У густым ельніку выкапана яма, як робяць гэта салдаты для машын i гармат, з адхонам. Тут жанчына i хавае сваю карову, сюды i заганяе яе цяпер, як бы паказваючы нам, што вось тут яе месца i нідзе болей. А вось i дзеці, дзяўчынкі: адна — у доўгім мужчынскім пінжаку з закасанымі рукавамі, другая — ледзь прыкрытая парванай сукенкай. I хлопчык, нечакана пухнаты, тоўсценькі.
— Што ж у вас пясок жоўты відзён? — папракнуў Рубеж. — Ну-тка, малыя, збірайце мох. Вашу хованку за кіламетр відаць.
— Ой, i праўда! — прывычна спалохалася жанчына. — Мы закрывалі пясок, але бачыце, якія ў мяне работнікі.
Дзяўчаткі тут жа адбегліся рваць мох, а пухнаты хлопчык падышоў i, каб зручней нас было разглядваць, прыпаў спіной да нагі жанчыны.
— Сынок той жанчыны з Убойнага. Дзе мама, Паўлік?
А яна паявілася ўжо з кустоў — жанчына з Убойнага.
— Ідзіце смела, гэта ж партызаны, — сказала гаспадыня каровы.
— Што гэта дзеецца, хлопчыкі, што будзе? — адразу загаварыла хударлявая рабаціністая жанчына, вельмі падобная на такую ж рабаціністую дзяўчынку, што ішла за ёй. Толькі ў дзяўчынкі твар сур'ёзны, строгі, a ў жанчыны ён дзіўна ўсміхаецца.
— Што ў вас было? — спытаў Рубеж.
— Што? Пабілі нас, i ўсё. З хаты ў хату пераходзілі i забівалі,— жанчына сказала гэта неяк вельмі проста, i позірк дзіўны, запытальны.
— Чаго ж чакалі? Хіба не ведалі, што яны робяць?
— Хто i ўцёк, мы вось уцяклі. А то баяліся каторыя: яны праз старасту аб'явілі, што Убойнае не зачэпяць, a Бабровічы паляць таму, што ад ix многа моладзі ў партызанах. А нашых там няма — стараста так сказаў. I каго ў лесе знойдуць, сказалі, расстраляюць. I праўда, спачатку загадалі мужчынам з сякерамі, рыдлёўкамі сабрацца — дарогу рамантаваць. Хто не схаваўся, аб'явіўся, яны тых мужыкоў сабралі i па пляцу пачалі ганяць, у канцы вёскі. З паднятымі рукамі па крузе бегаюць, а пясок, а пясок!.. Хто адстане — б'юць. Мы ў вокны глядзім, што яны робяць з нашымі. А яны гэта, каб змардаваць людзей, бо, вядома, мужчыны, яны супраціўляцца будуць, Гэта каб лягчэй было ў гумно загнаць. Загналі i пачалі хадзіць па хатах. Музыку па вуліцы пусцілі, крычыць музыка, а яны ходзяць, i нейкая страляніна. Хто думае, курэй страляюць, хто што. А я бабам кажу: «Гэта ж яны людзей забіваюць». Мы гэта, сямей дзесяць, сабраліся ў адну хату, как не так страшна. «Забіваюць нас», — кажу я бабам. У акно глядзім, па вуліцы нават людзі ходзяць, нашы вясковыя ходзяць, i ix не страляюць, не чапаюць, a толькі бачым, што паказваюць: ідзіце, маўляў, па хатах. Але нікога не забіваюць на двары. Глядзім у акно, як немцы зайшлі, трое ці чацвёра, у адну хату i столькі не — у хату насупраць, пабылі там i выйшлі, паправілі аўтаматы i зноў да хат ідуць — усё бліжэй да нашай. Падыходзяць да веснічак, глядзяць на нас, а мы з акна — на ix, глядзім i так плачам, так плачам… Не ведаю, што… Ці яны прапусцілі кагосьці, успомнілі i вярнуліся, пайшлі яшчэ па адну душу. Схапіла я дзяцей — i на агарод. Музыка крычыць на вёсцы… (Пухнаты Паўлік падышоў да маткі i прытуліўся цяпер да яе нагі.) Мы за калодзежам, на агародзе, закідала я дзяцей бульбоўнікам, лебядой, прысыпала пяском, а з вуліцы немцы ўсё падыходзяць да калодзежа. Вып'е халоднай вады: «А-ах!» Добра, значыць! Рукі мыюць, плёхаюць вадой, смяюцца. А на мне косы растуць… Не чутно гэтых немцаў стала, тады ён (кранула Паўлікаву галоўку) i яна (зірнула на дзяўчынку ca строгімі вачамі) — яны мне: «Мамо, мамо, уцякайма, мамо, нас не заб'юць!» Гэта ж яны бачаць, што я паміраць ужо сабралася. Бо куды ж тут дзенешся? А яны: не заб'юць нас, i ўсё!
Твар жанчыны безуважны да таго, што яна расказвае. (Затое ўсё — на твары, у вачах дзяўчынкі, што стаіць побач.)
Жанчына нібы сама ў свой расказ не верыць, нібы ў нас пытаецца, што гэта такое ёй прытрызнілася, вінавата i ніякавата ўсміхаецца.
