Литмир - Электронная Библиотека

Афіцыянтка ў той жа вечар знікла.

Расказана яшчэ і так, да таго, што ўжо хутка паўвеку гаворыцца пра Яго заўчасную, трагічную смерць.

Некалькі сведак, нямала версій,— як быццам тут штосьці трэба было замоўчваць...

* * *

Сорак дзевяты год. Атака, што не паспела адбыцца перад самым пачаткам так званай барацьбы з касмапалітамі. Бэнда — супраць Багушэвіча, за ягоны антысемітызм, а Смолкін — супраць Багдановіча, за фармалізм... Такія артыкулы былі ўжо дасланы гэтымі абодвума граміламі, на той час ленінградцамі...

* * *

— Вы сёння не прыходзьце. Адпачывайце, глядзіце горад. А заўтра ўжо, калі ласка, можаце прыйсці.

Увосень шэсцьдзесят дзевятага ў Вільнюсе маскоўскія арганізатаркі міжрэспубліканскай канферэнцыі па дзіцячай літаратуры так гаварылі пры мне Валянціну Бераставу.

Яму было сорак адзін, на адзінаццаць менш, чым мне, на семнаццаць менш, чым Вітку... Дый не ў гэтым галоўнае. Сабраліся пісьменнікі з шасці рэспублік, а тут — выключэнне. Старэйшаму брату...

Дзень адпачыўшы з чарговай жонкай, назаўтра ён частаваў нас успамінамі пра сваё літаратурнае вундэрмаленства. Ласункі з барскага стала...

* * *

Што добра — тое добра, нават сям-там у нечым і выдатна. Аднак у міжраддзі добрага і выдатнага было і іншае. Як ён выслужваўся, як раскланьваўся перад тымі, ад каго залежала сытае, спакойнае жыццё, званні, узнагароды, кватэры, паездкі...

Не магу забыцца вось ужо больш за сорак гадоў, як ён, таленавіты чалавек, са здаровым адчуваннем смешнага, седзячы на стадыёне, раз-поразу азіраўся на ўрадавую трыбуну, дзе сядзеў вядомы аматар футбола — Цанава... Улавіў, нарэшце, момант ці проста здалося, што Лаўрэнцій Фаміч (быў жа Лаўрэнцій і ў нас!..) глядзіць на яго... І радасна прыпадняў капялюш. Пісьменнік — перад катам!..

* * *

У вёсцы многа дачнікаў, пад вечар асабліва шумна ад дзетвары. Госць наш з'явіўся тут, як з неба ці з Парнаса ўпаўшы, бо прыляцеў ён з Мінска самалётам, на пару з адным з дачных бацькоў, абодва пад добраю мухай. І госць пачаў той дзетвары расказваць пра сваё партызанскае «як было».

— У блакаду, дзеці, мы елі адну крапіву. Радзіма скажа — будзеш есці яшчэ і не тое. Вось такую яе, вось такую!..

Сарваў пад плотам жменю жыгучкі, пачаў хапаць яе слінявымі губамі і жаваць.

— Вось так! Вось так!..

Жаваў і ўжо расчулена плакаў... пэўна ж, пякучымі слязьмі.

Спачатку дзеці як быццам смяяліся. Потым толькі глядзелі. Сямігадовы яўрэйскі хлопчык, звонкі няўрымста, стрыжаны пад машынку, зусім сур'ёзна гледзячы на незнаёмага, прастадушна спытаўся:

— Дядя, вы дугак?

* * *

Не назаву я, дарагі, твайго імя, бо ў гэтым, што хочаш — не хочаш успамінаецца, ад твайго галоўнага — не шмат, бо я і права не маю судзіць,— я толькі ўспамінаю, не магу забыцца, як ты крычаў на дзяжурную адміністратарку гасцініцы, куды мы разам прыехалі:

— Я паэт! Ты бачыш гэтую галаву? Яна працуе на ўвесь народ! Мне трэба поўная цішыня, каб яна працавала! А ты...

Перш за ўсё — чаму «ты»? Жанчыне. Стомленай начным дзяжурствам, а ўсё ж культурнай, разважлівай. І яшчэ — ты ж не адзін, усёй нашай групе сказана, што адзінарных нумароў, на жаль, няма, трэба сяліцца па двое. І ніхто не крычыць. А тут жа яшчэ і чарга тых людзей, якія цярпліва чакаюць, што вызваліцца...

Успамінаю цябе. Ужо з апошняй далячыні. Чытаю цябе, і ты цяпер гучыш яшчэ больш празрыста і важна. І забыцца пра тое, пра той ранні маскоўскі ранак, наш юбілейны прыезд з Ленінграда, пра тую тваю галаву — не магу...

* * *

Весела таварыскага Скрыгане, які ў сваіх кнігах быў то Янка, то Ян, прыемна было называць яшчэ і Ёганам. Гуляем на більярдзе. Ён прыцэльваецца, а мы, нашмат маладзейшыя, прыгаворваем з паўзамі:

— Ёган... Сэбасцян...— і нарэшце — Бах!

