Литмир - Электронная Библиотека

Дзяўчына сумелася.

— Я... не князёўна, — азвалася сіпата. І, сяк-так пракаўтнуўшы камяк у горле, скорагаворкай выпаліла, сціскаючы нож у кулаку: — І я не хацела... заходзіць у вашы ўладанні.

Лютніст прыўзняў бровы, паглядзеў на нож, на Ільгу, зноў на нож. І засмяяўся.

— Уладанні, бач ты, — ён пакруціў галавой. — Чалавечае дзіця, я не ўладар нікому, апрача, можа, самога сябе.

Ён памаўчаў, кусаючы вусны, зірнуў у неба, а пасля паўтарыў нараспеў, лёгка крануўшы струны:

— Уладар ні для кога, апроч самога сябе. Апроч сябе. самога.

Зморшчыў востры нос і выдыхнуў расчаравана, пакутліва:

— Эт, усё лухта-а!

Ільга тым часам зірнула цераз плячо на сваю кабылку. Пярэстая, памахваючы хвастом, прынюхвалася да расчараванага лютніста — без асаблівага страху, проста з мудрай перасцярогай.

Небяспекі сапраўды не адчувалася, але не-людзі, кажуць, якраз гэтым і небяспечныя. Закружаць галаву, пададуцца мяккімі, добрымі, свойскімі, а там глядзі — і ачомаешся ў падзем'і. Калі, вядома, увогуле ачомаешся.

— Можа, хоць ты выратуеш мяне, князёўна? — запытаў лютніст з апантанай надзеяй. — Дапаможаш? А?

Ільга спахмурнела: не-людзям, яна чула, вельмі падабаецца гуляць з людзьмі. Так коткі гуляюць з мышамі, здзекуюцца з драпежным азартам. Вось і ад яго просьбы таксама патыхала нейкай здзеклівай гульнёй.

— Мне трэба ісці, — адказала яна, намагаючыся, каб гэта гучала не надта няветліва. І таму дадала дрыготкім голасам: — Даруйце, лясны гаспадар.

Ён зноў усміхнуўся — і радасна, і сонечна.

— Я не лясны гаспадар, чалавечае дзіця. І не азёрны, і не палявы, і не які-кольвек яшчэ, Неба бачыць.

— Вось як, — недаверліва выціснула Ільга.

— Неба бачыць, — паўтарыў лютніст. — Усяго толькі паэт з Курганова Поля, князёўна.

Цырымонна пакланіўся і назваўся:

— Йурай. Або Йурай Відушчы, калі заўгодна. Князеў відуш.

Пра Курганова Поле Ільга чула — а хто не чуў? Показкі пра Дзікі Гон, што імчыць над вечнаю Пушчай, пра старадаўнія чары, што трымцяць між ікламі рунных камянёў. І на самым дне памяці яшчэ варушыліся бабчыны казкі пра ўсёмагутнага Белага Князя і яго Двор, дзе адвечна піруюць паляўнічыя і прыўкрасныя панны.

— Паэт?

Йурай, прыплюшчыўшы вочы, паківаў — з самым паважным выглядам.

— Мерныя ўдары цяжкія сыпле каваль на метал, — прагаварыў ён, здавалася б, нягучна, але голас уладна расцёкся над возерам. — Сам я падобна выкоўваюхвосткія звонкія словы.

Словы — так падалося Ільзе — сапраўды пазвоньвалі, быццам загартаваная зброя, быццам баявая сталь. А яшчэ адгукалася ў іх рэха той азёрнай музыкі, амаль згубленае, няўлоўнае, і ад гэтага трохі круцілася ў галаве.

— А як магла б звацца ты? — Йурай прамовіў гэта ўслых, але, здаецца, звяртаўся збольшага да самога сябе, чым да дзяўчыны. Прамовіў — і надоўга задумаўся. Нават азадачыўся. Мармытаў, пастукваючы пальцам па падбароддзі, што імёны, маўляў, заўжды самае складанае, і дзе б знайсці такое, каб змясціла і сонца, заблытанае ў валасах, і россып пацалункаў вясны на скуры, і ўпарты разлёт броваў — упрост ластаўчыны крылы.

— Ільга, — рашуча перапыніла яна бязладнае мармытанне. Йурай наморшчыў лоб і паўтарыў некалькі разоў, нібы спрабуючы імя на смак: «Ільга...»

— Пасуе, — задаволена пагадзіўся паэт. — Неба бачыць, пасуе. Быццам каштуеш салодкі ліпавы мёд — «Іл-л-л-ль...» — і выдыхаеш ад задавальнення — «...га». Быццам запела адліга, быццам узляцела івалга. О, забяры мяне кадук, пасуе!

Тут паэт зірнуў на Ільгу, працяўшы яе агністым позіркам.

— І вось, — загаварыў, пабліскваючы вачыма. — Ты, дзіця з імем салодкім, як ліпавы мёд, апоўдні крочыш берагам зачараванага возера. У даспеху ды пры зброі, маленькая ваіцелька, ідзеш наўздагон, бегма, берагам — у пагоню за памяццю, за помстаю, за... полымем. І пакутуеш — ці ў пару, ці не позна?

Ільга задыхнулася ад нечаканасці.

Паэт з Курганова Поля нібы здолеў зазірнуць ёй у душу і нахабна, нават не тоячыся, разгледзеў там аж занадта многа.

«Скуль ты ведаеш?» — ледзь не крыкнула Ільга. І ліхаманкава падумала: сапраўды, як адзін з нелюдзей можа гэта ведаць? Ці не таму, што сваімі паскуднымі чарамі пралез у думкі, учапіўся ў душу пачварнымі кіпцюрамі?

