Дурное, ідыёцкае патрабаванне: каб дзеці ды бабы не давалі партызанам есці... Прычына біць, знішчаць.
Яўрэйскія могілкі каля Суража. Побач з сумотай помнічкаў — брацкая магіла: яўрэі і партызанскія сем'і, больш за тры тысячы чалавек. Недарэчны надпіс на помніку: «Вечная слава героям...» А ў шэрай сумоце мноства помнічкаў — вялікі чорны помнік нейкаму Кацу.
* * *
Кот з'есць мыш і азіраецца, куды яна падзелася. Так у нас з беларускай мовай... Школы пазакрывалі, і пачаўся «натуральны працэс» пераходу на «другую родную мову».
Успомнілася, як нябожчык Р. Кісялёў на праглядзе заключнага канцэрта рэспубліканскай алімпіяды мастацкай самадзейнасці здзіўляўся, што няма — амаль зусім няма — беларускіх нумароў. Здзіўляўся... міністр культуры!
* * *
Сакратар райкома па ідэалогіі, сімпатычны І., прызнаўся мне, што піша работу пра партызанскі рух на Клічаўшчыне (па адукацыі ён гісторык), але ў абкоме яму хтосьці там сказаў, што на гэтым, калі ён апублікуе сваю працу, закончыцца яго партыйная кар'ера...
Не парушайце зацверджаных, акасцянелых схемаў!..
* * *
Інвалід на двух тупых пратэзах. Моцны мужчына. Расказвае, як ён, хворы тыфам, быў у палоне, як дапытвалі і як уратаваўся. У лазню, дзе яны паміралі, чакаючы смерці, забіць іх прыйшлі два немцы. Забралі верхнюю вопратку, пастаялі, успёршыся на вінтоўкі, пагаварылі паміж сабой, а потым адзін сказаў па-руску:
«Будете помнить, что француз — хороший человек». І пайшлі. На якой мове яны паміж сабой гаварылі, ён не зразумеў. А я дарма падумаў спачатку, што і «французам» тую вопратку не варта было забіраць: гэта рабілася імі для маскіроўкі.
З Эльзаса яны, з Латарынгіі?
* * *
«...Стары чалавек, якога моцна збілі, абапёрся на карову і стаіць, ісці не можа...»
Чаму ж яна — жанчына, якой тады было васемнаццаць гадоў,— расказвае пра такое і горшае, непасрэдна сваё гора і, як і іншыя, усміхаецца?..
А ў самое ногі былі адмарожаныя. Паказала, што і цяпер яны без пальцаў.
Немец паказваў ёй, як уцякаць: «Дзе камрад — не бяжы, а дзе каровы — ты туды».
* * *
Часта думаецца пра недаразвітасць вельмі многіх дзяцей, у тым сэнсе, што з іх — пры іншым павароце лёсу — можна было б зрабіць нешта куды большае, чым яны ёсць.
Зноў успомніў гэта, калі мы назаўтра, у Красніцы, праслухалі расказ пакутніцы Князевай і Валодзя, ужо ў дарозе, сказаў, захоплены душэўнай прыгажосцю гэтай жанчыны, што з яе была б выдатная настаўніца. Была, б...
А цяпер яна — пры хворай, таксама недастрэленай маці і зробленым некім сынку (маці-адзіночка ці пакінутая жонка — не пасмелі ў яе спытацца),— цяпер яна працуе ў брыгадзе, свабодную сваю прафесію акрэсліўшы вельмі проста і дакладна: «куды пашлюць...»
Процьма такіх людзей — «недаразвітых» — знаёмых і ўбачаных за век толькі табою адным. І жывуць, пражываюць жыццё такімі, як ёсць, і толькі па іхніх задатках можна меркаваць прыблізна, што з іх было б, каб абставіны жыцця склаліся для іх больш прыхільна. Ды што там здагадвацца, меркаваць, калі гэта відно на прыкладзе, скажам, многіх у нашым Заторы,— калі параўнаеш бацькоў, сфармаваных да Верасня, і дзяцей, якім савецкі лад даў магчымасць развіцца.
А што — каб не было такіх вось многіх «недаразвітых», хто рабіў бы «чорную» работу, неабходную не толькі для развіцця іншых, але наогул для існавання людзей? Цяпер жа амаль кожны, хто закончыў хоць як-небудзь школу, лічыць, што не яму працаваць на зямлі, і прэцца ў горад ці на «чысцейшую» работу дома. Не простая гэта справа — раўнамернае, усебаковае развіццё ўсіх людзей, развіццё ў іх свядомасці, вартай таго грамадства, якое мы — хто ўмоўна ды цьмяна, а хто і іранічна ці цынічна — называем камуністычным, нашай будучыняй.
* * *
«Гэта няпраўда, што пішуць яны так, як ім загадваюць: яны пішуць так, як самі ўяўляюць тыя загады, а ўяўленне, на жаль, у іх не вельмі моцнае».
