што не так пакладзена.
1978
ІДУЦЬ КАМЯНІ
Зноўку камень, шэры брат, мой ідзе.
Цяжка ўзнімаецца па сцяжыне ўгору.
Як і я, галаву апусціўшы, ідзе.
Нясе сваю каменную цішыню,
дагістарычны подых леднікоў,
водар траў і жытоў,
памяць аб чалавеку,
жывёліне і пчале,
якія да яго датыкнуліся:
мёдам пахне стары твар каменя,
ашчасліўлены жывёлінай і чалавекам.
Ідуць камяні.
Цяжка-цяжка ідуць.
Разам з намі нясуць
ледавік вечны смерці.
I становяцца ў нашых галовах
каля перапоўненых ямак.
Не спяшайся, камень,
пакуль яшчэ можаш
кветку быцця запальваць,
пакуль носяць чмялі мёд салодкі
з горкіх слядоў жыцця.
Ой, пад нагамі ў цябе каменьчык!
1978
***
Як пчала у вулеі. Як у кветцы пчала.
Абліплыя слодыччу дзён твае рукі.
Часіна стомы тваёй шчаслівай.
Быццам званы, хтось узносіць цябе над зямлёй.
На вуснах квітнее, гайдаецца слова:
спявай, што ты ёсць, і маўчы, што ты ёсць.
Але няма таго дома, дзе б ты быў, як дома.
Як пчала у вулеі. Як у кветцы пчала.
1978
ЛЕТНІ ПСАЛОМ
Жыта паспела. Пакрыквае драч.
Гляну наўкола — ўвесь слых і цікаўнасць:
мне на жніво падаспела пара —
слоў назапасіць і важкіх, і спраўных.
Рукі напеўныя лашчы, каса,
рот блаславі, каб не змоўк у аблудзе.
Дрэва часін, як жывая краса,
поўніцца тым, што было і што будзе.
Слаўлю нажын залатой збажыны!
Косы, вядзіце свой рэй адмысловы!
Вось я ўжо ўвесь у ахапку адным:
зерне і глеба, вусны і слова.
1978
НАРОДНАЯ ПЕСНЯ
З вока песні выкаціўся раптам
я слязой і ля дарогі ўпаў.
Дзякуй табе, творца мой крылаты,
што твой голас чую ў будні й святы,
што навек тваім падданым стаў.
Па жыцці з кійком дарожным крочу
між лугоў зялёных — душ людскіх,
чую ўсё — з парога плач дзявочы,
стрэлы слоў і стогн у цемры ночы,
скрыжаванне рук у міг цяжкі.
Крылаў шум над працаю спрадвечнай,
боль, што нават камень струшчыць змог,
голас бога ў тлуме чалавечым
чую я — і светла мне, й сардэчна,
ліжа рукі мне жыццё само.
1978
P. S.
На кожны пагорак
паклаў я па сонцу:
вось будзе прыгожа малечы,
калі будзе ўзыходзіць сюды.
На кожнай бярозцы
прыймеў па зязюлі:
вось радасна будзе дзяўчаткам,
калі ўсе будуць тут кукаваць.
У кожныя грудзі
уклаў я па слову:
вось заспяваюць сэрцы ў мужчын,
калі будуць ісці праз Літву.
1978
СЛОВА ЧОРНАЯ КВЕТКА
Памяці Стасіса Красаускаса
1.
Не магу вымавіць тваю смерць.
Не хачу імя яе чуць.
Летам, калі садзілася сонца,
глядзеў я на мора,
чакаючы твайго вяртання,—
як супакоіць вочы,
якія цябе ўсё шукаюць?
А ў нашых руках
рэха трапеча жывое
тваіх рук:
яны трымаюць цябе
і нікому не аддаюць.
2.
Упаў,
а неба не ўпусціў.
Птушкі бачылі, як ляцеў,
як і мы —
яго песню чулі.
Высока над намі
ўзнялося дрэва яго голасу.