Литмир - Электронная Библиотека

Маўклівыя, мы селі пад ім,

ужо ведаючы,

што самае вялікае сярод нас —

Час.

3.

Карціна без рамкі — жыццё.

Чорнае і белае.

Які ж гэты трэці —

смерці

колер?

Знік, як зорка,

не адказаўшы.

Упершыню прамаўчаў.

А можа, і не пачуў,

што табе мы крычалі:

Застанься!

У зямлі і ў мора

ёсць дно.

Высечыце акенца,

каб праз века гроба

усіх вас

бачыць я мог.

1978

ПСАЛОМ ДОМУ

Па сцежцы, што вядзе дамоў,

парог балюча прыбягае,

да сэрца туліцца,— пагладзь хоць,—

імя тваіх зямлі і дому.

А з вокан, многа дзе вачэй,

на сон твой ціха налягае

знаёмы твар зямлі і дому,

агню, вады спрадвечных святасць.

I цёплай пысаю жыцця

гасцінны стол вячэрай дыша.

У першародстве ў сэрцы зліты

імя тваіх зямлі і дому.

I болей, чым магу я, веру!

1978

ПАХАВАННЕ

Двор успамінаў засланяе цень.

Каму і на каго цябе пакіну?

На кім самкну абапал шыі рукі?

Дзіця зямлі ўбягае ў гэты свет,

як з лугу, вышчыпнуўшы ў ім званочак,

і ўсё, праменячыся, звоніць, звоніць.

Збяры яго, наш свет, з любві і працы —

і ўбачыш: людзі ж там. Чаму ў жалобе

яны з такою цяжкасцю выносяць

з быцця у небыццё сваю паклажу?

Ёсць недзе сэнс, камусьці так патрэбна.

Схіляецца над дзіцем ціха радасць,

і вусны, лоб пацалаваўшы, шэпчуць:

апроч зямлі ёсць і бясхмар’е неба,

куды імкнуцца з вечнай песняй птушка

і чалавек з акрыленаю марай.

1978

***

Са сцірты, як з крыл аблокаў,

ахапіць дасяжна воку

ўсё па самай крайняй мерцы —

ад стала да слоў ад сэрца.

Дзьмуць вятры, а спіны ў поце

на гары ў такой рабоце.

Сып, жаўрук, свой спеў з вышыняў,

як расу нябёс, за шыю.

I калі не хмарыць зрання,

стуль відно і да прызнання:

хтосьці там, дзе зжата ніва,

быццам кветку, беражліва

чалавека ўзняў. Далёка —

а, здаецца, ўзняў высока.

1978

***

То аддалялася, то зноў навісла...

I я гатоў бы сам абняць

квітнення разгайданую вяршыню.

Прашу цябе, грудочак дабраты,

расчуль мяне да ўздыху, спазмы ў горле,

да дрыжыкаў лістка мяне праймі!

Сашчэру зубы, выцерплю ўвесь боль,

бо знаю: ён жа мой і боль, і клопат.

Падтрымка міру — гэта груз гары,

але пасільны кожнаму, каб несці.

Ёсць шчасце міласэрнасці — не зможаш

падаць руку, нямым вярнуць дар мовы.

Але чаму засмужана ў трывозе

ўся гэта прыгажосць? Няўжо часова?..

У кроне росквіту два розных птахі —

Залюбавацца б, а на сэрцы цяжка.

1978

КАІН

Ноч беспрасветная, і ўсё ж

яна не хлус. Беспамылкова

пакажа з мірыядаў зор

яго адзіную і строга

спытае: дзе ж цяпер твой брат?

Ён адчуваў твае абдымкі

перад скананнем? Ну, кажы!

Каб мне дастаць яго — далёка.

Каб адштурхнуць — занадта блізка.

Ён неадхільны і прыгожы,

мой брат, сваёй бязмоўнай смерцю.

1978

23
{"b":"597942","o":1}