Литмир - Электронная Библиотека

Танк гэты стаяў узняты левым бокам у паветра, аднак жа не так блізка ад вялікай бярозы, не бліжэй як за паўкіламетра. Пад узнятым угару левым бокам была яма ад гранатнага ўзрыву. Абгарэлым і абкуродымленым задам ён сядзеў нізка ў зямлі. Што здарылася з гэтым танкам, ведала толькі адна Ракуцькава Лізавета. Самі ж танкісты ўжо нічога не маглі расказаць, бо яны былі мёртвыя. Канчаўся ўжо трэці тыдзень вайны, калі Лізавета падышла да бацькавай хаты. Выкіравалася яна сюды не ад шляху, а ўжо з супрацьлеглага боку. Яна дала вялікага круга, каб не ісці шляхам. Яе ўразіла пустэча і цішыня ў пасёлку. Дзверы ў хатах усюды былі паадчынены, і хоць бы дзе жывая душа. З дрыжаннем сэрца яна ўвайшла ў бацькаў двор. Яе хустка, у краткі і з фрэнзлямі, валялася пасярод двара. Яна ўвайшла ў адчыненыя на ўвесь мах дзвярэй сенцы. Шырока раскінуты дзвюма палавінамі чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. У ім, напханыя туга, былі чаравікі, кашулі, боты, нагавіцы, сукенкі. Гэта яе і Тамашова, тое самае, што бацька збіраў праз доўгія гады. Камень з жорнаў у засохлай крыві ляжаў пасярод сянец. З-пад яго вытыркаў пляскаты кавалак чарапной касці з скурай і пукам рыжых валасоў. Яна скалынулася і шпарка зазірнула ў хату. Валачашчая сука прыбілася сюды і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая, выцягнутая, доўгая і тонкая, яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Яна вышчарыла зубы і забурчала, пачуўшы чалавека. Лізавета выбегла з хаты, абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нідзе ні душы і пакінула гэтае сумнае месца. Вось і ўсё. І няма ўжо больш ні там ні тут ні прытулку, ні прыпынку. І можа бацькі і маці ўжо няма. Вось і прыйшла самая спелая пара яе юнацтва!

Яна пераначавала ў блізкай вёсцы пры шляху і вярнулася назад. У яе з’явілася патрэба яшчэ раз зірнуць на бацькаву хату. Дзесьці ў глыбіні душы ажыла ў яе надзея, слабая і няпэўная: а можа праз які-небудзь цуд яна там нападзе на бацькаў след. Менш як праз гадзіну яна зноў зазірнула ў бацькавы сенцы. Адзежы і чамадана ўжо не было. У хаце не было ўжо і сукі, адны толькі шчаняты спалі ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Раптам ускочыла ў хату сука і брэхам выгнала Лізавету на вуліцу. Лізавета пайшла ўнурыўшыся, а сука рвала яе ззаду за адзенне. Лізавета азірнулася. Сука адбеглася і зноў пачала нападаць. Лізавета падняла пошвырак. Сука ўскочыла ў двор, у сенцы, у хату, дзе раптам залямантавалі шчаняты. Лізавета зашчапіла дзверы і зноў пайшла, чуючы ўвесь час брэх зачыненай у хаце сукі. Тут яна ўбачыла, як з’явілася на вуліцы фурманка і трое нейкіх невядомых мужчын, аброслых, у рубашках без падпяразкі, пачалі цягаць з хат усё, што толькі маглі і што было там. Воз напаўняўся адзеннем, посудам, усялякім прыладдзем і рыштункам. Лізавета скрылася ў першы двор і агародамі і садамі выйшла на доўгую сцежку праз поплаў да тарфянога балота і ўзгорыстага поля. Яна ўжо мінула і тую вёску, у якой начавала, і палявою дарогаю ішла туды, дзе праходзіў вялікі шлях. Дарога паднялася на крутое ўзвышша. Лізавета азірнулася з гэтага высокага месца і з вострай трывогай убачыла, як над пасёлкам, дзе стаяла бацькава хата, выбухнуў высока агонь з дымам і шпарка пачаў распоўзвацца ўшыркі. Лізавета пайшла далей і праз сотню крокаў азірнулася. Агонь бушаваў, як навальнічныя перуны. Тут, на дарозе, пахла ўжо дымам і гарэлым дрэвам і чуўся дзікі лямант. Проста на Лізавету з усіх сіл імчалася сука. Лізавета пазнала яе не з масці, а з усяго выгляду. Сука была ўжо без шэрсці, уся абсмаленая і абсквараная. Яе адцягненыя шчанятамі цыцкі былі абвугленыя, і ўсё чэрава было падобна на абсмаленую дошку. Зад яе быў высквараны і ад бягі патрэскаўся і змочваўся крывёй. Ад яе тхнула гарэлым мясам. Дагнаўшы Лізавету, сука ўпала на зямлю, і, валакучы зад, дапаўзла да ног апанованай утрапеннем дзяўчыны і зноў заенчыла і заскуголіла. Вялікія вочы яна ўставіла ў Лізавецін твар, і здавалася, скогат яе чуцён на ўсё шырокае наваколле. Лізавета пабегла. Адбегшыся, яна азірнулася і ўбачыла, што сука ляжыць і дзярэ лапамі зямлю, а агонь і дым удалечыні пачалі ападаць. Подбегам Лізавета дайшла да вялікага шляху, спынілася апанованая одумам, паглядзела ў залітую сонцам прастору і зарыдала. Пайшла яна шляхам у той бок, з якога так доўга бралася сюды, да бацькавай хаты. Да самай ночы, і ўсю ноч, і палову наступнага дня яна ішла і выйшла на большы шлях і ўсё ішла. І ўвесь час душу яе ціснула гора і смутак. Так дайшла яна да малога скрыжавання і ўвайшла ў лес. Яе дагнала і пачала мінаць невялікая калона нямецкіх танкаў. Танкі ішлі адзін за адным на вялікай разлегласці. Яна перастаяла іх усе, стуліўшыся за дрэвам. Ужо і гул іх знікаў. Яна рушыла далей, ужо выразна дайшоўшы да думкі вярнуцца туды, дзе прайшло яе маленства, і там шукаць бацькі. Пачаткі нейкай надзеі нараджаліся ў яе. Яна ішла, і ўсё недзе гуло. Яна думала, што гэта ад тых танкаў наперадзе. Раптам забразгала ззаду. Яна азірнулася. Танк стаяў пасярод дарогі. З яго выйшаў немец і махаў ёй рукой. У яе заныла сэрца. Немец пайшоў проста да яе. Усміхнуўшыся, ён узяў яе за локаць і тузануў ісці з ім. Ён падвёў яе да самага танка і паказаў рукой, каб яна ўлазіла ў сярэдзіну. Яна стаяла моўчкі. Ён прыўзняў яе пад пахі і ўсадзіў у танк. Там быў яшчэ адзін немец. І той ранейшы ўлез следам за ею. Танк рушыў у ход. Два немцы і яна цесна сядзелі адзін пры адным. Танк быў напакован жаночым адзеннем і абуткам. Раптам танк спыніўся. Немцы пачалі штосьці шпарка гаварыць паміж сабою. Было падобна, што яны спрачаюцца. Нарэшце адзін немец вылез з танка, а другі пасядзеў, памаўчаў, быццам да чагосьці прыслухоўваўся. І пацягнуў Лізавету да сябе. Яна хацела адшатнуцца, але немец трымаў яе моцна. Твар яго быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Яна тузанулася і дакранулася зубамі да яго горла. Ён выцягнуў шыю. Яна рванулася да яго горла зубамі. Ёй здавалася, што рот увесь напоўніўся. Як мага, яна ціснула зубы, усё больш і больш. Не могучы апамятацца ад вялікай трывогі, яна змагалася яшчэ і з немцавымі рукамі, якія адпіхалі яе. Чуючы, што ўласнае сэрца гатова разарваць і задушыць яе, яна ўсё больш сціскала зубы, чула, як немец захроп і як ёй пырснула ў твар.

