ТРЫПЦІХ
1. РАНІЦА З ВАДОЙ
Пра радасць жыць крычыць світальна ранак.
Ружовацелы, кволіцца ў расе.
Яго нясуць праз поле птах і кветка,
каб паказаць вадзе спачатку ранак
і ўпасці кропляй даць дазвол пасля.
Прыйдзі хутчэй з зямлі і неба ў губы,
мне воблік бога нагадай, які
ў бясконцых водах колісь быў адбіты:
ўжо на святло глядзець магу я ўгору
і дасканаласць кроплі разумець.
Нясуць праз поле птах і кветка кроплю.
Праз пальцы жудасна цячэ жыццё.
Сачу, схілёны, нібы для малітвы,
як цьмяніцца вада, дзе на паверхні
свой пасвятлелы раптам бачу твар.
2. ДЗЕНЬ З ТАБОЙ
Кажу: час — бескалёрная расліна.
I пад галінкай хісткаю яго
з тваіх дрыготкіх рук свой твар бяру я.
З цябе магу сябе я толькі ўбачыць,
нібы вужа, што мерыць цені дня.
Свет: тое, што душа мая кранае.
Яна ідзе ў аблоках, бы ў гарах,
яна цвіце ў кахання пад нагамі.
Я ціхі краявід паўдзённай згоды
з аблокамі, з квітненнем і з табой,
дзе сэнс мой пераносіць вецер часу
як семя дрэў, куды, калі, нашто.
Зямлю пячэ маё пустое цела,
як выпаўзень вужа, які зрабіўся
зацесным для кахання і жыцця.
3. ВЕЧАР З АГНЁМ
Агонь пусці ў сваё жытло пустое —
пагутары з ім, з богам залатым
(Цяпло, крыло, магчыма, гэта мова,
што полымя ў бясконцасці ўмяшчае?
Магчыма, помняць сцены воблік сну?).
Чуваць, як лес шуміць у семі дрэва.
У цемры затаіўся знак жыцця —
яшчэ ні рух, ні формы невядомы,
чым выявіць сябе жыццё. I толькі
глядзіш, як час гайдаецца ў агні.
I не жыццё яшчэ, але на твары
ўжо залатыя пальцы бога ўчуў.
Схіліўшыся паміж жыццём і сненнем,
крылу агню даверыўшыся, знаеш,
што ўжо нікому не належыш ты.
1977
РАДАСЦЬ З ТАБОЮ
Сонца ў ветраны вечар спускаецца.
Мой праменьчык, і ў нас канчаецца
наша лета. Кляваць сініцы
абмарожаныя брусніцы.
Паміж восенню і зімой —
радасць з табой!
Кветкай рук уключыць спяшаешся
начнічок і вачыма пытаешся:
дзе паставіць? Заўжды ахвочы
ты, праменьчык, свяціць сабой.
Паміж днём і імглою ночы —
радасць з табой!
Раптам слова ў цішы пачуецца,
як далонь да шчакі, прытуліцца
ў самым сэрцы, і ўжо з журбой
ты не знаешся, а з табой —
толькі радасць, праменьчык мой!
1976
***
Дачакаюся цябе з дзянніцы.
Вось засінела вачам
акно раніцы,
яно расчыняе мяне
для твайго жыцця,
каханне!
I мора ва мне,
і яго спяваючы бераг.
Не аддзяляю таго,
што было,
ад таго, што будзе яшчэ,
нічога не хачу забываць,
цябе сустракаючы
вуснамі: тут.
Хто ідзе па мне,
як па сцяжыне?
Хто з мяне п’е,
нібы з крыніцы?
Быццам кветка
ці птушка.
Апярэнне яе
колеру бога.
1978
ВОСЬ Я — ТЫ!
Толькі не гавары,
што мы незнаёмы.
Рукі, рукі мы,
што стрэліся ў поціску.
Святло мы,
аб якім павінны
ўсім абвясціць.
Вусны раскрыў я табою —
і яны заспявалі.
За табой яны паспяшаюць —
ты маё бясконцае слова!
Бачу: праз цябе