Литмир - Электронная Библиотека

I тут здарылася! Два ці тры чалавекі з запыленага натоўпу кінуліся да жыта. О, якім пакрыўджаным віскам адказалі на гэта аўчаркі, якім урачыстым! Адны кінуліся, скіроўваючы канваіраў, да жыта, другія — да натоўпу на дарозе. Мы з Рубяжом пераглянуліся. I кожны прачытаў: «Канец, усё!»

Некалькі рэзкіх чэргаў, i цяпер толькі крыкі, брэх. Немцы спусцілі аўчарак i цяпер баяцца падстрэліць ix. Ды i куды дзенуцца ўцекачы з гэтага абкружанага пустым полем жыта? Два немцы забеглі з боку кусцікаў, мы глядзім ім у зялёныя спіны, па-драпежніцку напружаныя. А жыта кіпіць сабачым брэхам, густым рваным хаканнем. Раптоўны, роўны стук — пяць стрэлаў дзесяцізарадкі. Ленінградца нашага вінтоўка? I тут жа екатанне, віск. Мусіць, падстрэлілі аўчарку.

На імгненне ўсё аціхла. Першыя апамяталіся i кінуліся назад да дарогі два немцы, што занадта далёка адбегліся, — што з нашага боку. Але тыя, што былі ля дарогі i каторых многа, рынулі да жыта. I ўсё патанула ў спалоханай страляніне i крыках.

…Калі забітых ты бачыў жывымі, заўважаеш, што наваколле не адразу прымае мёртвага: усё наўкол павінна прывыкнуць да яго прысутнасці. Потым, калі i гадзіна прайшла, і паўдня, а трупы ўсё перад вачамі, яны паступова робяцца як бы часткаю самога наваколля, варожага, трывожнага, — у яго палоне i мы з Рубяжом. Па дарозе ідуць, едуць немцы i «бобікі», а тыя, што ноччу сядзелі ў акопе, усё бегаюць з кацялкамі, i толькі мы з Рубяжом ды забітыя нерухомыя. Глеба Васільевіча i Скарахода немцы павезлі як нечаканы, радасны падарунак, трафей, а перад тым доўга разглядалі трупы. Мёртвых мужчын i, здаецца, адну жанчыну з калоны кінулі ля дарогі, мы ix цяпер бачым, вось ужо дзве гадзіны яны ў нас перад вачамі.

Забілі чалавека, чалавека не стала, i тады паяўляецца вось гэта — нерухома ляжаць на траве. Магчыма, да вечара заб'юць i цябе, i зноў нешта паявіцца ў свеце, i гэтак жа, як ты цяпер, нехта, чыесьці вочы будуць прывыкаць да гэтага.

Рубяжа нечакана кінула ў дрымоту. Толькі паспеў сказаць: «Ты пакуль паглядзі, добра?»— i заснуў тварам да зямлі. Скураная выцертая шапка адкацілася ўбок, паклычаныя саламяныя валасы пераблыталіся з травой. Я ўзнепакоена паглядаю на яго. У соннага, ды яшчэ калі сон заспее нечакана, нешта вельмі мёртвае ў позе. Ужо здаецца, што ляжыць занадта доўга, i ўсё навокал пачынае да гэтага прывыкаць… Хто з нас двух убачыць другога вось такім? Хто раней паявіцца перад вачамі другога? Мне ўсё прыгадваецца з даваеннага фільма пра чалавека-невідзімку: людзі ціхутка падышлі i глядзяць на чысты снег, чакаюць; раптам на ім пачынаюць праступаць сляды чалавека.

Я гатовы ўжо разбудзіць Рубяжа, не хачу бачыць гэтай ягонай позы, баюся яе, як самай апошняй адзіноты на свеце.

Па дарозе зноў ідуць машыны, a калі ля акопа спыняецца танк, я штурхнуў Рубяжа. I дзіўна, як узрадаваўся, калі ўбачыў жывы, зарослы светлым шчаціннем, насаты твар Рубяжа.

— Даўно яны? Чаму ж не разбудзіў?

