Литмир - Электронная Библиотека

— Калі яны тут? Не яны тут, а мы тут! — крыкнуў чалавек, і Акаловіч бачыў, што праз паўсекунды чалавек стрэліць. Акаловіч са страшнай сілай адчуў непераможную прагу дацягнуцца туды, пад Клецак, і гэта ўжо рабілася яго адзінай мэтай у жыцці. Інстынктыўна, не думаючы, ён, само сабой, узяў у момант панібрацкі тон:

— Што ты робіш! Спусці стрэльбу! Дурань!

— А ты чаму не кажаш, хто ты! Кажы! Кажы, бо зараз стрэлю!

— Я іду з аперацыі.

Чалавек спусціў уніз вінтоўку.

— Ну дык прысядзем, закурым. «Божа! Чалавечае слова! Упершыню за ўвесь гэты страшны час!»

— Сядзець мне няма калі.

— Далёка табе ісці трэба?

— Пад Клецак.

— А дзе гэта?

— Ад Нясвіжа пятнаццаць кіламетраў.

— Нясвіж чуў, а як жа. То пакажы дакумент.

Акаловіч адгарнуў ад жывата транты свае адзежыны і пачаў абмацваць у кашулі вышэй жывата ліштву, па якой зашпільвалася кашуля. У адным месцы ліштва не была прышыта, а толькі зарублена. Удала дзе-нідзе прафастрыгованая, яна шчыльна прылягала да кашулі. Акаловіч засунуў пад яе палец і пачаў там ім шнарыць. Чалавек чакаў. Акаловіч дастаў адтуль скручаную ў валік паперку. Раскруціў, паглядзеў і падаў чалавеку. Той пачаў пра сябе чытаць. Гэта было пасведчанне Нясвіжскага райсавета, што Люцыян Акаловіч ёсць селянін з Рымашоўскіх хутароў, Нясвіжскага раёна, Баранавіцкай вобласці. І штамп, і пячатка, і подпісы — усё было на месцы, і нельга было здагадацца, што паперка рабілася не ў Нясвіжы, а дзесьці ў Германіі. Прачытаўшы паперку, чалавек падазрона паглядзеў на Акаловіча і, не аддаючы яму яго пасведчання, сказаў:

— Дык ты туды і ідзеш?

— Туды.

— А дарогу ты ведаеш?

Акаловіч зразумеў недавер’е і пачаў гаварыць:

— Мне на Маскоўска-Варшаўскую шашу трэба выбіцца, а там я ўжо ведаю.

— А там як?

— А там як?! Пасля Слуцка праз Селіцкія крыжы, Лядныя, Гулевічы, Піліпавічы і кіламетраў сорак не даходзячы да Сіняўкі…

— Дык табе ж гэта круг будзе, — дапытваў чалавек, не спускаючы з Акаловіча пільных вачэй.

— Дык можна і інакш, — адразу схамянуўся Акаловіч. — Мусіць-такі я пайду з-пад Гулевіч на Цімкавічы, на Пузава…

— Чакай, а яшчэ?

— Шашою да Слуцка, а там з шашы сысці зусім, а прысадамі да Нясвіжа, а там, не ўваходзячы ў горад, а толькі прайшоўшы Новае Места і ля брамнага ўезду ў горад, адразу налева да Мураванкі…

— Чакай, чакай, разгаварыўся! Зброя якая ў цябе ёсць?

— Пісталет без набояў…

— Ну што ж, ідзі хіба…

Акаловіч ажыў, увесь смутак яго скончыўся. Свет і сябе ў ім ён адчуў у гэты момант так: «Дайсці туды, чакаць, хавацца, служыць таму, хто б там ні быў і хто б там навек ні астаўся. Адслужыць штодзень яму колькі яму трэба, а рэшту дня сам з сабою, адзін, ці гной корпаць, ці што там будзе…»

Раптам чалавек заўважыў у Акаловіча на грудзях штосьці падазронае для сябе. Штосьці вытыркала з-за ліштвы, адкуль ён даставаў тое пасведчанне. Чалавек зноў пачаў дапытвацца:

— А з якое ты аперацыі ідзеш?

— Ну з аперацыі.

— Адкуль?

— З Лядскага маёнтка.

— А што там рабіў?

— Як што рабіў?

— Дай сюды, — унь у цябе нешта тырчыць з кашулі.

Акаловіч хапіўся за ліштву, і ўтрапенне скалынула яго. Чалавек зноў падняў вінтоўку.

— З якое аперацыі?

— Я забіў Паліводскага.

— Гэта ты?

— Я.

— Хто табе даваў заданне? Чаму ты так здалёку ішоў на гэта, і так далёка назад?! Тут зусім іншая акруга!

Тут чалавек, усё сочачы за Акаловічам, убачыў, што ён тое, што тырчэла ў яго з ліштвы, ужо скамячыў у пальцах, змяў у жмуток, быццам бы выціраючы пальцамі нос, паклаў у рот і ўжо клычыць зубамі і языком. Зараз глыне.

— Выплюнь! — закрычаў чалавек і зварухнуў пальцамі на вінтоўцы. Акаловіч плюнуў. Чалавек хапіў мокры ад сліны жмуток і, расцягнуўшы яго ў пальцах, убачыў, што гэта кавалачак паркалю, на якім штосьці дробна надрукавана па-нямецку.

— Я забіў Паліводскага, — голасам як з-пад зямлі абазваўся Акаловіч, падаючыся задам да першых зараснікаў на самым узлессі.

