Як забіў ён гэтага немца тапаром, дык і пайшлі яны астатніх забіваць. Усё!.. Усіх пабілі, запалілі і пайшлі…
Аліноўскі — Ян, але яго і да пяцідзесяці гадоў называлі Янікам. А сыну, Людвісю, было гадоў семнаццаць. У Яніка тапор быў за поясам, і ён немцу па галаве. Забіў гэтага немца, а другі немец яго забіў.
Пытанне: — Вы сама гэта бачылі?
— Мы ўсе бачылі. Мы ж на вуліцы стаялі. Ён так з сынам як ішоў, дык немец сыну — трах! А гэты, тапор выхваціўшы, ды яму! Немец упаў. А яго адразу тады ў кажух, у розныя посцілкі — забіралі ж тады ў нас — увярнулі, увярнулі, на воз палажылі і павезлі з сабою, гэтаганемца…»
«Мы ўсе бачылі», — гаворыць Зоня Міхайлаўна. Аднак, апроч яе, ніхто ўжо не засведчыць гэтага, бо ўсіх жыхароў маленькага Гандарэва ў тую раніцу памардавалі (дзеля таго ж яны і прыязджалі, карнікі), а з тых дзяўчат, якіх адабралі для адпраўкі ў Германію, сёння жыве адна яна. Удалося ўцячы ад расстрэлу і аднаму з яе меншых братоў, дванаццацігадоваму Мікалаю, але выпадку з Аліноўскім ён не бачыў — быў ужо за хлявамі. (Расказ яго — у раздзеле «Звыш дзесяці».)
Далей расказваюць самі мужчыны.
Іван Карпавіч Сакавец.
Знайшлі мы яго ў адным з завулкаў гарадскога пасёлка Крупкі, дзе ў чалавека грады каля акон драўлянага доміка. У градах мы Івана Карпавіча і засталі. Пасля дажджліва-пахмурнага дня ясна заходзіла сонца, а чалавек, які ўжо на пенсіі, аказаўся вясёлым, прыязным, — павёў нас у кватэру і расказаў пра тое, што адбывалася ў яго роднай вёсцы Узнаж увосень 1942 года.
«…Я быў жанаты, у мяне жонка і трое дзяцей было. Немцы калі ацапілі Узнаж, то я застаўся дома. Пераначавалі. I немцы ў нас начавалі. А я к бацьку перайшоў. Мая хата самая з канца была, але я баяўся. Бо партызаны ў мяне стаялі перад гэтым. Тады не ўцячэш. Усе ў лес пойдуць, а я з дзецьмі… Дык я к бацьку перайшоў. Ён сярод дзярэўні жыў.
Пераначавалі, а рана нас сабралі сярод дзярэўні — усіх, і старых, і малых, і бальныя каторыя — вынеслі. Вынеслі і паставілі. I дапрос. Бургомістр з Выдрыцы — Карань яго фамілія, Рыгор Васільевіч, — ён знаў мяне яшчэ змалку: мая маці з Выдрыцы была, я там у дзеда ўсё быў, калі быў меншы. Ну, вот ён захацеў Узнаж выбіць. У нас партызаны стаялі, а ў іх там, у Выдрыцы, доты былі. Партызаны наступалі і доты гэтыя разбілі. I гэтыя паліцаі… Там некалькі французаў было. Усе паўцякалі ў Крупку. Некалькіх паліцэйскіх забілі яны, а гэты бургомістр уцёк. А жонку яго — убілі. I хату яго спалілі. Ну, у яго было шэсцера дзяцей, кажацца, але дзяцей яго не чапалі.
А патом ужо, калі яны ў Крупку ўцяклі, атрад бальшы выехаў да нас, і да нас гэтыя немцы, гэты карацельны атрад прыехаў.
Дапрос ішоў. Там следавацель нейкі быў, рускі. Па-руску чыста гаварыў, але ў нямецкай адзёжы. I мяне вызвалі там па спіску. Бургомістр мяне прывёў. Адзін немец з палкай стаіць, збоку, у хаце. I вот ён прывёў мяне і гаворыць:
— Чаму ты нарыхтоўку не здаеш?
— Гумна ў мяне свайго няма. А ён гаворыць:
— А партызанам чаму даеш? Я кажу:
— Партызаны з аружыем, самі зойдуць, возьмуць, а што я ім магу здзелаць.
— Што мне гаварыць? А бургомістр кажа:
— У яго два браты ў партызанах. На мяне. А я кажу:
— Спрасіце ў сялянства. Мае браты ўзяты ў кадравыя.
Ага. Ну ён так і піша. Запісаў, а патом бургомістр гаворыць:
— Ён мае звязь з партызанамі. — На мяне. — Мы, — кажа, — партызанку паймалі ў Выдрыцы, і яна гаварыла, што ён звязь імеець.
Запісаў ён і: «Вядзі!»
