Литмир - Электронная Библиотека

Справа, за едка-сінім покрывам сухога тарфянога дыму мы ўбачылі далёкія прысадзістыя (напэўна, сад?) дрэвы i некалькі стрэх… I дарога відаць — туды, адтуль. Па ёй, па гэтай дарозе, прыйшлі немцы. Вось i сляды: тут i на конях ехалі. Хутка, зараз мы ix убачым, а яны — нас! Тарфянікі тлеюць, блакітны дым з'ядае далеч: стрэхі i дрэвы растаюць, плывуць. Вецер адтуль, i нас зноў душыць кашаль, перашкаджае, збівае з нагі.

Мы ix убачылі каля асядланых наўючаных коней i адразу кінуліся да ix: чэргі аўтаматныя спляліся, рэзка ўдарылі вінтоўкі! Людзі ў зялёным сталі ўскокваць з зямлі, адстрэльвацца. Коні, параненыя ці забітыя, вельмі ціха апускаюцца на зямлю. Спачатку на калені, потым кладуцца. Стаіць, нібы чакае, i раптам, як рабізна на вадзе, задрыжыць ад крыжа да шыі i падае на заднія, на пярэднія ногі…

Мы пагналі абозных немцаў у бок вялікага бою, услед яму. Яны раз'юшана адстрэльваюцца, i нам зноў i зноў даводзіцца падаць i ўставаць, паўзці, страляць.

Цяпер лазняк, невялікі гэты лес, нібы акальцаваны стралянінай. I гэты кальцавы бой марудна кружыць. Немцы адцяснілі, цясняць Касача, а мы цяснім ix. Косця-начштаба зноў паслаў сувязнога: зняць тых, што пакінуты ў канаве, каб адводзілі, неслі нашых параненых.

Што адбывалася i як гэта атрымлівалася (як на малюнку: круг, «кальцавы» бой!) добра відаць адсюль, здалёку — з аўтобуса, з памяці. Тады ж было толькі адчуванне непрадбачанасці, дзіўнасці таго, што адбываецца, i нават немагчымасці. Бадай, у такое i не паверыў бы, калі б не з намі гэта адбывалася.

Вось, здаецца, тое месца, дзе нас сустрэў ланцуг немцаў з кулямётамі. Зямля, торф тлеюць, усюды стрэляныя гільзы, іржавыя плямы крыві, чырвона-белыя бінты, шматкі адзення. Але забітых не відаць. Касач забраў нашых. I немцы таксама забралі сваіх.

Ляжаць засталіся на месцы трупы ўласаўцаў. Але ix зноў патрывожылі. Усе яны без рамянёў i падсумкаў, a адзін i без ботаў.

Трэба б спыніцца i дачакацца сваіх параненых (з той канавы), трэба хутчэй бегчы, каб дагнаць асноўных немцаў, якія цясняць Касача. Але чакаць — няма калі, i сіл ужо не застаецца — бегчы. Мы то рвёмся бегчы, то валачомся, задыхаючыся ад едкага чаду, кашлю.

Сонца — як чырвоная круглая ніша ў брудным, чорным, зменлівым ад дыму i воблакаў небе.

Кола бою кружыць вакол лесу, не здольнае разарвацца: ні мы, ні немцы не адважваемся кінуцца ўбок, дзе гараць тарфянікі, ці адысці па дарозе, адкрываючы сябе кулямётам. Аўтаматныя чэргі там, дзе немцы i Касач, гучаць усё радзей. Ужо не бой, a нібы папераджальнае рыканне. Гэта на супрацьлеглым баку круглага лесу. Хто каго зараз гоніць, хто адыходзіць, хто ззаду, а хто спераду? А сонца, вялікае, чырвонае на дымным неспакойным небе — быццам распаленае, накіраванае на людзей жэрла…

Вось зноў тая канава, дзе мы пакідалі сваіх параненых. Косця-начштаба загадаў затрымацца, чакаць. Залеглі на ўсякі выпадак. Чакаем сваіх, але хто з'явіцца на самай справе? Ад чаду, ад млоснасці кружыцца галава, вочы зусім раз'ела дымам, а тут яшчэ i кашаль гоніць слёзы. Тыя, у каго вочы лепшыя, ужо бачаць нашых: ужо гавораць, абмяркоўваюць, пасмейваюцца нават. Гэта заўжды забаўна назіраць збоку, як знаёмыя людзі ідуць з асцярогай, з аглядкай, «на пальчыках». А я бачу толькі свае слёзы — вясёлкавае нешта, гарачае ад болю. Потым i для мяне нешта цёмнае замітусілася, з'явілася. Наперадзе ідуць дазорныя, a ўслед, па тры, па чатыры, — з насілкамі. Шмат ix у нас, параненых, хлопцы зусім выбіліся з сіл; пашарэлыя, мокрыя, апусцілі, паставілі на зямлю насілкі i лаюць нас:

— Уцякаеце, чэрці! Ад каго, ад нас?

