Литмир - Электронная Библиотека

* * *

З расказу блізкага чалавека пра Афганістан:

...«Калі я вырвуся з гэтага пекла цэлы — адразу пайду з арміі...»

«Не ішоў бы, а поўз бы адгэтуль!..»

«Адразу і суд, і пакаранне...»

«А людзі жывуць сабе ціха ў якой-небудзь сваёй даліне — нічога пра нішто не ведаюць...»

І наша спроба — у «Я з вогненнай...» — акрэсліць усю глыбіню віны фашысцкіх карнікаў...

«У святле вышэйсказанага» (якое там «святло»!..) думалася днямі пра часовую, залежную марнасць усяго, што я напісаў, хочацца думаць і думаецца — апроч некаторых запісаў.

* * *

Успомніў, як прывыкаў і я — ды так жа хутка! — да трупаў і ў трыццаць дзевятым, і ў сорак чацвёртым, як неглыбока я думаю і пра тых, што сёння ў Афганістане...

* * *

Сустрэча з маскоўскай гора-рэдактаркай, якой і яшчэ ўсё мала скрэбціся ў маіх бедных запісах: «Вы там упамінаеце польскіх пісьменнікаў, якіх я не чытала...» І вывад: не ёй, вядома ж, прачытаць, а мне лепш, на ўсякі выпадак, зняць гэты запіс. Старыя бабскія рукі чапляюцца за свой коўзкі рэдактарскі бераг, а «дабрата» яе — дай толькі, Божа, цярплівасць... Калісьці Мележ гаварыў пра яе: «Расплачацца так, што і выплача ў цябе што-небудзь». А тут жа не што-небудзь, а шостую (ці пятую?) частку запісаў выскрабла. Праўда, не адна яна, але ж яе «как бы чего не вышло» — найбольш.

* * *

Думаў тут, па суседству з Баварыяй, з ФРГ [51], што Быкаў і падобнае да яго ўспрымаецца немцамі лепш, больш ахвотна, чым «Я з вогненнай...» або «Карнікі»,— паказвайце саміх сябе... Праўда — вышэй за ўсё, аднак у раме патрыятызму ёй зацесна. Тое, чаго мне часам не хапае ў Быкава, тое, пра што мы перад ад'ездам гаварылі з Адамовічам: агульналюдская праўда, якая ўсё больш ды больш становіцца неабходнай, бо і бяда, якая чакае нас — агульналюдская. І поўнай праўды ў каго-небудзь аднаго няма. Таму і тузаемся за яе і доўга будзем тузацца.

* * *

Вясёлы швейк, гаспадар пісьменніцкага дома адпачынку, хвалячыся іхнімі калгасамі, успамінаў, які тэрор быў калісьці, пры іх арганізацыі, і ў яго сякой-такой рускай мове слова гэтае дзіўна гучыць у такім прыстасаванні.

1981

Юрмала.

Як гэта добра — быць сынам вялікага, багатага, магутнага народа!.. Падумаў так, калі пачаў глядзець тэлеперадачу юбілея Абразцова. І тут жа ўспомніў ранішнюю размову з прыбіральшчыцай, старой латышкай. Інтэлігентная, светлая жанчына, што, накульгваючы на адну нагу, дапамагае сваёй працай у санаторыі (80 руб.) нявестцы-балерыне.

«Семсот гадоў нас душылі нямецкія бароны, душыў рускі царызм... А як жа гэта добра — любіць сваю радзіму, сваю родную мову, быць самім сабою!.. Нас цяпер тут мала, больш рускіх, прыезджых, і мы не дружныя, як яўрэі,— вось што дрэнна... А ў рускіх — я дзіўлюся — абы дзе лепш жылося, чым дома, там і прыліпае...»

Тое самае чуў пра рускіх («як цыганы») і ў Літве.

* * *

«Трудно поверить, что еще накануне войны двадцатилетний парень мог, глядя в далекие годы, со спокойной уверенностью сказать:

Только советская нация

будет и только советской расы люди.

Ощущение советского народа как новой исторической общности людей вызревало в нашей стране на протяжении ее послеоктябрьской истории».

Так піша Нараўчатаў пра Кульчыцкага.

Упершыню мяне здзівіла і рассмяшыла такое яшчэ ў партызанах, дзе так гаварыла машыністка Гіта, зверху, пасмейваючыся, хоць і была неабыякавая да мяне. Адным гэта патрэбна, выгадна для маскіроўкі, другім — з меркаванняў... не надта інтэрнацыяналісцкіх.

