Литмир - Электронная Библиотека

* * *

Мусiць, я не першы, хто заўважае, што вайсковую форму вельмi любяць iдыёты. I як сумна, што на вулiцах гэтай формы ўсё болей i болей.

* * *

Вайсковы патрыятызм вырастае з нянавiсцi да суседзяў, а тая нянавiсць грунтуецца на зайздрасцi... I варта памятаць: зайздросныя ваяўнiчыя варвары зруйнавалi Рым.

* * *

Хто хоча мiру, хай рыхтуецца да вайны... Зазначыў старажытнарымскi пiсьменнiк Вегецый. Толькi падрыхтоўка да вайны — вайна, а не мiр, як i ўрачыстае святкаванне перамогi над ворагамi — працяг вайны.

* * *

Знiшчы грошы — i знiкнуць войны... Спадзяваўся старажытнарымскi аратар Квiнтылiян. Дарэмныя спадзяваннi. Б’юцца, ваююць, забiваюць i за кавалак акрываўленага мяса.

* * *

Старажытнарымскi паэт Клаўдыян выказаўся пра перамогу так: "Сапраўдная перамога толькi тая, калi самi ворагi прызнаюць сябе пераможанымi". А я сумняваюся, што сэрца чалавека, якi падпiсвае капiтуляцыю, пагаджаецца з тым, што робяць розум i рука.

* * *

Ёсць класiчнае выказванне: калi двое б’юцца, трэцi радуецца. А цi не азначае гэта, што, калi двое памiрацца, — трэцi заплача?

* * *

Калi становiшся на бок пацыфiстаў, варта памятаць, што вайскоўцы ведаюць старажытнае правiла: у адносiнах да ворагаў усё дазваляецца.

* * *

Вайскоўцы любяць вайскоўцаў, нават вайскоўцаў варожых дзяржаў, i ненавiдзяць пацыфiстаў, асаблiва суайчыннiкаў.

* * *

"Перамогi не будзе!" — менавiта з такiм перакананнем iдзеш на бой.

* * *

Войска выбудоўваецца, каб разбураць.

* * *

Смелы ваяр — гэта найперш пакорлiвы раб.

* * *

Злапамятнасць i злараднасць — два слупы, на якiх трымаецца нацыянальная годнасць, бо нацыя не павiнна нiкому дараваць нават дробныя напады на свае правы. Таму на занятках гiсторыi ты вывучаў розныя крыўды, бойкi ды войны. Вось таму на ўсiх скрыжаваннях услаўляюцца забойствы, забiтыя ды крыважэрнасцi, названыя подзвiгамi. Вось i святкуюцца ваенныя перамогi ўсенародна. Не ўдзельнiчай у гэтых урачыстасцях.

* * *

Асэнсоўваць непатрэбнасць усялякай вайны варта ў цiшынi i на адзiноце, бо ў акопе пра вайну не падумаеш.

* * *

Каб ператрываць чорныя часы, бывае дастаткова ўявiць чарнейшыя хвiлiны.

* * *

На першы погляд, дзяржава — з’ява антыпрыродная, бо яна iмкнецца забаранiць дзве з асноўных праяваў эвалюцыi: падман i забойства. Але пры больш пiльным разглядзе заўважаеш: калi з дапамогаю законаў ды пакаранняў дзяржава здольная збольшага забаранiць гэтыя праявы на ўласнай тэрыторыi, дык адразу ж распачынаецца вайна з суседнiмi дзяржавамi, яна сама пачынае падманваць i забiваць. Дзяржава вымушаная забiваць чужых i сваiх, каб не забiваць адно сваiх. Дзяржава — прыродная пабудова, як статак, як зграя, як гайня.

* * *

Моц халаднакроўных гадаў у тым, што яны здатныя не толькi ўкусiць, але i атруцiць. Кiнжал ды келiх з атрутаю — твая зброя, калi разумны i мужны. Зрэшты, атруту можна выпiць самому, не раўнуючы, як Сакрат.

10. Гвалт

* * *

Усялякая мараль сканчаецца ў кропцы, з якой пачынаецца пошук задавальненняў ад пакут жывёлаў, людзей, народаў, краiн...

* * *

Тыранii ўласцiвая гарачкавая iмпульсiўнасць, пачуццёвасць, безразважнасць, а яе ўвесь час спрабуюць аналiзаваць з пазiцыяў светлага розуму i халоднай логiкi.

* * *

Спачатку ты палохаешся, потым баiшся i, урэшце, не можаш адмовiцца ад гвалтоўнага ўчынку.

* * *

Нацыя, якая забiвае тырана, становiцца на шлях гвалту i падтрымлiвае цэласнасць сваёй дзяржавы з дапамогай бясконцых злачынстваў. Зрэшты, нацыя, якая забiвае забойцу, не лепшая за нацыю, што забiвае караля, бо кароль i з’яўляецца перш-наперш забойцам, гвалтаўнiком i тыранам.

* * *

Нельга ўладарыць бязвiнна. Але ў больш спакойных дзяржавах уладараць прайдзiсветы, махляры i зладзеi, а ў дзяржавах ваяўнiчых кiруюць адно забойцы. Таму, абiраючы кiраўнiка дзяржавы, трэба аддаць перавагу хiтраму махляру, каб не зрабiцца закладнiкам бескарыслiвага гвалтаўнiка.

