Литмир - Электронная Библиотека

I пайшлі інструкцыі, наказы берлінцам: як арганізавацца, каб таксама «выстаяць». Цыркуляр Гімлера № 40/10. Гімлер падрабязна пералічвае мерапрыемствы, якія, на яго i Гітлераву думку, праводзіліся ў Ленінградзе. Досыць старанна пералічылі ўсё, пра што ведалі. I нават «дух ленінградцаў» — тое, што ў разлік браць не хацелі, калі душылі Ленінград пятлёй голаду, блакады. Праўда, убачылі, нагадалі толькі адно: «Нянавісць насельніцтва стварыла найважнейшую сілу абароны».

Так, пра нянавісць да сябе фашысты самі добра паклапаціліся — чаго-чаго, а гэтага хапала ва ўсёй Еўропе i ва ўсім свеце! Ды толькі не ёю адною ўзгадаваны быў i трымаўся «дух ленінградцаў».

Чым больш мы слухалі саміх ленінградцаў, вывучалі дакументы, чыталі дзённікі, тым больш нам адкрывалася адна з апор таго самага «духу ленінградцаў», на якім трымаўсм горад, бо трымаўся сам чалавек. Што Ленінград — адзін з самых культурных гарадоў у свеце, хто пра гэта не ведае. Што гэта горад-інтэлігент i паводле культурных традыцыіі, і паводле насычанасці музеямі, бібліятэкамі, навуковымі ўстановамі, a галоўнае — па абліччы гараджан, па ix узаемаадносінах i адносінах да тых, хто ў Ленінград прыязджае, — таксама даўно лічыцца агульнавядомым. Рабочы клас у гэтым горадзе заўсёды славіўся не толькі тэхнічнай, але i агульнай культурай.

Усё гэта так, i ўсё, аказваецца, мае не толькі непасрэдныя адносіны да легендарнай стойкасці ленінградцаў у часе блакады, але i можа тлумачыць шматлікія канкрэтныя сітуацыі i лёсы, з якімі мы сутыкаліся ў часе працы над «Блакаднай кнігай». Вось тыя ж «паўсядзённыя запіскі» блакадніка Г. А. Князева ці дзённікі Юры Рабінкіна: як дакладна яны дакументуюць рух чалавека, калі голад ужо здольны адабраць, сапраўды «зжэрці» i сілы, i волю, i сумленне, i саму здольнасць супраціўляцца пагібелі. Фізічных, біялагічных калорыяў не стае, каб не памерці, а тым больш каб заставацца ранейшым чалавекам — кім ты быў заўсёды, але нешта ўсё роўна чалавека падтрымлівае, не дазваляе пераступіць «за рысу», дзе распад усяго, «маральная дыстрафія». I гэтае нешта — можа, якраз i ёсць тое, што не было ўлічана ў фашысцкім Берліне, хоць яны там усё астатняе (і досыць дакладна) падлічылі i вылічылі: колькі магло пратрымацца ў лютыя маразы чатырохмільённае насельніцтва Ленінграда, калі ў горадзе няма значных запасаў прадуктаў, паліва, не дзейнічае каналізацыя, няма вады…

Ленінград блакадны сказаў свету многае: i пра нечалавечае аблічча фашызму, які абраў голад сваім хаўруснікам, сродкам тэрору супраць мірнага насельніцтва, i пра тое, што можа вытрымаць i на што здольны наш народ, калі ён змагаецца за сваю i ўсяго чалавецтва будучыню.

Тое, што нам, аўтарам «Блакаднай кнігі», адкрылася праз доўгую працу, што нам Ленінград адкрыў i што мы хацелі сваёй кнігай таксама давесці,— гэта думка, перакананне, што інтэлігентнасць, унутраная культура — сіла, а не слабасць чалавека. Што праца розуму, духу, напрыклад, выратавала Г. А. Князева, a сіла любові дапамагла Лідзіі Ахапкінай (i не адной ёй) выжыць i выратаваць дзяцей — калі ўжо нішто іншае дапамагчы ім не магло. Адзін з раздзелаў другой часткі «Блакаднай кнігі» мы спачатку назвалі «Хлопчык-інтэлігент». Вы, мабыць, здагадваецеся, што мы мелі на ўвазе Юру Рабінкіна.

Дык вось, звышмэта кнігі, якая неабходна, каб быў не проста помнік мінуламу, перажытаму, але i жывы кантакт з праблемамі сучаснасці, звышідэя «Блакаднай кнігі» адкрылася нам i для нас сфармулявалася іменна так, у гэтых словах: інтэлігентнасць, унутраная культура — сіла, а не слабасць чалавека. А таму, можа, у гэтым кірунку больш паслядоўна i настойліва трэба шукаць шляхоў i сродкаў для развязвання многіх глабальных праблем, якія іншымі сродкамі развязаць не ўдаецца. (Дарэчы, на гэта зарыентавана i палітыка разрадкі, якую мы адстойваем, i якраз супраць гэтага зноў i зноў кідаюцца прыхільнікі «голай сілы».)

