На мапах Гугла была і тая вялікая вёска, і летнік быў. І быў нават наш ручай! Але не было той вёсачкі. Угадаў месца колішняй капальні — лысы ўзгорак, бегла з яго нітка дарогі. да вёскі мусіла бегчы, але на мапе вёскі не было, і на спадарожнікавых здымках адно два шэрагі дрэў угадваліся. Ніводнай хаты. Трохі наўзбоч — роўны чатырохкутнік, засаджаны дрэвамі. Здагадаўся: тыя самыя могілкі, дзе ляжыць Ядвісіна бабуля.
Нічога, у нас ёсць райцэнтр. Сямнаццаць гадоў таму там працаваў па размеркаванні малады спецыяліст з Мінска. Якія праблемы? Вось табе і сайт раённай газеты. Вось тэлефоны. Ледзь утрымаў сябе, каб не набраць нумар, сам з сябе пасмяяўся — то ж рабочыя, зараз вечар.
Маці правяла сябровак, зайшла спытаць, як мае справы.
— Норм, мам! А як ты?
— Ды таксама ўсё добра. Пасядзелі вось, паўспаміналі. Нат не верыцца, што час так праляцеў. Некалі былі дзяўчынкамі.
— Мам, слухай, ты ў параўнанні з імі маладзейшая на дзесяць гадоў!
Маці ўсміхнулася неяк сумнавата, уздыхнула.
— Жанчыну не гады робяць старой. Таццяна, якая поўная. У яе дыябет, жыве на ўколах. Пасля родаў другога дзіцяці хварэла. Лячылі гарманальнымі пігулкамі, яе і разнесла страшэнна. І скінуць вагу не змагла потым, нешта там парушылася. Яна зычлівая, вясёлая і добрая. А Хрысціна. Двойчы была замужам, не магла зацяжарыць. Па дактарах ездзіла. Па манастырах і цэрквах, у паломніцтве была. Кажуць, усё добра, а дзіця займець не можа. Гэта яе і забівала. Зараз адна. Вось так.
Укладваўся спаць і думаў: колькі яшчэ разоў, колькі будзе выпадкаў наперадзе, калі я зноў лахануся так, што будзе пячы сорам за дурныя думкі?
Назаўтра заняткі цягнуліся як ніколі марудна. Я ёрзаў за сталом, нават Уладзя пацікавіўся: чаго мяне сёння носіць? Сам ён быў задаволены, нібы ўзяў незвычайна цяжкае і вырашальнае пытанне ў сваёй гульні — набраўся рашучасці, спытаў у Настачкі пра падарунак. Дарэчы, прызнаўся: пытаўся так, як я яго вучыў. Настачка, казаў, засаромелася напачатку, але папрасіла форму для выпечкі кексаў, нейкую адмысловую, мяккую, але тэмпературу трымае...
У сталоўку я зноў не пайшоў, падняўся на трэці паверх — ён самы пусты падчас вялікага перапынку, знайшоў зацішак, зрабіў выклік на нумар, які ўчора забіў у тэлефон.
— Слухаем вас! — адказаў прыемны жаночы голас.
— Раённая газета «Новы шлях»?
— Так.
— Выбачайце, калі ласка. Ці магу я даведацца пра імя аднаго былога вашага работніка?
— Работніка былога? Выбачайце, але хто вы? — насцярожыўся голас.
— Мой бацька. моцна захварэў. Ён меў сябра, журналіста. Яны разам вучыліся, потым іх шляхі разышліся. Яго сябра па размеркаванні з Мінску працаваў у вашай газеце. Бацька хоча яго знайсці, але цяпер. ён не памятае шмат, забыўся і імя свайго сябра.
Я фантазіраваў на хаду і сам дзівіўся той лёгкасці, з якой стваралася мая «легенда», бо ўчора нават не задумляўся над тым, што мяне могуць адразу, як на той мяжы, спыніць пытаннем: «А ты хто такі?» Мабыць, прыдумаў я добра, казаў пераканаўча, бо на тым канцы пацяплела:
— Разумею, разумею. Але ж выбачайце, калі ваш бацька. То колькі гадоў таму было?
— Шаснаццаць-сямнаццаць.
— О, на жаль, наўрад ці мы вам дапаможам. Сёння ў нас няма ніводнага чалавека ў рэдакцыі, хто б працаваў гэтулькі, тут вялікая цякучка, людзі мяняюцца. І штогод у нас бываюць адзін ці два выпускнікі ўніверсітэтаў, якія адпрацоўваюць сваё размеркаванне і знікаюць. Бухгалтэрыя таксама не дапаможа, бо дакументы здадзеныя ў архіў, мяркую. Месяц таму звольніўся наш найстарэйшы карэспандэнт. Я магу даць вам яго тэлефон, ён, можа, успомніць тыя гады. Аднак тэлефануйце яму зранку, бо да вечара ён. можа быць на падпітку, — шчыра прызналася жанчына.
— Дайце, калі ласка, тэлефон.
Я запісаў нумар і нейкі час разгублена глядзеў у акно. Вось жа насамрэч, калі там тыя выпускнікі мяняюцца як пальчаткі, хто будзе памятаць некага асабліва? Але вырашыў патэлефанаваць адразу ж на дадзены мне нумар.
— Віктар Леанідавіч? Дзень добры!
— Ну, хай будзе добры твой дзень, дружа, — амаль што праспяваў мне ў адказ мужчынскі голас. «П'яны», — варухнулася думка, але я вырашыў пытацца цяпер. Якая розніца? — Даруйце за пературбацыю, Віктар Леанідавіч. Шаснаццаць ці сямнаццаць гадоў таму ў вашай рэдакцыі працаваў пасля ўніверсітэта журналіст. Ён з Мінска быў. Такі малады. Ён сябра майго бацькі, я яго шукаю.
