Не ведаю, ці пачулі там, ці што, але забягае адзін. «Уставай!» Пачакаў, пастаяў. Потым гранату кінуў — пад печ. A ўжо дым, ужо глінабітку паляць, аблілі нечым. Столь над намі гарыць, агонь трашчыць. Нe забілі яны нас, дык яшчэ горш — жывымі згарым. A дзяўчатак забілі, дык яшчэ i спаляць. Ускочыла я, краваць ля акна стаяла, я раму выламала, заву Жору: «Памажы ж мне выцягнуць ix! Дзяўчатак нашых». Усцягнула меншанькую — ёй куля во сюды, проста ў пераноссе папала, — на краваць яе, на падаконнік i неяк на двор. Потым старшанькую, ёй ужо шаснаццаць было. Подняла — дык яно такое маладое, мяккае!..»
Якаў Сяргеевіч Стрынатка (в. Шалаёўка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):
«У сорак другім, летам гэта было, партызанаў тут не вельмі яшчэ чуваць было. У Борках паліцыя была. А тут немцы раптам акружылі Боркі. Каго на полі ці ў кустах сустрэнуць, не забіваюць, а гоняць перад сабой — у вёску. А я якраз ехаў у Боркі, ячменю абяцалі прадаць. Чэрці мяне пагналі якраз пад гэта! Хацеў назад каня завярнуць — не дазволілі. Не білі, што праўда, то праўда, толькі паказалі, каб ехаў у Боркі. Я пагнаў каня, каб скарэй ад ix, заехаў у двор, там сястра ў мяне была. Яны таксама бачаць, што немцы з усіх бакоў, а чаму, што здарылася, не ведаюць. Дзед хлопцаў боркаўскіх лае за тое, што ноччу да дзевак бегаюць у суседнія вёскі: немцы, можа, падумалі, што да партызанаў! Мы з пляменнікам з хаты выйшлі, дровы сталі пілаваць: не так страшна, калі што-небудзь робіш. Сястра не вытрымала, хацела да суседкі забегчы, а немцы ўжо не пускаюць: «Нахаўз, матка!» Нікога на вуліцы не чапалі, не забівалі, што праўда, то пpaўда. Толькі — «нахаўз», дамоў каб ішлі. Пляменніцу з сяброўкай, каторыя пa вуліцы пайшлі, загналі ў чужую хату. Стаім каля вокан, глядзім, як немцы пa ўсёй вёсцы i пa агародах. А Боркі вялікія, некалькі пасёлкаў… Пляменнік гаворыць маці: «Ану ix, давай нам снедаць!» — «Паедуць, тады i сядзеце, i выпіць ёсць», — кажа маці. А тут i застукала ў двары. Зайшоў з аўтаматам, адразу адштурхнуў сястру маю ад парога i адразу перасек яе. А я як адскочу ад стала, калi пачуў ix у двары, як сеў на краваць, так i сяджу — толькі цёмна-цёмна ў вачах… Пляменнік з-за стала падняўся — немец i яго! Паспеў я яшчэ ўбачыць, як з другой комнаты старога піхалі. Тут ужо i пa мне разанулі — я адкінуўся на краваць. Калі адкрыў вочы зноў — дзед ужо мёртвы ляжыць каля парога, i нешта чаўкае — гэта свінні зайшлі i кроў гаспадароў хлабышчуць…»
Ганна Мікітаўна Сініца (в. Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):
«Зайшлі ў хату і, не гаворачы ні слова, стрэлілі ў маму. Перад гэтым мы чулі: «Пак-пак-пак!» — стралялі ў суседзяў. Мама сказала: «Курэй ловяць». Нават не падумалі, а на вуліцу баяліся выйсці. Хто выйдзе, яны прасілі: «Нахаўз, матка». Як стрэлілі ў маму, яна яшчэ змагла ў нашу комнату забегчы: «Дзеткі!» Я адразу на печ узляцела, i сёстры за мной. Я ля сценкі ляжала, таму i асталася. Адзін на краваць стаў, каб вышэй, i страляў з вінтоўкі. Раз! Зарадзіць i зноў — бах! Сястрычкі i суседка з краю i на мне ляжалі: «Ой!», «Мамачка!» — a кроў на мяне. Потым я чула, як немцы гаварылі, смяяліся. Патэфон быў, дык яны завялі, нашы пласцінкі слухаюць. «Полюшко-поле»… Пайгралі i пайшлі. Я спаўзла з печы, а мел красны, i мама на падлозе, а ў акне гарыць школа, i мы гарым… У той школе яны паліцаяў спалілі. Нас дык хоць забілі, а ix жыўём, з сем'ямі. Чаму паліцаяў? A ліха яго ведае, чаму. У нас сяло вялікае, памятнік там бачылі — 1800 чалавек жыло. Калі немцы акружылі Боркі, дык паліцаям сказалі, каб яны сабралі свае сем'і, толькі сваіх узялі каб i прыйшлі, дзе школа. I каб нікога чужога. Мы чулi як сусед прасіў: «Косцік, скажы, што i мы твае!» А яны ідуць міма нас, як на сваё свята, і не глянуць. А ix там накармілі, вінтоўкі забралі i спалілі жыўцом, з усімі. Нас дык хоць пабілі…»
Таццяна Фёдараўна Краўчонак (в. Брыцалавічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці):
«Сталі яны нас гнаць. З школы ў хлеў калгасны. Спачатку партыямі гналі, а потым сем'ямі. Мяне aпошнюю, я апошняй была. I чацвёра дзетак маіх са мной. Майго старшага дык на самым парозе паклалі. Упала я на ўбітых, i дзеткі са мной. Вось сюды, у шыю мне трапіла. Толькі чула, як немец сеў на мае ногі i страляе з гэтага… аўтамата. Дым такі, чад такі, няможна!.. A калі паднялася, паглядзела на ўсіх, то думаю: «Гэта ўсе будуць уставаць ці адна я?..»
