Уратавала маці Сашу Сасноўскага. I вырас ён дужым і спраўным, стаў трактарыстам у родным калгасе «Савецкая Беларусь». Высокі, здаровы, з бясхітраснаю праматою ў блакітных вачах і валявою ўпартасцю ў прамой моцнай шыі. Толькі між густымі брывамі затоена нейкая збянтэжанасць: ён, як і маці, тужыцца і ніяк не можа адказаць на пытанне: чаму такое было з ім? Расказваючы, ён нібы ўвесь час пытаецца…
Вось і суседка Сасноўскіх, Тэкля Пятроўна Гарасімчык, б'ецца над гэтым пытаннем.
«…Тут я і нарадзілася, тут я і замуж пайшла. I раскажу я тое самаё… У тысяча дзевяцьсот сорак другім годзе, шаснаццатага дзекабра была серада. Я выпаліла ў печы, усё гэта… пакарміла дзяцей і стала мясці хату. А муж быў у гумне, архаваў ці ячмень, ці авёс. Ну вот, прыходзіць немец у хату:
— Цурык, цурык!..
— Куды, пане?
— Туды, на сабранне.
— Адной мне? — пытаюся.
— Не, і дзеці бяры. Кіндэр, кіндэр!.. Ну, і што… У мяне было тры годзікі хлопчыку. Я ўкруціла так яго, накрыла.
Пагнаў ён нас. Прыгнаў да моста. I мужа пагнаў з гумна. Муж уперад пайшоў, а я ўжо з дзецьмі за ім. З намі была Гануся і Маруся Майсеева, дзве старушкі. Прыгналі сюды пад мост, каля Адама Гарасімчыка. Акружылі нас, уставілі нас ва двары. Хацелі спачатку ў сарай, каб сажэч жывых, але тут ужо не было ім як: поўна было накладзена, толькі адзін ток гуляў, з аднаго боку сена, а з другога — жыта немалочанае…
Ну, і ўсё дажыдаліся гэтага солтыса-людаеда. Прыехаў ён з горада на таксі, з тым начальнікам-немцам. Давай гаварыць:
— Дзе тут твае спалёныя людзі?
Ну, стаяў яго зяць з сям'ёй, ён за заця:
— Во гэта мае. Больш я нікога не хачу.
Я з дзіцем на руках, дзяржала хлопчыка, дзіця зашчаміла мяне за шыю і не дало мне нідзе аглянуцца:
— Мамачка, мамачка, не кідай мяне. Будзем разам, нас немец пастраляе разам.
Тры годзікі было.
— Не, — кажу, — сынок, не кіну, не
кіну.
Муж мой узяў яго ў мяне, а ён:
— Не, я да мамкі, да мамкі.
I мой свёкар стаяў, восемдзесят лет, у той самай групе. I дзевер, і залоўка з малым, і я з дзіцем. Гэта нас гналі ўсіх. А дзіця гэтае ўчапілася проста як клешч. Пагналі. Прыгналі на кладбішча і гавораць: «Падай!» Я тут упала з дзіцем, а муж мой — пабег уцякаць за раку. I яшчэ адзін старычок, Малец. Пабеглі яны ўдваіх. Гэты старычок быў лягчэйшы, перабег, а мой муж — не ведаю, ці ён заваліўся ў раку… дабег да яго немец, у яго ўсё страляў і забіў там яго. I ён ляжаў там тры дні.
Я на могілках ляжала, не чула, ці каго стралялі, бо ў мяне сэрца забілася, і не помню… Я пасля ўжо ачнулася — нікога няма, толькі вакол трупы ляжаць… Я падняла галаву — ой, ужо не бачу нічога на адно вока, мне ўсё тут запухла. Куля тут во папала і праз вока выйшла. Я паднялася, зноў упала, бачу: дзіця ляжыць нежывое. Я гавару яму: «Косцік, Косцік», а ён нічога, ужо нежывы. Тут свёкар забіты, тут залоўка ляжыць. Ятроўка забітая з дзіцем. Я паднялася і зноў упала…
А ўжо вечарэе. А майго свёкра дом каля могілкаў на хутары стаіць. Я паднялася ўсё-такі, падзяржалася за кусцік трохі. Усё на мне скарэла, у крыві. Кінула тое каўдзёрка, што дзіця было ўкручана, і папаўзла. Прыпаўзла я да дому гэтага, упаўзла ў дом — нікога няма. Я лягла тут на караваць, ляжала, ляжала, ужо мне ўсё шуміць… А потым уваходзіць у хату… А я думаю, што гэта заходзіць мяне забіваць. Адно ж прыходзіць Кацярына Хатунчык да мяне проста, да ложка. I яе дзяцей трое забілі. А яна пайшла карове тады даваць якраз і так засталася. А Любу, ятроўку яе, з дзеткамі разам забілі. Цяпер яна мне гаворыць:
— Ты жывая?
— Жывая, — адказваю.
— Хадзем, — кажа яна, — я цябе завяду ў сваю хату.
Падняла яна мяне, пад руку ўзяла, накрыла мяне радзюжкай і павяла мяне ў свой дом. Я тут упала каля дома свайго і ляжала, — нідзе нікога нямашака. После яна ўсё-такі мяне падняла і правяла ў Пападзічкову хату. А там жыў солтысаў зяць. Адчыняе яна хату і вядзе мяне туды. А яны крычаць:
— А куды ты яе вядзеш?
