Литмир - Электронная Библиотека

* * *

Маскоўская валтузня, групавы перабрэх з узаемапакусваннем, што ў небывала вялікіх тыражах разыходзіцца па вялікай краіне, выплёскваецца цераз краі за межы яе,— як быццам у гэтым і ёсць перабудова, новае мысленне, дэмакратыя...

Колькі ўсяго трэба пераварыць, каб вярнуцца да таго самага: ведаць, выразна бачыць сваё месца ва ўсёй гэтай агромністай куламесе і на гэтым сваім месцы рабіць тое, што можаш.

* * *

Думалася, як буду адкрываць вечар Талстога.

У яго — усё тое, чаго нам сёння так не хапае: чысціня душы і самадасканаленне, любоў да зямлі, да працы, і міласэрнасць, і барацьба за мір... Блокава: «С Толстым умерла нежность». І тое, можа, што ў яснапалянскай бібліятэцы знойдзены быў «Капітал» Маркса — «испещренный пометками Льва Николаевича на полях»,— як ён не тое што не дацягнуўся да яго, як шкадуюць некаторыя, а пераступіў у вякі.

Здаецца, выкарыстаны ўжо ўсе найвышэйшыя, найцяплейшыя словы, сказаныя пра яго, а ён усё ўзвышаецца над імі, ён свеціць нам сваім словам. А мы паўтараем тыя выразы захаплення і ўдзячнасці, і яны не здаюцца нам няновымі.

* * *

Дзённік Бечыка здаецца мне больш задушэўным, чым запісы Караткевіча, якія прачытаў нядаўна. І прыемна было, што гэты сціплы, ціхі і такі глыбокі хлопец, Варлен, успомніў добрым словам і мяне.

Учора, калі я званіў Сідарэвічу, Толя разумна сказаў: «Якога празаіка мы страцілі!..» Мы толькі трацім ды трацім, а нам жа трэба жыць, нам трэба мацаваць, сцвярджаць саміх сябе — як народ, як народная літаратура.

* * *

Калі я ў шпіталі інвалідаў і ветэранаў вайны выйшаў ад хворага сябра і на вуліцы схаваўся ад гарачыні ў арыгінальнай аўтобуснай пачакальні,— нібы вялізнай пячоры, з таксама вялізным гарызантальным прастакутнікам выхаду,— у прастакутніку гэтым, як на агромністым экране яшчэ большага тэлевізара быў, убачыўся цудоўны пейзаж. Узгоркі пад зялёным выкалашаным жытам, кусты пералескаў, светлая яснасць блакіту і белачароўныя аблокі.

Зноў любуйся, пакуль гэта бачыш!..

Пазней, калі ў саюзе пісьменнікаў сустрэўся з Р. і ён спытаўся, як маё здароўе, я, успомніўшы многа сваіх ваенных аднагодкаў, ва ўсёй іх нямоглай шэрай піжамнасці, адказаў таварышу: «Дзякуй, цудоўна!» І не бравада гэта была, а ўдзячнае адчуванне, што я яшчэ трохі магу і што трэба рабіць сваё.

* * *

Нялёгка гэта, часамі і вельмі нялёгка, калі жаданне штосьці важнае сказаць ідзе не ад самога сябе, не зусім ад сябе, а звонку — ад просьбы, заказу. Хоць заказ гэты ці просьба, ад якіх ты не змог адпрасіцца ці адмахнуцца, у той ці іншай меры блізкі табе, твайму жаданню, намеру сказаць тое важнае, што ўжо даўно ці нядаўна, цьмяна яшчэ ці ўжо і ясней з'явілася ў тваёй душы. Пакуль як след наблізяцца, спалучацца яны — просьба, заказ і жаданне, доўга прыходзіцца... можна сказаць: пакутаваць.

Святое права старасці — пісаць тое, што хочацца самому.

* * *

Пачуў ад Радзіма Гарэцкага, што слаўны, высакародны і шматпакутны Гаўрыла Іванавіч жыццё сваё закончыў словам «Добра».

— Тата, як ты сябе адчуваеш? — спытаўся ён, шасцідзесяцігадовы акадэмік.

А бацька так звычайна, так па-свойму, так сімвалічна:

— Добра.

...Пазней я сустрэну падобнае ў Канта, які сказаў напаследак: «Das ist gut». І пазваню пра гэта Радзіму, ужо без вострага суму, а з пэўнай радасцю.

* * *

Ластаўка на галінцы ў ліпе. Які агромністы свет лістоты, духмянага, ціхага гушчару. А ў яе — маленькай, прыгожанькай — адпачынак ад ненаежнай малечы. Гняздо — зусім побач, у падстрэшшы, над маім акном.

* * *

Нашу ваду з суседняга калодзежа, і — ах, маленства! — зноў успамінаецца бедны, нягеглы жыдок Ярухім, які насіў У Турцы ваду сваім багацейшым аднапляменнікам, крамы якіх акружалі рыначную плошчу, «места».