…Памятаю той дзень… Я ўсё прыязджаў у Ленінград — улетку i ўзімку, увосень i ўвесну, — я ўжо знаёмы быў з сотнямі жыхароў горада, якія ніколі не бачылі адзін аднаго. Данііл Аляксандравіч пазнаёміў мяне з куткамі i месцамі горада, звязанымі не толькі з жыццём Дастаеўскага, Пушкіна, Лермантава i інш., але i з жыццёвым лёсам ix герояў (ведаю нават той камень, пад які Радзівон Раскольнікаў схаваў грошы, рэчы забітай ім старой). У мяне ўжо былі свае ўспаміны аб уласным жыцці ў гэтым горадзе. Але ўсё яшчэ не было адчування, што горад прыняў мяне — разам з тымі мільёнамі, якія яго па-асабліваму любяць. Любяць як нешта адзінае i непаўторнае на зямлі i ў той жа час ведаюць, што i самі належаць гораду. А мае да яго — Пецярбурга, Петраграда, Ленінграда — такія пачуцці з'явіліся, пачыналіся не сёння i не ўчора, а недзе на дзесятым годзе жыцця — з першых, не радкоў нават, а як бы акордаў Пушкіна: «Па берегу пустынных волн…»

I вось той момант, калі ўсё перамянілася. (Вядома, ва мне самім гэта адбылося, але здалося, што гэта горад глянуў i раптам мяне заўважыў, i я нават голас пачуў — рэхам моцным ва мне загучаў.) Гэта быў ужо 1978 год. Мы ўжо надрукавалі першыя раздзелы «Блакаднай кнігі». Сотні пісьмаў блакаднікаў, якіх мы самі не знайшлі, цяпер праз «Новый мир» шукалі нас Каб нешта дадаць, нешта сваё сказаць ці проста добрым словам аддзячыць Даніілу Граніну i яго сааўтару з Беларусі. Я зноў прыехаў у Ленінград, напрадвесні, пабыў на Краснапуцілаўскай, на сваёй кватэры, якая была замест гасцініцы, i, як заўсёды, да метро пайшоў міма помніка блакаднаму Ленінграду. У гэты дзень i помнік быў нейкі не той, як заўсёды: раптам быццам закалыхаліся, ажылі ў вясновым паветры нерэальна выцягнутыя тонкія постаці жанчын, салдат, рабочых, дзяцей — як праз замутнёную свядомасць не тваю, а самога блакадніка… Даехаў да Неўскага i ўздоўж Мойкі, а пасля праз гарбаты мосцік каля дома Пушкіна выйшаў да Зімняга — Эрмітажа, праз Дварцовы мост перайшоў на другі бераг Нявы, дзе універсітэт, Архіў Акадэміі навук — адсюль пачаў лічыць крокі. Колькі прыблізна метраў ад Архіва да дома, абвешанага чорнымі мемарыяльнымі дошкамі, у якім жыў, куды i адкуль ездзіў на сваім інвалідным «самакаце» Георгій Аляксеевіч Князеў? У нас ужо быў яго дзённік, i мы распачыналі працу над другой часткай «Блакаднай кнігі». А вось i егіпецкія сфінксы над самай Нявой, якія ў дзённіку дырэктара акадэмічнага архіва ўсё больш ажываюць, робяцца амаль галоўнымі яго суразмоўнікамі — па меры таго як жыццё навокал не проста замірае, a вымірае. За шырокай Нявой вялізны купал Сената. Князеву адсюль, з-пад кароткіх дарычаскіх калон яго дома, пасля абстрэлу раптам здалося, што гэта расколаты чэрап!..

Калі я вяртаўся па Дварцовым мосце, сонца ўжо было над Фінскім залівам i, як найчасцей у Ленінградзе, — садзілася ў хмары, на непагоду. З-за разарваных, з сінню i чырванню па краях, воблакаў вырваліся апошнія промні i залілі расплаўленым шклом вокны ўздоўж усяго берага ракі. Людзей ля Эрмітажа нязвычна мала, мост пустынны, i навокал неяк пустынна, хоць яшчэ i не вечар. Вось тут я i пачуў (ці адчуў) тое імгненне. I зразумеў, што не чужы ў гэтым горадзе. Не чужы яму. Быццам глянуў ён у мой бок i нават сказаў: «Ну што ж, калі ўжо так…»

Закончу цытатай з надрукаванай у «Новом мире» другой часткі «Блакаднай кнігі».

«Масква трымаецца, Ленінград не здаецца!» — як гэта было важна чуць, ведаць у лясах Беларусі… Для нас важна было, што Ленінград не проста стаяў непарушна, а тое, што ён як бы абясцэньваў сілы i самаўпэўненасць ворага. Мы тады не маглі ведаць, якіх намаганняў, чаго гэта каштавала. Важна было, што ён трымаўся — пасля таго як мы на свае вочы бачылі, здавалася, нястрымны пачатак нямецкага маршу на ўсход. Ленінград спыніў гэты марш i паказаў: вось яна, мяжа нямецкай сілы! Яна была акрэслена, гэта мяжа, разгромам нямецкіх армій пад Масквой. Горад на Няве дэманстраваў бяссілле ворага, яно цягнулася праз годы, гэтае кашмарнае для Гітлера бяссілле зрабіць хоць бы адзін крок наперад.

58
{"b":"599003","o":1}