Адам Глёбус
POST SCRIPTUM
кантамiнацыi
Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Post scriptum: кантамiнацыi — Мінск: 1999.
© Камунікат.org, 2012
Жэст — gesture
1. Культура
* * *
Культура — па-першае, культывацыя зямлi, па-другое, культ асобы, а потым — усё астатняе.
* * *
Найпершая задача камерцыйнай культуры — растыражаваць каштоўнае i прадаць яго як мага танней.
* * *
Калi чытаю, слухаю або гляджу выдатны твор, на нейкi момант адчуваю жаданне, каб ён належаў толькi мне. Вось так i ўзнiкаюць таемныя калекцыi i бiблiятэкi.
* * *
Культура — гэта веданне дакладнай адлегласцi, на якой мусiш вiтацца з ворагам.
2. Творчасць
* * *
Шлiфоўка, удасканальванне, аздабленне формы пры кволай iдэi выглядае непатрэбшчынаю.
* * *
Прыгажосць мае крышку мiнорнае адценне.
* * *
Пакуты творцаў зазвычай беспадстаўныя: мастаку здаецца, што рэальныя карцiны горшыя за ўяўныя, а лiтаратар перакананы, што яшчэ не напiсаў вартага твора.
* * *
Пазбягай дачыненняў з людзьмi нiкчэмнымi... Асаблiва небяспечны тут — тэлефон, бо чужы голас адразу трапляе ў свядомасць. У пакоi, дзе стаiць тэлефонны апарат, немагчыма засяродзiцца, немагчыма займацца творчасцю.
3. Талент
* * *
У найбяздарнейшага рамеснiка ёсць прынамсi адзiн прыхiльнiк.Звычайна на гэтую ролю пагаджаецца жонка.
* * *
Талент лiтаратара, як i любы iншы талент, табе дорыць прырода. Асноўная праблема таленавiтага чалавека ў тым, каб наяўнасць таленту яму даравалi людзi.
* * *
Генiй стаiць вышэй за ўсялякiя канстытуцыi, праграмы i законы, таму дзяржава помсцiць генiю жорстка i злосна. Калi ўмее — у рамках законаў i канстытуцыяў, а нярэдка i выходзячы за iх.
* * *
Большасць людзей нараджаюцца i застаюцца ў жыццi пасрэднымi, таму старанны, паслухмяны, пасрэдны працаўнiк хутчэй знаходзiць прызнанне ў народзе, чым асоба генiяльная. Каб зразумець генiя, трэба самому нарадзiцца хоць бы таленавiтым.
* * *
Большасць разумных людзей, жывучы ў сталiцах, iснуюць i працуюць у правiнцыях. Для адных гэтая правiнцыя завецца навукаю. Для iншых — рэлiгiяй... Як i кожны, спадзяюся, што з цягам часу на свеце будзе больш творцаў, якiя пажадаюць жыць у сталiцы, дзе ўраўнаважана скампануюцца i навука, i мастацтва, i рэлiгiя, i эротыка. Дзе адзiн правiнцыйны талент не будзе iмкнуцца прынiзiць другi талент толькi за тое, што ён з iншай правiнцыi, з iншага рэгiёна цi сектара.
* * *
Дзяржава прыўлашчвае заслугi генiя, якога паслядоўна, педантычна, скрупулёзна зневажала.
* * *
Улада — гэта яшчэ i захоп чужых здольнасцяў i ведаў.
* * *
Не наракай на фартуну. Лёс прапануе шмат магчымасцяў i людзям бяздарным, яны проста не заўважаюць i не скарыстоўваюць iх. Злавiць шчасце можна толькi таленавiтай рукою.
* * *
Ленавацца не менш складана, чым працаваць. Працуеш па агульнапрынятых правiлах i адпачываеш па правiлах, а лянуешся — па сваiх жаданнях. Таленавiтых лайдакоў гэтаксама мала, як i здольных працаўнiкоў. Пра гэта сведчыць i колькасць баек, казак, раманаў, песень пра людзей лянiвых.
* * *
Генiяльнае не падробiш... Сказаў Вавенарг. Так. Нiхто i не спрабуе падрабляць генiяльнае. Падрабляюць творы, падрабляюць прадукцыю генiяльных працэсаў, а яна хоць i адбiвае ў сабе, як люстэрка, постаць генiя, сама, у сутнасцi, генiяльнай рэччу не з'яўляецца.
* * *
Галоўнае ў творчасцi — наладжванне працэсу, а не канчатковы прадукт.
* * *
Калi табе перасталi зайздросцiць, значыць, ты згубiў талент.
* * *
Фальшывыя манеты ходзяць з-за недахопу сапраўдных грошай у таленавiтых людзей.
* * *
У пасрэдных людзей ёсць патаемны пароль: прэч заслугi. І калi ты хоць на крок выйдзеш наперад, дык адразу пачуеш за спiнаю абразы i знявагi, якiя выканае хор пасрэднасцяў.
