Не паддайся звадам пекла — не карай, каго не трэба,
Не парань таго, хто раны даўняй боль не загаіў.
О Марых, адважны воін, ты кап'ём пратні мне грудзі
І крывёй маёй гарачай шчодра акрапі зямлю.
Толькі ёй скажы, малю я, без яе жыцця не будзе,—
Бачыш сам, якія мукі ў адзіноце я цярплю.
Аспіроз, кахання зорка! Апякла мяне пажарам
Тая, хто дзівосны жэмчуг апранула ў яркі лал.
Род жаночы надзяляеш ты красы дзівосным дарам,
Каб, ад палу ашалелы, я табе праклёны слаў.
Атарыд, блукання зорка! Нас адна злучыла доля:
Ты гарыш ад жару сонца, я ў агні яго знямог.
Вось атрамант — мае слёзы, апішы маю нядолю,
Хай пяром мой стан паслужыць, што станчэў, нібы трыснёг.
Дай мне літасць, месяц ясны, стаў падобны да цябе я,—
То, як ты, я сонца повен, то без сонца ў змрок лячу.
Раскажы маёй каханай, як ад палу я гібею,
Што да смерці яе вобраз прада мною ўваччу».
Сем планет — жывыя сведкі — паўтараюць палу голас:
Атарыд, Муштар і Сонца, і Зуал у зорны час,
Аспіроз, Марых і Месяц, апусціўшы вочы долу,
Клічуць: «Дзева, я згараю, апаліў душу адчай!»
І сказаў ён сэрцу ціха: «Ты стамілася празмерна,
Але, прагнучы да смерці, станеш сябрам сатане.
Ну а той — чорнавалосай, як дакажаш сваю вернасць?
Лёгка моцным быць у шчасці — ў горы будзь скалы
Мацней!
Не, жыццё я не пакіну, хоць грызуць душу сумненні.
Я пабачу дзеву-сонца — сэрца беднае, не плач!»
Заспяваў скрозь слёзы песню — гімн салодкім летуценням.
Перад песняй той салоўка выглядаў бы, як пугач.
І звяры на голас дзіўны з гушчароў выходзіць сталі,
Нават доннае каменне павыходзіла з вады:
Ўсе, кранутыя той песняй, разам з віцязем рыдалі.
Аўтандзіл спяваў і ехаў, сам не знаючы куды.
АЎТАНДЗІЛ ПРЫЕХАЎ ДА НУРАДЗІН-ПРЫДОНА
Ехаў віцязь каля мора, тыдняў з дзесяць можа будзе;
Раптам судна ён убачыў, што да берагу плыве.
Пачакаўшы, запытаўся ў мараплаўцаў: «Скуль вы, людзі?
Як завецца ваша царства? Хто ваш цар і дзе жыве?»
Адказалі: «Слаўны віцязь! Ты прыгож і станам стройны!
Пакарыў ты нас адразу, рады мы табе служыць.
Там — мяжуюць з намі туркі, тут — зямля цара Прыдона.
Расказаць пра ўсё гатовы — ўсіх ты нас заваражыў.
Нурадзін-Прыдон мудрэйшы там сядзіць на пышным троне.
Віцязь шчодры і бясстрашны, дзе знайсці такіх яшчэ?
Параўнацца з ім не можа нават самы лепшы коннік.
Сыпле ён праменне сонца з агнявых сваіх вачэй».
«О браты! — сказаў ім віцязь.— Вельмі рад сустрэчы гэтай.
Да цара Прыдона еду я з далёкай стараны.
Колькі дзён, якой дарогай дабірацца мне да мэты?»
Паказаць кірунак шляху разам з ім пайшлі яны.
«Так ісці — ў Мульгазанзары трапіш ты,— яму сказалі.—
Там жыве наш цар адважны — уладар мяча і стрэл.
Дзесяць дзён туды дарогі, о падобны бляску лала!
Кожны з нас шчаслівы будзе, што ясноту сонца стрэў».
«Ах, браты,— сказаў ім віцязь,— што з мяне цяпер дзівіцца?
Там цвісці не можа ружа, дзе зіма цярусіць снег.
Паглядзелі б на яе вы, калі сонцам заіскрыцца,
Калі ўсё сваёй красою ўсміхаецца вясне».
Развітаўшыся, павольна віцязь рушыў зноў у далеч,
Сам падобны да чынары, а душой цвярдзей, чым сталь.
А з нарцысаў-воч сцякалі слёз дзівосныя крышталі:
Пра былое ўспамінаў ён, нахіліўшы ў смутку стан.
Ён здзіўляў усіх сустрэчных, захапляў усю акругу,
Кожны рад быў любавацца ім і зблізку і здаля.
Не хацелі расставацца, шчасця зычылі, як другу,
Часта йшлі павадырамі паказаць далёкі шлях.
Вось нарэшце паказаўся перад ім Мульгазанзары.
Бачыць ён: імчацца коні, паляўнічы трубіць рог,
Гулкім тупатам і крыкам скрозь напоўнены абшары,
І звяры ляцяць дадолу, як падкошаны мурог.
Аўтандзіл спытаў кагосьці: «Што такое, ў чым тут справа?
Што за гоман тут вясёлы, для чаго сабраўся люд?»
Той сказаў: «Наладзіў сёння паляванне і забавы
Уладар Мульгазанзары — цар Прыдон са світай тут».
Смела ён да войска рушыў, што відаць было з узгорка.
Каб героя добра ўславіць, слоў не хопіць у мяне.
З ім сустрэча — ўсмешка сонца, з ім разлука — смутак горкі,
Хто красу яго пабачыў — ад здзіўлення той нямеў.
Раптам над зямлёй высока залунаў арол драпежны.
Віцязь лук схапіў — і ў момант, як падкошаны стралой,