Сонечная, росная раніца, і я весела думаю, як мяне цягне ў добрым настроі запісваць розную драбязу...

* * *

Учора чытаў дзіцячыя апавяданні Бялова, сёння чытаю апавяданні Кіплінга, на чарзе Плужнік...

За расчыненым акном позні ранак вялізнай палёгкі — сакавіта і вільготна зялёны, лёгка прыхмараны, такі харошы пасля той спёкі, што петрыла нас да пазаўчарашняй класічнай навальніцы і ціхіх дажджоў, якімі шамацелі ночы і з паўзамі цярушыліся дні.

* * *

Малады чытаю свае вершы больш дасведчанаму ў паэзіі і крыўдна недаўмяваю, што ён не хвалюецца. Няхай сабе не так, як я сам, аднак жа хоць бы трохі!..

А гэта ж так проста ўсё: за словамі майго верша — толькі маё хваляванне, якое другому пакуль што не перадалося. Пакуль што?.. А ў іншага каго яно і ніколі не можа перадавацца, як трэба.

* * *

Прышвін, «1930 год». А друкуецца гэта праз... пяцьдзесят дзевяць гадоў.

Вось на што асуджаешся, пішучы «для сябе». І застаешся сучасным. Калі пішаш праўду.

* * *

Пазаўчора «Ліра» здзівіла адным сюжэтам, як быццам, спачатку здалося, і не літаратурным.

Гутарка маладой журналісткі з татарынам сярэдніх гадоў, дырэктарам саўгаса «Лідскі», Мацвеем Крыніцкім. Прыгожая цвярозасць думкі, добрая беларуская мова, начытанасць.

Для прыкладу, амаль дакладна:

Журналістка: «Мне так сказалі на высокім узроўні, што раней трэба падумаць не пра беларускія падручнікі для школ ды інстытутаў, а пра раддамы, пра бальніцы, якіх нам так не хапае! Як вы на гэта глядзіце?»

Дырэктар (трохі падумаўшы, як і пасля кожнага пытання): «Гэта чыстая дэмагогія. Пры чым тут выдаткі, грошы, калі трэба ратаваць жыццё народа — яго мову? Каб вам сказалі: дай дзесяць тысяч, дык будзеш жыць, няўжо ж вы думалі б пра грошы? Не хапіла б сваіх, дык пазычылі б!..»

* * *

Сярод вучнёўскіх запісак было і такое пытанне: «Пасля якога твора вы адчулі сябе вядомым?» Адказваў не надта ўдала. А потым, адказваючы зноў жа пра тое: калі я пачаў пісаць, сказаў, што ў шостым класе, і дадаў:

«Вось тады іменна я быў найбольш вядомым — у сваёй школе».

І разам са слухачамі засмяяўся.

* * *

Калі мне было дзевятнаццаць-двадцаць гадоў, калі я араў, касіў, малаціў, штодня ведаў стому, аднак мог улетку ўстаць на світанні, перад выхадам у поле, а ўвосені засядзецца далёка за поўнач, каб тады пісаць,— відаць, у тыя часіны я, аўтар «Марылі», «Зладзеяў», «Як маленькі» і іншага, быў у пэўнай, заслужанай меры народным. Ужо без двукосся.

* * *

У маленстве ды малалецтве, ад бацькоў, сямейнікаў, суседзяў, сваякоў, калі да мамы прыходзілі екудзельніцы (з кудзеляй, прасці і гаварыць, гаварыць...), а да бацькі мужчыны-вячорнікі, што пабывалі ў розных кутках неўявіма вялікага свету,— як самавіта, важка, смачна гучалі мне ў іхніх размовах прозвішчы: Булдык, Кукарэка, Гіга, Цаба, Хавуста, Худоба, Чычук... імёны жаночыя: Настуля, Аршуля, Маланея, Аўдоля, Югася, Тэкля, Юста, Віліта, Палуся, Мартося... імёны мужчынскія: Віталь, Баўтрук, Ананік, Янка, Калінік, Артамей, Цупрон, Навум, Аўгей...

І раптам скрыгане імя — Ізыдор, прозвішча Кяргет, мянушка Ныгрыс, да сэнсу якое так і не дабрацца.

І многа было ва ўсім гэтым таямнічасці, паэзіі, мілагучнасці, што адгукаецца ў душы і сёння. Зямным і родным. Ці родна-зямным.

* * *

Пісаць так, як я пісаў на самым пачатку і як пішу цяпер,— што хачу і як хачу,— добра гэта, прыемна, лепш сказаць: радасна. Юнаком я хацеў друкавацца, хвалююча марыў пра гэта, а цяпер, як ні дзіўна бывае самому, з гэтым спяшацца не цягне.

Хоць, калі ўжо зусім шчыра, бывае і сумна. Нібыта я адбываю пакаянне за тое, што шмат друкаваўся, ідучы на кампрамісы, пішучы не заўсёды зусім па-свойму.

41
{"b":"598985","o":1}