Литмир - Электронная Библиотека

Аналіз перакладу Танкавага верлібра наводзіць на думку, што сучасная тэхніка верша, яго рытміка-меладычная раскаванасць і, пераважна, моўленая вобразнасць не аблягчаюць справы перакладчыкам, а толькі накіроўваюць іх намаганні на змест, на дакладнасць перадачы найтанчэйшых нюансаў зместу і ідэйнай задумы. Добрыя ў цэлым вынікі перакладу сучасных Танкавых вершаў сведчаць пра высокую кваліфікацыю і творчую рупнасць польскіх калег.

Падобныя ўражанні не пакідаюць нас і пры чытанні перакладаў беларускіх паэтаў сярэдняга і малодшага пакалення. Яны не выклікаюць столькі засцярог, як класікі Аднолькава добра выглядаюць у перакладах паэты такіх розных характараў, як Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Макаль і Рыгор Барадулін.

Апошняга, як і Максіма Багдановіча, пераклалі Ян Гушча і Тадэвуш Хрусцялеўскі, але вынікі творчай працы перакладчыкаў прыкметна больш плённыя. Насоўваецца нават думка, што сучасная беларуская паэзія дзесьці затрачвае той тып майстэрства, які падказваў мастаку эпохі Адраджэння маляваць галінку вінаграда так, каб птушкі зляталіся кляваць малюнак. Сучасны жывапіс уступіў птушыныя лаўры фатаграфіі. Паколькі фатаграфія фарміруе зрокавыя ўяўленні і «кадрыруе» наша сучаснае бачанне прадметаў, жывапіс становіцца свядома «антыфатаграфічным». Зрокавая вобразнасць у паэзіі — таксама. Тэхніка верша, мабыць, як і тэхніка жывапісу, ідзе на спрашчэнне формы, дзеля загЛыблення ў сутнасць з'яў адмаўляецца ад канкрэтызацыі самой з'явы. Парываецца і традыцыйная дружба паэзіі з музыкай. Праходзіць усебаковае самавызначэнне віду.

Тут мне могуць запярэчыць знаўцы таленту Р. Барадуліна і прыхільнікі незвычайнай маляўнічасці, пластычнасці яго вобразаў. Каб унікнуць папрокаў, хачу загадзя адзначыць спецыфіку гэтай маляўнічасці. Пры ўсёй вастрыні бачання прадмета малюнак у Рыгора Барадуліна прынцыпова антыфатаграфічны. У структуры верша трапляюць выбарачныя элементы і суадносяцца не па законах оптыкі і перспектывы, а па законах эстэтыкі, паводле эмацыянальна-мастацкіх паказчыкаў. Пры ўсёй віртуознасці сугалоссяў верш Барадуліна моўлены, а не спяваны. У верш Барадуліна ўваходзяць жывыя інтанацыі, але не ўтвараюць музычных мелодый, а застаюцца інтанацыямі гаворанымі, вострымі, незалюлянымі. Паэт натуральна ўзбуйняе, дэфармуе дэталь ці пачуццё дзеля ўзмацнення эстэтычнай выразнасці вобраза-пачуцця. Матчыны замёрзлыя пальцы параўнаны, напрыклад, з дзесяццю моркаўкамі, а пілаванне дроў апісана яшчэ збіральней: «два крокі ішоў за пілою і тры крокі з пілою назад». Не думаю, што апісанні такога тыпу лягчэйшыя за падрабязныя. Па-свойму яны цяжэйшыя, бо тэхніка малюнка, майстэрства пераймання не заменіць тут абавязковай мастацкасці трактоўкі з'явы, што было мажліва ў даўнім дафатаграфічным мастацтве.

Праўда, у Рыгора Барадуліна класічны ямб ці харэй часта адыгрываюць ролю гука-рытмічнага арганізатара выслоўя, і ў гэтым выпадку парушэнне рытміч-нага ключа адразу адчуваецца як расслабленасць унутранай энергіі выказвання. Параўнаўшы першы ключавы радок верша «Ты — мой трывожны ўспамін» і «Ту mojе trwożne wspomnienie», адразу адчуваеш неадпаведнасць не толькі рытмікі радка, а і рытмікі мовы, стану і настрою. Далейшы пераклад страфы падцвярджае хібу. У Барадуліна:

Шчыміш і не даеш спакою,

Нібыта ўдар тугіх галін,

Адпушчаных чужой рукою.

У Яна Гушчы:

Zamiast spokoju, czas udręki,

Jak gałęźmi uderzanie,

Puszczanych z nagła z czyjejś ręki.

Цьмяна бачыцца апісанае перакладчыкам дзеянне. Гэта «gałęźmi uderzanie» адчуваецца як мяккі выпадковы ўдар, бо галіны не тугія, як у Барадуліна, і адпусціла іх не чужая, а чыясь рука, цьмянасць выразу псуе і памылка ў склоне (патрэбна «puszczanymi», а не «puszczanych», а калі «puszczanych», то «gałęzi»). Увогуле выраз «puszczanych z nagła z czyjejś ręki» не вызначаецца фанетычнай яркасцю дзеля гэтых паўтораных побач прыназоўнікаў «z». Хібіў і пераклад канцоўкі, пабудаванай у Барадуліна на ўсячэнні рытмараду. I ўсё ж неадпаведнасці гэтыя не надта кідаюцца ў вочы, бо думка, пакладзеная ў аснову верша, зразумета перакладчыкам і выказана ў цэлым правільна.

