Литмир - Электронная Библиотека

Прыводжу колькасны вынік расстрэлу. Расстраляны 705 чалавек, з ix мужчын — 203, жанчын — 372, дзяцей — 130.

…Пры правядзенні аперацыі ў Борках выдаткавана: вінтовачных патронаў — 786 шт., патронаў для аўтаматаў — 2496 шт.

Страт у роце не было. Адзін вахмістр з падазрэннем на жаўтуху адпраўлены ў шпіталь у Брэст».

Мюлер

Падпісана: обер-лейтэнант, выконваючы абавязкі камандзіра роты.

«Рота атрымала заданне знішчыць размешчаную на паўночны ўсход ад Макран вёску Забалоцце i расстраляць насельніцтва. Да роты былі прыкамандзіраваны: узвод Фрона з 9-й роты i 10 чал. бронеаўтамабільнага падраздзялення 10 палка. 22 верасня 1942 г. каля 18 гадз. 00 мін. 1, 2 i 3 узводы на сваіх машынах былі каля заходняга выхаду з Макран i злучыліся там з падраздзяленнямі, прысланымі для падмацавання. Пасля кароткага растлумачэння абстаноўкі i размеркавання сіл у 23 гадз. 00 мін. рота выступіла ў напрамку Забалоцця… 23 верасня 1942 г. каля 02 гадз. 00 мін. рота падышла да першых, паасобных двароў Забалоцця. У той час як галоўныя сілы рушылі далей у глыб вёскі да тэрыторыі ачаплення, асобныя двары былі акружаны выдзеленай для гэтага камандай i жыхары выведзены з дамоў. Такім чынам, яшчэ да ўступлення ў вёску было затрымана каля 25 мужчын i жанчын. Старасту, які жыў на хутары, загадана было ў 5 гадз. 30 мін. быць у камандзіра роты, які знаходзіўся каля ўвахода ў вёску. К гэтаму часу ўсё знешняе ачапленне было праведзена без асаблівых здарэнняў.

Усё насельніцтва пад кіраўніцтвам старасты было сагнана ў школу, а адна каманда адразу ж адправілася на выселкі за 7 км ад вёскі, каб забраць жыхароў… Усе жыхары былі падзелены на 3 групы i расстраляны на месцы пакарання…

Вынікі аперацыі наступныя: расстраляна 289 чалавек, спалены 151 двор, узята 700 галоў рагатай жывёлы, 400 свіней, 400 авечак i 70 коней…»

Капітан Пельс.

«На світанні стараста ў Барысаўцы{2} сабраў усё насельніцтва. Пасля праверкі насельніцтва пры садзеянні паліцыі бяспекі з Дзівіна 5 сямей былі пераселены ў Дзівін. Астатнія былі расстраляны асоба выдзеленай камандай i пахаваны за 500 м на паўночны ўсход ад Барысаўкі. Усяго было расстраляна 169 чал., з ix: 49 мужчын, 97 жанчын i 23 дзіцяці… Усяго было знішчана: у самім населеным пункце — 12 вясковых двароў i 8 гумнаў, па-за вёскай — 67 хутароў.

Прысуды аб расстрэле былі выкананы толькі апоўдні к 1 гадзіне дня, з-за падрыхтоўкі (капанне магіл).

…Пакаранне было праведзена планамерна i без асаблівых здарэнняў, калі не лічыць адной спробы ўцёкаў. Большасць жыхароў вёскі захоўвала прысутнасць духу, ішла насустрач лёсу, які поўнасцю заслужыла i які па прычыне ix нячыстага сумлення не з'яўляўся для ix нечаканасцю».

Капітан Каспер.

…Нас штурхаюць, адціскаюць кудысьці да калодзежа, а ззаду, каля палаючага свірна, гулка б'юць кулямёты, але нават яны не заглушаюць чалавечага крыку.

Нешта са мной робіцца, я ўсё цягнуся, незразумела i шалёна, да адкрытай машыны, дзе нерухомая старэчая спіна i гладкая, голеная галава майго ворага i дзе ўсё кідаецца, гойсаецца, грымаснічаючы i дражнячы, белавокая малпа з пацучыным i тоўстым хвастом. Паліцай мяне штурхае, але ён i сам быццам загіпнатызаваны. Я ўжо амаль дабраўся да машыны, калі яна раптам сарвалася з месца i памчала. Што я хацеў рабіць i што я мог, не ведаю. Магчыма, цягнула мяне да яго нясцерпная патрэба глянуць i помсліва запомніць. I ўбачыць, што закрывае сваім хвастатым задам, хаваючы i клічучы паглядзець, ашалелая малпа.

Не ведаю чаму, але гэта ў маёй памяці наслойвасцца на тое, як у Луўры, у зале сярэдневяковых надмагільных помнікаў я заглядваў у твары каменных бабуль-манашак, што нясуць мёртвага рыцара. (Я ўсё ездзіў, усё глядзеў, назапашваў нешта, як бы ведаючы, што хутка застануся сам-насам з цемрай.) Рыцар каменна выцягнуўся ўздоўж доўгага мяча з дзяржаннем-крыжам, падэшвамі ног ён кранаецца льва, пакорліва маленькага, а чорныя манашкі па-жывому сагнуты пад цяжарам мёртвага цела, i твары іхнія схаваны ў глыбокіх раструбах капюшонаў.