Шэпча гучна i так, нібы, каб прачнуўся раней, нешта было б інакш. Чалавек заўжды прачынаецца ў свеце трохі другім, чым той, які пакінуў, засынаючы. У добры час — з вясёлай гатоўнасцю дагнаць страчанае. У дрэнны — з непакоем чалавека, які не ведае, дзе затаілася, куды схавалася небяспека. — «Як я заснуў?»

Глядзіць на дарогу, на забітых, прачынаючыся канчаткова.

— Што ж, братка, рабіць, калі i нас заб'юць? Скажуць там: уцяклі!

Так, «востраў», Глаша…

— Зусім ім блага будзе, — мяркуе Рубеж.

Там нас чакаюць, там сам час адмерваецца, у мінулае — нашай адсутнасцю, у будучае — нашым вяртаннем. А гэта ж адзінае на зямлі месца, дзе нас, мяне чакаюць — i як гэта, выяўляецца, неабходна, каб чалавека чакаў нехта. Раней, нядаўна, калі жывыя былі мама, сястрычкі, я пра гэта не думаў, як можа падоўгу не думаць чалавек пра сонца: яно заўжды ёсць i будзе, няхай яно i не бачна за хмарай.

Цяпер толькі Глаша, «востраў» пра цябе помняць, маюць патрэбу ў табе, іменна ў табе.

…Калі ракета падае, зямля нібы прыўзнімаецца ёй насустрач. I ўсё, што можна бачыць у хісткім святле ракеты, нібы на дыбачкі ўстае: паглядзець, куды ўпала. I ты таксама адрываешся ад зямлі, узнімаеш галаву, падаешся наперад.

Учора мы з Рубяжом доўга хаваліся ад такіх ракет, ад праклятай гравійкі, дзе страцілі ленінградца i Скарахода, дзе пакінулі незнаёмых забітых сялян. Спачатку ў жыта перапаўзлі, паўзлі па прыбітым уцекачамі i аўчаркамі, немцамі жыце, а потым усталі i пайшлі. I калі сталі на замлелыя ад доўгага ляжання ногі, свет адразу пашырэў, мы ішлі полем да лесу — уласныя кароткія цені падпіралі нас, радасна, аддана сведчылі, што мы ёсць, што існуём…

Але прайшло два дні, i ракеты зноў прыціскаюць нас да зямлі, толькі зараз мы не ўцякаем ад ix, мы паўзём ім насустрач. Бо нічога ж не змянілася, i нам трэба здабыць хоць што-небудзь, з чым можна вярнуцца на галодны «востраў». Нічога вартага нам яшчэ не трапілася. Праўда, бачылі ў лесе карову, але забраць яе не здолелі. Што мы знойдзем у вёсцы, куды паўзём, — невядома. Але нешта трэба рабіць, хаця б вось так паўзці па бульбянішчу к паліцэйскаму гарнізону.

— Ну як пасля цётчынага малачка? — падбадзёрвае сябе i мяне Рубеж, які ляжыць праз баразну ад мяне.

Гэта ён прыгадвае тую самую карову, мусіць уяўляючы, як мы зараз вялі б яе на вяровачцы на «востраў» замест таго, каб паўзці да чорта ў зубы.

О, як узрадаваліся «вылупні», калі нечакана ўбачылі яе на лясной паляне: паўтоны мяса на ўласных нагах i нават вяровачка на рогі накінута! Гэта быў такі цуд, што «вылупні» нават прыселі на траўку палюбавацца i ўпэўніцца, што гэта не сон. Уцякла, мусіць, ад немцаў. Рубеж вытрас з кішэні картовых штаноў усе тытунёвыя пылінкі, але паперы няма, i ён папоўз па траве, шукаючы сухі ліст, яму трэба абавязкова дубовы. Поўзае, a позіркам лашчыць круглыя бакі нашай красулі. Узяўся высякаць крэсівам агонь. Пакуль выкрасіў агонь i пакурыў, паспеў гісторыю расказаць.