Ян Гушча адчувае прыроду структуры так званага раскаванага верша і часта свабодна пераказвае яго. Напрыклад, у вершы «Дзверы» ён пераносіць думку трэцяга радка «Панура прапусцяць цябе як канвойныя» у пяты радок, а выраз «Ні слёзы, ні смех не прапусцяць яны...» перакладае: «Не чуюць яны ні слёз, ні смеху», і ад гэтага задума верша не парушаецца. Пераклад у цэлым успрымаецца як раўназначны з арыгіналам.

Пераствараючы «Сады», Ян Гушча пайшоў па той жа лініі акцэнтацыі агульначалавечага пачатку, што і Уладзімеж Сэгаль у Танкавым вершы «Дзе яны?», але, на маю думку, апраўдаў гэты падыход: верш стаў даступным масаваму польскаму чытачу, ад якога нельга патрабаваць ведання і рэагавання на спецыфічна нашыя хібы жыцця, якія пераадольваліся пасля XX з'езда КПСС. Дзеянне ў радку «Сякера секла, грыз іх заяц...» перанесена ў цяперашні час «siekiera tnie, podgryza zając...», і гэта заканамерна і апраўдана. На карысць пайшло і ўзмацненне перакладчыкам энергіі выслоўя цераз гэтае тугое кароткае «tnie». У перакладзе ўзмацніўся філасафічны роздум пра суадносіны чалавека з прыродай, верш ачысціўся ад публіцыстычнага, хоць і важнага, але прамінаючага элемента.

Цікавы рытміка-гукавы эксперымент перакладчыка можна назіраць у вершы «Заспаная раніца мжыстая». У Барадуліна ён напісаны трохстопным амфібрахіем, які надае вершу лішнюю аднастайнасць, цягучасць. Выручаюць бадай-што арыгінальныя кансанансавыя рыфмы. Перакладчык прапануе свабодны верш, але ўдакладняе рыфмоўку, дабіваючыся адначасна гутарковай свабоды і напеўнасці. Некалькі трапных знаходак лексіка-вобразнага парадку замацоўваюць удачу. Так, напрыклад, радкі арыгінала:

Лісцёваю дыхае брагаю,

Пакутуе восень застудай.

мне здаюцца няўдалымі, нават неэстэтычнымі (дыхаць брагаю, пакутуючы застудай,— гэта не для восені: усё ж такі кабета, хоць і старая) — у перакладзе яны набылі новы сэнс і паэтычную яскравасць:

Brahą liści oddychać wciąż trudniej,

Jesieni przeziębionej.

Тут прастуджаная восень выклікае спагаду, бо ёй усё цяжэй дыхаць брагаю лісця. Радок «Цвітуць успаміны верасам» таксама стаў у перакладзе болып выразным: «Przekwitają wrzosami wspomnienia», а канцоўка давяршыла ўдачу перакладчыка. Замест дзяжурнага:

I моцна жадаецца-верыцца,

Што ўсё да поўдня праясніцца.

— перакладчык сказаў з філасофскім падтэкстам:

Што да палудня сілай жадання

Усё гэта праясніцца.

Атрымаўся верш той і не той. Мацнейшы.

Мне думаецца, што перакладчыцкая праца Яна Гушчы заслугоўвае стараннага лінгвістычнага вывучэння. Аналіз моўна-вобразных эквівалентаў дасць нам вельмі многа для разумення моцных і слабых бакоў многіх вершаў і, мажліва, прымусіць перагледзець некаторыя нашы ўсталяваныя ацэнкі. У польскага перакладчыка маецца высокая эстэтычная культура, тонкае адчуванне спецыфікі паэзіі як мастацтва слова. Павучальны нават яго хібы, бо яны абумоўлены калі не таропкасцю, то пошукамі паэтычнай солі ў прэсным ці вадзяністым радку. Але найбольш увагі заслугоўваюць знаходкі перакладчыка.

Позірк польскага ўкладальніка на нашу паэзію, як кожны позірк збоку, дапамагае нам бачыць паэзію вынятай з той аправы, якою з'яўляецца шматгадовае напластаванне нашых дамашніх традыцый успрымання. Традыцыя ўспрымання ўносіць у тэкст верша дадатковыя змястоўнасці, дадатковыя камунікацыйныя і ідэйна-эстэтычныя вартасці. Верш, асвечаны традыцыяй, нават самы смелы крытык не паважыцца разглядаць без уліку той вартасці, якую надала тэксту традыцыя, асабліва калі гэта традыцыя стала стылем ці модай. Укладальнік і перакладчыкі менш звязаны нашай беларускаю традыцыяй успрымання паэзіі, яе ацэньвання. таму іх погляды ў большай меры могуць лічыцца чыста прафесійнымі, літаратурна-эстэтычнымі. Праўда, і яны, перастваральнікі, знаходзяцца пад уздзеяннем сваёй радзімай нацыянальнай традыцыі, адрознай ад нашай. Усё гэта падказвае натуральную патрэбу актыўных, крытычных адносін да зробленага Янам Гушчам і яго калегамі, патрэбу, з якой у значнай меры паўсталі і гэтыя радкі.

35
{"b":"599001","o":1}