Параненыя цяжка маўчаць, трывожна ўслухоўваюцца ў стральбу. Толькі тыя, хто страціў прытомнасць, нешта гавораць, гавораць. Просяць вады. Нам усім нясцерпна хочацца піць. А ад ix сухога, з гарачкі шэпту — яшчэ больш…

Але ў некаторых параненых вочы, погляд непраўдападобна спакойныя, засяроджаныя. Гэта — тыя, хто памірае. Яны памруць незалежна ад таго, як скончыцца гэты дзіўны, неверагодны бой. Калі смерць прыйшла да чалавека, ён застаецца адзін. Колькі б i хто б ні быў побач. (Я бачыў аднойчы, як паміраў у лесе пажылы партызан. Каля яго стаялі два сыны, таксама партызаны, i старая. I ўсе мы, хто быў паблізу, падышлі да калёсаў, на якіх ён ляжаў. Чалавек, не чуючы ўжо сваіх ран, увесь белы ад бінтоў, глядзеў на нас ясным позіркам, але так, нібы нас i няма тут, i толькі ён i яшчэ нешта нам не бачнае. Старая ціха пахіствалася над ім, трымаючыся дзвюма рукамі за калёсы, a калі позірк канаючага аддаляўся, яна пачынала нараспеў гаварыць, галасіць:

— Ціхан, я плачу, бачыш, i дзеці плачуць, Ціхан, i твае таварышы тут, Ціхан, ты чуеш, мы плачам!..

Жанчына так наіўна, але i так зразумела спрабавала разарваць страшнае адзіноцтва смерці — адзіноцтва апошніх імгненняў чалавека. Мяне нехта пераконваў, што апошняя абавязковая слязінка мёртвага (пра яе i Касач гаварыў — пра апошнюю, пра вымаражаную) — гэта слязінка адзіноцтва, страшнай пакінутасці кожнага перад тварам смерці.)

Касач са сваімі зараз павінен з'явіцца. Калі толькі ўсё так, як нам уяўляецца, — калі яны сапраўды па крузе ідуць i адразу ўслед за намі. Косця рашыў чакаць, i мы, падрыхтаваўшыся да бою, глядзім, хто зараз з'явіцца.

З намі чацвёра забітых, ix паклалі збоку, але таксама на насілках. Ператасаваліся мы, i зараз ужо я каля насілак, мне несці.

Я пастараўся стаць так, каб несці не забітага, не мёртвага. Хадзіць па гэтым сляпым крузе, ды яшчэ з нябожчыкам на руках! Жывы лягчэйшы — гэта праверана: не так прыцягвае да зямлі…

— Глядзі, a ідуць як, адразу відаць касачоўцаў!

— I Касач, ды ён паранены! Бачыш, забінтавана плячо.

— Не Касач гэта. Ага, быццам…

— Спыніліся, заўважылі. Аб'явіцца, паклікаць трэба, а то яшчэ бой пачнуць. Таварыш начштаба!

— Ага, баішся касачоўцаў!

— Вер ім!

Нашы, некалькі чалавек, усталі, выйшлі з канавы, махаюць рукамі, сігналяць, паднімаючы i апускаючы вінтоўкі.

Трое дазорных патапталіся на месцы, таксама паказалі зброяй пароль i, ужо весялейшыя, рушылі да нас. З-за кустоўя выцягваецца ўвесь ланцуг касачоўцаў: пярэднія з вінтоўкамі, з аўтаматамі ў руках; у тых, што ідуць услед, купкамі (па чатыры, па шэсць чалавек), знаёмы нам выгляд людзей, якія нязручна, стомлена нясуць раненых, забітых. Мы, моўчкі i ўголас, лічым — колькі насілак. Так, той, у каго забінтавана правае плячо — Касач. Ён без курткі, у адной гімнасцёрцы i без знаёмай фуражкі. Аўтамат пад левай рукой.

Косця пайшоў яму насустрач, потым спыніўся, стаў чакаць.

I вось мы ідзём усе разам, i ўсе забітыя, раненыя з намі.

— Тут раўней, камандзір, тут ужо сцяжынку прабілі,— пачуў я, як Косця-начштаба сказаў Касачу.

А той адгукнуўся, коратка засмяяўшыся:

— Вось так, Косця, следу чалавечаму будзеш рады!

I загадаў:

— Пастраляй, начштаба, адгукніся. Чуеш, пытаюць? (Немцы на другім баку лесу час ад часу страляюць.) Мы дык свае дыскі разбазарылі. I скажы, каб падзяліліся патронамі.

— Патронамі? — Косця недаверліва ўсміхнуўся.

— Нічога, загадай.

Косця скіраваў у бок кустоў аўтамат, даў чаргу, другую. Немцы адгукнуліся адразу ж. Цэлым залпам чэргаў. Рады, што мы ёсць? Ці — што мы не блізка, далека?

I зноў — як меціна на крузе — трупы коней. А два кані мірна ходзяць каля самых тарфяных гор. Узмахваюць галовамі, пераходзяць з месца на месца — дым, гар ix мучаць.

— Праваляцца ў агонь, — гаворыць барадаты, у гадах, партызан з перабітай нагой, якога мы нясём на коўдры. Ён натужна выцягвае галаву, выглядвае са свайго нязручнага гамака.

— Зараз збегаю, завярну, — сярдзіта адзываецца Вядзмедзь, учапіўшыся ў коўдру, у цяжкую ношу збялелымі пальцамі.

Пот есць яму вочы, залівае шкло акуляраў. Нізкаму Вядзмедзю асабліва блага: яму прыходзіцца не трымаць свой рог коўдры, a ўвесь час паднімаць, цягнуць яго ўверх.

— Ірвануў бы я па гэтай дарозе, адкуль немцы прыйшлі. Колькі можна так хадзіць? — скардзіцца Вядзмедзь.

Мы ўчатырох нясём свайго параненага. Трымаць за paгi коўдры прыходзіцца дзвюма рукамі, a вінтоўку таксама за спіну не закінеш, патрэбна пад рукой. Вінтоўка перашкаджае, б'е па каленях. I кожнаму здаецца, што сусед не так трымае, не так ідзе. I не тое, не так гаворыць.

45
{"b":"599003","o":1}