Литмир - Электронная Библиотека

— Пра каго ты гаворыш! — крыкнуў нецярпліва Паліводскі, не маючы сіл адарваць вочы ад Нявадавых пальцаў.

— Ласкавенькі мой, любенькі мой, дарагі мой, душою і целам прашу, дастаньце яе з лагера і аддайце мне, каб я мог хоць пачуць, як пахне яе галава — ці пылам, ці мылам, як калі бывала ў яе. Ратуйце яе і мяне цераз гэта… Каб праз вашы вушы да сэрца дайшло… Чалавек жа, нават і акамянелы, не бывае без сэрца. Я так прашу, што аж не ведаю, ці глядзеў я калі на каго з сваім гонарам… Дзеля просьбы мае я нёс сюды цэлы месяц, прапытваў, туляўся…

Тут ён дастаў з-пад падшэўкі крыж і застыў маўкліва. Можа, ён успамінаў, ці не асталося яшчэ чаго, і не бачыў, як Паліводскі раптам збялеў тварам і рукамі зрабіў рух туды да яго. Нявада выпрастаўся і паклаў усё на стол. Поўны вялікага чакання, ён стаў перад Паліводскім і не зводзіў вачэй з яго твару. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Нарэшце ён як бы абмярцвеў, і вочы быццам ашклянелі. Ён падсеў да стала і глядзеў на крыж, на якім мільгацелі нават у сваёй нерухомасці каменні.

— Нявіннае дзіця… Можа там яна дрыжыць ад крыку тоўстага салдата…

Нявада прыдумляў словы, ён не ведаў, што Паліводскі пражыў жыццё адзін, без сям’і і без дзяцей, і тое, што яму, Няваду, магло быць мэтай, Паліводскаму было нічым. Нарэшце і Нявада змоўк, і маўчанне гэтае, здаецца, навалілася нязносным цяжарам на ўвесь свет. Паліводскі раптам падпёр твар рукамі і прамыляў губамі так, што Нявада ледзь пачуў:

— Позна ўжо… няма… і не трэба! — апошняе слова ён выгукнуў мацней і зноў замыляў губамі. — Жыццё пражыта чорт ведае як… І нічога не ўдалося…

Губы яго зноў пачалі перасмыквацца, і ён стаў у ранейшай паставе, з рукамі за спіной. Нявада з жахам уздрыгануўся, спазма здушыла яму горла, і ён прахрыпеў:

— Позна? Яе расстралялі? — І ён закалаціўся, як прыгавораны к смерці.

Паліводскі закрычаў:

— Прынёс позна! Трэба было дваццаць год таму назад! — Паліцэйскі з’явіўся ў дзвярах, падазрона зірнуў на Няваду і ціха сказаў да Паліводскага:

— Яшчэ просіцца… там увесь час сядзіць. Гаворыць, што яго ўспомняць, каб сказаць, што ён сын Стафана Акаловіча.

Паліводскі разоў дзесяць засаб перасмыкнуў губамі і ўсім тварам і сказаў:

— Няхай увойдзе.

Твар яго як быццам праясніўся. Здавалася, што з думак яго сышло ўжо ўсё, апроч таго, што папрасіўся сюды. Ён падышоў да дзвярэй, каб сустрэць сына Стафана Акаловіча. Нявада трымаўся, каб не застагнаць, так ціснула яму ў грудзі і горла. Ён аж хістануўся ўбок ад жаху, убачыўшы, што ў дзвярах з’явіўся той самы малады і абарваны, якога ён тады, даўно ўжо, траха не забіў жалезам па галаве. Цяпер ён быў яшчэ больш абарваны і больш быў падобны да абцягненага скурай шкілета, як да чалавека. Паліводскі працягнуў яму руку, а той дзіка азіраўся каля сябе.

— Я сын таго Акаловіча, які меў знаёмства з вамі многа год і да якога, пад Клецак, вы заязджалі…

— Ваш бацька быў самым блізкім мне чалавекам з усіх…

— Майго бацьку немцы павесілі, — сказаў з узнятасцю Акаловіч. — Я не маю дзе галаву прытуліць, за мною, як за воўкам, палююць, дзе б хто ні сустрэў мяне… Увесь свет цесны мне. Дзе ж тая вялікая Польшча? І малое яе няма! Хто мяне адарваў ад таго месца, дзе мне прасторна было?..

Ён задыхваўся. Нявада прыліп плячыма да сцяны. Паліводскі сеў к сталу і ўнурыў твар. Акаловіч пачаў калаціцца, як пасаджаны на пакуту. Паліводскі крыкнуў Няваду (відаць было, што раптам успомніў):

— Выйдзі! — І ўставіўся сухімі вачыма ў Нявадаў твар.

