ) - imgC143.jpg

І сама не стрымалася — усміхнулася.

Вывадкі ў цмокаў вялікія, але да года, калі піскляты ўжо становяцца памерам з дарослага аленя, дажываюць адзін-два з кладкі. Бацькі да іх прывязваюцца, даглядаюць старанна, кормяць, напераменку прыцягваючы ў гняздо ўпаляваных кабаноў ды касуль. Таму ад цмокавага гнязда з малечай зазвычай востра цягне тхлінаю, не памылішся. Калі малыя вырастаюць яшчэ ўдвая і канчаткова становяцца на крыло, то пакідаюць логавішча, лятуць прэч, каб самім шукаць сабе харч і схоў. Такія падлеткі часта збіваюцца ў зграі па пяць-шэсць галоў, палююць разам, разам адпачываюць. Праз пэўны час пачынаюць дзяліцца на пары, якія зазвычай захоўваюцца ўсё жыццё, і выводзяць уласных дзяцей.

Чуць усё гэта было дзіўнавата. Не таму нават, што ніхто з людзей нічога такога — Ільга была цвёрда пераканана — і не ведаў. Дзіўна было тое, што тая жудасная вогненная бура на кажановых крылах, якая так ярка помнілася, так балюча джаліла памяць, раптам стала жывою істотаю. Звыклым дзікім зверам, з плоці ды крыві, быццам тыя, якіх вучыў высочваць бацька.

— Калісь на цмокаў паляваў Княжы Двор, — Йурай паважліва крануўся змяінай фібулы на сэрцы. — Збольшага на крыважэрных бадзяг, якія не ў час ачомаліся ад спячкі, або на ашалелых выгнаннікаў са зграі.

Паэт памаўчаў і, кашлянуўшы, дадаў, што, можа, Двор і зараз з ахвотаю паляваў бы, але саміх цмокаў амаль не засталося.

— І як жа палявалі? — жыва ўдакладніла Ільга. — Мо і мне гэтак паспрабаваць?

— Для пачатку, — адазваўся Йурай насмешліва. — Табе патрэбна будзе з паўтузіна ўзброеных княжых паляўнічых і ўдвая болей хартоў.

Упрост цудоўна, сказала сама сабе Ільга, паціраючы лоб у роздуме. Патрэбна шасцёра вояў з не-людзей ды па двое не-людскіх сабак на кожнага. А ў яе распараджэнні толькі адзін на рэдкасць самазадаволены не-людзь, і той паэт, ды пярэстая кабылка.

Зрэшты, ёсць яшчэ верная бацькава дзіда ды лук, ды ўмелыя рукі. Калі цмок — усяго толькі звер, хай сабе вялікі ды небяспечны, значыць, яго можна адолець. Не сілаю — дык хітрасцю.

— Пачакай, — Йурай прыпыніўся. — Глядзі вунь туды.

Ільга зірнула, куды ён паказваў. За жытнім полем, на самым ускрайку луга бялелі раскінутыя шатры. Хвасты дымоў ад вогнішчаў слаліся нізка, прыбітыя сырым ветрам, блізкаю навальніцаю. Чуваць былі прыглушаныя чалавечыя галасы, бразгат металу ды конскае ржанне. Пярэстая, пачуўшы сваю радню, застрыгла вострымі вушамі, адгукнулася тоненька, радасна.

— Цікава, хто б гэта мог быць? — прагаварыла Ільга занепакоена.

— Воі кагось з вашых князькоў, — упэўнена адказаў Йурай. — З тых князькоў, хто бліжэй. Пабачылі цмока ў небе — і вырашылі праверыць.

— Але чаму тады яны тут? — гнеўная Ільга нават прытупнула. — Іх жа там, мабыць, да халеры! Яны б маглі...

— Не маглі, — па-воўчы ўсміхнуўся паэт. — Вядома, і не змогуць.

Злавіў на сабе непаразумелы пагляд дзяўчыны і патлумачыў:

— Так і смярдзіць жахам. Нават адсюль.

— Дык і нядзіўна, — разважліва сказала Ільга. — Пад самым жа, лічы, цмокам сядзяць.

На лузе навальніца, нарэшце, дакацілася да іх. Загусцела, застыла паветра. У сіняватым святле рэзка пасыпаліся долу хвосткія ніці вады, з сілаю забілі па зямлі, па свежай безабароннай зеляніне. Бліснула вусцішным блакітам зусім побач, пранёсся высока аглушальны грукат — голас раз'юшанай буры.

— Хто ідзе? — хрыпла крыкнулі Ільзе ад белых шатроў, ледзь перакрываючы ўдары цяжкіх кропляў ды грымоты. Вой у чырвоным плашчы паверх блішчастага панцыра было ледзь відно за палосамі дажджавой вады.

— Паварочвайце, — сказаў вой. — Не чулі, ці што? Цмок!

— А я на таго цмока і палюю! — упэўнена адказала Ільга.

— Ну-у? — здзівіўся вартавы, нават прысвіснуў. Азірнуўся неяк бездапаможна, быццам шукаючы парады ці падтрымкі, і таропка адсунуўся, саступаючы месца камусь мажнаму ды медзведзяватаму. Ільга закінула галаву і далёка наверсе разгледзела цёмную кучаравую бараду.

— На цмока? — прабасіла з барады. — Хто? Ты, дзеўка?

— Я, — Ільга выпрастала плечы. З барады пырснула кароткім здзеклівым смехам — як сабака забрахаў. А пасля барада спусцілася ніжэй, бо ўладальнік яе нахінуўся, каб лепш разгледзець Ільгу. Тая змрочна ўтаропілася ў крывы гарбаты нос, што вытыркаў з барады, і маленькія шэрыя вочкі. А бараты гаварыў так:

— Ну, во толькі цябе нам і не хапала, дзеўка. Зусім, бач, не ведалі, што і рабіць — а тут, каб цябе трасца, такая дапамога. І як, хвароба яе вазьмі, клятая мамка цябе з-пад спадніцы сюды адпусціла?

— Я іду з Лыцавіч, — холадна прагаварыла Ільга. — Тры дні ўжо іду за гэтым цмокам. Па яго галаву іду.

— Дык ты. з Лыцавіч? — бараты прачысціў горла. — З тых, што пагарэлі ўшчэнт?

Ільга кіўнула. Барада ўздыхнуў — як кавальскія мяхі — і прашыпеў невыразную лаянку.

— Ну, то хадзем, дзеўка, — запрасіў, махнуўшы агромністаю рукою на шацёр. — Хаця б абсохнеш, ці што.

І пагрозліва гыркнуў зверху на вартавога, якому Ільга перадала аброць пярэстай:

— А ты, каб цябе трасца, глядзі мне тут.

У шатры цьмяна гарэлі свечы, мяккія цякучыя цені слізгалі па вялікім круглым шчыце са старанна вымаляваным гербам — чырвоны мядзведзь, што трымае белы рог. На пасцеленых ваўчыных шкурах быў з непрыхаванаю любасцю ўладкаваны доўгі меч, на клінку якога цьмяна паблісквалі руны. Йурая ад гэтага відовішча злёгку перасмыкнула: ці то гэтак уразіўся шматлікімі ваўчынымі скурамі, ці то меч быў не абы-які, а з заклятага халоднага жалеза. На груба скалочаным стале пасярод шатра расклалі мапу, прыціснуўшы краі пергаменту цяжкім кубкам, паляўнічым рогам і свінцовай гербавай пячаткай з мядзведжаю выяваю.

6
{"b":"599369","o":1}