Расце дзевяцігаловы дракон!
I спачатку...
1967
ДАРОГА З ДОМУ
З усіх дарожных думак
Было адно жаданне:
Каб так было ўсё гэта:
Гасцінец праз пагоркі,
Воз драгкі і слуп пылу,
Дождж, пад якім прамоклі
I дзеці, і каноплі,
I белы дым над грэчкай,
Над ярыною зрэбнай,
I рэчка, і той мосцік,
Дзе грукацяць калёсы,
Нібыта гром далёкі
Або перасцярога,
Што гэта ўсё ніколі
Ўжо больш не паўтарыцца:
Гасцінец і пагоркі,
Воз драгкі, і слуп пылу,
I прагны позірк, поўны
Далечыні імглістай.
1967
ЛОДКІ НА БЕРАЗЕ
Даўно рыбакі свой апошні
улоў прапілі і забылі
і лодкі, як посуд парожні,
на беразе перакулілі.
Нібыта на пляжы, тут лодкі
з голымі жыватамі
стынуць пад ветрам халодным,
мокнуць яны пад дажджамі;
як рыба на беразе, млеюць,
знядужаныя ў паняверцы.
А возера побач шалее,
чуе прыход белай смерці
і той блакітнай нядзелі,
калі скрозь чарот высокі
чароўная лодка-надзея
пройдзе ў ваду лябёдкай.
Разлуку прыносіць восень,
тугу і самоты холад:
з лугамі рассталіся косы,
з дарогамі пругкія колы.
Прыроды чысцюткае поле —
нібыта сумленне зрання:
нічога няма на ім, толькі —
вецер, снег і чаканне.
1966
ЧАКАННЕ ВЯСНЫ
Што разважыць наш ранішні роздум?
Мы — пагаслай зямлі жыхары.
...Ад звярыных напружаных ноздраў
перасохнуць рачныя віры.
I да сонца павернецца камень,
і абрынецца вецер са стром.
Да калыскі сваёй ці да ямы,
працягнуўшы далоні, замром?!
Так звычайна і так неймаверна
рунь праб’ецца праз пыл пакрысе.
I зямля запаветнае зерне,
бласлаўляючы, ўгору ўзнясе.
Усміхнуся: ах, мілая, зноўку
мы абудзімся ў новай пары...
Быццам глечык, парэпаны звонку,
мы жыццём яшчэ поўны ўнутры.
1967
ЛЕТНЯЕ УРАЖАННЕ
З далягляду
прылятае ўвесь зялёны
коннік лета: след зялёны,
цень зялёны
спрытна скачуць цераз рэчку,
узбягаюць па адхоне,
узнімаючыся ўгору,
абмінаючы азёры,
умінаюць край дарогі —
і праносіцца, імчыцца
напрасткі па даляглядзе,
і абрушваецца морам,
і адносіць, і адносіць —
о п’янлівы лёт ягоны, я і сам,
як ён, зялёны,
так бы лётаў,
так бы шастаў —
лёс зялёны, без кантрастаў,
лёт зялёны,
ўзлёт зялёны,
толькі ў полі за дарогай
нечаканай засцярогай
кропляй капае чырвонай
мак,
ды конніку
няўзнак...
1967
ЖНІВЕНЬ
Паглыбеўшыя ночы
пралятаюць без сноў.
Жнівень ласкава крочыць
між людзей, каласоў.
Над гумном ззяе неба,
поўня сее святло
круглым боханам хлеба
над заснулым сялом,
быццам сімвал таемны
той вясёлай пары,
калі бачыць прыемна
госця, сябра ў двары.
Калі спелай прыроды
кліча голас жывы,
калі шчасця прыгоды
будзіць лёс у крыві.
Калі смеласць з надзеяй
нараджаюцца зноў,