Жанчына не дае адсунуць краваць, там дзеці яе, а ён б'е яе наганам па галаве. А ён краваццю таўчэ тых дзяцей, тых людзей. Бо не адразу ж усе кончыліся. Хрыпацяць, енчаць гэтыя людзі. Дзеці тыя пішчаць, госпадзі!..
Глянула я, а ён замеціў, што я жывая. Дык ён падышоў. З наганам. Сіні-сіні — вот я бачу, як агнём, агнём мяне па твары! Я ляжу ў дзецях сваіх, а ён усё мне… порах гэты… і пулі ўсё — шуг! шуг! — б'юць. Страляў — колькі ўжо яму хацелася, біў з таго нагана. Потым за ногу мяне і пацягнуў па крыві сярод хаты, па крыві, што людзі там… Пацягнуў і сам ужо пасвістаў, пасвістаў у хаце і пайшоў.
Вышаў з хаты, а глінабітка гэтая была чарапіцаю крыта, яе трудна было ўпаліць. А ў сенях той дзядзька сена злажыў, бо не меў сарая. Дык ён тое сена ўпальвае. Упальваюць сена і ўсё свішчуць там, гавораць, і лаюцца, і ўсяляк…
А патом мой хлопец падняўся. Гэты, што цяперака паехаў недзе на курорт, казаў, — мой Жорж. Азваўся і ідзе ў парог. Я думаю: можа, гэта абратна ён, немец? Я ўжо не гляджу, ляжу ў гэтай крові… Потым чую — шалопае, дайшоў у парог… Дай жа я азірнуся, хто там шалопае. Зірнула, а гэта ж мой хлопец! Дык я кажу:
— Жоржык, куды ж ты, дзіцятка маё? А ён кажа:
— Мама, а вы жывыя? Хацеў — хай і мяне!
— Жывая, дзіця маё… Ідзі, дзіцятка, лажыся на гэта самае месца. Можа, яно шчаслівае. Можа, мы і астанёмся.
Ён прышоў і лёг на тым месцы, дзе ляжаў. Можа, цераз мінутку… Пачулі ж усё ж такі яны! Улятае адзін у хату. I крычыць:
— Паднімайсь!
Тры разы крыкнуў так. Але ён нас не паварочваў. А там людзі храпуць, даходзяць… Ну, невазможна цярпець! Пабегаў і ў печ, і пад печ глянуў, шкафчык стаяў — і ў шкафчык паглядзеў… Гранату пад печ кінуў… Пасвістаў, пасвістаўі пайшоў…»
Марыя Нагорная.
«…Стала ўжо вечарэць, сонца садзіцца пачало… Не зайшло яшчэ, але ўжо села, мужчыны рашылі: «Пайшлі!» Паглядзець, што там робіцца. Сабраліся некалькі чалавек. I я пайшла з імі: бацька ж пайшоў, дык і я пайшла з імі. Выходзім на самы ўжо край, а тут буквальна метраў за дзесяць немцы… Запалілі задалку — прыкурвалі, ці што. Яшчэ не цёмна было, але ў лесе прыцемкі. I мы тады ізноў як кінуліся назад — урассыпную кінуліся, хто куды. Адно мы свае, утрох засталіся, бацька, маці і я. I згубілі гэтага племянніка нават майго.
Пытанне: — А немцы стралялі па вас?
— Стралялі. Яны ж у лес баяліся ісці, а думалі, што можа, гэта партызаны. Але яны за намі не пабеглі, а толькі абстралялі. А мы схаваліся і сядзім, ды ўжо адны, нікога больш мы не нашлі. Ужо і добра сцямнела, ужо і зарава — стала гарэць. I столькі страху, такі трэск чамусьці, што нам усё здаецца — нехта едзе на жалезным хаду… А ніхто не едзе. Аказалася, што гэта гараць дамы, ад чарапіцы…»
Марыя Кот.
«…А яны там палілі — колькі ім хацелася, і ўпалілі ўсё-такі. Крыша ўсё-такі ўгарэлася, хоць і чарапіцаю крыта. А самі пайшлі. Згарэла гэтае дзерава, якое пад чарапіцай было, і ўпала гэтая крыша… Дык гэты мой хлопец гаворыць:
— Мама, а мы згарымо…
А шкла няма ў вокнах, адны рамы. Павыбівалі. А я гавару:
— Ну, дзе ж мы дзенемся? Яны ж усё свішчуць яшчэ.
Яшчэ стаяць наводдалек, ім там можна яшчэ стаяць. Потым згарэла гэтая крыша, упала, а мы ляжымо. I не чутно, каб яны крычалі ці свісталі каля гэтай глінабіткі. А паталок гэта — трэсь, трэсь — трашчыць… «Ну што ж, — думаю, — не пабілі, то пакалечыць, як упадзе, і кончана будзе». Устала я і гавару:
— Ну, цяпер уцякайма! Уцякайма, вылазьма! Паднялася я з гэтай зямлі, а так во краваць ляжала пад акном. Я гэта стукнула ў тую раму і гляджу. Чуем, што недзе крычаць, страляюць, людзі пішчаць… А гэтак, а гэтак! А каля нас няма нікога, цішыня.
— Уцякайма цяпер!