Заўважыў гэта ў «Szpilkach», у «Zmyśleniach» [32] Брудзінскага, і адразу ўспомніў Шолахава — яго «загады сэрца»...
* * *
Енісей.
Капітан нашага «Рубінштэйна», сціплы, ледзь не сарамлівы Мікалай Мікалаевіч. Нас з Адамовічам папрасілі на сустрэчы ў салоне расказаць пра нашу працу над «Памяццю» [33], а капітан пачаў пасля пра лагеры:
— Вазілі мы сюды калісьці тысячамі, а вось адгэтуль — нікога...
Мы ўжо за Палярным кругам. Тая самая вялікая, сур'ёзная вада, чыстае неба і тундра замест тайгі. Бераг — «тэрасамі»: ад паводак. І ўспамінаецца, як учора капітан, зайшоўшы ў нашу каюту, зноў гаварыў пра красу паўночнага ззяння:
— Стоишь, окоченеешь, а глаз оторвать не можешь...
Гэта яму — за чыстае сэрца, такое бачанне красы.
На досвітку была Курэйка, дзе Сталін зрабіў мясцовай бабе сына, які ўжо ў шасцідзесятых гадах, набуяніўшы недзе, пачаў абараняцца сваім паходжаннем. Позна. А было і зарана.
Зусім па-новаму думалася ўчора пра генія ўсіх часоў і народаў — як пра чалавека, што так глыбока стаў нечалавекам. Я толькі адчуваннямі дакрануўся да таго, што перажывалася тымі, каго калісьці вазілі сюды інакш, чым едзем мы.
* * *
На берагах Волгі былі шкілеты цэркваў, а тут — цэлых пасёлкаў, пакінутых людзьмі... Тайга — пустыня, у якой можна нават знайсці (з самалёта, адхіліўшыся ад курсу) цэлы манастыр, які існуе па-за часам і прасторай, не ведаючы пра рэвалюцыі і войны.
Пра гэта расказваў нам капітан.
...Над вечным спакоем вады і зеляніны абапал яе, пад чыстым небам — пусты павільён, у якім была «ўвекавечана» хата, дзе жыў калісьці Сталін. «Хату расцягнулі на куратнік» (штурман казаў), а з п'едэстала трактарам сцягнулі ідала. Калісьці тут пасажырскія судны спыняліся на дзве гадзіны — абавязковая экскурсія.
Наш рогат: ён узыходзіць са шлюпкі на палубу з мехам гуркоў на плячы...
* * *
...Зноў Коля С. [34] Ён «будаваў» Нарыльск, а ў мяне тут люкс, верталёт... «Цэлы дзень ідзеш побач з возам сена. Па калені ў сцюдзёнай вадзе...» (Гэта, відаць, не тут.) Цяпер мне з ім пагаварыць бы!..
* * *
Лаўлю сябе на тым, што не мне гаварыць такое, што гэта непатрыятычна, але думаю — думкі такія самі лезуць у галаву.
Столькі праліта крыві за гэты Калінінград, за гэтую зямлю, а гаспадарым мы тут — «не вельмі»... Асабліва нудна, прыкра адчуў сябе на «барахолцы». Прастора, пасля сяк-так прыбраных руінаў парослая бур'яном, з усіх старон тырчаць вялізныя цагляна-металічныя шкілеты магутных кірхаў, а тут — квадрат зямлі, заліты асфальтам і прадаецца - купляецца рознае і сапраўды барахло — ад маленькага «пупсіка» да крадзенага вайсковага кажуха... Сыплюць людзі з трамвая, і думаецца: няўжо каб у магазінах усё было і тады было б тое самае выходнае ныццё, сумныя, дробязныя «перажыткі капіталізму»? А для многіх гэта працяг працоўных будняў — дзень адпачынку, і фізічнага, і духоўнага...
Як ні ездзім вакол — на трамваі, на тралейбусе, на таксі,— заўсёды амаль пасярэдзіне свету тырчыць разбіты сабор, каля сцяны якога ляжыць Кант.
* * *
Чытаю пра Рэрыха. Люблю такія кнігі. І даўно. Успомнілася, як у суровы, страшны час акупацыі, у цёмным, ізаляваным ад роднага і ад усяго свету Загоры ці ў такіх жа Маласельцах, начуючы ў Мішы, чытаў Крапоткіна, Герцэна, дарэчы, думаючы, што раблю тое, што трэба.
І другое думаецца, чытаючы. Пра веліч рускай культуры і пра нашу горкую беднасць. І цяпер ніводнай кнігі няма пра ніводнага — пра Скарыну, Каліноўскага, Купалу, Багдановіча... І не відаць, хто мог бы яе зрабіць для той жа серыі «Жизнь замечательных людей». А што будзе далей? Замест нацыянальнай культуры — у сапраўдным, сучасным значэнні гэтага слова і паняцця — застанецца шматпуддзе помнікаў Купалу і Коласу — як успамін?..