Юліян Рудовіч (в. Доры Валожынскага раёна Мінскай вобласці):
«Сказалі ўсім ісці ў царкву, памаліцца богу, i нас адпусцяць дамоў. У царкве немец падышоў да мяне: «Аддай кіндэр матцы, а сам — вэк». Узяў за каўнер i выкінуў на двор. I усіх, хто не з дзецьмі,— выходзь! I хто кіне дзіця, у царкве кіне — можа выходзіць. Пушчалі, пушчалі, хто кіне… Але ж не кожная маці так можа здзелаць. Ну, мая не кінула, не кінула… Не знаю… Але нехта павінен у жывых астацца, калі так, праўда ці не? Калі так, нехта павінен жыць астацца! А мая не захацела, асталася з малым. Немцы царкву падпалілі, мы ўсе, каторыя на двары, чуем, як людзі там лётаюць. З кулямётаў усіх перарэзалі — агонь толькі…»
Надзея Аляксандраўна Няглюй з былой вёскі Лявішчы, жыве ў Краснай Старонцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці:
«Некалькі разоў яны прыязджалі, але мы, асабліва каторыя партызанскія сем’і, у лесе хаваліся. Тады яны прыехалі i засталіся. Нікога не трогаюць, нічога, сваё ядзяць, а самы іхні галоўны, начальнік іхні з вучыцелькіным сынам у шахматы гуляе. А на плячы ў яго малпа — у штанах, жывая. Ну i сталі некаторыя дадому з лесу прыходзіць. Нe трымаюць i назад адпускаюць, ідзі. А мароз, а адзежа вядома якая да вайны ў людзей была, ну i пацягнуліся дамоў. А яны вечарам палічылі, колькі вакон свеціцца, i — раз! — ужо нікога не выпускаюць з вёскі…»
Яўхіма Баланцэвіч (в. Боркі Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці):
«Ужо ж пайшла мая сястра замужняя i дзяўчынка, i маці адыходзіць, яшчэ дзяўчына была, чатырнаццаць год, зноў браціха з двума хлопчыкамі, аднаму — чатыры, другому — два… Ужо i пагнаў ix, параздзяваў ix. Я гляджу так во, як яны раздзяваюцца. I параздзяваліся i пайшлі туды. Вось так туды, за могілкі. Бо па гэты бок могілак раздзяваў, а той біў людзей, дык не было відно тых рвоў… Бо то могілкі абгароджаны такія былі.
Немцы ў адных сарочках крамных i без шапкі. З пісталетамі. А гарэлку пілі, знаеце, а гарэлку пілі! Па чыкушцы бярэ, з кармана вымае, чыкушку раскалыхае i глытком — адразу… Ен, мусіць, затым, каб смеласць тая была…»
СПРАВАЗДАЧА (7)
Знішчэнне вёскі Боркі з 22.ІХ да 23.ІХ 1942.
«22.9.42. Рота атрымала заданне знішчыць вёску Боркі, размешчаную ў 7 км ад Макран{1}
…Аперацыя праходзіла планамерна, за выключэннем зрухаў пэўных яе этапаў у часе. Асноўная ix прычына была наступная: на карце населены пункт Боркі паказаны як кампактна размешчанае сяло. У сапраўднасці аказалася, што гэта паселішча расцягваецца на 6–7 кіламетраў у даўжыню i шырыню.
Калі на світанні гэта было мною ўстаноўлена, я расшырыў ачапленне з усходняга боку i арганізаваў ахват сяла ў форме клешчаў пры адначасным павелічэнні дыстанцыі паміж пастамі. У выніку мне ўдалося захапіць i даставіць да месца збору ўсіх жыхароў сяла без выключэння. Спрыяльным аказалася тое, што мэта, для якой зганялася насельніцтва, да апошняга моманту была яму невядома. Каманда магільшчыкаў атрымала рыдлёўкі толькі на месцы расстрэлу, дзякуючы чаму насельніцтва аставалася ў няведанні таго, што будзе. Непрыкметна ўстаноўленыя лёгкія кулямёты задушылі ў самым пачатку ўзнятую паніку, калі прагучалі першыя стрэлы з месца экзекуцыі, якое ляжала ў 700 метрах ад сяла. Двое мужчын спрабавалі ўцякаць, але праз некалькі крокаў упалі, скошаныя кулямётным агнём. Расстрэл пачаўся ў 9 гадз. 00 мін. i закончыўся ў 18 гадз. 00 мін. Ён праходзіў без ніякіх ускладненняў, падрыхтаваныя мерапрыемствы аказаліся надзвычай мэтазгоднымі.