Жора вылез, а я схапіла меншую, ёй было дзевяць год… Узяла, паднесла пад гэтую краваць, палажыла, сама пералезла цераз яе… Гарыць і на ёй плацце, і на мне гарыць… Вымаю гэтую дзяўчыну. Замчала ў тую яму, дзе там глінабітку рабілі, палажыла… I зноў жа лезу па тым самым агні — па большую… Гэта ж, думаю: як упадзе столь — дык ужо ж згарыць! Хай то пабілі, дык яшчэ і згараць!.. Улезла я абратна, ускарэбкалася ў гэтае акно. Дастала большую. Яна была рослая, не такая, як я, малая. Дачка! Ёй тады было ўжо гадоў семнаццаць… Пацягнула. Дык яно такое маладое, мяяккае! Яшчэ цёплае дзіця, хістаецца — я ж яго не падніму. А ўсё ж такі набралася сілы такой, што падняла. Падцягнула яе да краваці, тады на краваць, на падаконнік, сама цераз яе — і зноў жа сцягнула. Кажу:
— Жоржык, памажы ты мне яе. Кажа:
— Не памагу, мама, бо я ранены. Я ж вам нічога не памагу.
Я яе зацягнула ў ямку ды лістамі… Лопух там такі разросся ўвосені… Прыкрыла я іх, мінутачку перадыхнула. I мне так страшна там — невазможна! А ўжо так шарэла. Ужо было пагарэла, бо там яны раней падпалілі…
— Цяпер, — кажу, — то ўцякайма!..
Там плоту кусочак было і картафлянік, — прапаўзлі мы паўзком туды ўжо. А чутно ж — каля нас людзей няма, а там пішчаць, крычаць! Госпадзі! Каму руку павыкручвалі ды ногі… Гэтай Вольцы Варчаковай, як мы кажам, дык ёй садралі ўсю кожу — ну, проста калошаю! Ды руку выкруцілі — гэтак мучылі…
А мы ўцякалі. Я яшчэ гэтак рукамі праграбла ў градўсах землю — палажыла хлопца, гэта Жоржа, падыспад, а сама к яму на ногі, неяк голаву палажыла, і паляглі мы… Трошкі паляжалі, і так ідзе машына пад гэтую глінабітку… Нельга ж праехаць па сяле, гарыць, дык яны ішлі пад гэтую глінабітку. Ехалі. А ўжо цёмна. Адкрылі барты і пашлі з батарэйкамі шукаць, дзе хто што выносіў. Нясуць і ўсё бразь у кузаў, а мы ляжымо… А свінні, бяда на іх, чуюць, што мы ляжымо, дык усё рох-рох… Ляжу і думаю: еслі замецяць ды падыйдуць — заб'юць!.. Пасвяцілі батарэйкамі — ну, не далей як вось да стала, але нас не замецілі. Пазбіралі, колькі ім чаго трэба, і паехалі…»
Марыя Нагорная.
«…Апоўначы мы вышлі. Старэйшыя, яны ж хвалююцца і за скот, што там пакінулі, каровы не доены цэлы дзень, гэта ж таксама нядобра. Пайшлі. Прыходзім у сяло. Нічога, ціха. Дайшлі да свайго пляцу, дзе гарыць хата. Карова таксама на сваім участку: і скаціна адчувае небяспеку. У агародзе стаіць. Маці хацела падаіць яе. А тут бягуць людзі зноў. Яшчэ ж не ведаем мы, што пабілі людзей… Бягуць людзі з сяла, тыя, што аказаліся там раней. I адзін, Беразоўскі, гаворыць:
— На чорта вам тыя каровы! Немцы ж яшчэ ў сяле, а вы тут з каровамі!..
Зноў мы кідаем усё і бяжым у лес. У гэтым канцы, ад лесу, немцаў не было, а ў тым — былі.
I вот тады ў лес прыбег Кавальчук. Ён быў там, у вёсцы, калі білі, і ён многае расказаў. Не ўсё, але што ён бачыў. Ён не ведаў, што ўжо ўсіх пабілі, а думаў, што толькі некаторых…»
Марыя Кот.
«…I так я ўжо змаглася, штр нічога не магу. У галаве шуміць — нічога не чую… А потым чую ўжо — крык, плач… Гэта ўжо хто астаўся дзе ды вышаў паглядзець на трупы… Плакалі людзі. Хто з лесу прыйшоў. Ноч. Гэта як ужо яны паехалі. I бяжымо мы, бо хто яго ведае, чаго яны плачуць… Потым хацела я падняцца, але хісталася, хісталася… Вазьму і ўпаду. Гэты хлопец бачыць, што я не ўстану, — ён мяне за руку, падняў, я пастаяла, перайшлі мы трохі, можа, шагоў дзесяць, я зноў упала. Упала, ён мяне падняў, і гавару ўжо:
— Завядзі ты мяне.
А ўжо вочы пазліпаліся зямлёю і кроўю, я не бачу нічога, так пазамазвала ўжо, як грабла зямлю… Ён мяне завёў, цераз вуліцу там равок ёсць, дык памыць хоць вочы, каб бачыла, куды ісці. Вот я памыла гэтыя вочы ўжо, прамыла, а ўсё ў крыві, уся адзежа на мне ў крыві. Ен мяне завёў, там цераз вуліцу равок ёсць…
Дык ужо ж уцякаюць людзі. Бяжыць Волька Удовінява, што хадзіла ўсё партызанам з Мінска дастаўляла… З сястрою сваёю Маняй. Дык яны:
— Цёцечка, мілая!
Дык я кажу, што нас з сям'і толькі дваіх засталося, ды і то ранены Жорж.
— Перавяжыце яго.
А чым жа я дам, калі ў мяне ўсё ў крыві. I гавораць яны: