Литмир - Электронная Библиотека

Annotation

Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.

Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік

Барбарка

Маці i сын. Сын i маці

Гарыць раён

Я таксама з вогненнай…

Трыццаты

Без дзяцей

Мужчыны

Звыш дзесяці

Дзве старасці

Княжаводцы

Збышын

Вялікая Гарожа

Дзіця бяжыць разораю

Сцішнаватая радасць

Пацалаваць апошні раз…

Акцыя, аперацыя, экспедыцыя…

Звер палюе на чалавека

Чынгісхан з тэлеграфамі

«Селекцыя»

Несхадзімае гора

Новыя дзеці

Не магу… не ўмею…

Капацэвічы

Разліцце

Памяць

Хатынь i Хатыні

notes

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

13

14

15

16

17

18

19

20

21

22

23

24

25

26

27

28

29

30

Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік

Я з вогненнай вёскі…

Пра фашызм чалавецтва ведае, здаецца, усё. Попел мільёнаў ахвяр яго стукае ў сэрцы людэей.

I ўсё ж сям-там спрабуюць зноў і зноў абяліць гэтую чуму XX стагоддзя — у вачах новых пакаленняў, якія самі не перажылі жахаў другой сусветнай вайны. Вунь колькі «навуковых прац» друкуецца на Захадзе пра Гітлера і ягоную зграю, колькі кніг і артыкулаў, аўтары якіх, хто як можа, стараюцца надаць чалавечыя рысы нацызму, падмяняючы памяць народаў рэваншысцкай тугой генералаў, настальгіяй былых халуёў фюрэра.

Аднак жа ёсць яна, жыве народная памяць — непадкупная памяць пра фашызм гестапаўскі, канцлагерны, хатынскі. Суд народаў не закончыўся ў Нюрнбергу. Ён працягваецца — у памяці народнай. Суд гэты ідзе не толькі дзеля гістарычнай справядлівасці. Ён жывым патрэбен дзеля жыцця. Бо нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае свайто мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.

I таму так важна, жыццёва важна, каб на ўвесь свет гучала народная памяць, праўда пра фашызм.

Хатыні — вёскі, спаленыя, забітыя разам з людзьмі,— гарачая, балючая, гнеўная праўда і памяць Беларусі. Жыхары больш як двухсот нашых разбураных у вайну гарадоў і больш за дзевяць тысяч спаленых вёсак, многія сотні якіх знішчаны разам з жыхарамі, — маюць што сказаць свету. Не толькі пра той фашызм, які бачылі і іншыя краіны, але і пра той, які яны ўбачылі б, калі б нацыстам удалося прыступіць да «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе».

Дваццаць мільёнаў чалавечых жыццяў каштавала гэта савецкаму народу— паламаць той «канчатковы план», вырваць перамогу з рук расістаў-нелюдзяў.

У гэтым усенародным змаганні велізарную ролю адыгралі адданасць сваёй Радзіме, чалавечая мужнасць партызан і падпольшчыкаў, усіх тых нашых людзей, якіх фашысты маглі толькі забіць, але не здольныя былі ператварыць у нявольнікаў. Сотні тысяч савецкіх партызан і падпольшчыкаў (у Беларусі — каля 450 тысяч) і мільёны тых, хто быў для народных мсціўцаў рэзервам і тылам, — гэта перашкодзіла гітлераўцам ажыццявіць на ўвесь размах «Генеральны план Ост», па якому дзесяткі і дзесяткі мільёнаў адных толькі славян было асуджана на знішчэнне.

Аднак «план» дзейнічаў, жорсткасць расістаў усім сваім, нечуваным у гісторыі чалавецтва, цяжарам абрынулася перш за ўсё на дзяцей, на жанчын, на нямоглую старасць…

«Я з вогненнай вёскі…» дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям'ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — жывуць.

Паслухайце ж, што гаворыць, як памятае пра тое народ.

