знайсці, нарэшце, сэнс жыцця свайго.
Ідуць дажджы, злятае лісце долу.
Я пазнаю падзенне й заняпад.
Ідзе світанак так павольна й квола —
о божа, як святлу твайму я рад!
1967
НАШЫ МАЦІ
Сагнуўшыся, бульбу капаюць,
гадуюць маленькіх дзяцей.
Мужчынская ж справа такая
страляць на вайне у людзей.
Вярнуўшыся, дні баявыя
успомняць за чаркай-другой.
А спіны жаночыя ныюць
ад родаў, ад працы цяжкой.
Глядзяць на калыскі ласкава,
дзе ўголас крычыць новы рот,
а позна пасядуць на лавы —
і зноў загудзе калаўрот.
I так аж да пеўняў. Ірвецца
трывожны іх сон раніцой,
калі варухнецца пад сэрцам
пачатак істоты жывой.
А колькі жалобнай часінай
схаваць іх прыпала ў зямлі.
Ды зноў і кудзеля й радзіны
па бітай сцяжыне вялі:
то хату падперці, то воўну
часаць або сукны валіць,
а спыніцца сэрца раптоўна —
прыпасці да роднай зямлі.
Не шмат яны ласкі зазналі
да самай гаротнай труны.
Шкада! Ўсю Літву ўзгадавалі
худымі грудзямі яны.
1966
ПЯЮ ЛІТВУ
Пяю Літву, як радасць тую,
Што з папялішчаў узрасла,
Як мару самую святую,
Што шляхам прада мной лягла.
Зялёны шоўк лугоў надрэчных,
Што атуліў маё сяло,
Цяпло тваёй разумнай печы,
Нібы сяброўскае цяпло.
Прашу перада мной раскрыцца
Крыніцай дум і сэрц сваіх.
Глынуць дай з гэтае крыніцы,
Дзе б’е струмень надзей жывых.
Яшчэ крычыць уся тут глеба,
Магілы з ранамі гудуць.
Бяру ў руку кавалак хлеба
I з вамі гутарку вяду.
Вяду я гутарку жывую
З агнём, паветрам, шумам дрэў.
Ды з усяго, што маю, чую
Вас — як Літвы маёй напеў.
1966
ВЕТРАКІ
На дыназаўраў, ацалелых
З дагістарычнае пары,
Яны падобны. Душы з целаў
Даўно ўжо вымелі вятры.
Але часаць імкнуцца сонца
Падраным крыллем ветракі,
Да нас дайшоўшы, як у смолцы
Бурштыну — ўліплыя жучкі.
I думкі іх астылі, нібы
Цяжкія жорны, на вякі.
Пустуе ў іх бярэмя хібаў,
Сумленне іх — чысцей мукі.
Як пірамідам анямеўшым,
Нічога ім не прыгадаць
I не ляцець, а клыпаць пешшу,
Дзвярэй зубамі скрыгатаць.
(Якое моцнае натхненне
Іх вымушала зноў і зноў
Малоць начамі летуценне
Палёў, што згружана з вазоў!)
Ушчэнт іх час яшчэ не спетрыў,
Надзея ў іх яшчэ ліпіць,
Хоць разумеюць: можа ветрам
Іх ноччу гэтаю ж зваліць.
Яны і ў слоту, і ў спякоту,
I пад завейнае выццё
Свайго чакаюць Дон Кіхота,
Каб скончыць з гонарам жыццё.
1966
ЯК РАСТУЦЬ ДЗЕЦІ
Нешта ў змроку расце і расце.
Можа, лёс неспакойны ці страх —
Гэта дзевяць пачварных галоў,
Як на плоце гаршкі.
Дзеці, дзеці, дадому пара!
Чаравікі пад ложкам растуць.
I на крэсле расце апранаха,
I драўляны выростае меч,
Што звісае з высокага ложка.
Вось да брамы дабегла дарога,
Засаплася, прыстала, укрылася пылам:
— За дзевяццю рэкамі,
— За дзевяццю лясамі,
— За дзевяццю морамі,
— Праз дзевяць крокаў