Сігізмунд Стары адступіў ад традыцыйнай палітыкі сваіх продкаў, якія наводзілі парадак у дзяржаве, абапіраючыся на шляхту. Ён зрабіў апорай улады магнат'аў і выклікаў крызіс даверу ў шляхты, заслужыў клічку «сенатарскага караля». Канфлікт гэты ў трыццатыя гады прыме форму адкрытага шляхецкага бунту «ракошу» і прывядзе да так званай «курынай вайны», а покуль што ў Рэчы Паспалітай шырыўся рух за «экзекуцыю правоў», г. зн. за строгае выконванне каралём усіх законаў і прывілеяў, якія даравалі шляхце яго папярэднікі. Апазіцыю шляхты узначальвау прымас Ян Ласкі, дарэчы, зацяты праціўнік Эразма Цёлка. Барацьба за «вольнасці шляхецкія» перакінулася і на Вялікае княства Літоўскае, дзе самавольства магнатаў не мела граніц. Сігізмунд стаяў на сваім. Толькі ў 1529 годзе ён даруе славуты «Статут Вялікага княства Літоўскага» — звод законаў, які меўся рэгуляваць адносіны паміж магнатамі, шляхтай і «персонай гаспадарскай», а выбарныя земскія суды прыйдуць на месца замкавых ажно ў палове стагоддзя. Шляхту Вялікага княства Літоўскага ў яе спрэчках з каралём і магнатамі падтрымлівала каралева Бона. Не выключана, што з надзеяй на заступніцтва ёй менавіта прысвяціў сваю паэму Гусоўскі. У кожным разе ідэалам вярхоўнага ўладара ён аб'явіў не Сігізмунда, а Вітаўта — пазіцыя ў лепшым сэнсе прынцыповая і для свайго часу прагрэсіўная. Паступіць так недыпламатычна, знаходзячыся ў складзе дыпламатычнай місіі, мог або наіўны прастак, або сапраўдны буйны паэт.
Вітаўт як ніхто ўзвысіў шляхту і пры яе падтрымцы скарыў гардыню ўдзельных князёў, дабіўся цэнтралізацыі ўлады. Пры ім Вялікае княства Літоўскае дасягнула найбольшых граніц і вяло адносна незалежную палітыку. Княжанне Вітаўта трактуецца ў паэме як час гераічных спаборніцтваў, дзе кожны чалавек меў поле для подзвігаў і сцвярджэння сваёй годнасці:
... Доблесць пры ім афіцыйна лічылася першай
Якасцю воіна, і на вайсковых вучэннях
Ён, як аптэкар на вагах, узважваў, хто лепшы,
Лепшаму там жа за доблесць і дзякаваў шчодра.
Ох, не любіў баязліўцаў і пестаў з магнатаў!
Будзь той баярын, але калі дрэйфіць у справе,
Лёс незайздросны ў такога — пагарда дружыны.
Строга і крута судзіў, і прытым — справядліва.
Сам справядлівы ва ўсім, ён па гэтай жа мерцы
Кожнаму мераў і нейкім сваім адчуваннем
Мог здагадацца адразу, дзе праўда, дзе крыўда:
Хлус перад ім не аднекваўся доўга: збялеўшы,
Змяк, затрымцеў, як асінавы ліст, і прызнаўся. (57)
Урачысты, спакойны, як у храністаў, расказ пра заслугі Вітаўта для краю пераплятаецца экспрэсіўнымі сцэнамі-прыкладамі. Перад намі праходзяць поўныя дынамікі і запалу спаборніцтвы па стральбе з лука, кіданні коп'яў у зубра, якога сяляне па загаду князя лавілі жыўцом і распісвалі кругамі-мішэнямі. Паэт адчувае попыт арыстакратычнага італьянскага чытача на экзотыку і ўмее дагадзіць яму, прыводзячы сенсацыйныя дэталі, малюючы поўныя небяспекі прыгоды і жахі (пакаранне смерцю прадажных суддзяў і ашуканцаў). Гусоўскі добра адчувае стыхію паэзіі, яе сілу і здольнасць перадаваць плынь часу, рух падзей, змену пачуццяў. Спаборніцтва воінаў на пераправе цераз раку апісана так яскрава, быццам паэт бачыў яго і хваляваўся за рызыкоўных юнакоў: а было ж гэта ў гістарычныя часы Вітаўта:
Боская воля! Нібы на вадохрышчы колісь,
Боўтнулі з берага голыя людзі на конях.