Сюды можна аднесці дзве радасці, праяўленыя двума рускімі, даўно знаёмым старым архітэктарам і суседам па стале, маладым партыйным работнікам. Першы шапнуў мне ў аўтобусе, што гэта план такі: каб на аднаго прыбалта прыходзілася два «нашых», а другі з адкрытай радасцю паведаміў, пасля наведання рыжскіх сяброў, што ў Рызе — «толькі дваццаць шэсць працэнтаў латышоў»...

* * *

Малады салдат маўчыць, маўчыць...

Яму ёсць пра што маўчаць...

...Да гэтага запісу, перапісанага з блакнота, хочацца дадаць, што і я тады, у вагоне, думаў пра Афганістан...

* * *

У 1958 годзе N. на ўрадавым прыёме адвёў мяне ў перапынку і пачаў прасіць:

— Янка, не пі так многа, ты ж яшчэ патрэбен народу!.. Сам-насам і душэўна. А я тады, лечачы сэрца, зусім не піў.

Потым бачу і чую — з Танкам тое самае:

— Максім, не пі так многа, ты ж яшчэ патрэбен народу!.. А той і зусім ніколі не піў, па добрай сямейнай традыцыі. Выхаваўчая праца сярод пісьменнікаў.

* * *

Ужо не толькі дазваляецца, але і рэкамендуецца «народнохозяйственная любовь к лошади», калі яе, бедную, амаль зусім дабілі.

1982

Чытаю ўспаміны пра Зошчанку,— і яго нібы адкрываючы, і здзіўляючыся, колькі ў нас літаратараў, было і ёсць, малавядомых, а занятых вялікай справай сумленна і талкова.

Упершыню я Зошчанку чытаў па-польску, школьнікам, апавяданне, якое цяпер пазнаў у яго двухтомніку — «Собачий нюх». У сорак шостым, калі яго разам з Ахматавай білі, я не ведаў, як кале жыцца, каго б'юць, а цяпер, азіраючыся на той час, думаецца, што і за такое нікому як быццам не брыдка, хоць і ведаем,— аўтары гэтых успамінаў ведаюць, — як гэта дзіка было і як часамі паўтараецца ў не вельмі абноўленых формах.

* * *

Не запісаў, як гаварыў са мною Б. перад маёй паездкай у ГДР. Па тэлефоне з ЦК, як быццам не ведаючы, што гаворыць са мною.

«А почему именно должен ехать Брыль, почему не Шемякин?»

«Там издан мой роман и меня приглашает издательство».

«Но почему именно Брыль?..»

У трэцяй асобе, цераз такую «полосу отчуждения»...

* * *

На канферэнцыі таварыства «Радзіма» мяне папрасілі выступаць... па-беларуску: «Гэта патрэбна для радыё на заграніцу, для суайчыннікаў»... Беларускага пісьменніка просяць гаварыць па-беларуску!.. Назаўтра ахвотна пайшоў на сустрэчу з супрацоўнікамі БСЭ, што робяць купалаўскі том, каб «паправіць душу» родным словам... Што з намі будзе?..

* * *

Амаль кожны дзень — яшчэ адна порцыя таго самага.

У персанала медыкаў шпіталя інвалідаў — раздвоенасць: памрэ ці не беларуская мова («отомрет!..»)...

У тэатры імя Купалы няма каму выступіць перад школьнікамі па-беларуску...

Прозу нашу,— калі хоць больш-менш прыстойна,— няма каму перакладаць...

Гэта толькі за 3-4 апошнія дні, пасля выступлення перад інвалідамі, пасля званка са школы, дзе гурток «Спадчына», пасля гутаркі з В. Т. па яго перакладзе.

І трэба жыць, і трэба працаваць.

* * *

Ніна параіла прачытаць «Wesołe kłopoty» шведа Дагерман, і ў анатацыі я перш за ўсё прачытаў: «Самагубства пісьменніка папярэдзіў перыяд глыбокага творчага крызісу». На трыццаць першым годзе жыцця.

Вось якія бываюць яны — творчыя крызісы. А які ў. іх працэнт сытай заспакоенасці, абыякавасці, ляноты?

Гэта ўжо, калі мне гаварыць пра самога сябе.

* * *

...Людзі (два чалавекі), якіх я паважаю, гавораць пра яго (трэцяга), на абмеркаванні творчасці, што чалавек ён вельмі добры, вельмі сціплы і г. д. А мне ўспамінаецца, як ён аднойчы, гадоў некалькі таму назад, званіў мне, прасіў даць «якія-небудзь рэцэнзіі» пра мяне, бо дачка яго, студэнтка, спазнілася з курсавой, а паслязаўтра апошні тэрмін здачы...

28
{"b":"598985","o":1}