* * *

Найгоршае з забойстваў — знiшчэнне бацькоў. Гэта вяршыня гвалтоўнага паўстання супраць прыроды, лёсу, Бога. Менавiта да бацьказабойства заклiкаюць рэвалюцыянеры: "Разбураць да падмуркаў!", "Выцерцi радзiмыя плямы!", "Рэвалюцыя вышэй за ўсё!" Рэвалюцыйнае разуменне сацыяльнай роўнасцi натыкаецца на сцяну ўзаемаадносiнаў дзяцей з бацькамi i дзядамi. Пачынаецца бессэнсоўнае змаганне маладых са старымi.

* * *

Толькi сам тыран выдае нацыi iндульгенцыю з правам на паўстанне, на гвалт i на пакаранне смерцю ўласнай асобы.

* * *

Калi гвалтаўнiк заклiкае знiшчыць людзей выдатных, народ з задавальненнем пачынае забiваць тых, хто вылучаецца з натоўпу; паступова даходзiць чарга да гвалтаўнiка, i крык: "Я ж такi, як i вы!" — не ўратоўвае.

* * *

Гвалтаўнiк абапiраецца на спрошчанае вызначэнне свабоды. Для яго свабода — гэта магчымасць падпарадкаваць кожнага сваiм жаданням. Гвалтаўнiк не спыняецца; падпарадкаваўшы людзей, ён захоплiвае iншыя дзяржавы i, што самае дзiкае, — пачынае змагацца з прыродаю: выпростваць рэкi, злучаць моры i акiяны... Ловiць вецер, адным словам.

* * *

Паводзiны гвалтаўнiка вельмi iмпульсiўныя, ён на кожным кроку рызыкуе, парушае законы, iгнаруе выпадковасцi i жыве паводле правiла: я зраблю табе любое зло, якое толькi захачу, а ты гэтаксама рабi мне зло, якое зможаш.

* * *

Гвалтаўнiк — гэта ахвяра i кат у адной асобе; кульмiнацыяй гвалту, вiдавочна, будзе самазнiшчэнне.

* * *

Рэвалюцыйныя хваляваннi выносяць на вяршыню ўлады гвалтаўнiкоў, бо менавiта яны абяцаюць спынiць i нарэшце спыняюць гэтыя ж рэвалюцыйныя хваляваннi.

* * *

Знявага прыроды — вось мара шчырага гвалтаўнiка, але ў гэтым шчыраваннi ён расплываецца ў бясконцасцi, а прырода застаецца абыякавай. Таму ўвесь час у мяне ўзнiкае жаданне сказаць гвалтаўнiку адно слова: "Супакойся".

* * *

Гвалт будуецца на празмернасцях, таму ворагi ягоныя — бязмежнасць, цiшыня, спакой.

* * *

Гвалтаўнiк знаходзiцца ў стане перманентнай барацьбы з уласнымi страхамi. Ён ведае, што спалох вядзе да страты ўлады, а таму ў халодным поце прымае самыя неверагодныя паставы, якiя мусяць дэманстраваць смеласць i рашучасць. Гвалтаўнiк верыць у свой тэатр, бо ведае: як толькi апусцiцца заслона, Смерць здыме ягоную гарачую галаву.

* * *

Чалавек адрознiваецца ад жывёлы тым, што добра ведае, як зручна нападаць удваiх на аднаго.

* * *

Бунт — рэалiзаваная мара рабоў.

* * *

Не сумнявайся, народ залiчыць тырана ў вялiкiя дабрадзеi, калi ён выпусцiць з турмы цябе, якога сам жа пасадзiў без усякай тваёй вiны.

* * *

Дэспат хавае злыя дзеяннi за добрымi словамi.

11. Палiтыка

* * *

Патрыёт у сваiх палымяных прамовах апелюе да пачуццяў, да Радзiмы, да крывi. Розум i дух чужыя для патрыёта. На гэтай глебе i сыходзяцца патрыёты з дыктатарамi.

* * *

Мара любога тырана — не столькi гвалт над жанчынамi, колькi ўсынаўленне iхнiх дзяцей, пабудова такога грамадства, дзе ўсе дзецi належаць дзяржаве i, адпаведна, падпарадкоўваюцца тырану. Адсюль i "бацька нацыi".

* * *

Дэмакратыя — волевыяўленне падвяселенага нядзельнага натоўпу.

* * *

Выйграе той палiтык, якi не забывае пра схiльнасць народа да пакоры. Змагацца цяжэй, чым скарыцца.

* * *

Тыран раздае ўзнагароды i пасады найгнюснейшым з лiслiўцаў, каб хоць бы на нейкi час пазбавiцца ад iх.

* * *

Папулярнасць фармуецца ў нетрах натоўпу, якi прагне яскравых праяваў сляпога лёсу. Адсюль i Папялушка з ператварэннем у прынцэсу, i прэзiдэнт з сялян-жабракоў.

* * *

Кожная нацыя смяецца з iншых, тым часам як iншыя насмiхаюцца з яе. Шкада, што з тваiх беларусаў кпяць вельмi мала.

6
{"b":"598168","o":1}