Дзесяткі кіламетраў магнітафонных запісаў — расказы больш як трохсот непасрэдных сведкаў хатынскіх трагедый — склалі змест гэтай кнігі. Тысячы кіламетраў дарог — асфальтаваных, палявых, лясных — звязваюць іх, ахвяры фашысцкіх зверстваў.

Жывуць яны, гэтыя цудам ацалелыя людзі, па ўсёй Беларусі, у тых 147 вёсках, у якіх мы на працягу 1970–1973 гадоў пабывалі, аб'ездзіўшы трыццаць пяць раёнаў рэспублікі.

Вёсак, што падзялілі трагічны лёс Хатыні, у нас значна больш. Ды толькі не ўсюды мы маглі знайсці непасрэдных сведкаў. А запісвалі толькі тых, што самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. Нямала бачылі мы і такіх забітых вёсак, дзе не засталося ніводнай жывой душы. Толькі старыя дрэвы, часта абгарэлыя, самотны калодзежны журавель, трава, што пакрыла дарогі і сцежкі…

На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. I гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся тут, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб расказаць тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.

Сваю задачу мы бачылі ў тым, каб зберагчы, утрымаць, як «плазму», невыносную тэмпературу чалавечага болю, недаўмення, гневу, якія не толькі ў словах, але і ў голасе, у вачах, на твары; утрымаць усё тое, што, як паветра, акружае чалавека, які расказваў нам, а цяпер, са старонак кнігі, звяртаецца да чытача — да вас звяртаецца.

Дык няхай жа і вам будуць адрасаваны словы, пачутыя на шматпакутнай Асвейшчыне ад жанчыны з вёскі Латыгава Ганны Грабоўскай:

«…А што і ў нас такое гора было, як і ў Хатыні, дык ніхто і не ведае. Добра, што вы прыехалі, бо я ж сама… Вось і расказваць не магу — плачу…»

Барбарка

Палессе. Брэстчына. На ўсход ад Івацэвіч. Чэрвень 1970 года.

Азёры. Лес, пералескі. Буйная зеляніна лугоў і палёў. То сонца, то цярушлівая хмарнасць, то зноў грымоты і лівень.

Замест вёскі Красніца — проста лес, ужо немалады. I помнічак каля дарогі — па цэлай вёсцы людзей. Замест Тупічыц і Вяды — ні лес, ні поле, ні луг.

Дзе былі Тупічыцы, там стаяць самотныя грушы і ледзь не да жудасці незвычайныя, абгарэлыя дубы, што будуць дажываць свой доўгі век ужо без людзей. Сюды мы, выйшаўшы з лодкі, ад возера дабіраліся па глыбокім пяску, здорава патужэлым пасля многіх сёлета навальніц.

Тое месца, дзе была калісьці вёска Вяды і дзе цяпер пясок, трава і рэшткі дрэў, якія калісьці раслі ў садах і на вуліцы, мы бачылі здалёк, з узгорка, на якім стаіць самотны абеліск са словамі і лічбамі.

Пасля зноў было возера Бабровіцкае. Невыказна ласкавая шэрасць цёплай, амаль зусім спакойнай вады. Навокал — пена пасля нядаўніх баранчыкаў, бела-стракатымі на цёплай шэрасці палоскамі. Мы вярталіся ў імклівай маторцы, над намі тарахцеў верталёт геолагаў, знаёмых старшыні калгаса, які вадзіў нас па гэтых мясцінах.

Там, дзе раней былі Бабровічы, цяпер растуць маладыя бярозы, буяе трава. З-за купіны выскачыў заяц. Пустэча.

У новых, адбудаваных на другім месцы, Бабровічах мы зноў, як і ў іншых паселішчах, як і ўчора і пазаўчора, запісвалі расказы ацалелых.

Высока зверху — над светлым пакоем калгаснай бібліятэкі, дзе мы слухалі людзей, над новай вялікай вёскай, над усім гэтым азёрна-лясным кутком заходняга Палесся — да самых касмічных арбіт жыве, бушуе ў сонцы наша перамога, у свеце наспяваюць новыя небяспекі, ідзе змаганне за тое, каб яны не прыйшлі.

1
{"b":"599000","o":1}