Литмир - Электронная Библиотека

Дваццацёх нас, нядаўніх салдатаў польскай марской пяхоты, нямецкіх палоннікаў, у пераважнай большасці беларусаў, працавала ў вялікай памеранскай вёсцы на «арбайтскамандзе», па гаспадарах, a начавалі ў абгароджанай калючым дротам «штубе» з закратаванымі вокнамі i насланай на падлозе мятай саломе.

I вось аднойчы, калі ўжо ляжалі без агню, маўчун Саловіч раптам засмяяўся і, не сказаўшы чаго, заспяваў: «Баба Ксютка, дзед Тамаш, ой-ёй-ёй, паехалі на кірмаш, ой-ёй-ёй!..» Песня адразу прыйшлася да смаку, асабліва прыпеўнае ойканне на ўсе лады ды галасы, хто яе ведаў, а хто i не. Я, напрыклад, пачуў яе ўпершыню, нават уранні запісаў у блакноце, які захаваўся. I вось успомніў той далёкі час, тую дружную грамаду, той нечакана ды грубавата вясёлы голас сябра няволі, побач з якім я пражыў некалькі месяцаў, a запомніў так надоўга.

* * *

Апошнія дні месяца хочацца дажыць, перажыць як найхутчэй, каб спакойна, памалу пачаць новы месяц, зноў з першага дня. Як у школе калісьці, ад сшытка памятага, дзе-нідзе заплямленага, а то i з дрэннай адзнакай за нейкі ўрок ці за паводзіны, хацелася, не закончыўшы яго як след, да апошняй старонкі, перайсці да новага.

Параўнанне, можа, не зусім адпаведнае,— так мне думаецца не пра прыход любога месяца, a іменна пра мой жнівень, як быццам я сам выбраў яго для нараджэння. Калі я служыў — у рэдакцыях, у выдавецтве, у апараце Саюза пісьменнікаў,— для адпачынку найахвотней выбіраў яго. Бо i проста жнівень люблю, калі яшчэ ўсё лета, ды ўжо не толькі ў красе, але i ў багацці.

Вось пішу, а за акном, за дрэвамі, за Нёманам, недзе на лузе — дружны i доўгі клёкат адразу некалькіх буслоў, сёлета пачуты так, у харавым выкананні, упершыню. Таксама ж невыказна журботнапрыгожае сведчанне летне-перадасенняй красы.

* * *

Днямі, калі я выйшаў па малако ў пасёлак раней звычайнага, a раніца была ціха-туманная, на павароце прылясной дарогі сустрэўся чалавек. Высокі, босы, без шапкі, аброслы і... з сякерай у руцэ. Міжволі аднекуль з'явіўся страх. Мужчына сказаў мне «здрастуйця!», я яму «добры дзень!», падумалася, што мы з ім недзе бачыліся раней, a ўсё ж я, калі размінуліся, неўзабаве азірнуўся — яшчэ ад страху ад тое сякеры...

Вось яна i зараза нашага часу, са штодзённымі жахамі ў газетах, на экранах тэлевізараў, па радыё, у гутарках з сустрэчнымі.

* * *

Учора пад раніцу — навальніца з грымотамі, такі цудоўны канцэрт, а пад вечар, калі стала i зусім сонечна, пайшоў па дарозе спачатку лугавой, а потым лясной, з вялікімі лужынамі ў каляінах, якія трэба абыходзіць па высока атравянелай абочыне, месцамі чапляючыся за навіслае зверху голле або за стромкія дубцы лазняку знізу.

Добра пасля дажджліва-хмарных дзён!

* * *

Дарога, па якой шмат гадоў каля нашага дома ездзілі на луг над Нёманам выходныя гараджане, i сцежка, па якой мы з таго лугу даходзілі да ракі, так зараслі ў наступе штогадовага запусцення i ад шчодрых сёлетніх дажджоў,— дарога паміж высокіх дубоў, алешын i вязаў, а сцежка ў мокрай лагчыне, паміж высокага густота лазняку, так зараслі, што я з вялікай цяжкасцю перабрыў ,па дарозе да лугу, а перад сцежкай да ракі спыніўся стомлена...

I луг не скошаны, ды богведама ці будзе i сёлета кім-небудзь касіцца. Як запусценне, дык запусценне ва ўсім усюды!..

Перадыхнуўшы, я дабрыў да Нёмана, вышэй ад нашага ранейшага падыходу, пастаяў над нястомна быстрай вадой, тады па іншай дарозе, таксама зарослай, выйшаў на бітую, язджалую. Ногі мае ў гумовых ботах так стаміліся ад упартай заросласці зялёнага бездарожжа, што шырокая каляіна з прыбітым дажджамі i прыгладжанай аўтамабільнымі коламі пылам адчулася з палёгкай.

A ўжо на лаве з жэрдак каля чорнага кастрышча захацелася i прысесці, i пасядзець даўжэй...

* * *

Увішная гаспадыня ў полі, а на лавачцы каля хатняй сцяны, як заўсёды ўранку, бялеюць слоікі з сырадоем, тры трохлітровыя, для дачнікаў сямейных, i адзін літровік, для старое лекаркі, што летуе адна. Раніца сёння халаднаватая, толькі шэсць градусаў. Адно з тройкі пацешных кацянят — чорны каток кемліва прымасціўся да майго слоіка, бачком прытуліўшыся да цеплыні, яшчэ жывое, што я адчуў рукою.