Бацька заўжды гаварыў: калі ўжо давялося натрапіць на каго з народу курганаў, трэба трымаць сябе ў руках. Не казаць лішняга, не паказваць свае слабыя месцы. Не даваць магчымасці затлуміць галаву, зацягнуць і зачараваць. Іначай — смерць. А можа, і нешта горшае за яе.

Рукі ў Ільгі ганебна дрыжалі, лязо бацькавага нажа з халоднага жалеза рассыпала сонечныя зайчыкі. Яна імкліва нагнулася і нажом — па рэдкай траве, па сухой зямлі —акрэсліла вакол сябе маленькае крываватае кола. Выпрасталася павольна, цяжка дыхаючы, ацерла з ілба пот. Пярэстая, якая засталася па-за абарончай рысай, ціхенька дакорліва заржала. Кабылку было шкада, але, як ні круці, лепей застацца пешым, чым мёртвым.

Не-чалавек сачыў за Ільгай уважліва, схіліўшы галаву трохі ўбок, не хаваючы зацікаўленасці.

— А, разумею, — здагадаўся нарэшце. — Ты мяне баішся, чалавечае дзіця.

— Ага, зараз, — змрочна адказала яна. — Я цябе не баюся, не-людзь.

Апошняе, мусіць, прагучала б больш пераканаўча, каб Ільгу не білі дрыжыкі.

— Але ты, о бясстрашная, хаваешся ад мяне за халодным жалезам, — небеспадстаўна заўважыў Йурай. — Між іншым, у цябе кола перарываецца. Унь там.

Дзяўчына зірнула сабе пад ногі і праглынула лаянку. Кола сапраўды перарывалася, зводзячы ў нішто ўсе яе абарончыя захады.

— Паслухай, — загаварыў паэт, уздыхнуўшы. — Я не збіраюся. што там, па-твойму, я збіраюся з табою зрабіць?..

— Зачараваць і звесці назаўжды ў ваша нялюдскае падзем'е, — суха мовіла Ільга. І дадала, падумаўшы: — Можа, каб з'есці там, ці што.

Йурай вырачыў вочы. Відаць, уразіўся.

— Ну, дык вось: нічога такога я не збіраюся рабіць, — сказаў ён раздражнёна. — Неба бачыць, не маю такой звычкі.

— А музыка? — недаверліва прабурчала Ільга.

— А што — музыка?

— А ў ёй — чары!

Паэт пачухаў патыліцу.

— Вядома, — сказаў ён. — Вядома, чары. Але, калі хочаце, не наўмысна. Проста не ўмею іначай. Думаў сабе пра гэта возера, ну і.

Ільга завагалася. Не-чалавек, здаецца, не хлусіў — ці, магчыма, не вельмі хлусіў. І, верагодна, сапраўды не жадаў паснедаць чалавечынкай.

— Але скуль ты ведаеш пра цмока? — Ільга ўзялася ў бокі.

Йурай прыўзняў бровы.

— О! — сказаў. — А я і не ведаю.

— Але ж сам толькі што казаў! — зазлавала дзяўчына. — Пра полымя, пра помсту, пра пагоню!

— Я не ведаю, чалавечае дзіця, — са спакойнаю ўсмешкаю паўтарыў не-чалавек. — Я — відуш. Я часам бачу.

Сказаў так проста, быццам Ільга павінна была адразу ўсё зразумець. Яна, аднак, не зразумела.

Але паверыць — паверыла. Амаль што.

А цмок з'явіўся тры начы таму.

Над Вугерай — дождж (СИ) - imgFF83.jpg

Казалі, наляцеў апоўначы, узняўшы крыламі вогненную буру. Закружыў над горадам, дыхнуў агнём — раз, другі, трэці. Вартавыя затрубілі трывогу, але што зтаго?

Адну з веж цмок знёс як бы мімаходзь, адным ударам магутнага крыла, пасля цяжка ўпаў на саламяныя дахі, папоўз — распалены, як метал у кавальскім горне,

— апякаючы ўсё вакол, цягнучы за сабою доўгі, усеяны шыпамі хвост у вогненнай лусцы. Зямля скаланалася, і вакол быў агонь, і крыкі, і дымны смурод, і гар.

Кагось цмок ухапіў пашчаю — толькі без дапаможна храбуснулі косткі ды пырснула барваю. Хтось згарэў жыўцом або загінуў пад разбуранымі сценамі. Тых, каго атрымалася вывесці праз падземны ход, не набіралася і трох тузінаў. Усё збольшага дзеці,жанчыы і старыя.

— Мой бацька — войт, — дадала Ільга, змрочна ўтаропіўшыся ў спакойнае возера. — Быў.

Яны з паэтам сядзелі на тым самым узгорку пад дубам: Ільга спачатку завагалася, але адпачыць усё роўна трэба было б. Кружляючы між бясконцых лясных азёр, выбілася з сіл.

Йурай уважліва слухаў, паклаўшы падбароддзе на пераплеценыя пальцы, яго лютня спачывала тут жа — беражліва ўладкаваная ў траве пад дубам. Ільга, часцяком перапыняючыся, каб знайсці словы, расказвала. Спачатку не хацелася: думак пра тую ноч яна старанна пазбягала, не дазваляючы сабе ўспамінаць. Але, распавёўшы, нечакана адчула, як зрабілася трохі лягчэй. Быццам нарэшце выцягнула стрэмку.

2
{"b":"599369","o":1}