Литмир - Электронная Библиотека

Сусед казаў, што грому вельмі ж баіцца i іхні малады аўчар.

Штосьці таксама «касмічнае» з гэтым. Не ідылія з поўняй, a сцішната. Як у тым усеагульным, несусветным сабачым выцці ў трывожнае неба, якім у ноч магутнага землятрусу быў ахоплены ўвесь распрасторны Ташкент, што мне якраз цяпер, пішучы, успомніўся з красавіка 1966 года.

* * *

Югаславія, май пяцьдзесят шостага.

Саракагадовыя, з адхіленнямі ў пэўную нязначную маладзейшасць ці старэйшасць, мы адчувалі сябе значна маладзейшымі, чым былі. Максім Танк, Пімен Панчанка, Алесь Адамовіч, калі ўспамінаць толькі найбліжэйшых з нашай турысцкай групы. Такому адчуванню спрыяла i часовае вызваленне ад службовых ды сямейных абавязкаў, i свабода, можа, перш за ўсё тая, што адчувалася пасля XX з'езда партыі, якая ўпершыню паспрабавала абтрэсвацца ад сталінскіх грахоў. Спрыяла па-свойму i краса прыроды, i прысутнасць у групе жанчын, таксама ў нечым вызваленых, i гасціннасць югаславян, якіх так яшчэ нядаўна было загадана лічыць ворагамі.

Сёння мне светла прыгадаўся адзін наш ранак, наш молада-пусты, заразліва-неадчэпны смех ад новай забавы ў вясёлым аўтобусе. Ужо i не помніцца выразна, адкуль ды куды мы ехалі, хто завёў тую забаву. А была яна ў тым, што мы пачалі прыдумваць на рускі лад «имена и отчества» з медыцынскіх тэрмінаў. Стараліся ды вызначаліся, хто як мог, то больш, то менш смешна, а смешна было перш за ўсё ад таго нашага памаладзення. Не буду ўзнаўляць па памяці што-небудзь з найсмяшнейшага, тым больш цяпер прыдумваць такое, бо вось прыгадалася толькі адно, а яшчэ выразней — той адзін з сяброў, хто гэта сказаў.

Ca смехам бывае такая бяда, што ён, непрадказальны гарэзнік, падступае, нібы чых ці кашаль, якраз у найменш адпаведны момант. Здаецца, i ўсе варыянты перабраныя, i смеху ўдосталь было ў дарозе,— хопіць, пара i пасталець. Тым больш што ў новым цудзе-горадзе экскурсія пачнецца з цуду тут найзначнейшага — старадаўняга храма. Зноў жа не памятаю, што гэта было — сербская царква, харвацкі касцёл ці баснійская мячэць, але справа тут не ў такой дакладнасці.

Справа ў тым, што наш вясёлы сябар,— можа, не за ўсіх весялейшы, але па-свойму вясёлы ды смяшлівы Пімен,— глядзіць на мяне ў нашым ужо, нарэшце, сур'ёзным, заслуханым, заглядзелым гурце, глядзіць, а мне відно, як яму цяжка стрымлівацца ад смеху. Нават i адварочваецца, каб стала лягчэй. A ўжо калі мы ўсе выйшлі з таго цуду-храма на сонца, калі мой Пімен аказаўся зусім побач, найдалей ад жанчын, ён, як быццам выпускаючы з рота струмень доўга трыманай вады, паўшэптам прасіпеў: «Триперинна Люисовна!» I вызвалена засмяяўся.

Ну што ж, няхай яно цяпер i не надта смешна, а для кагосьці старонняга i звычайная пошласць... Тых, каго я назваў, усіх ужо няма. Час ідзе, адсоўвае даты ix адыходу, хоць i няспешна, a ўсё далей, далей — да журботнага даўно. I кожны ўспамін, тым больш вясёлы, з рэшткамі маладосці... ну, гэта само па сабе зразумела...

* * *

«Литературка» ўспомніла Маноліса Глезаса — пасля доўгага палітычнага перапынку. A ў памяці маёй ажыў сонечны Акропаль i зноў турысцкі смех, на гэты раз з Максімам Танкам, калі мы пачулі ад грэка-экскурсавода, які, крыху пацешна па-руску, да планавага апавядання пра подзвіг Маноліса з ягоным сябрам Сантасам, якога ў нас чамусьці наогул замоўчвалі, дадаў i такое:

Юнакі-студэнты не толькі знялі тады з высачэннага дрэўка гітлераўскі чырвоны сцяг, але i разаслалі яго на свяшчэннай эладскай зямлі, можа, дадам цяпер, яшчэ i на вуглы паклаўшы для большай трываласці чатыры асколкі спрадвечнага мармуру, а на белую круглую пляму з чорным «гакэнкройцам», свастыкай, гарэзна... апаражніліся. У імя антычнай, роднай вечнасці.