Нявада, ірвануўшыся з месца, бачыў, як Акаловіч затрапятаў рукой пад запазухай і двума крокамі апынуўся перад самым Паліводскім. Нявада застыў на месцы. Акаловіч ірвануў з нетраў дзіравае адзежы штосьці малое, цёмнае, чаго Нявада не мог разгледзець. Паліводскі сядзеў унураны. Акаловіч кінуў у яго бок сваю руку. Нявада не паспеў нічога ні падумаць, ні разгледзець. Траскучы гук і дым, і Паліводскі тузануўся ўніз і грунуўся аб падлогу, галавою пад стол. Акаловіч пераскочыў цераз яго і рынуўся ў акно, але адразу ўзаскочыць на падаконнік не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла і тады ўжо кінуцца на двор. Нявада не паспеў апамятавацца. Паліцай, утрапёны і перапалоханы, сыпануў у пакой кулямі, але ў самы пакой не ўбег і закрычаў. Нявада падбег да акна і толькі цяпер заўважыў, што рука ў Паліводскага адкінута з-пад стала па падлозе на праход паміж сталом і акном. Паліводскі быў мёртвы — толькі цяпер уцяміў Нявада. Ён шпарка апынуўся на акне і, трымаючыся за падаконнік, гупнуў нагамі на зямлю. Як у спёку смага, яго мучыла прага хутчэй аддаліцца ад гэтага месца, да якога ён ішоў цэлы месяц і якое стала яму цяпер страшным і агідным. Ён пабег куды вочы глядзелі і заўважыў, што пад нагамі ў яго мокрая трава. Задыхваючыся, ён бег у цемень ранняй ночы, чуючы, як бяда завязвае яму свет і смутак, большы яшчэ, як калі раней, цісне яго ў зямлю. Ён не меў пачуцця таго, ці многа ён прабег. Сэрца распірала яму грудзі. Ён пайшоў павальней, і кожная нага здалася яму стопудовай. Колькі жыў ён на свеце, ён яшчэ не быў у такім жаху. Гэта была яго апошняя думка. Ззаду пачалі зноў страляць. Штосьці падобнае на кулямётную чаргу пачало абзывацца за ім раз-поразу. Ён упаў на зямлю, перачакаў, устаў і зноў пайшоў. На пятым кроку зноў трэснула і стукнула ззаду. Яго тузанула ў спіне. Ён упаў у той жа момант адразу. Ён быў мёртвы ўжо ў момант, калі дакрануўся грудзьмі і тварам зямлі.

Акаловіч выйшаў на ўзлессе з палявой цаліны, калі яшчэ як мае быць не развіднела на наступны дзень. За ноч ён прайшоў нямала дарогі. Нервовае ўзбуджэнне зрабіла яму лёгкімі ногі. Але ніколі яшчэ ён не меў такога страшнага выгляду. Вочы, як промні, здаецца яны палалі і кожную секунду пераменьвалі сваё месца па твары. Здаралася, што гэты чалавек зараз перагарыць і ператлее ад таго, што з’ядае яго з сярэдзіны. З адной нагі ў яго згубіўся чаравік, у другім валачылася падэшва. Вышэй кален ён быў мокры, без шапкі і з распаласаванай напалам калашыной нагавіц да самай паясніцы. Ішоў ён няроўна. То ледзьве цягнуў ногі, то ўваходзіў у подбег. Дзіка азірнуўшыся на ўзлессі, ён стаў, пачаў глядзець угару і прыслухоўвацца. Але гэта было так сабе. Нічога нідзе ён не заўважаў, бо неўзабаве ўжо быццам смела прысеў на мокры камень, але не надоўга. Праз паўгадзіны ён ужо ішоў нейкаю лясною сцежкаю, і напэўна сам не ведаючы куды. Раптам выбілася з-за тумановага засцілу сонца, чырвонае, круглае і вялікае, у прасвецці паміж дрэў яно стаяла, як аглядальнік зямлі. «Усход! Там усход! А супроцьлеглы яму захад! А на захадзе, адгэтуль на захад, родны дом, і клён той, і можа хоць адзін які яшчэ знойдзецца там блізкі знаёмы твар. Можа там яшчэ гаварыць будзе з кім, доўга, штодзень, аб былым маленстве, аб колішніх надзеях…» Ён сціснуў зубы ад крыўды і нянавісці. І дзіўна. Яго надзея не спраўдзілася. Тое, што Паліводскага ўжо няма жывога, не дало яму палёгкі. Безнадзейнасць і чорны смутак душылі яго. Але ён павярнуўся плячыма да сонца, якое ўсё вышэй усплывала ў неба. «Ісці ад сонца — дык прыйсці на захад». Ён як бы працверазіўся. Ён стараўся ўжо разабрацца, куды ж завялі яго за ноч ногі? Мясцовасць была незнаёмая. Лес, поле, вада ў лагчынах, крыклівыя вароны, скрыжованыя сцежкі цераз поле, і чалавек нейкі.

Гэты чалавек стаяў у нізкіх зарасніках на мяжы поля і лесу і відзён быў увесь ад пояса. Ёы быў так блізка, што Акаловіч выразна заўважыў, што ён даўно не галіўся. Адзін на аднаго яны глядзелі, і той раптам гукнуў:

— Эй, хто ты, падыдзі сюды!

Акаловіч нехаця і з такім адчуваннем, быццам сэрца яго ў грудзях адарвалася ад свайго месца, падышоў да чалавека. Той адразу прыцэліўся ў яго з аўтаматычнай вінтоўкі, кашлянуў мокра і хрыпла і сказаў захалоджаным голасам:

— Хто ты?!

Акаловіч уныў і варухнуў губамі.

— Ну, кажы, хто ты? Дэзертыр з Чырвонай Арміі?! Ну! А мо шпіён нямецкі, ходзіш тут, віжуеш!

— Нашто ж тут немцам шпіёны, калі яны тут… — стараючыся гаварыць развязна і з нуднай усмешкай, адказаў Акаловіч.

41
{"b":"598982","o":1}