Бачыш — плывуць, пахаваўшыся ў плыні па шыі,
Толькі чутно, як пафыркваюць коні, а хлопцы
Недзе ўжо боўтаюць побач. Угледзішся — праўда;
Правай рукой учапіліся ў грыву, а левай
Горнуць, грабуць пад сябе белагрывыя хвалі.
Плёсу ж канца не відно і з паўмілі да мелі.
Гэтым таксама былі ўзнагароды, і першы
Першую дачу асушваў са срэбнага кубка,
Кубак жа браў на ўспамін. Не міналі нікога. (56)
Пахвала Вітаўту і. яго гераічнаму веку нечакана канчаецца жыційнаю фігурай, аказваецца, князя варта славіць да нябёс таму, што «ён быў набожным і першы з народамі княства сам ахрысціўся», «цэрквы богу адзінаму скрозь будаваў». Тут яўная ідэалізацыя жыційнага характару. Аўтар, напэўна, знаў, што Вітаўт адносіўся да веры так, як належала палітычнаму дзеячу — чыста утылітарна: ён дабіўся асобнай праваслаўнай мітраполіі ў Наваградку, бо хацеў, каб царква яго дзяржавы не падпарадкоўвалася замежным цэнтрам, але сам асабіста пераходзіў з язычаства на праваслаўе, потым двойчы на каталіцызм, у залежнасці ац палітычных абставін. Сын язычаскай жрыцы Біруты, якая, па словах летапісца, «на Полонзе была хвалена от людей за богнню», покуль яе сілай не ўзяў за жонку князь Кейстут, Вітаўт увабраў у сябе і захаваў тыповыя рысы племяннога правадыра: быў ваяўнічы, уладарны, суровы і просты ў побыце (не браў у рот ні віна, ні піва, ні нават мёду). Пасля Грунвальдскай перамогі, напрыклад, было загадана тут жа разбіць трафейныя бочкі з хмельным пітвом, і, па словах польскага летапісу. віно цякло ракою. абмываючы трупы крыжакоў. За гэту суровую грамадзянскасць, за ўзвышэнне воінскай мужнасці прававерны католік, але і шляхціц па духу Гусоўскі гатовы быў дараваць Вітаўту рэлігійную абыякавасць. Ён адхіляе пашыраныя ў народзе папрокі князю за смерць многіх людзей на вучэннях і паляваннях. Гусоўскі славіць вучэнні-спаборніцтвы як школу грамадзянскага выхавання:
У княжанне Вітаўта ў гады найвышэйшага ўздыму
Княства Вялікалітоўскага, нат і тады ўжо
Сілам яго падупалым патрэбен быў подзвіг. (50)
Крыніца і ўзор ідэалізацыі Вітаўта знаходзіцца ў летапісах, якія ўзносілі гэтага князя вышэй за ўсіх Князёў і каралёў. Аднак трэба заўважыць, што Гусоўскі падышоў да летапісу самастойна, творча, ён, для прыкладу, не выкарыстаў легендарных аповесцей аб паходжанні літоўскіх князёў і знаці ад рымлян. Такія егенды ствараліся ў яго часы па заказу вяльмож і ўключаліся ў пашыраную рэдакцыю беларускіх летапісаў. Яны меліся давесці перавагу літоўска-каталіцкіх вяльможаў над беларускай, у масе сваёй праваслаўнай, шляхтай, а гісторыю Вялікага княства Літоўскага падаць за працяг гісторыі Рымскай імперыі. Прыняць гэтыя легенды паэту, мабыць, не дазваляў шляхецкі дэмакратызм і пачуццё беларускай нацыянальнай годнасці. Зрэшты ён павінен быў узважваць, як бы аднёсся да такіх генеалагічных прэтэнзій нейкага «дзікага» княства рымскі арыстакрат, якому адрасавалася паэма. У кожным разе, Гусоўскі заявіў, што яго народ узяў пісьмо ў грэкаў і прыстасаваў чужыя літары да гукаў роднай мовы, застаючыся сабою. Ізноў жа — смелы і незалежны погляд католіка і слугі каталіцкага біскупа:
Кожны народ не без роду і племя і мае
Летапіс свой і гісторыі след на старонках. (10)
Намаляваная паэтам панарамная карціна гераічнай эпохі Вітаўта нясе смелы падтэкст: у даўнія добрыя часы край яго бачыў спаборніцты не такія, якімі захапляецца сучасны Рым. Ды і цяпер там, на радзіме, захаваліся гераічныя традыцыі, якія могуць спатрэбіцца і сёння для абароны хрысціянскага свету ад мусульманскай пагрозы.