* * *

Калі я ў канцы вайны i чатыры гады пасля яе працаваў у сатырычна-гумарыстычным друку, прыходзілася значна больш, чым пазней, заглядваць i ў суседскія вясёлыя часопісы. «Крокодил» вылучаўся культурай мастацкага афармлення, «Пэрэць» народным гумарам, а мы ў сваім «Вожыку» сяк-так намагаліся тыя якасці спалучаць.

Аднак помніцца гумар найбольш украінскі. Скажам, такое, пра будаўніцтва. На лесвічнай пляцоўцы кошка i кацяня. Малое насцярожана: «Мама, мыш!» А кошка спакойна: «Гэта не ў нашым пад'ездзе». Або такое, з медыцынскага жыцця. Разбіты, пакарэжаны, нават на мыліцах «масквічок» стаіць перад белым халатам i акулярамі. Стэрэатыпнае пытанне: «На што скардзіцеся?» I адказ, свяжэйшы: «На студэбекера».

Паўстагоддзя мінула, толькі старэйшыя сучаснікі памятаюць тыя нярослыя «Масквічы» i магутныя амерыканскія лендлізаўскія грузавікі. Нядаўна я, стары, пачуўшы ад маладога бальнічнага лекара ўступнае: «На что жалуетесь?», успомніў «Пэрэць» i пакорна сказаў: «На студэбекера». Смешнасць тут прыйшлося гістарычна растлумачыць, каб i лекару i супалатнікам было смешна.

* * *

Эстраднае дзяўчо натужна верашчыць па радыё, бясконца паўтараючы страсна-кахальнае «Твой саксафон! Твой саксафон!»' З такой пястотай у голасе, як быццам яе дома ці ў дзіцячым садзе толькі што знялі з гаршчочка. Знялі, aгa, а яно адразу ж — у эфірны секс, у моду на звышпяшчотнасць.

* * *

Гераіня аднаго жаночага апавядання, немаладая мастачка, што «выходзіла з дому па сякой-такой патрэбе», нагадала мне безнадзейна старую дзеўку, нашу вясковую суседку, якая ў будзень па-святочнаму апранутая, пад вялікай квяцістай хусткай, ішла па вуліцы, а другі наш сусед спытаўся цераз плот: «Юста, куды ж гэта ты?» — «У Турэц».— «А чаго?» — «За сваёю патрэбай».— «А чаму ж так далека?»

I сапраўды — да мястэчка аж чатыры кіламетры.

* * *

Нэтудыхата — гэта не проста адно з пацешных, але i сапраўдных украінскіх прозвішчаў,— ім можна карыстацца іншасказальна, напрыклад, так: «Не туды ты, браце, палез у сваіх разважаннях!»

* * *

На вясковым двары стаяць «Жыгулі» з разяўленым багажнікам. Па штосьці прыехаў з горада сын або зяць.

Сам я сказаў сабе ўчора ўвечары гэтую сучасную разяўленасць, сам i засмяяўся, як быццам i сапраўды ад нейкага адкрыцця.

* * *

Гледзячы па тэлевізары на выседжвальнікаў гэтага парламента, на мноства лысых, сівых i маладзейшых галоў, неяк дзіўна, нават i весела падумалася:

Чаго-небудзь вартай у кожнага з гэтых багата апранутых целаў з'яўляецца толькі галава, якая да таго ж не заўсёды варыць адпаведным чынам, а за гэты верхні прыдатак народу трэба смачна карміць, хораша адзяваць, абуваць, абмываць, мякка вазіць, пільна ахоўваць яшчэ i такое мноства самаўпэўненых ды капризных, раскормленых ды распоеных целаў. Д opara!..

* * *

Згадаўся «левітанаўскі» Псёл у жніўні шэсцьдзесят сёмага. Золата купалоў над Волгай, у зеляніне, найбольш бярозавай, на крута-высокім травяністым беразе, адкуль — хто седзячы, хто прылёгшы — мы глядзелі ўніз, на тое золата з крыжамі.

Там пачутае пра інтэрв'ю сталічнага журналіста з жонкай мясдовага самадзейнага мастака, інжынера, які ўвесь свой вольны час аддаваў палітры. Для душы.

«Уж лучше бы он пил!..» — уздыхнула тая, з выгляду, на фотаздымку, інтэлігентная жанчына.

* * *

Ну талент, ну голас, ну абаяльнасць знешняя, нават i юная сціпласць свайго дадала. А потым пачы-на-ец-ца! Каралевай спачатку хацелася быць, а далей ужо i каралева яна, i ёй ужо гэтага мала... Лезе, лезе наверх усё мноства назапашаных недахопаў, якім так уласціва множыцца ад папулярнасці i дабрабыту. I незаўважна тая дзяўчо-дзеўка-баба, якой яна тым часам стала, такая нецікавая ў сваім зношана-аблезлым самалюбстве.

* * *

Наднёманская вёска Беражна. Не «Бережное» на рускі лад, навязанае ад слова «бережливость», але ад берага — спрадвеку Беражна, з націскам на «е».

А вось ластавак-беражанак тут не называюць беражанкамі, як у іншых навакольных вёсках, а берагулькамі.

17
{"b":"598990","o":1}