— Я ведаю і без цябе, што Паліводскага сёння ўночы забілі, — прахрыпеў чалавек і стрэліў. Акаловіч упаў і больш ужо не паварушыўся.

З таго дня і гэты куток, дзе сярод кустоў ляжаў нежывы Акаловіч, і той маёнтак, адкуль на трэці дзень пасля першых допытаў і доследаў вывезлі на бліжэйшы могільнік Паліводскага, і ўсе тутэйшыя дарогі пачалі часта агалашацца стукатам нямецкіх матацыклаў і грузавікоў і скогатным бразгатам танкаў і танкетак. Кожную легкавую машыну ахоўвала танкетка, а калі ехаў які-небудзь санавіты немец, то за ім ішоў танк, або і два. Пачалі з’яўляцца і станавіцца тут часці вялікага карнага злучэння. Аўтаматчыкі на грузавіках штодзень кудысьці ехалі дарогамі. Грунтавым жа шляхам, які ляжаў тут, час ад часу праходзілі танкі. Можа гэты захад быў не так дзеля аховы нямецкіх заваёваў, як дзеля таго, каб нагнаць страх па насельніцтва. Танкі, хоць па адным ці па два, пачалі часамі шнураваць па вялікіх дарогах і суседніх з гэтаю акруг. Смерць Паліводскага перакінула трывогу і туды. Нямецкія начальнікі толькі за вялікаю патрэбаю выязджалі са сваіх месц і стараліся трымаць каля сябе як найбольш салдат. Што ж да людзей, то ўсюды гаварылі пра пахаванне Паліводскага: завезлі, засыпалі ў яму, і ніхто з людзей на пахаванні не быў, толькі паліцэйскія і два немцы. Ніхто не ўздыхнуў і не дакрануўся хустачкай ці пальцамі да вачэй. З гэтай прычыны пайшла старая прымаўка на новы лад: «Служы немцу верна, дык ён ад цябе нос адверне». Так шырока погаласка і трывога пайшла, што задалёку ад месца смерці Паліводскага, у сваім неўладаваным яшчэ маёнтку, Гертруда і яе стары Густаў былі няшчасныя ўсе тыя дні, калі не быў з імі іх сын. А ён пачаў бываць тут вельмі зрэдку. У яго быў іншы клопат: у яго было больш, як у іншай якой акрузе, канцэнтрацыйных лагераў, і гэта пачало вельмі непакоіць яго. Ён павялічыў і пашырыў разведку і «прачосванне» лясоў. Але салдат было ў яго мала, бо з цэнтра закамандавалі некаторым гарнізонам перамясціцца адсюль у акругу, дзе быў забіты Паліводскі. У яго такім парадкам узнікла думка зліць усе канцэнтрацыйныя лагеры ў адзін, каб злучаныя разам вартавыя вайсковыя часці сталі моцнай сілай. Яго гэтую думку прынялі. Але пакуль што тут было яшчэ спакойна. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзіў на ўладанне свайго бацьку, было кіламетраў дваццаць. Ад маёнтка да вялікага грунтавога шляху, які ішоў ад Гомельшчыны цераз Бабруйшчыну на Вялікае скрыжаванне з Маскоўскаю шашою на Случчыне, было кіламетраў пад семдзесят. Па гэтым шляху і пачалі шнураваць танкі час ад часу. Ні танкі, ні салдаты ніводнай сутычкі ні з кім не мелі, і ўсё пачало як быццам спакайнець.

Па людзях жа пайшла гамана, што па лясах збіраецца вялікая сіла, мноства людзей і ўсё пры зброі, і многа там чырвонаармейцаў і камандзіраў, і што нешта вялікае неўзабаве можа адбыцца. Што ж да справаў на фронце, то прайшла чутка, што падышлі вялікія папаўненні і Чырвоная Армія хутка пачне наступаць. Тым часам вельмі шырока стала вядома, што каля Сумліч на Вялікім скрыжаванні адбыўся напад на нямецкую аўтакалону: звыш як семдзесят нежывых немцаў ляжаць на самым скрыжаванні пад недаломкамі васьмі машын. А ў суседняй з Сумлічамі воласці ўночы раптоўна невядомыя перастралялі ўсю паліцыю і схапілі і забралі жывога з сабою каменданта. Хоць ніхто цяпер нікуды ад свайго дома далёка не ад’язджаў і не адыходзіў, але ўсюды, на шырокую навакольнасць, ведалі, дзе ляжыць вытрушчаны і выгнуты на кучу ламачча нямецкі поезд. З-пад скалечанага паравоза і разбітых вагонаў тырчаць акрываўленыя нямецкія косці. Ведалі яшчэ і гаварылі пра тое, што на грунтавым шляху ў лесе непадалёку, нават зусім блізка ад малога скрыжавання, стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Дакладна называлі месца: калі прайсці ад малога скрыжавання колькі кіламетраў шляху ў бок да таго месца, дзе ён каля Сумліч крыжуецца з шашою, то, мінуўшы вялікую бярозу, будзе зараз жа і той танк. І па глухіх кутках, і па дарогах нават усё часцей льга стала напаткаць узброенага чалавека або некалькі іх. І ўсё гэта была праўда. Каму з якой-небудзь добрай ці злой прыгоды здаралася трапіць у тыя месцы, той сапраўды бачыў і поезд пад адкосам, і падарваны танк на шляху ў лесе. Казалі, што ад споду быў вельмі заквэцан у гразь, а з яго люка вытыркала і матлялася на ветры сіняя кашуля з вышыўкамі на рукавах.

42
{"b":"598982","o":1}