«Наша сонейка заходзіць!» — крык ляцеў да небакраю,
Нібы гром, і ўсюды чуўся над майданам горкі плач.
І калі мінулі горад і пад'ехалі да мора,
Дзе Прыдон калісьці бачыў сонца-дзевы светлы твар,
З воч абодвух паліліся слёз гарачыя азёры,
І пра след царэўны мілай расказаў журботны цар:
«Два матросы чарнатварых на чаўне прывезлі дзіва,
Чый прыгожы твар і вочы мільганулі з-за шатра.
Я, схапіўшы меч, памчаўся ў бойку з вартай. Палахліва
Уцяклі яны, і хутка човен знік за небакрай».
Абняліся цар і віцязь у хвіліну развітання
І зліліся ў пацалунку, нібы з родным братам брат,
Апаліў агонь пякучы, болем сэрцы іх параніў.
Доўга цар Прыдон, самотны, пазіраў на далягляд.
АЎТАНДЗІЛ ЕДЗЕ НА ПОШУКІ НЕСТАН-ДАРАДЖАН
Быццам месяц яснатвары, ехаў віцязь дзень каторы,
Захаваўшы ў думках-марах вобраз любай Цінацін.
Ён казаў: «О свет пракляты, ты праклаў між намі горы,
І цяпер ад ран балючых ты збавіцель мой адзін!
Тром сябрам ты сэрцы паліш недарэчнаю разлукай,
З трох надзей стварыць ты хочаш тры каменныя скалы.
Толькі трох стралой не ўразіш, з аднаго пусціўшы лука!
Без вачэй маёй каханай бачу, свет, твой позірк злы!»
Ехаў віцязь каля мора, з ім чатыры праважатых;
Скрозь шукаў для Тарыэля ён гаючы той бальзам,
Без якога ўдзень і ўночы сам ён слёзы ліў за брата;
Свет лічыў ён то пустэчай, то з саломай папалам.
Сотню дзён ён так праехаў; ён пытаўся ўсіх і ўсюды,
Ці не бачыў выпадкова сонца-дзеву хто хоць раз.
Раптам бачыць: каля мора сталі людзі і вярблюды,—
Караван, відаць, спыніўся на спачын у гэты час.
Назіраў здалёку віцязь: людзі падалі ад смагі,
Як відаць, дарогай доўгай змардаваныя былі.
Ён бліжэй да іх пад'ехаў, запытаўся ў іх з павагай:
Хто яны, з якога роду і з якой прыйшлі зямлі?
Старшынёю каравана быў Усам, старэйшы з роду,
Адказаў на прывітанне ён з пашанай і хвалой;
Ён сказаў: «О сонца свету, ззяй на радасць нам і згоду!
Падыдзі бліжэй, паслухай ты аб нашай долі злой».
Аўтандзіл з каня саскочыў. Слухаў: «Мы купцы з Багдада.
Магаметавай мы веры, не ўжываем мы віна.
Да цара марскога едзем, нам заўсёды людзі рады;
Больш прадаць крамніны добрай — мэта нашая адна.
Раптам бачым: на ўзбярэжжы чалавек ад ран канае.
Прывялі яго ў прытомнасць, запыталі, хто ён сам?
Расказаў усё, нябога, і бяда ў яго якая:
«Не хадзіце ў мора, людзі,— вас пагібель стрэне там.
Я з Егіпта плыў па моры ў чужаземныя краіны,
Вёз тавар туды адменны: дываны, парчу, шаўкі.
Патапілі нас піраты, ледзь і сам я не загінуў,
Каб не вы, сканаў бы пэўна. Хай міне вас лёс такі!»
Вось прычына, леў і сонца, што сабе не знойдзем рады,
Бо назад вярнуцца — станем жабракамі мы тады;
Паплывём па моры — самі аддамо жыццё піратам,—
Вось стаім мы і гадаем, як пазбавіцца бяды!»
«У бядзе,— сказаў ім віцязь,— сум — дарадчык вельмі дрэнны;
Не ўдавалася нікому волю неба абмінуць.
Ваша кроў не будзе ліцца, ў тым зарука — меч адменны;
Хвалі мора супастатаў назаўсёды праглынуць!»
Тут купцы павесялелі, усхваляючы героя:
«Калі віцязь будзе з намі — не спужае нас разбой!»
Пагрузіліся на судна і дарогаю марскою
Паплылі, і ўслед каціўся хваляў пеністы прыбой.
Добра ўсё ішло да часу, за кармой міналі мілі,
Аўтандзіл іх вёў спакойна, смела гледзячы ў прасцяг.
Карабель пірацкі раптам, сцяг узняўшы к небасхілу,
Свой таран на іх нацэліў, перарэзваючы шлях.
Галас трубны, крыкі, гоман у паветры залуналі;
Між купцоў спалох падняўся, кожны кляў учынак свой.
Віцязь крыкнуў: «Страх адкіньце! Або я загіну ў хвалях,
Або ворага сустрэне смерць у бездані марской!
Калі неба не захоча — дык мяне не ўзяць і раццю;
А захоча — дык загіну я ад першага кап'я;
Ні сябры, ні камні вежы не ўратуюць ад напасці.
Цвёрдым будзе той, хто гэта разумее так, як я!
Бачу я: зусім не здатны род купецкі ваш да бою,
Дык хавайцеся ад страху вы ў зацішныя куткі!
Карабель залью дарэшты я варожаю крывёю,—
Мне памогуць гнеў ільвіны, сіла мужнае рукі!»
Ён ускочыў тыграм дзікім, на сябе надзеў кальчугу,
Доўбню ўзяў адной рукою, а другою — востры меч;
На карме ён стаў без страху, азірнуўшыся наўкруга,—