* * *
Ад кожнага — па здольнасцях, кожнаму — па запатрабаваннях. Існуе i такая схема пабудовы грамадства. Але чым большыя здольнасцi, тым меншыя запатрабаваннi, i наадварот.
* * *
Дзень — маленькае люстэрка, у якiм адбiваецца ўсё жыццё. У генiяльнага чалавека не бывае бяздарных дзён. Ёсць у яго сумныя хвiлiны, вясёлыя iмгненнi, трагiчныя тыднi, а бяздарных дзён няма. Таму дастаткова чалавеку таленавiтаму апiсаць адну сустрэчу з генiем, каб ты зразумеў i ўбачыў велiч выбiтнай асобы.
4. Слава
* * *
Той, хто iмкнуўся да вядомасцi, багацця i славы, а ў вынiку не займеў iх, нiколi не выклiча спачування. Наадварот, з такiх няздараў здзекуюцца i насмiхаюцца найбольш.
* * *
Пра добры твор гаворыць нямнога людзей, але — доўга.
* * *
Нячаста, але сустракаюцца асобы настолькi самадастатковыя, што iх не цiкавiць прызнанне i слава, iм не патрэбныя ацэнкi i адзнакi iншых, iх не абыходзяць чужыя меркаваннi пра ўласныя паводзiны. Хацеў бы я быць такiм, незалежным ва ўсiм. А ў мяне атрымлiваецца толькi ў камернай творчасцi.
* * *
Каб цябе пачулi i слухалi, гавары тое, што людзi прагнуць пачуць.
* * *
Вядомасць дасягаецца толькi праз кепскую рэпутацыю.
* * *
Вышыня сённяшняга трыумфу сведчыць пра глыбiню заўтрашняга падзення.
* * *
Папулярнасць — гэта перш-наперш пасрэднасць, а пасрэднасць — гэта ўчарашняя вядомасць.
* * *
Мода — найвялiкшы вораг папулярнасцi, бо мода змяняецца з кожным сезонам.
* * *
Апранахi блазнаў i каралёў аднолькава зiхоткiя. Зусiм не прынцыпова тое, што ў аднаго золата сапраўднае, а ў другога — штучнае, бо словы каралёў i блазнаў здатныя выклiкаць адно ўсмешку.
* * *
Няўжо слава прыйдзе тады, калi ты канчаткова страцiш гонар?
* * *
Слава кампануе свае калажы такiм чынам, што ў адзiн тэлевiзiйны кампот трапляюць зусiм розныя асобы: генералы i шарлатаны, мiнiстры i фiгляры, мiльянеры i спевакi. Табе застаецца толькi выкiнуць злучнiк, замянiўшы яго на дэфiс, i зрабiць выснову. Генерал-шарлатан, мiнiстр-фiгляр, спявак-мiльянер — вось яны, абраннiкi народнай славы. Мае рацыю Шапенгаўэр, калi пiша... Слава сярод сучаснiкаў нячаста ператвараецца ў трывалую пасмяротную славу.
5. Лiтаратура
* * *
Эгаiстычны лiтаратар мусiць адмаўляцца ад рамяства, бо ягоная патрэба — падабацца сабе, а не суцяшаць i забаўляць iншых, чужых, натоўп, як гэта робяць прафесiйныя белетрысты.
* * *
Пiсьменнiк-лiслiвец-прафесiянал выдатна ведае, што нiводны з тыранаў не адмовiўся ад сваiх лiтаратурных партрэтаў, аўтабiяграфiяў i хвалебных гiмнаў.З гэтага прафесiянал i жывiцца.
* * *
Лiтаратура будуецца яшчэ i на страху, што незанатаваныя думкi знiкнуць.
* * *
Экстрэмальны лiтаратурны твор — кароткая, блытаная перадсмяротная запiска.
* * *
Шмат каму з лiтаратараў асноваю для ацэнкi напiсанага служаць: па-першае, колькасць выкладзеных на паперы знакаў, што прыраўноўваюцца да грашовых адзiнак; па-другое, колькасць асобнiкаў надрукаванай кнiгi, што iстотна ўплывае на заробак. Асуджаць i папракаць за такi падыход да лiтаратурнай працы нельга. Наадварот, такiя паводзiны лiтаратара трэба хвалiць на кожным скрыжаваннi. Толькi мне да душы iншыя крытэрыi... Люблю наяўнасць у тэксце нечаканых i парадаксальных думак i развагаў, шаную лапiдарнасць i нешматслоўнасць, паважаю някiдкую прыхаваную сувязь з творамi вялiкiх папярэднiкаў i радуюся амаральнасцi аўтара, амаральнасцi з пункту гледжання масавай свядомасцi.
* * *
Чытача можна падмануць толькi адзiн раз, а потым даводзiцца мяняць псеўданiм.