Луза — не луза, але смяецца і ён.

* * *

Канец лета пяцьдзесят трэцяга года. Рэдакцыя нядаўна створанай «Маладосці». Кулакоўскі ў адпачынку, я за галоўнага. Саша Дзітлаў штосьці забегаўся па іншых рэдакцыях, і на чарговую вокладку свайго часопіса ў яго знайшлася толькі такая сельскагаспадарчая ідылія: свіння-мацёра развалілася на саломе, а яе старанна ссуць беленькія дзюдзькі, якіх, як для нагляднай агітацыі, вельмі многа. Аднак чаму ж такое ды на каляровую вокладку маладзёжнага часопіса? Няхай сабе і справядліва, аднак і некарэктна на лятучцы я пытаюся:

— А што за дурань прыняў гэта?

Іван Грамовіч, адказны сакратар, наліваецца чырванню і праз зубы кідае мне:

— Я гэты дурань!

І выходзіць, бразнуўшы дзвярыма.

Сітуацыя, маўчанне... Ды вось ён вяртаецца, стоячы, глядзіць на мяне, і пад яго вялікімі і легкаслёзнымі вачыма, на тонкіх губах пачынае з'яўляцца ўсмешка.

— Ваня,— кажа ён нарэшце,— хай яна здохне, дзе яна там ёсць, каб мы з-за яе сварыліся!..

Мне засталося адно папрасіць прабачэння.

Выпадак гэты я прыгадаў у тосце на саракагоддзі часопіса,— быць нам вышэй над усякімі свіннямі!..

А Івана тым часам няма ўжо сем гадоў.

* * *

На адным паважаным застоллі стары, славуты матэматык увесь вечар даводзіў мне, што я павінны, абавязаны напісаць... оперу. Не музыку асобна, не лібрэта, а ўсё разам — оперу.

А сакратар ЦК партыі, прымаючы мяне па асабістым пытанні, кнігу маю «Сёння і памяць» (відаць, па дакладзе памочніка) назваў успамінамі і параіў мне (лепш?) напісаць сцэнарый.

У абодвух выпадках — зверху.

* * *

Пераведзены з Брэста ў ЦК, другім сакратаром, Машэраў, казалі, замяняў улетку пяцьдзесят дзевятага галоўнага ідэолага Гарбунова, калі той пайшоў у адпачынак. «Полымя» толькі што надрукавала маю аповесць «Расчараванне», пазней вымушана перайменаваную ў «Апошнюю сустрэчу», і наверх паступіла, як мне цішком перадалі адтуль знаёмыя, ажно тры сігналы пра «расчараванне Брыля ў савецкай уладзе». Неяк пазней, сустрэўшы мяне на вуліцы, Пётр Міронавіч са сваёй абаяльнай усмешкай сказаў:

— Слушай, я скачала твою новую вещь не понял, а посмотрел еще раз — неплохо!..

А я не сказаў, як нехта другі сказаў бы: «Трэба ж было пазваніць пра гэта ў Ленінград».

Бо туды было назвонена з нашай звышідэалогіі, аповесць знялі ў часопісе «Звязда» ўжо з другой карэктуры.

Праўда, пра «нелепый звонок из Минска» загадчык аддзела прозы таго часопіса напісаў мне толькі тады, калі таварыш Гарбуноў з сакратара ЦК пайшоў у акадэмію.

Вось і думай, хто з іх распарадзіўся быў пра той званок...

* * *

Зімой сорак пятага — сорак шостага гадоў мяне ўсё бракавалі ў Галоўліце: што ні апавяданне, то й «занізка па якасці»... Пасля ўмяшаўся Лынькоў, старшыня Саюза пісьменнікаў, схадзіў «наверх», і галоўны цэнзар Феня Дадзіёмава паласкавела. Даручыла мяне ў сваім штаце нейкай старой Грынберг ці Гутэнберг, каб тая чытала маё перад здачай у часопіс. Улічыўшы тое, што ўсё тады цэнзуравалася двойчы, перад наборам і перад друкам, гэта была трэцяя чытка, а беручы па парадку — першая. Да тое Г. хадзіў я, здаецца, ці не адзін толькі раз, а больш ці сам не пайшоў, ці ў гэтым адпала патрэба — не памятаю.

Напісаўшы добры твор,

мы здаём яго ў набор.

Калі ж ёсць у нас сумненні —

адсылаем проста к Фені.

Наша Феня — Галоўліт,

знает, что в ему болит.

Так напісаў тады, у мой «вожыкаўскі» час, Крапіва. Не надрукавана гэта было, разумеецца, толькі ў рэдакцыі ведалі. Тут і намёк, апошнім радком, на пісьменнасць той вырашальніцы лёсу. Пра што ёсць і ў дзённіку Чорнага: «Яна гаворыць па-руску так, што трэба смяяцца». Ну, а пра веданне нашай мовы ўжо і казаць няма чаго.

71
{"b":"598985","o":1}