— Дык зразумелая справа, што той журналіст быў малады! А як яго клікалі?
— Не ведаю імя.
— О, дружа, дык ты ведаеш, колькіх маладых я пабачыў на сваім вяку? Сто! Вось, дакладна, калі палічыць — сто! Яны прыходзілі і сыходзілі, як першы снег увосень — рабілі с..., а ты потым прыбірай.
— Тады даруйце, — вырашыў я завяршаць размову, бо добрага фіналу тут не прадбачылася. Потым вырашу, што рабіць далей. Яшчэ ж універсітэт ёсць. Там павінны недзе захоўвацца даныя.
— Не, хлопча, куды ж ты бяжыш, калі я табе яшчэ ніяк не дапамог? Ты не спяшайся, тут каб падумаць. Ведаеш, з гадамі. з гадамі ўсе мінулыя гады робяцца падобнымі адзін на другі. От спытай, што я рабіў пяць гадоў таму, — не адкажу! Бо рабіў адно і тое: рэпартаж, артыкул, нататка. І на тыя ж тэмы! Тут пасеялі, тут узаралі, а там ужо жнуць. Так, дружа. От я ўспамінаю, што хлопцаў да нас прыходзіла і няшмат, нешта дзеўкі паперліся ў журналістыку, але, я табе скажу, некаторыя пішуць. пішуць зубаста! Канечне, няма грунтоўнага мужчынскага падыходу, бо жанчына будзе жанчынай. Ага, значыць, хлопцаў у нас было небагата, але якраз дзесяць-пятнаццаць гадоў таму яны і прыходзілі. От каб твой сябра быў нечым адметны. Мо ён руды? Ці кучаравы? Мо ростам у два метры? Такі адзін быў — аловак у руцэ хаваўся. Але не ўмеў пісаць. дык твой знаёмы які?
Я выдыхнуў з палёгкай — урэшце скончыўся гэты маналог-разважанне, можна задаць пытанне ды выбачацца і адключацца — зараз грошай на рахунку не застанецца.
— Ён. ён пісаў вершы! — згадаў я дэталь з аповеду Ядвісі.
— О, дык гэта важкая дэталь! Важкая! І я ўспомніў! Быў такі! І ён гады тры таму прыязджаў у наш раён, завітаў да нас, сапраўдны паэт! Падараваў мне кнігу вершаў.
— А як яго імя?
— Не трэба перапыняць старэйшых, дружа, ты збіваеш мяне з думкі. Ён падараваў мне кнігу сваіх вершаў, казаў, кніга ў яго ці не трэцяя, вось як. Сам ездзіў у нейкую вёску. яе зараз ужо і няма, у нас многа вёсак знікла, што ж, невялічкія, не перспектыўныя. Людзі хочуць жыць з выгодамі, от ты б хацеў жыць у вёсцы, дзе ні газу, ні крамы, ні школы? От. А кніжку я згубіў. Вяртаўся з працы, сустрэў сябра, пасядзелі ў парку, у нас стары, прыгажэнны парк. Дамоў прыйшоў — кніжкі няма. А то б я табе сказаў імя, абавязкова сказаў. А так — не памятаю, ніякая памяць, ніякая. І назвы кніжкі не помню. Ніякая памяць.
— Дзякуй вам! Усяго найлепшага! — і я адключыўся.
Ледзь дачакаўся канца заняткаў, падганяў Уладзю, як ішлі дахаты. Муляла папытацца ў яго: як лепш шукаць, але раптам перадумаў: потым падключу сябра, пакуль сам. Пашукаю ў сеціве, павінны ж быць нейкія Вікіпедыі, усіх паэтаў, якія падыходзяць па ўзросце. Пачытаю біяграфіі. Не можа быць, каб не было напісана, дзе які распачынаў сваю працоўную дзейнасць!
Крадком спадзяваўся на халяву: раптам па запыце «пачынаў сваю працоўную дзейнасць у раённай газеце «Новы шлях» выскачыць нейкае імя. Не праскочыла халява. Мяняў словы ў запыце — нічога не дапамагло. Што ж, пачаў складаць спіс.
За два дні я назбіраў каля трох дзясяткаў паэтаў патрэбнага мне года нараджэння. Яшчэ дзень вышукваў біяграфіі тых, у каго заставаліся цьмяныя плямы ў пачатку працоўнай дзейнасці. Ні адзін не падышоў. Але ж заставаўся яшчэ ўніверсітэт, хоць цяпер, пасля званка ў рэдакцыю раёнкі, аптымізм мой зменшыўся : прыеду, што і дзе мне пытаць? І на якой падставе нехта пачне клапаціцца? Лягчэй жа проста сказаць: «Не можам» і паказаць на дзверы, хто будзе марнаваць свой час на патрэбу вучню?
Кволая надзея неспадзявана варухнулася падчас урока літаратуры. Наша Яўгенія Львоўна прыйшла з навіной: з Новага года пачнецца конкурс «Спроба пяра», дык каб усе ахвотныя пісалі вершы і апавяданні. І надта ж прасіла не падвесці яе. Наколькі я ведаў, літаратурным талентам у нашым класе ніхто пахваліцца не мог. Настаўніца заахвочвала нас магчымасцю раскрыцца і творча расці — як, да прыкладу, Алеся Трында з паралельнага класа. Яна ўдзельнічае ўжо колькі гадоў, яе вершы нават друкаваў рэспубліканскі часопіс і маладзёжная газета.