— Ну, папаўзлі мы да калгасных гумнаў, а там ужо гарыць, а немцы кулямі свішчуць, свішчуць… Гэта ж яны там мужчын забіваюць, паляць! А нам усё чуваць, як крычаць, галосяць людзі, а божачка! Гумны, сцены гараць, а мы паміж… Сцяна так, i так, i так… Я дзяцей сабой накрыла, пясок на ногі награбаю, валасы на галаве трашчаць, смаляцца… A Паўлік усё роўна: «Мамо, нас не заб'юць». А дзе тут не заб'юць, калі мы ўжо гарым, i куды нам паўзці, там немец стаіць. Я яго бачу за дымам. Не вытрывала, устала на калені, паднялася — хутчэй няхай заб'е! Што ж, жывым гарэць? I дзеці ўжо ад агню пішчаць, бо гарым. А немец замахаў на дым, сагнуўся i прапаў. Ну i мы папаўзлі, пабеглі з агню, з дыму…
Усмешка на рабаціністым твары жанчыны недарэчная, дзіўная, але нам яна не здаецца вар'яцкай. Проста пагубляліся ўсе меркі: калі чалавек павінен плакаць, калі смяяцца. I ўсё здаецца, чалавек не верыць, што гэта было з ім, магло быць такое, што гэта праўда; у нас пытае, ці праўда.
Як гэта страшна, калі чалавек усміхаецца.
…Сабачы брэх далека аддаецца ў адным i другім канцы вуліцы — вялікая вёска. Узлятае ракета, i тады ўсё пачынае варушыцца: доўгія цені, як рычагі, паварочваюць пуні, хаты, дрэвы. I тут жа, як рып драўлянага вората, кулямётная чарга. Рваныя трасы куль імчаць у поле, нам за спіну. Гэта адбываецца, паўтараецца праз аднолькавыя прамежкі часу, быццам i на самай справе сама запускаецца нейкі механізм. Значыцца, сапраўды тут ёсць немцы. У паліцаяў такой метадычнасці не бывае. Днём мы бачылі, што ў вёсцы стаяць машыны.
Ад расы, ад сырасці плашч робіцца цвёрды, каляны. Я, лежачы, сцягнуў з сябе брызент, падперазаўся папругай з падсумкамі па нямецкім кіцелі, а плашч пакінуў каля грушы-дзічкі, на бульбяным полі. I чамусьці азіраюся на яго, як на некага трэцяга i самага хітрага з нас. Рубеж паўзе па баразне i таксама азіраецца, нібы i яго збівае з панталыку той, трэці. Востры начны пах гарэлага. Падобна, што вёска, дзе мы наважылі разжыцца ядой, не такая цэлая, як здалося нам, калі вывучалі яe днём з лесу. Рубеж тады здорава паказваў, прадстаўляў, як перакладзём, перагрузім сала i каўбасы з паліцэйскіх кублаў у свае ёмістыя мяшкі i як паявімся з усім гэтым на «востраве», а нас сустрэне i будзе радасна суправаджаць дзятва, а Сцёпка-«фокуснік» будзе падскокваць на мыліцы.
Чым чалавек бліжэй да небяспекі, тым ён — пасля нейкага моманту — усё болей неасцярожным робіцца. Так яму здаецца. Во такое адчуванне, што ўжо адбылося непапраўнае, што быў празмерна нязграбны i ўжо быццам бы ўсё роўна, як яно скончыцца, абы толькі хутчэй. Чым глыбей упаўзалі мы ў паліцэйскую вёску, стараючыся трымацца, аднак, убаку ад вынесеных у поле прыбудоў, тым відочней усведамлялася, што робім мы яўнае глупства. Не паспееш кроку ступіць у вёсцы, як падымецца ўвесь гарнізон. Сабакі, праўда, i на ракеты, i на кулямётныя чэргі абзываюцца брэхам. Але які яны вэрхал падымуць, калі пачуюць нас!
Паўзеш па градах, што так: свежа пахнуць кропам, натыкаешся на халодныя лбы гарбузоў, але такое адчуванне, што не паўзеш, а выпростваешся на ўсё поле, як спружына, замацаваная адным канцом далёка ззаду, дзе застаўся плашч. I не ведаеш, куды цябе ў наступны міг — наперад кіне ці шугане назад. Спружына з кожным метрам напінаецца ўсё тужэй i ўсё больш назад цягне. Чапляешся, трымаешся локцямі, каленьмі за мяккую зямлю i на кожным метры дарогі нібы пакідаеш нешта, як плашч пакінуў, выпаўзшы, вылузаўшыся з яго. Ты ўжо па ўсім полі. I ўжо самому незнаёмае, чужое тое, што ўсё яшчэ паўзе наперад, крадзецца да сцен, да вокнаў хаты. Што зробіць у наступны міг чалавек з цяжкой, нагрэтай ад рукі гранатай i з нягеглай, без прыклада, вінтоўкай, якую ён валачэ за сабой?
Стукнулі ў сенцах дзверы, тыя, што ад хаты! Бразгаціць клямка, гучна расчыніліся знадворныя дзверы. Пакуль аглушальна чаргаваліся гэтыя гукі, Рубеж з нечаканай лёгкасцю дабег да вугла хлява i стаў там. Я хутка прапоўз да плота i стаіўся.
А на двары — мужчынскі пракураны кашаль, чалавек смачна плюнуў i пакіраваў да хлява, мільгануўся перада мной белы, у сподняй кашулі.
— Падыдзі, дзядзя!
Няўжо гэта Рубеж гукнуў? Такі голас, рэзкі i іранічны, у Касача.