Мяне прывёў. Партызанскія сем'і там. Паставілі. Каля варот якраз. Чалавек сем стаяла, я так восьмы быў. Я стаў з краю так, ля каліткі. Калітка была адкрыта. Партызанская сям'я тут з намі стаіць. I мяне сюды паставілі. Ну, я знаю, што браты ў партызанах, — мяне ўб'юць усё роўна. Я тады думаю: «На хаду уб'юць, дык уб'юць». Я не шчытаў, што маю сям'ю выб'юць. Дык я як стаяў ля варот, а калітка адкрыта, а немец нас асобна ахраняець ужо, з аўтаматам… Каб ён проціў мяне стаяў, дык я, канечне, не ўдраў бы, а то ён прахаджваўся — шагі чатыры туды і сюды. Ён як пайшоў, а я тут жа каля каліткі стаяў, ён не павярнуўся, а я — раз у гэтую калітку! Двор загароджаны быў. А метраў семдзесят — кусты там, балота. Ну, я малады быў, гады трыццаць два. Я толькі так шапку падхапіў, думаю: «Ну, уб'юць на хаду». Цераз плот! Ні выстралаў, нічога. Ён павярнуўся і не замеціў мяне. А там не было заставы, а застава была кругом, а каля балота тут не было.
Так я і ўцёк.
А ўсіх папабілі.
Я прыйшоў тады, пасматрэў — нікога нет. Дзе мой бацька жыў, на тым гародзе яма выкапана, і ў гэтую яму — усіх… I малых, і старых, усіх…
Трыста шэсцьдзесят чалавек…»
* * *
Мікалай Паўлавіч Бранавіцкі. Вёска Рахавічы на поўдні Салігорскага раёна.
На даляглядзе — навакол — былыя партызанскія лясы, а замест колішняга балота — ураджайная палеская раўніна, культурныя палі і сенажаці. Хаты, калі глядзець з высокан вуліцы-гравенкі, ажно топяцца з усімі платамі ды прыбудоўкамі ў зялёнай паводцы бульбы.
Мікалай Бранавіцкі расказвае:
«…Мы былі ў лесе — усё наша срадство. Разведку паслалі мы, з нашых, паглядзець, ці спакойна дома. Ну, значыць, далажылі, што спакойна. Мы і паехалі дамой. Знаеце, дзеці малыя, трэба іх абагрэць, абсушыць…
Толькі я запаліў пліту — тут явіліся немцы на парозе. А куды ты дзявацца будзеш? Значыць, абшарылі ўсё. Паліцыя нямецкая. Адзін немец толькі крыкнуў: «Раўс!» Што такое «раўс», дык я трохі панімаю: выхадзі ці ўцякай, што-та такое. Пагналі нас — і жану, і дзеці…
Як толькі выйшлі мы на двор, адзін малады паліцай крычыць:
— Хазяін, давай вярніся і давай нам мэду!
Не мёду, а мэду. Ага, думаю, стой: раз «мэду», значыць, украінцы. Я гавару:
— Мёду ў мяне нет.
— Дзяры пчолы!
Стаў я выдзіраць сам пчолы свае, а тут ужо некагда, гоняць. Гоняць ужо ўсіх. I яны за мяне і туды. Усё маё срадство. Гэта нас сабралі дваццаць шэсць душ: старых, дзяцей… Загналі ў сарай і прыказалі:
— Маліцеся богу!
Хто моліцца, хто што…
— Прашчайцеся!
Ну, сталі прашчацца. Знаеце, там і плач, там і бяда… Ну, а патом гаворыць:
— Станавіцеся на каленкі, адварочвайцеся да сцяны!
Я, праўда, падняўся і гавару так:
— Вы людзі ці якія-та… ці якія-та звяры, ці хто вы такія? За што вы нас страляеце? Ну, вы страляйце партызан. Ну, я — партызан, мяне страляйце. Но зачэм вы груднога рабёнка будзеце страляць? Зачэм старыка, каторы ледзь ходзіць? Хто вы такія?..
Праўда, яны нічога не адвецілі на гэты мне вапрос. Яны пачалі з аўтаматаў страляць. Я ўпаў. А жынка ўчапілася за маю шыю і ўпала на мяне. I пападалі яшчэ трупы, і на блізкае расстаянне з аўтамата не праходзіла пуля, каб цераз трупаў і мяне дастацк. Толькі правая старана ў мяне як ляжала, во такое палажэнне, дык тры пулі папала, і яшчэ дзве сюды, і адна… — шэсць пуль.
Стралялі доўга. Адной жанчыне папала, яна ўпала на рабёнка, ён сільна плакаў…
Сярэдняя дочка мая, ёй пяць гадоў, стала плакаць. Кажа:
— Папка, папачка, сільна больна! Я кажу:
— Ціха, дочачка, не плач.
— Ой, папачка, я не магу цярпець!..
Як стала яна плакаць, дык ёй з аўтамата вочарадзь як запусцілі, дык чарапок зляцеў і мазгі брызнулі на сцену, і яна скончылася. Я гэта сваімі вачамі…
А жынку забілі зразу.
Ну, я і ляжу пад трупамі. Стала цішыня. Потым што-та гудзіць. Што такое гудзіць? Самалёт? Потым з-пад трупаў я паднімаюся. О-о-о! Страха падае ўжо, гарыць! Людзі гараць сінім агнём. Ці яны аблілі, ці яно ўгарэлася так. Знаеце, усё-такі жыр, цела людское. Як ні гавары. Гарыць прама сінім агнём, як бензін! Я на гарашчую сцену карабкаюся, на сена хачу. Калі карабкаўся — валёнкі з ног з'ехалі, і я астаўся басяком. Патом падняліся яшчэ дзве жанчыны — мая сястра дваюрадная і суседка. Некуды дзявацца, гарымо — поўнасцю ўжо страха падае. Я, значыць, сеў і гавару ціхонечка: