Литмир - Электронная Библиотека

Але наперадзе лес, сапраўдны, жывы, i хутка скончыцца гэтая агідная, мяккая, чорная, задымленая падушка, узыдзем, станем на сапраўдную зямлю: такое адчуванне, што наогул вернемся аднекуль на зямлю.

Параненыя ззаду. Ацалелыя карнікі ідуць з намі, з баявой групай, — усё яшчэ абараняе ix i скоўвае нас наша невыносная нянавісць.

Дазорныя падыходзілі ўжо да лесу, калі гахнулі першыя міны: перад намі, збоку, ззаду…

Усе заляглі, каб мінулі гэтыя няпэўныя першыя хвіліны бою, такога нечаканага. Зямля ўздрыгвае мякка, як жывая, a чорныя лапіны выбухаў адразу ж пачынаюць суха тлець, дыміцца.

Дзіўна, што ні кулямёты, ні аўтаматы не б'юць, адны толькі міны намацваюць нас. Адкуль жа нас накрылі?

Каманды ўсё няма, гэта ўсіх нервуе. Толькі б не сарваліся, не пабеглі! Вось ужо нехта ўскочыў, бяжыць. I яшчэ два ці тры. Нічога горш за гэта не бывае! Бягуць направа, да тарфяных куч, якія, калі ляжыш, з зямлі ўяўляюцца спінамі дапатопных звяругаў, затоеных, цёплых — паветра над імі дрыжыць, струменіць…

Пачуліся раптам стрэлы, чарга аўтаматная — адзін упаў, а тры пабеглі яшчэ хутчэй, сагнуўшыся, улукаткі. Гэта ж палонныя разбягаюцца! Карнікі!

Здалося спачатку, што яго мінай накрыла — самага першага. Слуп іскраў на тым месцы, дзе ён толькі што быў. I адразу ж знік, як праваліўся, яшчэ адзін, што бег апошнім. Ды гэта ж яны правальваюцца ў торф! У працятую жарам распаленую зямлю!..

Той, што быў пасярэдзіне, замёр на месцы, потым закруціўся, i мы пачулі, як ён — не закрычаў — завыў у нечалавечым жаху…

— Першая рота застаецца тут, першая рота! — крычыць Косця-начштаба, бегучы перад намі. I адразу ж гучны голас Касача, што прарываецца з-за выбухаў:

— Другая рота! Другая рота, за мной!

Ён бяжыць да кустоў, не азіраючыся.

Вось яно, тое імгненне, калі ўсё, што было, ёсць i будзе, зазірае ў вочы табе: «Гатовы?» Не прапусціць яго, не страціць!..

Я ўскокваю i бягу за Касачом, за Пераходам, за тымі, хто наперадзе мяне. Людзі ўздымаюцда з-пад выбухаў i бягуць на нябачнага ворага. Мяккая, спружыністая зямля, як жывая, дапамагае нам бегчы: яна нібы нахіляе нас наперад — мы нясёмся ў нізінку, паўз лазняк. Злева — няпэўны ў дыме, у блакітным чадзе, зломаны тарфянымі горамі гарызонт; справа — гэты зялёны, густы, як сцяна, лазняк. А наперадзе, недзе за краем лазняку — нябачныя яшчэ ворагі, якія нас закідваюць мінамі. На многіх тварах, разгарачаных ці стомлена шэрых, — недаверлівая i трывожная цікаўнасць да таго, што мы зараз робім. Мы бяжым, а не залеглі, не чакаем, калі немцы адкрыюць сябе, калі яны з'явяцца, не стараемся хоць выявіць, дзе яны i колькі ix, адкуль яны нас абстрэльваюць. Замест гэтага мы бяжым туды, дзе нас чакае, магчыма, засада або пастка. Але ж мы робім гэта, хоць i самі здзіўлены, а наш бег такі злосны, безаглядны — i на тварах нашых, у цяжкім дыханні, у бязгучным мільганні ног, у напружаных плячах, шыях, у разведзеных локцях — ва ўсім пераконанасць, што вось зараз мы навалімся, зломім ворага, які не чакаў, што так усляпую, рызыкоўна мы кінемся наперад.

Грузна, цяжка спераду ўсіх бяжыць Пераход-старэйшы. У яго бясформеннай i, як камень, шэрай ад брызенту спіне, у набычанай галаве, у густым дыханні — адно: дабегчы, дабрацца, нарэшце, вызваліцца ад самога сябе — невыносна злога, бяссільнага перад сваім закамянелым гневам.

Мы аббягаем гэты без канца i краю лазняк, i ўсё няма тых, да каго мы імкнёмся дарвацца.

I тут убачылі: дзве мінамётныя трубы, нахіленыя ў наш бок, стаяць каля кустоў. Пырснула аўтаматная чарга — гэта Касач. Мае вочы, заслоненыя болем, таксама выхапілі нешта мільгнуўшае спераду — я, не цэлячыся, стрэліў туды. Стрэлы ўдараюць, ірвуць паветра — ззаду, збоку. Здаецца, адзін Пераход бяжыць, не падымаючы аўтамат, не страляючы.

Кусты выраўняліся сцяной, i вось яны — пяцёра ці шасцёра ўцекачоў! Яны так паспешліва i бездапаможна спрабуюць забегчы за няблізкі край лазняку, асабліва адзін з ix, які адстаў, тоўсты, з адвіслым задам нямецкіх салдацкіх штаноў, што нам раптам робіцца жорстка весела. I самае недарэчнае: ад едкага гapy, ад беганіны i яны i мы — кашляем. Бяжым, на хаду стукаюць паспешлівыя стрэлы, вось-вось пачнуць падаць забітыя, а яны, а мы не можам стрымацца ад самага простага — ад надрыўнага, апрыклага кашлю.

Яны чамусьці не кідаюцца ў кусты, усё бягуць перад намі, бачаць, напэўна, толькі край лазняку, які ix схавае ад нас, ад нашых стрэлаў. Чым бліжэй гэты край, тым хутчэйшая i больш паспешлівая стральба. I вось ужо, нібы развалілася нешта, па адным падаюць: направа, назад, налева. Два ўсё-ткі заскочылі за лазняк. А самы апошні з уцекачоў, старанны, нязграбны таўсцель, нібы адчуўшы, што цяпер за ім адным пагоня, яшчэ паспявае азірнуцца: вочы, перакрыўлены рот чалавека, які бачыць сваю смерць…

Касач прастрачыў па ім i таксама азірнуўся — папераджальна, строга, каб не затрымліваліся каля забітых. Пераход бяжыць, не зважаючы на тых, хто ўпаў. Тыя, хто яму патрэбны, — наперадзе, жывыя, яму патрэбны жывыя, жывыя…

I вось яны зноў астатнія два. Спачатку мы ix пачулі: ix надрыўны кашаль, як слабае рэха, адгукаецца на наш, у дзесятак глотак, кашаль. Зноў роўна пайшоў лазняк, i зноў яны перад намі — адкрытыя, асуджаныя. Азіраюцца.

Адзін адразу ж упусціў з рук вінтоўку i нарэшце нырнуў, уламаўся ў кустоўе. A другі ўсё бяжыць, хоць відаць, што сам ён адчувае, разумее, што гэта яго апошнія крокі.

Пераход перакрэсліў яго пагардліва-кароткай чаргой i пабег далей, нават не зірнуў на забітага. Не, параненага. Паранены заварушыўся i, не ўздымаючы твару, папоўз нам насустрач. A рукі, акрываўленыя пальцы, якія ён нібы разглядвае пільна, так дзіка падобныя на гусіныя лапы… Ён прапоўз i замёр за тры крокі ад мяне, пагадзіўся, што забіты!..

А мы бяжым следам за Пераходам, Касачом, аблітыя потам, i ніяк не можам вызваліцца ад недарэчнага кашлю, бяжым, нібы дакладна ведаем, што не гэтыя — галоўныя, што галоўнае — наперадзе.

— Уласаўцы, сволачы! — крыкнуў нехта пра забітых. Я азірнуўся i ўбачыў, як партызан, на міг затрымаўшыся, перавярнуў цела забітага i вырваў з-за пояса ў яго доўгую гранату. I сапраўды ж, вінтоўкі ў ix не нямецкія! Ды i мундзіры нібы жаўцейшыя…

Мы не спыняемся, бяжым далей, пакідаючы выбітую не намі сцяжынку лявей: яна пайшла з-пад ног у задымленыя тарфяныя далечы.

I тут мы ўбачылі: з-за лазняку нам насустрач выбеглі людзі ў зялёным, нямецкім. У касках, з аўтаматамі! I адначасова з лазовага гушчару вырваўся, вываліўся назад нядаўна знікшы ў ім уласавец i пабег насустрач немцам, перад намі. I ён, i мы нясёмся, як з гары i нібы над вострымі каменнямі: разумееш, як бывае ў сне, што трэба спыніцца, пакуль яшчэ не позна, але ўжо не маеш сілы зрабіць гэта, не можаш i нават баішся: пакуль бяжыш — усё існуе, доўжыцца, як толькі спынішся — пацягне цябе, пакоцішся па вострых каменнях, абліваючы ix крывёю…

Рыпнула аўтаматная чарга, наша, не наша, яшчэ i яшчэ. Немцаў выбегла з-за кустоў дзесяць, не больш, а мы адкрыты ўсе, уся сотня, калі не паўтары. I нешта неадольнае ёсць у гэтай нашай злой i цяжкай імклівасці (мы гэта самi адчуваем, разумеем: нібы бачым сябе!), таму што немцы, замест таго каб залегчы i расстрэльваць нас, кінуліся туды, сюды i раптам, павярнуўшыся таропкімі спінамі да нашых стрэлаў, пабеглі.

Я міжволі азірнуўся — на нас, на нашу сілу, якая так падзейнічала, так змяла гэтых немцаў. Мне i радасна i страшна. Гнаць ix, гнаць!.. Гэта нядоўгія, хуткія хвіліны (ты гэта разумееш, ведаеш), таму што надыдзе міг, калі скончыцца i гэтая пашня па спружыністай тарфяной зямлі, i гэтае пачуццё. Наш разгон будзе працягвацца, але ўжо як у скінутага з гары: па вострых, па ловячых цябе, тваё цела каменнях!..

Пераход усё бяжыць наперадзе. Астатніх я адчуваю — побач, ззаду, а яго бачу: вочы мае балюча ўчапіліся, трымаюцца за яго, як за нешта самае галоўнае i апошняе, што засталося ад мяне на ўсёй зямлі. Я міжволі паўтараю яго рухі (ці то на самай справе, ці толькі ў думках, толькі ў глыбіні сваіх мышцаў), усё больш зліваючыся з гэтым цяжкім, вялізным чалавекам, закаваным у бясформенны, каменнага колеру брызент.

43
{"b":"599003","o":1}