— Была ў нас у Слуцку сям'я адна. Вылупень Цімох, a ў яго поўная хата дзевак, сямейка, як у мяне. Мае i цяпер у Слуцку. Калі старэйшых не пахапалі ў Германію. А што, усё магло быць! Мяне як забралі ў 41-м вясной у абоз — славакі тады ішлі на партызан — i як трапіў да партызан разам з тым абозам, так i не падыходзіў да Слуцка блізка. Ад граху далей. Жонка ведае, дзе я, а дзецям лепш, калі не сказала. Не дай бог прагаворацца, што Цімох Рубеж у партызанах! Жывуць дома, ну i няхай жывуць, пакуль можна. Ага, дык я пра Вылупняў… Мянушка ў ix такая была, у той сямейкі. Бесталковая хата, у нас пра такіх кажуць: «Як сала без хлеба!» Але якое там сала? Хоць бы хлеб быў! Ёсць такія сем'і, што ні кажы, ліпне да ix беднасць, нішчымніца, як кароста. I здарыўся цуд: Вылупні купілі карову! У цыганоў. Але не былі б то Вылупні! Трэба малачка — хапае конаўку i пад карову. Па чарзе, кожны. Як водаправод. Тыдзень ці два бегалі, пакуль не сапсавалі «водаправод».

Рубеж ужо раскурыў сваю дубовую самакрутку i ўзяўся зразаць бяросту, конаўку рыхтуе. Вылупні падказалі?

I тут мы ўбачылі цётку. Яна трымалася за арэшыну i глядзела на незнаёмых людзей, што поўзалі каля яе каровы. Што карова яе, мы зразумелі адразу.

— Дзень добры! — павітаўся Рубеж, нават узрадавана.

— Ой, так напалохалася! — жанчына пайшла да каровы, каб руку на яе пакласці.— Гляджу, хто гэта? Аж гэта партызаны, нашы!

Сказала, як напомніла. На жанчыне доўгая цёмная спадніца, ватоўка, валасы раскудлачаныя, ногі босыя.

— Толькі дастала яе з ямы, пусціла, адышлася на крок, а тут незнаёмыя людзі! — жанчына ўсё не можа супакоіцца.

— Адкуль самі, цётка? — пытаецца Рубеж, усё яшчэ важдаючыся са сваёю конаўкай.

— З пасёлка, на пасёлку мы жывём… Жылі. А як пачалі яны кругом вёскі паліць, завіталі i да нас ранічкай, на самым золку. Глянула ў акно — немцы, поўны двор, а божачка! У хату заходзяць, адзін, перакладчык, пытае: «Вы за кім лічыцеся: Убойнае ці Бабровічы?» Усё ведае, гад: гэта ж некалі хутары, пасёлкі ў вёскі ссялялі. Толькі наш двор не паспелі ці неяк там застаўся. Ён i пытае: да Убойнага ці Бабровіч мы прыпісаны? Я адразу здагадалася: «Гэта ж яны прыехалі паліць, забіваць Бабровічы ці Убойнае. Таму i пытаюць, чые мы». Гляджу на яго, на дзяцей сваіх гляджу. Так мне не хочацца сказаць, што Убойнае. Не ведаю… Можа, таму, што ў тую вайну ў ix многа пазабівалі, i калі француз ішоў, дзед расказваў, таксама яны гарэлі. Што сказаць, як адказаць? «Убойнае?» — пытаецца перакладчык. Гляджу на яго: падказвае ці пастку расстаўляе? I не зразумееш: толькі ўсміхаецца, з вусікамі такі! «Мы бабровінскія», — ціхенька кажу. A рукі, a ногі загудзелі? Ён яшчэ пастаяў, усміхнуўся, з вусікамі такі: «Ну добра…» Чую, немцам сказаў нешта пра Убойнае. Не Бабровічы, а Убойнае. Хацела як лепей, а бачыце, сама ў агонь лезу. А ён немцам: «Убойнае!» Усё-ткі ж чалавек! Таму што яны Бабровічы ішлі забіваць. А я схапіла дзяцей, кароўку вось — i ў лес. Яны Бабровічы спалілі, усіх пабілі, а вечарам — i Убойнае таксама. Заляцелі яшчэ раз i на наш хутар, спалілі. Ca мной тут сям'я з Убойнага, жанчына…

23
{"b":"599003","o":1}