Не паслухаеш мяне ты, што б табе ні гаварыў!
Калі друг з табой не згодзен, сам шукай з ім хуткай згоды,—
Яўным стане ўсё, што ў тайне мы хаваем да пары!
Калі-небудзь зразумееш ты маю цяжкую долю,—
Мне ўсё роўна: быць на месцы ці па свеце вандраваць;
Падначальваюся цалкам я тваёй рашучай волі,
Але доўгую разлуку ці змагу я ўтрываць?»
Так, закончыўшы гаворку, спрытна ўскочылі на коней
І, падбіўшы па дзічыне, павярталіся назад.
Зноў туга скавала сэрцы, вочы слёзны град напоўніў,
Гора з горам сябравала — разлучаўся з братам брат.
Плач і ты, чытач мой добры, хай твае пральюцца слёзы,
Бо не жыць без сэрца сэрцу, што разлучаны навек;
Хто не ведае той мукі, ад якой цьмянее розум,
Калі друга пакідае назаўсёды чалавек?!
Раніцой на коней селі, развіталіся з дзяўчынай,
І няўцешна зарыдалі ўсе ўтраіх у час цяжкі;
Кроў з падраных шчок гарэла, як барвяных сцягаў чырвань;
І ад гора львы шалелі, як падбітыя дзікі.
Паўставалі на світанні, раз астатні абняліся,
Нібы воск, людскія сэрцы растапілі б словы іх.
Як з крынічкі невычэрпнай, слёзы долу паліліся,
Стогн з грудзей, абдымкам злітых, працінаў балюча слых.
Разлучыліся нарэшце. Валасы ад гора рвалі.
Рушыў з іх адзін у горы, у шырокі стэп другі;
І адзін другога доўга ўсё здалёку аклікалі,
І ад смутку сонца нават села дзесьці ў трыснягі.
АЎТАНДЗІЛ ЕДЗЕ ДА ПРЫДОНА
Ты навошта, свет падступны, прымушаеш нас круціцца?
Хто табе, як я, паверыў, будзе вечна наракаць.
Ты адкуль, куды нас гоніш, загадаеш дзе спыніцца?
Абароніць занядбаных толькі боская рука.
Віцязь скаргі слаў да неба, голас рэхам слаўся ў полі:
«Па-ранейшаму я плачу, слёзы разам з кроўю лью.
Мне цяжкой была сустрэча, а разлука яшчэ болей:
Між сабой не роўны людзі, кожны мару тчэ сваю».
І Асмат каля пячоры галасіла ўсё бясконца:
«О героі-львы, загіну я, самотная, без вас!
Вы жыццё мне асвятлялі, як цяпер мне жыць без сонца?
Гора мне! Жыццё — пакута! Надышоў мой горкі час!»
Цэлы дзень былі ў дарозе аж да самага змяркання
І спыніліся ля мора неразлучныя сябры.
Юных душ агонь нязгасны словы поўніў хваляваннем —
Не хацелі разлучацца, доўга плакалі наўзрыд.
Аўтандзіл сказаў сабрату: «Перасохла слёз крыніца!
Збег чаму ты ад Прыдона на падораным кані?
Пакажы мне шлях-дарогу да Прыдонавай граніцы,—
След знайду тваёй каханай — запалю надзей агні!»
Тарыэль сказаў ахвотна, як праехаць да Прыдона,
Хоць вялікі смутак вочы засцілаў, нібы туман:
«Ты на ўсход трымай кірунак каля мора па адхону,
Перадай паклон сардэчны, як у той прыбудзеш стан».
І, падстрэліўшы казулю, ля кастра вячэраць селі:
Елі столькі, колькі можа ў горы есці чалавек.
Спаць ляглі пад дрэвам пышным, што лістотай шалясцела,
То скупы, то вельмі шчодры пракліналі хітры век.
Адцвіла і звяла ружа, нахіліўся стан таполі,
Слёзы, што на дол ліліся, звер вылізваў ненаедны,
У грудзях смылеў няспынна смагі вечнае агонь.
Цінаціну ўспамінаў ён, троп згубіўшы свой бясследна,
Праз пялёсткі вуснаў алых перлы вабілі яго.
Стаў блакітным лал чырвоны, бляск крышталю цьмяным
Але ён трымаўся моцна, адхіліўшы смерці волю:
«Мусіць з цемрай пагадзіцца той, хто сонца не ўтрымаў».
І звярнуўся ён да сонца: «Ты падобна да каханай.
Долу, горам вы абое шчодра дорыце святло.
Я, сагрэты вашым ззяннем, вам малюся несціхана,
Дык чаму ж вы ў змрок схавалі ад мяне сваё чало?
Пакідае ненадоўга сонца нас парой зімовай.
Я ж пакінуў сам два сонцы — на зямлі і ў вышыні.
Як магу пакут не зведаць, я ж не камень шматвяковы?
Нож, лязом крануўшы рану, можа толькі боль чыніць».
Зноў ён сонцу шле малітву, цяжкай змораны дарогай:
«Ты ўладар над цэлым светам, ты мацнейшага мацней!
Ты малых узвысіць можаш, ашчаслівіць можаш многіх,
Ноч спаліўшы дня праменнем,— к Цінацін вярні мяне.
О Зуал, планета жалю! Будзь бязлітасны і строгі.
Ахіні мне сэрца цемрай, апусці ў спрадвечны змрок!
Мук паклажаю, як мула, нагрузі мяне ў дарогу,
Але ёй скажы — на вернасць не парушу я зарок!
О Муштар, заступнік праўды, валадар зямлі і неба!
Сэрца з сэрцам б'юцца ў спрэчцы — рассудзі ты мудра іх.