Ён, як месяц ясны ў небе, па чужых краях вандруе
На падораным табою шпарканогім вараным.
Быццам звер, людзей баіцца, з вольнай-воляю сябруе.
Гора мне, што помню брата! Гора той, што сэрцам з ім!
Разам з ім пазнаў я гора. Разам слёзы ліў дарэмна.
Бедаваў яго бядою і гарэў яго агнём.
Мора, сушу я аб'ехаў — не знайшоў яго царэўну,
А вярнуўся — апынуўся ў разладзе я з царом.
Зноў прасіўся я ў дарогу — не дазволіў цар мне строгі.
Я пакінуў двор і войска, сам жа цёмнай ноччу збег.
І цяпер шукаю шчасця дзеля друга дарагога,
Я лячу чужыя раны, а наношу іх сабе.
Ён сказаў мне, што братэрства вас навекі спалучыла.
Я знайшоў цябе, як сонца, зіхаціш ты прада мной.
Дай параду, як знайсці мне тую, што ярчэй Свяціла,
Што, як бачыш — сэрца ў шчасці, страціш — меркне позірк твой».
Расказаў Прыдон, што ведаў, пра нябогу Тарыэля.
Плач іх быў, як песні гукі, працінаў душу наскрозь.
Сэрцы біліся суладна, вочы роспаччу гарэлі,
Ружы шчок раса заслала, дыяменты ззялі слёз.
Тут і світа зарыдала і ўзняла ўгору рукі,
Тыя шчокі раздзіралі, тыя — вопратку ў шматкі.
Плакаў цар Прыдон, згадаўшы сем гадоў цяжкой разлукі:
«О жыццё! Падман і звада — вось на чым стаіш вякі!»
Марна клікаў Тарыэля: «Дзе мне ўзяць хвалення словы?
Ты змяняеш поступ сонца, ты спыняеш рух планет,
Ты — вяшчун людскога шчасця, ты — вачэй прамень агнёвы,
Ты — сузор'яў зіхатлівых непазнаны вечны свет!
Хто разлучаны з табою, для таго жыццё няміла.
Хоць пачуць мяне не можаш, я з табою ўсё адно.
Ты цярпець разлуку можаш, мне ж яна марнуе сілы.
Што за сэнс у існаванні — жыць без радасці зямной?»
І, закончыўшы размову, да сябе паклікаў госця,
Разам з ім і світу знатных, да бяседы хто ахвоч.
Аўтандзіл здзіўляў сустрэчных незвычайнай прыгажосцю,
Слаўся лёгкі цень ад веек на азёры яркіх воч.
Перад ім адкрыўся горад, дзе стаяў палац багаты
І ахоўваў уваходы рабалепных служак рад.
Сустракалі іх лісліва царадворцы ў пышных шатах,—
Быў красою Аўтандзіла любавацца кожны рад.
Аўтандзіл з царом Прыдонам — на пачэсным месцы побач,
Сто асоб вяльможных селі з імі разам за сталом.
І бяседа пачалася. Вока лашчылі аздобы:
Жэмчуг, лал, агат і ружа — ўсё блішчэла і цвіло.
Баль гудзеў, звінелі кубкі, хмелем пеніліся віны.
Аўтандзіла частавалі, нібы царскую радню.
Шмат разоў мянялі стравы. Госця погляд сакаліны
Асляпляў усіх прысутных, сам падобны да агню.
Баль цягнуўся да паўночы. Раніцою Аўтандзіла
Павялі ў басейн, памылі, разадзелі ў пышны ўбор,
За які сто тысяч драхмаў, і ніяк не менш, плацілі,
Дарагі надзелі пояс. Быў уражан царскі двор.
Многа часу прамінула. Хоць трывожыў сум па дому,
Ездзіў ён на паляванне, час у гульнях марнаваў.
Свой паказваў спрыт і ўмельства, не дасяжныя нікому,
І стральбой сваёй удалай лепшых лучнікаў здзіўляў.
Ён адважыўся нарэшце і сказаў цару Прыдону:
«Не крыўдуй, скажу я шчыра, цяжка будзе без цябе.
Толькі болей заставацца не магу, душа ў палоне,
Кліча цяжкая дарога, гор надвоблачны хрыбет.
Будзе мне цяжкой разлука, заставацца ж тут няможна,
Ад цяжкіх згрызот сумлення залівае чырвань твар.
Кожным днём затрымкі мэту аддаляе спадарожнік.
Пакажы мне месца, дзе ты ўбачыў сонца хараства».
Цар яму ў адказ: «Не будзе мая воля перашкодай,
Калі ты параніў сэрца мукі палкае кап'ём.
Бог няхай табе паможа абмінуць усе прыгоды,
Без цябе ж асірацее сэрца беднае маё.
Не дазволю, каб застаўся ты ў дарозе адзінокі,
Дам табе я слуг адданых, каб не траціў сіл дарма,
Дам табе каня і мула, каб адолець шлях далёкі,
Хай над ворагам памогуць перамогу атрымаць».
Чатырох найлепшых служак выбраў з чэлядзі надзейнай,
Зброю даў у падарунак: латы, меч і стрэл калчан,
Гарцаў шэсцьдзесят чырвонцаў, скакуна з сядлом адменным,
Мула з коўдрамі ў дадатак для спачынку ў добры час.
Сеў і сам на варанога, каб у доўгі шлях праводзіць,
Як гаворыць даўні звычай, госцю шчасця пажадаць.
Перад горкім развітаннем ён казаў пры ўсім народзе:
«Знікне сонца з небасхілу — што зіма нам можа даць?»
Людзі ў горадзе пачулі: віцязь слаўны ад'язджае,—
Гандляры і люд рамесны папрыходзілі на пляц.