— Э, э, Генрых! — пачаў абзывацца той другі дзесьці за танкам. Яна шатнулася ад немца і з нейкага інстынкту хапіла з-пад яго падол светлай жаночай сукенкі і два разы шмарганула сябе па мокрых губах. Не трапляючы дрыжачымі і аслабелымі рукамі куды трэба, яна, з яснай думкай, адарвала ад немца тры гранаты, якія добра бачыла ў бялявым святле, што падала сюды.

— Генрых! — моцна сказаў за танкам немец і нешта засвістаў. Свіст яго пачаў аддаляцца. Яна вылезла з танка, са страхам шукаючы вачыма немца. А ён стаяў за дарогай і ачышчаў рукаў ад засохлай гразі. Ён убачыў яе, штосьці сказаў і паказаў пальцамі сабе на грудзі. Тулячы пры боку гранаты так, каб не бачыў іх немец, яна пайшла ад танка ў лес. Немец закрычаў, шпарка падышоў да танка і зазірнуў у сярэдзіну. Яна збялела тварам, ледзьве перадыхнула, шпурнула гранату да немцавых ног. Калі яна апамяталася, абсыпаны зямлёй танк стаяў на месцы, каля яго была яма, і цераз дарогу, паміж двух дрэў, ляжала немцава рука разам з кавалкам пляча і мундзірным каўняром у крыві і зямлі. Яна шпурнула пад танк дзве гранаты зараз. Танк падняўся адным бокам угару, а другім асеў у зямлю. Зад яго палаў і пасля атух. Так ён і астаўся стаяць адным бокам. Лізавета подбегам пайшла, думаючы пра тое, што з кожным крокам яна аддаляецца ад гэтага месца. Так мінула яна вялікую бярозу з першымі жоўтымі лісткамі на ёй і ішла ўсё далей. Пасля гранатных узрываў пад танкам гэтае месца на доўгі час зноў аставалася ціхім і пустым. Толькі пасля таго як у суседняй акрузе Акаловіч забіў Паліводскага, гэтым месцам зноў пачалі праходзіць нямецкія танкі. Бяроза тады стаяла зусім ужо голая, і зямля пад ею пачынала прымярзаць. У тыя часы на гэтым месцы з’явіўся старэйшы Густаў Шрэдэр у выглядзе такім жа дзіўным, як і страшным. Гэтае новае падарожжа яго пачалося і скончылася вось як.

Перабродскі лагер апусцеў бадай што больш як на палавіну да тых дзён, калі Ракуцькава жонка пачала выгалошваць сваё гора і калі Лукашэвічава Ліза як бы адчула сябе лепш ад свае крываўкі і сядзела дзень і ноч на зямлі каля слупа з позіркам, які мог скалынуць душу кожнага.

43
{"b":"598982","o":1}