А я ўсё помню, толькі не бачу нічога во гэтым вокам, бо запухла ўсё. А маці ў яго старая гаворыць:
— Во, каб за яе яшчэ і нас пабілі.
Яна памерла. Каб яна жыла, дык я б ёй у вочы сказала. Яны сабраліся ды з тае хаты пайшлі, а я засталася адна. Ляжу. Цёмна ўжо, нікога нідзе, цішыня… А потым адчыняюць хату і ўваходзіць Малашка і на мяне гэтак:
— Ты жывая?
— Жывая, — адказваю.
— Хадзем я цябе да сябе занясу…
Мяне ўзяла ў радзюжку і занясла Герасімчык Малання да свае хаты. I яна мяне ўсю ноч, гэта, глядзела. I муж яе Мікалай. Памёр ужо ён. А яна яшчэ ёсць жывая.
А на ранькі і гэты солтыс прыехаў. А гэты солтыс быў Малашын дзевер.
— А што, — кажа ён, — жывая, засталася яшчэ…
А яму кажуць:
— Ну, і жывая. I няхай жыве.
I яшчэ засталіся ў мяне дзве дочкі і сынок. Сыну было сем год, і ён быў у сястры. Так і застаўся. Адна дочка, Таня, з катораю я цяпер жыву, уцякла. Пад печку схавалася з цёткай. Чатыры разы прыходзілі ў хату іх шукаць, а яны пад печкай картопляю прыгарнуліся…
А на ранькі прыехала мая сястра, забрала мяне і павязла ў бальніцу. А выйшла з бальніцы, так трэба было работаць, тады ж яшчэ калхозаў не было. З дзеткамі я так і работала патроху. Хадзіла, абвязаўшы галаву. I цяпер яна яшчэ ўсё баліць, дваццаць восем год прайшло, а яна ўсё баліць…
I работала я, і пастаўкі ўсе здавала, і радавалася, што хоць Савецкая ўлада прышла і што хоць лягу ды сплю спакойна…»
Тэкля Гарасімчык руплівая, удумлівая жанчына. У сённяшніх умовах з такіх выходзяць добрыя настаўніцы, узгадавальніцы моладзі. Ёй рупіць дайсці да канца, да карэння, да прычын… Тэкля Пятроўна была сведкай абвінавачання на судзе над фашысцкімі злачынцамі і іх памагатымі. На тым судзе апраўдваўся солтыс: «Не я вас біў, гэта акцыя біла…»
Тэкля Пятроўна сказала настойліва, цвёрда сказала:
— Не акцыя біла, а вы!
Дзяўчына ў паэзіі ўсіх народаў свету выступае як істота пяшчотнай чысціні. Беларуская песня ўвасабляе яе ў вобразе белай бярозкі, каліны ў цвеце, пялёсткаў ружы ў ранішняй расе.
А вось два дзявочыя лёсы, апаленыя агнём і смерцю. Марыя Скок з Паўлавіч і Яўгеня Бардун з Ніза. Марыя ў той час ужо ўбіралася ў дзяўчыну, а Яўгеня была яшчэ дзіцем, як і Саша Сасноўскі.
Марыя Скок пачынае свой расказ разважаннямі.
Ёсць у яе гаворцы ноткі гордасці. Ёсць і высокае разуменне непарушнасці той сувязі партызан з народам, якая тады была. Ёсць і глыбокае ўсведамленне таго, што трагедыя сяла не можа быць вытлумачана барацьбою акупантаў супраць партызан. Сёння ўжо вопытны чалавек, яна разумее, што ўся справа ў карэннай ненармальнасці, звыроднасці фашызму.
«…Парцізанам памагалі. I зналі, што да дабра не дойдзе. Але бароліся…
Ну, што… Нас сазвалі пашпарты мяняць. Гавораць: «Ідзіце пашпарты мяняць». Туды, дзе крыж стаяў.
I да гэтага некалькі разоў прыязджалі. I на калені стаўлялі нас, і палохалі. I кулямётамі білі па вярху, і пад расстрэл стаўлялі, і запальвалі, і гаварылі: «Зарубіце сабе на насу, што вам гэта непаздаровіцца». У канцы канцоў прыехалі і гавораць: «Ідзіце пашпарты правяраць». Пайшлі з пашпартамі. Каторыя малодшыя мужчыны, тых у старонку. А жанчын з дзецьмі…
Была ў два канцы хата, нас сагналі туды, пастанавілі патруле і ў сенях, і пад вокнамі з гранатамі. I давай па восем, па дзесяць чалавек выганяць. I там расстрэльваць.
Во гэтак во: за адну руку дзяржыць, падвядзе пад яму і ў затылак б'е… Там у іх чатырох чалавек было, каторыя расстрэльвалі, пазакатваны пасюль во рукава і дзяржаць ліворверы ў руках. Адзежа на каторых была лепшая, дык яны здымалі і ў кучу скідалі. З жывых яшчэ, да расстрэлу. Падвядуць да ямы і— у затылак. Сто два чалавекі са мной было ў той магіле. Са ста двух чалавек — адна. Мяне зразу…як выстралілі, то я ўпала і без чуўсцвія была, а пасля дайшла да сазнання. Дык яны во — у ладошкі!..
Вечарэла ўжо. Каб дзе пад ніз, дык дзе я там устала б, а то наверсе ляжала.