Калі я дома расказаў пра гэта, жонка ўсміхнулася, як быццам трошкі кпліва: «Во, будзе i мініяцюра!..» А я яшчэ ў дарозе ўспомніў Аляксея Кулакоўскага, спакойнага апавядальніка, у мове крыху паслуцку сентыментальнага, які сказаў бы з пацмокваннем: «А то ж, братачка, i дэталька!..»

* * *

Дыхтоўнасць сырамятных шораў з вострым пахам дзёгцю. I здаравенны местачковы рымар Хаім, брахлівы ды нястомны гаварун. Вось ён — помніцца — выклікаў з хаты на двор, дзе мы сядзім, нярослую, рухавую, заганяную малечай жонку i загадаў:

— Малка, дай міне троху соку, міне ўжо суха шыць!..

Яна ведала з яго ранейшых жартачкаў, што гэта за сок, i таму, не маючы часу на большае, сказала толькі «Мішугінэ!» i, плюнуўшы, трушком падалася ў свае незачыненыя кухонныя дзверы, бо там ужо ёй трэба на каго-небудзь больш, чым на дварэ, пакрычаць.

А ён смяецца, задаволены. Няспешна шыючы дратвай набэдрык. На надворным стале, пры якім i я прысеў на лаве.

Усю збрую нам тады пашыў. Лейцы як быццам i цяпер у маіх руках. Такія духмяна надзейныя, як ні рвецца дахаты, застаяўшыся, наша гонкая кабыліца.

Уявілася гэта ўсё, чытаючы «Голэм» Густава Майрынка ў перакладзе з нямецкай мовы Васіля Сёмухі, якога я ўжо стаміўся хваліць, а вось жа трэба зноў.

Нізы пражскага побыту чэшскіх жыдоў. Хоць яны там не рымары ды не шаўцы ці кавалі, a рэзчыкі, гравёры ды мастакі або музыкі.

* * *

— Пагаварыць паселі? — спыніўшыся ў роснай траве, пытаюся ў трох ластавак на белай раме навонкі адчыненага акна.

А яны пакуль што ціха сядзяць, ужо не шыбуючы ў харчавальных бясконцых палётах, маючы права на адпачынак з дарослымі дзецьмі. Здаецца, што ix якраз двое такіх з пані-маткай.

* * *

У жарабячую жычку куплялася «жывое срэбра», ртуць. I не помніцца, каб хто з сямейнікаў гаварыў пра шкоднасць гэтай ртуці. Пакуль тым маленькім i рухавым шарычкам апынуцца ў жычцы, мы ix нават пакочвалі малымі, нецярплячымі пальцамі, то я, то крыху старэйшы брат на разасланым на стале шыракаватым тканым паяску. Пасля той паясок складваўся наўздоўж, з шарычкамі «жывога срэбра» ўсярэдзіне, i сшываўся, a ўжо канцы змацоўваліся на шыі жарабяці. Усё гэта рабіла мама. Яшчэ адзін брат, дзяцюк, трымаў жарабятка адной рукой пад персні, другою пад задок, a маці сшывала канцы паяска, які надоўга застанецца каляровым нашыйнікам, абручыкам ад грыўкі, што прытрымлівала яго, пад горлечка. Мама сказала свайму гаспадару: «Ну, пускай!», а тады жарабяці: «Во як табе будзе хораша!» Што жычка — ад шкоднага, зайздроснага вока, пра гэта гаварылася. Цяпер з гэтым будзе парадак! Не памятаю дакладна, можа, далейшае так i было, а можа, мне хочацца так даўявіць,— як наша кабыла, якая,— здаецца, у свежападасланым хляве — спакойна глядзела на тое абніманне-стрымліванне яе малога ды майстраванне на ягонай шыйцы, a калі яго адпусцілі i яно памкнулася храпкай пад матчын жывот, да салодкага, яна пяшчотна, стрымана за-фу-ту-ту-ка-ла.

* * *

Старому Шарыку, што прыбіўся да нас з залясной далекаватай вёскі, што ўжо i павольны, i глухаваты, i неахвотна гаўкае, нядрэнна начуецца дый днюецца пад паветкай, дзе ён ляжыць на сухім, цёгшым пясочку, нібы заслужаны дзед-гаспадар у ладнай сям'і, на спрыяльна напаленай печы. Каб жа яшчэ не назолы блохі, на якіх тут кажуць «скацукі», ад якіх не адджургацца. Часамі ён нават уцякае ад ix пад нашу вялізную ліпу, на сухі, няросны дзёран на ўзлобку яе разлеглага карнявішча.

Калі па-моднаму ўздыхнуць, дык ёсць у яго i другія праблемы. Скажам, ён вельмі баіцца грымотаў. Ціснецца, просіцца ў хату, да людзей. Так учора, калі разгрымелася, раздажджылася, калі я адчыніў дзверы глухое веранды на ганак, дзед Шарык, намоклы ад перабежкі сюды з падпаветкі, хацеў нырнуць на веранду, а там на падлозе былі разасланы шпалеры, якія нашы дзяўчаты расклалі, абклейваючы свой бакавы пакойчык. I я сабаку не пусціў. Накрычаў на яго, i ён, паслухмяна стуліўшыся, падаўся з ганка па ходніку, а пасля па суточках паміж сеткай агароджы i сцяной — на сваю «печ». Неахвотна, асуджана.

16
{"b":"598990","o":1}