Нясцерпна цягне нахіліцца i глянуць пад чорныя капюшоны, усё здаецца, што там нямыя задаволеныя грымасы смеху.

Я не ведаю, што закрывала, хавала сутулая спіна майго ворага, пакорліва схіленая пад неспакойнай малпай, i якая грымаса была на яго твары, калі легкавушка скранулася, паехала. Усё тое ж: жорсткая, халодная цікаўнасць? Упэўненасць чарговага пераможцы, што так i назаўжды застанецца: «яны» — пад намі, «мы» — над імі? I самая кароценькая, але i жывучая наркатычная ідэя, што сiла — гэта i ёсць права, мэта, справядлівасць. I абавязкова — грымаса людаедскай пагарды да «некультурнасці» ахвяры, аблічча якой скажона нечалавечай пакутай!

Думаю толькі, што ён ад'язджаў ад ахопленай полымем i жудасным галашэннем будыніны без думкі, што ўжо сёння ўсё пераменіцца. I сонца яшчэ не схаваецца, як усё яму здасца другім i будзе другім.

…— Фларыян Пятровіч, я вось слухаю вас заўсёды… A нядаўна Іосіфа Камінскага ў кіно бачыў, ён расказваў, як нішчылі ix вёску, Хатынь. I вось думаю, як людзі паклёпнічаюць на жывёл! «Жывёльныя інстынкты», тое ды сёе… Добра ж, каб якраз жывёльныя! Я ў гэтым годзе амаль месяц пражыў у Белавежскай пушчы. Як проста, я сказаў бы, маральнымі сродкамі зубр i нават дзік сцвярджаюць першынство над сваімі. Нават самы крыважэрны звер рэдка, хіба што выпадкова, заб'е суродзіча. Ва ўсякім разе барацьба з прадстаўнікамі аднаго віду ў ix не набывае знішчальнага характару. Гэта i ёсць інстынкт самы жывёльны — захаванне віду! Вось пішуць, i не надакучыць ім пра адно i тое ж! (Бокій пастукаў далонню па ліпкай скуры партфеля.) Маўляў, прырода вінаватая, што чалавек агрэсіўны, што жорсткі да людзей. Калі i ёсць віна маці-прыроды, дык толькі тая, што занадта далёка адпусціла яго ад сябе. I чалавек занадта вызваліўся ад яе — амаль страціў асноўны інстынкт, так, той самы жывёльны інстынкт захавання віду!

— Вось-вось, калега! А далей пачынаецца «другая прырода» — культура. I пытанне цяпер — якая яна. Наколькі гуманная, чалавечная i чалавечая. Ну, а фашызм — гэта паклёп на прыроду чалавечую i на культуру яго. Самы злосны ў гісторыі паклёп!

— А сама гісторыя — таксама паклёп? Войны, інквізіцыі, крыжовыя паходы, варфаламееўскія i ўсякія іншыя «ночы», смярдзючыя «розы», незлічоныя ацілы, тамерланы, багдыханы, што натхнёна ўпрыгожваюць планету манументамі з мільёнаў чалавечых чарапоў?!

— I ўсё ж фашызм — гэта паклёп на чалавека. Нават дагістарычны наш «прашчур» у звярынай скуры, Нават ён не заслугоўвае такой абразы — быць продкам фашыста. Не, вы добра ўявіце яго сабе, нашага беднага «прашчура»: без клыкоў i хуткіх ног, i зусім не асілак сярод звяроў, аблыселы ад намаганняў выжыць! Адзіная смяротная істота, такая адзінокая ў свеце: ніхто ж, акрамя яе, не ўсведамляе, не ведае, што ёсць смерць! Добра, калі ад звера памёр, на паляванні загінуў. А калі без прычыны, гэта значыць ад хваробы? Як тут не жахнуцца, не ўбачыць у гэтым чараўніцтва? Жывёльнае пачуццё бессмяротнасці сутыкалася з чалавечым вопытам, усведамленнем, што смерць можа цябе дастаць. Дастаць бессмяротнага? Не інакш, як чараўніцтва нечае! Памёр «наш» — шукай суседа-«чараўніка» i забі! I не помста гэта нават, a прафілактыка — тагачасная медыцына. Ён не люты, не злы, ён расчульвае, гэты наш продак, сваёй дзіцячай бездапаможнасцю перад клыкастым i незразумелым светам…

— Ну вось бачыце, ужо тады чалавечая свядомасць разышлася, як нажніцы, з інстынктам захавання віду. Свядомасць абмежавала гэты інстынкт, звузіла да маштабу племені: іншае племя — ужо не «мы», можаш забіць, можаш зжэрці! Ну, а калі чужога «чараўніка» можна забіць, чаму ж, калі да яго далёка, но пашукаць бліжэй, сярод суродзічаў? Так нават хутчэй i зручней. «Шукай чараўніка! Шукай не нашага!» — хіба не гэтым просценькім спосабам, Фларыян Пятровіч, дзейнічалі маніпулятары ўсіх часоў i народаў? I атрымлівалася, заўважце, спраўна. «Мы» — арыйцы, «мы» — белыя, «мы» — каляровыя, у «нас» — самы-самы, «мы», «мы», «мы!»

вернуться

2

Маларыцкі раён.

34
{"b":"599003","o":1}